Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
Я шукаю жывога, а не торкаеце мне і ўсім крыж на Сафіі і сусветнае панаванне. Але вы забылі адно, панове, што вы пакінулі мне працу і менавіта таму ў вас нічога не атрымаецца са мною і з тысячамі іншых.
Менавіта таму вы і пралічыліся. Менавіта таму, што вы не можаце забараніць працу — мозг чалавека ніколі не ўспрыме велічы ў курэнні ладану.
Бо калі вы спыніце кола — вы спыніце жыццё. Наогул жыццё. І перш за ўсё сваё.
І пасля кожнага свайго падзення я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца. Адзіная з усімі на зямлі…"
Нехта
— Паніч! Паніч! Княжа Алесю!
Кiрдун. Распатланы, бледны, без шапкi i чугi.
Выціраючы рукі прамасленай анучай, Алесь нездаволена адарваўся і ад разабранага гідраўлічнага прэса і ад сваіх думак:
— Што здарылася?
— Пані Антаніда!
— Што?!
— У непрытомнасці.
У пакоі маці цьмяна мігцела адзіная свечка. Цёмныя шторы былі апушчаныя. Ледзь вымалёўваліся срэбныя і хрустальныя грані флаконаў на начным століку, маціцай блішчала італьянская маёліка пад шклом.
Вельмі не гарманіраваў гаркаваты пах парфумы з візантыйскай яшчэ, на кіпарысавай тоўстай дошцы, "Траеручыцай". Трэцяя рука вырасла, каб утрымаць сына, што падаў у студню, бо дзве другія былі занятыя. Ікона была па сутнасці ерэтычная, але добрая чалавечай дабрынёй, не ў прыклад другім візантыйскім іконам.
Такую дабрыню ў вачах Алесь бачыў яшчэ толькі на адной — таксама візантыйскай — іконе, на іконе "Уладзімірскай маці божай".
Пані Антаніда ляжала на канапе чамусьці пераапранутая ў самы свой улюбёны святочны строй: белую з золатам, аблямаваную валансьенскімі карункамі сукню і белыя з золатам, да смешнага маленькія туфлікі.
Твар у святле свечкі быў слаба-ружовы, гаротныя вейкі апушчаны.
Алесь нахіліўся над ёю:
— Што з табой, мамцю?
— Не ведаю. Пераапранулася… Раптам закруцілася ў галаве.
— Відаць, рэзка ўстала. Ты клікала мяне? То я пасяджу.
— Так, цяпер пасядзі.
Цёмна-шэрыя і шырокія вочы глядзелі на Алеся пільна.
— Які ты! Працаўнік. Гаспадар.
Алесь убачыў сябе ў туалетным люстры. Пыльны, з сяк-так выцертымі рукамі, непрычасаны.
— Пайду памыюся і пераапрануся.
— Не. Не трэба. Ты харошы вось такі. Табе ніколі не казалі дзяўчаты, што ты прыгожы?
Алесь сумеўся.
— Прыгажэйшы, чым прадзед Акім. Усё лепшае, што было ва ўсіх нашых, ты ўзяў сабе.
— Ма-аці, — з ціхім дакорам сказаў Алесь.
— Не буду, — сказала яна. — Гэта я адзін раз у жыцці.
Усмешка яе была сумная і слабая. І чамусьці ў Алеся ад гэтага нешта як павярнулася ў сэрцы.
На хвіліну ён заплюшчыў вочы, а калі ўзняў векі — убачыў, што маці глядзіць на яго, нібы шукае суцяшэння.
— Загінуў бацька, Алесь. Што ж рабіць?
Што ён мог адказаць на гэта…
— Вясна? — спытала.
— Вясна.
— Лебедзі лятуць?
— Але. Хоць яшчэ сям-там снягі.
Апусціліся веі. Алесь бачыў, што шчокі ў матулі трохі ружавеюць, нібы яна збіраецца з сіламі.
Прадчуванне
А шчокі маці ўсё ружавелі. І ўсё больш напружваліся плечы пад карункамі.
— Я казала яму: не ідзі, не забівай мядзведзя. У яго босыя ногі. Ён быў галодны і ратаваў сваё жыццё. Як мы… Усё ратуе сваё жыццё… Усё было балюча. Жыць — балюча, жывіцца — балюча, дыхаць — балюча.
Голас у яе быў жаласныы і танюткі.
— Ма-аці!
— Слухай. Слухай мяне. А рыбы як дыхаюць, бязмоўна крычаць на дне чаўна. У адчаі. Многа рыб.
— Яны халодныя, — недарэчна сказаў Алесь.
Яна працягнула да яго руку. Нейкую незвычайную сёння, чамусьці зусім кволую і малую, як і ўся яе постаць, руку.
— Мама, мы разумныя істоты.
— Можа, ёсць і больш разумныя…
Твар маці гарэў бы ў ліхаманцы; цёплыя звычайна, вочы блішчэлі, неспакойны рот крывіўся. І напружана, высока ляжалі на падушцы плечы.
— Лічым усіх ніжэйшымі за сябе. Гардыня, подлая самаўпэўненасць! Яны, маўляў, нямыя, гэтыя звяры. А мы можам сказаць, хто мы і нашто? То хто мы перад жыццём — не нямыя?
Нібы адганяючы нешта, яна пакруціла галавой.
— Яны не гавораць.
— А можа, мы не чуем? Можа, калі красуе жыта, яно адчувае тое, што і мы, кахаючы, і ў радасці хістаецца з канца ў канец і мяняе колер на лілаваты, бо ўбіраецца, і шуміць-шуміць само сабе. Ты ведаеш, што адчуваюць каласы пад сярпом? Толькі яны не могуць ні ўцячы, ні крычаць. Не дадзена ім. Ну і што? Нам паляцець таксама не дадзена. А мы, глушцы, кажам: мо-ожна, бо яны нямыя. І каласы нямыя, і звяры. А адсюль не так ужо далёка і да дзікіх людзей. Яны таксама нямыя, мармычуць невядома што. І мы іх, моцныя, бяром, як трусяня, ды — далонню за вушамі.
Жаль раздзіраў глотку Алеся.
— Прыгон, — сказала маці. — Адмяні яго, Алесь, адпусці, калі ласка, людзей. Забі яго, Алесь, бо гэта таксама людаедства…
— Я зразумеў, маці. Я ведаю…
Маці, відаць, не хацела, каб Алесь заўважыў яе слабасць. Алесь сабраўся з думкамі:
— Я ведаю галоўнае. Тое, што чалавек павінен жыць толькі для разнявольвання людзей. Ён нікога не павінен хваліць, нікому не павінен спяваць оды. Бо оды — гэта толькі сцвярджэнне таго, што існуе, замацаванне яго на мёртвай кропцы, здрада руху чалавецтва. Ніякай пахвалы, толькі вечнае разнявольванне людзей. І няхай на гэтым шляху нават шыбеніца. Іншага выйсця няма.
Радзімка-мушка над верхняй губой матулі варухнулася ад слабой усмешкі. Зноў напружыліся плечы.
— Так… Так… А потым вайна, турмы, шыбеніцы, забойствы. Слабы малодшы народ. Нямы слабейшы сусед. Вінаваты таму, што слабы. І таму — забівай! Нічога, бог даруе.
Маўчанне.
— А не даруе бог! Ох, як ён не даруе калісь! Забіваць сябе будзеце, толькі каб не глядзець у вочы апошняму.
Зноў паўза.
— Свет, у якім нікому не было б страшна жыць.
Яна сказала гэтыя словы, нібы ўзважваючы. І раптам зноў пачала адганяць нешта.