Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
Паўлюк, які веславаў з Алесем, сказаў ціха:
– Азярышчанская толькі адна. А то вітахмоўскія. Відаць, на фэст ідуць у Мілае. А то з імі Уладзька, салдацкая ўдава. Пэўна, да парома не хочуць ісці.
Дзяўчаты сапраўды махалі рукамі.
– Дзядзечкі, перавязіце!
Кандрат, які веславаў першы, пачаў аграбацца, прапускаючы наперад Стафана. Зубы ў вясёлага блізнюка ззялі: прадчуваў жарты.
– Нельга, дзеўкі, – сказаў Стафан. – Бачыце, душагубкi.
Салдацкая удава хмыкнула:
– А можа,
– Раней бы... – сказаў Стафан. – Цяпер... позна.
– Ну і сокал ты. Позна яму, гаротнаму.
– А дзядзечкі, перавязіце. Ці ж нам пад кручай начаваць?
– Утопімся, дзеўкі, – разважліва сказаў Стафан.
Не ўтопіцца, хто вісець маець, – сказала ўдава.
Няспрытны на язык Стафан толькі галавою пакруціў.
– А то перавёз бы, – сказала Уладзька. – Пад дубам пасядзелі б... Жолуд адшукалі.
– Што я, свіння? – знайшоўся Стафан.
– Свіння не свіння, а так, падсвінак, – сказала ўдава.
– Насвінак, – сунуў свае тры грошы Кандрат.
– Ты ўжо маўчы, – адказала Уладзька. – Варушыцца там у сваёй таптусе, як верабейка ў веніках.
На Кандрата пасыпаўся град нязлосных здзекаў.
– А якія ж усе ўдалыя хлопцы... Бацькавічы... Асабліва гэты, з падковай на лобе...
– Гэта, дзеўкі, каб ведалі, за каго ў цемры б'ецеся, – скаліў зубы Кандрат.
– Дужа ты каму патрэбен, Копша [62] .
62
Магiльны дух або далакон.
– Ад Копшы яшчэ ніхто не ўцёк, ні каралева, ні святая дзева.
– Не, дзеўкі, вы на яго дарэмна, – сказала Уладзька. – Глядзіце, які гожанькі. Галоўка, як макаўка. Праўду кажуць, на дурня і бог ласкавы...
– Ласкавы бог, ды табе не памог. Са мною звёў. Добрая пара: ён гол, як біч, ды васцёр, як меч, а ў яе вочы па яблыку, а галава з арэх.
Дзяўчаты ўбачылі, што хлопцы зацяліся.
– Кінь ты, Уладзька, няма чаго таму богу кланяцца, які на нас не глядзіць.
Ды і пайшлі на ўзгорак. Іхнія каляровыя цені гайдаліся ў вадзе ля самых чаўноў.
– Дык не перавязеце, мужыкі? – спытала Уладзька.
Не. Сама бачыш, – сказаў ужо здалёк Стафан.
Уладзька раззлавалася.
Эх вы! Дык спаймаць вам таго язя, што кудысь лазе.
Ніхто нічога не зразумеў, акрамя старэйшых. Затое Кандрат зарагатаў так, што адкінуўся ўбок. I тут – душагубка вільнула і cтала дагары дном, а Кандрат юкнуў пад яе, проста галавою ў ваду.
Хлопцы рагаталі цяпер усе. Рагатаў і Кандрат, вынырнуўшы. Рагаталі дзеўкі на адхоне... Мокрага Кандрата пасадзілі зноў у доўбленку, паплылі далей.
Андрэй ехаў апошні і заўважыў, што не ўсе дзеўкі ўзняліся на адхон.
– Чаго ж ты стаіш? – ласкава ўсміхнуўся Андрэй.
Не хачу на паром. Там, пэўна, Лапатаў Янук.
Янука Лапату Андрэй не любіў. Яршысты, злосны чалавек.
– Што ж, так і будзеш стаяць?
– Можа, нехта паедзе, – уздыхнула яна. – Шкада, што ў вас душагубкі.
Андрэй усміхнуўся. Гожая галава, апушчаная, як кветка “сну”, трошкі ўбок, прыўзнялася.
– А можа... паспрабуем?
– Абернемся.
– Пастараюся не вывернуць.
Яна ступіла крок. Надта ўжо не хацелася на паром.
– Д-добра, – уздыхнула яна.
– Сядай, Галінка, – сказаў Андрэй, амаль паставіўшы човен на пясок. – Давай руку і сядай спіной да мяне... Вось так.
Адапхнуўся і асцярожна, быццам міску з вадой нёс, пагнаў душагубку на другі бок.
Вада несла іх роўна-роўна, зялёная ля берагоў, бяздонна-блакітная на сярэдзіне. Галінка сядзела нерухома, але Андрэй бачыў: баялася.
– Ты толькі птрунькі не спраўляй, Кахнова Галінка, – мякка сказаў ён.
– Я... не буду, – сказала яна ціха.
Ну вось і добра. Ты лепей на свет глядзі.
Ён памог ёй вылезці з чоўна.
– Дзякуй, – сказала яна.
– Нічога, – сказаў ён, і таму што шкада было адпусціць яе, не сказаўшы больш ніводнага слова, спытаў: – Як у вас там гарох сёння?
– Сёння ў нас гарох нічога, – сказала яна. – Падсох – аж звініць.
I ў нас сёння нічога, – сказаў ён. – Укалотны.
Памаўчалі.
– А песні ў вас там на выселках іграюць?
– Іграюць.
– Трэба будзе зайсці.
– Зайдзіце, калі час будзе... Гэта ж вы дзядзькавыя браты нашага пана?
– Эге, вось і ён там у чоўне ехаў.
– Не ведалі дзеўкі, – сказала яна. – Маўчаць трэба было.
– Чаг-го? Ён харошы хлопчына. Можа, і разам калі зойдзем. Ён песні любіць.
– Пра вас кажуць: добра спяваеце.
– Гэ, лухта!
Ён моўчкі сядзеў у чаўне, гледзячы на яе.
– Дык, кажаце, добры гарох... Гэта добра... Ну, бывайце ўжо. Добрага вам свята...
Алесь здалёку глядзеў, як яны гаманілі і як потым Андрэеў човен даганяў іх па спакойнай вадзе. I ўсё гэта было як працяг ягоных думак. Ён не здзівіўся б, каб за першым жа ўзгоркам адкрыўся вачам гарадок за частаколам, зусім як у адной дзедавай кніжцы. I каб было ў ім свята, і каб гарэлі дымныя вогнішчы, каб былі дзевы, падобныя на тую, і вотракі, падобныя на Андрэя. Гэта ж была тая самая рака, што і за тысячу год да іх дзён, тыя ж берагі і тыя ж дубы на іх. Ён блытае сваіх продкаў, а яго далёкія нашчадкі будуць блытаць яго з Андрэем, а іх – з тымі, што жылі на гэтых берагах даўно-даўно. Таму што пройдуць такія вялікія тысячы год, што ўсім будзе ўсё адно...