Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
– Кінь, - спалохаўся Фан дэр Фліт. – Яны небяспечныя.
Але Ігнацы не зважаў.
– Ласку! Ласку вам усе робяць! Што б вы былі без нас?
Адчуваючы, што цяпер ён не стрымаецца ад гневу, Алесь размахнуўся і, уклаўшы ўсю сваю сілу, ляснуў па гэтай шчацэ левай рукой, насунуўшы пад сківіцу знізу правай.
Лізагуб віскнуў, адлятаючы.
Вочы, вусны, увесь Алесеў выгляд былі такія страшныя, што хаўрус марудзіў кінуцца на яго. Адзін толькі Корвід мільгнуў недзе ўбаку, наносячы, відаць, адзін са сваіх страшных,
Біў у галаву.
Але ў Загорскага рэакцыя супраць шпагі, супраць кулака была імгненная. І ён нездарма стаў галавою да люфта.
Алесь таргануў галавою – і Альгердаў кулак змаху наляцеў на медны, востры зачап юшкі.
Корвід адскочыў, сагнуўшыся. Ён сычэў ад болю. З далоні цурком лілася на падлогу кроў.
Адкінуўшы нагою Язэпа Цялкоўскага, Алесь стаў у кут і падрыхтаваўся. Наляцеў Фан дэр Фліт – па мордзе, па мордзе сушанай трасцэ. Нагою ў пах Гальяшу Цялкоўскаму... Набліжаецца Лізагуб... Зноў у сківіцу.
Усё ж яго вырвалі з кута, абкружылі. Нехта – мабыць, Фан дэр Фліт – ударыў ззаду па галаве. Лізагуб сунуў у грудзі...
І раптам усё сціхла. Дзверы прыбіральні адчыніліся, і адтуль выйшаў настаўнік гімнастыкі, адстаўны афіцэр з маладых, падборысты і шыракагруды чалавек з дзіўным прозвішчам Крэст. Крэста большасць гімназістаў любіла, бо ён не задаваўся, не ўдаваў з сябе настаўніка, а паколькі спорт ледзь-ледзь пачынаў уваходзіць у моду і ніхто не лічыў яго за сур’ёзную дысцыпліну, а выкладчыка – за паўнацэннага, Крэст трымаўся з гімназістамі проста і роўна, хутчэй як не з вучнямі, а як з малодшымі сябрамі. Гэта выяўлялася шмат у чым. Між іншым, і ў тым, што ён ніколі не карыстаўся прыбіральняй для настаўнікаў.
Усе адскочылі. Крэст стаяў, выціраючы вільготныя рукі хустачкай, і белазубая ўсмешка ляжала на яго ружовым абліччы.
– Курыце ў прыбіральні, бэйбасы? – звярнуўся ён да Цялкоўскіх. – Усе кураць, халдзеі вы... Будзеце мець курыныя грудзі... Вось што.
Усе, хто нападаў, апусцілі галовы. Толькі Алесь глядзеў проста ў вочы Крэсту. Бачыў, як плавала на самавітым абліччы настаўніка лагодная ўсмешка.
– Прабачце, джэнтльмены, - сказаў Крэст, - я выпадкова чуў усё. Я не хацеў бы перашкаджаць вам. Іначай мне давялося б праседзець у прыбіральні да канца рэкрэацыі. Не звяртайце ўвагі.
Пайшоў прэч. Потым прыхільна спыніўся каля Лізагуба. Добразычліва параіў:
– Хіба так б’юць? Калі б’еш – бі ў жывот.
Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар – чатыры. У грудзях свістала. І раптам мільгнуў перад вачыма Лізагуб, а потым у вачах успыхнула вострая цемра...
Ігнацы скарыстаў параду.
Трымаючыся за сонечнае спляценне, Алесь хістаўся на нагах і не мог дыхнуць. Усё вакол то цямнела, то святлела.
Лізагуб стаяў перад ім і цадзіў праз зубы словы, якія таксама то знікалі, то даляталі
– Слухай, ты, дзярмо... Ты, мужыцкая зязюля... Ты, бруднае беларускае быдла... Мы цябе для тваёй жа карысці трохі патопчам нагамі, павучым... А перад гэтым ты запомні мае словы... Кінь...
Загорскага ўрэшце адпусціла. Яшчэ імгненне – і ён задыхнуўся б. Неймаверна салодкае паветра ўварвалася ў грудзі. Пачало святлець перад вачыма.
– Юда! – з усхліпамі хапаў паветра Алесь. – Мразь!
У вачах стала зусім светла. І тут Алесь убачыў за спіною ў Лізагуба, у дзвярах прыбіральні, светлавокага Сашку Волгіна. Волгін стаяў, папраўляючы рэмень, і глядзеў на тое, што рабілася, з неўразуменнем.
– Ты слухай, - звягаў Лізагуб. – Запамінай. Ты запомніш, бо потым мы цябе... для памяці...
– Зап-омню, - упершыню выдыхнуў Алесь. – За-помню.
– Запомніш... Не вякай пра гэты свой “прыгон”... Не вякай пра гэтую сваю “Беларусь”... Ведай, хто цябе церпіць... Ведай, каму ты раб... Вялікай Польшчы, а не Маскве...
Ярасць выбухнула раптам такім полымем, што ў Алеся збялелі вочы. Яна прыйшла нібыта з паветрам, якое ўдыхнуў ён і якім памылкова дыхала гэта дрэнь.
– Сашка, - сказаў ён. – Што ж ты глядзіш?! Бі свалоту!
Але ён не паспеў яшчэ крыкнуць да канца. Сашка нечакана ўзняў нагу і моцна, як страус, даў падэшвай у паясніцу Лізагубу. Нібы зламаўшыся, Ігнацы падаўся жыватом наперад, і тут Алесь, канчаткова ачуняўшы, ударыў Лізагуба пад ніжнюю шчэлепу.
У далоні Гальяша Цялкоўскага бліснуў вялікі медны кружок: боўдзіла нацягваў на руку каўчукавы цяж накладкі. Не даючы яму апамятацца, Алесь даў Гальяшу правай у скронь, і той пакаціўся па падлозе.
І тады астатнія з галёканнем рынулі на іх. Малацілі, хрыпелі, імкнуліся дарвацца бліжэй.
Было зусім дрэнна. Хаця Алесь і Волгін стаялі спіной да муру. Алесь убачыў, як Корвід дубасіць Сашку. Убачыў, што вочы ва ўсіх шалёныя і што ў гарачцы могуць кагосьці і забіць.
І тады ён схапіў плявацельніцу і – з маху – пусціў ёю ў акно. Шкло са звонам пасыпалася на двор. Сашка падскочыў бліжэй да акна і – у два пальцы – свіснуў разбойніцкім, чацвярным свістам.
Над дваром, над пляцоўкай для лапты рэзка, як нож, праляцеў гімназічны кліч аб дапамозе.
Унізе, на двары, а потым на сходах, нарадзіўся і стаў мацнець грукат соцень ног. Бліжэй. Бліжэй.
...Першае ўварвалася ў гулкі калідор, пабегла на гукі бойкі “Братэрства шыпшыны і чартапалоху”. Ляцеў, як апантаны, Мсціслаў:
Алеська! Братка! Сашка! Трымайцеся!
Лупілі за ім, рука да рукі, Пятрок Ясюкевіч і Мацей Біскуповіч. Цяжка соваў за імі цельпукаваты Усяслаў Грыма.
З маху ўдарылі ззаду. Алесь убачыў побач ясныя вочы Мсціслава. Мсціслаў раскідваў “арыстакратаў лёкайскай”... Грыма наскочыў на Дэмбавецкага, даў па шыі.