Клубок гадзюк (на белорусском языке)
Шрифт:
Нават найлепшыя з найлепшых не могуць адны, без дапамогi, навучыцца любiць. Для таго, каб не заўважаць смешных рыс у чалавеку, не палохацца яго заган, а галоўнае - людской дурасцi, трэба спазнаць тайну любвi, якой свет ужо не памятае. I пакуль зноў не адкрыюць гэтай тайны, дарэмнымi будуць усе намаганнi змянiць умовы жыцця людзей. Раней я лiчыў, што толькi эгаiзм уратаваў мяне ад усiх сацыяльных i эканамiчных праблем. Я, вядома, быў сапраўднай пачварай, якая замкнулася ў сваёй адзiноце i абыякавасцi да ўсiх людзей. Але было ў мяне нейкае няпэўнае, хiсткае пачуццё, што не дапамогуць чалавеку нiякiя вонкавыя перамены ў аблiччы свету. Трэба дайсцi да сэрца людскога. I
А цяпер вось я ледзьве стаю пасярод гэтага пакоя. Я ўсё думаю i думаю пра сваё жыццё... Не, немагчыма павярнуць назад i паплыць супраць каламутнага, бруднага патока!.. Гэта ж трэба: пражыць усё жыццё i не знайсцi нiводнага сябра! Якi жах! Якой змрочнай, ненавiснай iстотай трэба было быць!.. А можа, гэта здарылася таму, што не ўмеў, не навучыўся я прытварацца?! Калi б усе людзi хадзiлi без маскi, як гэта рабiў я, то можна было б толькi дзiву давацца - якiя яны ўсе падобныя!.. I сапраўды, паглядзiце: нiхто не ходзiць з адкрытым тварам, нiхто! Большасць людзей строяць з сябе высакародных, добрых, спагадлiвых. Самi таго не ведаючы, яны толькi пераймаюць лiтаратурных герояў цi каго-небудзь яшчэ. Святыя добра ведалi, бачылi, што тварыцца ў людзей у душы, i таму ненавiдзелi сябе i пагарджалi сабой. Калi б i я прыкрыўся маскай i не быў такiм адкрытым, аголеным, нiхто б не палохаўся мяне, не пагарджаў мной.
Вось такiя думкi наведалi мяне ў той асеннi вечар, калi я блукаў па цёмнай гасцiнай, натыкаючыся на цяжкую, грувасткую мэблю з чырвонага цi палiсандравага дрэва... Столькi людзей, чые целы ўжо даўно спарахнелi, калiсьцi сядзелi за гэтымi столiкамi, адпачывалi ў гэтых крэслах... Дзецi выпацкалi сваiмi чаравiчкамi вось гэтую канапу, калi залазiлi на яе. Тут яны любiлi сядзець i гартаць старыя iлюстраваныя часопiсы. Абiўка так i засталася цёмнай у тых месцах, дзе ступалi маленькiя ножкi... За сцяной вые, шамацiць апалым лiсцем вецер... Зноў у нейкiм пакоi забылiся зачынiць аканiцы...
XIX
Назаўтра я з трывогай чакаў пошты. Хадзiў узад i ўперад па алеях, як некалi рабiла Iза, калi хто з дзяцей затрымлiваўся i пазнiўся. "Што ж магло здарыцца?
– думаў я.
– Можа, пасварылiся? А можа, хто захварэў?" Ого! Я стаў майстрам прыдумваць усялякiя страхi! Бывала, i нябожчыца жонка як уваб'е сабе што ў галаву - месца сабе не знаходзiла... Доўга хадзiў я па парку з непрыкаяным выглядам. Нiчога не заўважаў, нiчога не бачыў, як i кожны заклапочаны чалавек. Пра адно толькi я не забываўся - пра сваю перамену. I мне было нават прыемна ад таго, што я хвалююся, трывожуся... Далiну накрыў густы туман: нiчагусенькi не вiдно. Затое звонка, выразна даносяцца ўсе гукi. Па доўгiх радах вiнаграднiку разляцелiся сiтаўкi i дразды. Шукаюць гронак, што не паспелi яшчэ згнiць... Як любiў раннюю восень Люк!..
Нарэшце прывезлi пошту. Не супакоiла мяне кароценькае сынава пiсьмо. Хюбэр пiсаў, што яму нечакана давялося выехаць у сталiцу па неадкладнай справе: даволi сур'ёзныя непрыемнасцi. Падрабязнасцi ён раскажа праз дзень-два, як толькi вернецца дамоў.
Апоўднi я ўжо не мог сябе ўтрымаць. Загадаў завезцi мяне на вакзал i купiў бiлет да Бардо, хоць даў абяцанне i сабе i дзецям нiколi не ездзiць аднаму. Першай, каго я ўбачыў у нашым старым доме, была Жэнеўева. Яна якраз развiтвалася з нейкiм незнаёмым мне чалавекам. Хутчэй за ўсё гэта быў доктар.
– Няўжо Хюбэр табе нiчога не напiсаў?
Жэнеўева павяла мяне ў той самы пакой, дзе я страцiў прытомнасць у дзень пахавання Iзы. Уздыхнуў я з палёгкай толькi тады, калi даведаўся, адкуль сыр-бор загарэўся. Аказваецца, уцёк Фiлi. (Я, прызнацца, баяўся горшага.) Ён знiк з нейкай жанчынай, якая "моцна трымала яго ў сваiх лапах". А перад гэтым ён наладзiў сцэну Янiне i не пакiнуў ёй нiякай надзеi. Янiна плача, валасы на сабе рве, i яе стан непакоiць доктара. Альфрэд i Хюбэр дагналi ўцекача ажно ў Парыжы. Можа, з гадзiну назад прыйшла тэлеграма. Альфрэд пiша, што нiчога яны не дабiлiся.
– Госпадзi! Што робiцца?! Падумаць толькi! Я ж нiчога iм не шкадавала!.. Канешне, мы асцерагалiся i пакуль што вялiкага капiталу iм не давалi, але ж рэнта! На яе можна было жыць ды жыць! А Янiна! От ужо дзе бесхарактарная! Ён з ёю рабiў усё, што хацеў. Спярша ўсё пагражаў кiнуць за тое, што ты нiчога нам не даеш. Але ж уцёк не тады, а цяпер, калi такое багацце прыйшло... Ну як ты гэта растлумачыш?
Яна змоўкла i запытальна глядзела на мяне...
– Ну, а ўцёк ён, канешне, з багатай жанчынай?..
– Ды якой там багатай! Яна настаўнiца спеваў. Ты яе добра ведаеш, - гэта мадам Велар. Падумаць толькi! I не маладая ўжо, i якi там заработак: ледзь канцы з канцамi зводзiла. Ну як ты гэта растлумачыш?
– паўтарыла дачка.
I, не чакаючы адказу, зноў загаварыла сама. У гэты момант зайшла Янiна. Яна падышла да мяне i моўчкi падставiла лоб для пацалунку. Яна не пахудзела, але гора зняло з яе непрыгожага, паўнаватага твару ўсю штучнасць i манернасць, якiя я так ненавiдзеў. "Вы ўжо ведаеце?" - спыталася яна i села ў шэзлонг. Пэўна, яна ўжо наслухалася сваёй мацi. А тая нiяк спынiцца не магла i так i сыпала: "Падумаць толькi!", "Падумаць толькi!.." Паўтор гэты ў яе вуснах гучаў крыху дзiўнавата, бо дачка мая не прывыкла думаць.
– Падумаць толькi!
– не супакойвалася яна.
– Якая чорная няўдзячнасць! Выдалi за яго такую дзяўчыну, далi прытулак, грошы i не папракалi за тое, што ў свае дваццаць тры гады ён ужо ўмудрыўся прамантачыць немалое багацце, якое атрымаў па спадчыне (ён быў круглы сiрата, блiзкiх сваякоў не меў i таму рана атрымаў правы паўналетняга). Усё няньчылiся, песцiлi, нiхто i слова не сказаў пра яго распусту. I на табе! Вось як аддзячыў!
Злосць закiпала ўва мне, i я не мог яе стрымаць. Мая былая натура зноў пачынала гаварыць. Ды хiба сама Жэнеўева, Альфрэд, Iза не ганялiся за Фiлi i не абяцалi яму залатых гор?!
– I вось што цiкава, - уставiў я, - ты сама верыш у тое, што гаворыш. Вы самi яго i разбэсцiлi!
– Тата, ты што?! Няўжо ты будзеш яго баранiць?!
Я запярэчыў, што зусiм не збiраюся абараняць Фiлi, а толькi хачу сказаць, што мы былi да яго не зусiм справядлiвыя, лiчылi яго горшым, чым ён ёсць на самай справе. Вiдаць, яму занадта груба далi зразумець, што раз багацце цяпер забяспечана, то ён павiнен зносiць усе вашы папрокi i хадзiць перад вамi на пальчыках, - нiкуды, маўляў, галубок, ты цяпер не дзенешся. Але людзi нiколi не бываюць такiмi подлымi, як нам здаецца.