Левы рэйс
Шрифт:
— Яна мне і расказала, як ейны Лёўка праспаўся і ў двор выходзіў. От ёй я і паверыў.
— Праз Ганну ў мяне з Шынкевічам адносіны разладзіліся.
— Як гэта? — здзівіўся Корзун. — Нібы прыстойная жанчына, чым яна перад вамі правінілася?
— Мне абараняць давялося. — І Савачкін расказаў, як усё было…
Здарылася гэта яшчэ на старой свінаферме. Ці то на самай справе нехта са свінарак браў сабе камбікорм, ці загадчыку проста здалося — і дасюль невядома. Але падаў ён дакладную на Ганну Купскую. Маўляў, сам бачыў, як адсыпала яна камбікорм у мех. Шынкевіч, доўга не разбіраючыся,
Прачытаў Савачкін акт і задумаўся. Дакумент — хоць адразу ў суд перадавай. Каб, можа, на якую іншую жанчыну было гэта напісана, паверыў бы, хаця, як кажуць юрысты, рэчавых доказаў і не было: не затрымалі з мехам у руках. Ганна ж вырасла на яго вачах. Пасля школы на ферму працаваць пайшла. Толькі і кепскага за ёй, што муж шалапутны. Але гэта ўжо хутчэй яе бяда, чым віна. Адным словам, не паверыў Савачкін акту, рашыў сам праверыць. Выклікаў загадчыка, папрасіў напісаць, што і як было. Потым запрасіў панятых, падышоў з імі да таго акенца, праз якое загадчык нібыта бачыў Ганну. Сам паглядзеў, панятым прапанаваў зірнуць. І выявілася: не мог загадчык бачыць, што рабіла Ганна. Не пацвердзілася абвінавачанне.
Вярнуў Савачкін акт у праўленне. Вось тады Шынкевіч і ўсхадзіўся.
— Шумнавата было, га, Раман Фаміч? — паспачуваў Корзун, выслухаўшы Савачкіна.
— А то не? Наш старшыня любіць, каб апошняе слова было за ім. У аддзеле, калі потым разбіралі гэты выпадак, нават падумвалі, ці не перавесці мяне на іншы ўчастак. Так і зрабілі б, каб у райкоме не запярэчылі. Сказалі, што такому старшыні тормаз не пашкодзіць. А Шынкевіч да гэтага часу помніць… Нішто, неяк кручуся. Думаў нават без сур'ёзных здарэнняў пражыць. Не ўдалося.
— Я чамусьці перакананы, што гэта залётныя зладзеі,— Корзун паклаў сваю руку на Савачкінаву.
— А хоць бы і так, — сказаў той. — Хіба ад гэтага што мяняецца? Я павінен быў звярнуць увагу калгаснага кіраўніцтва на дрэнны сейф, на слабую ахову.
— Любім мы, каб нас апякалі,— абурыўся Корзун. — Галоўны бухгалтар не дзіця, сам ведае, як і ў чым трымаць грошы. Так што не бярыце на сябе, Раман Фаміч, чужую віну. Давайце лепш прыкінем, што ў нас ёсць і чаго няма.
— Акрамя машын — нічога…
— Ну, пра машыны зараз аўтаінспекцыя клапоціцца. Я пазваніў Лапкову. Ён іх нам з-пад зямлі дастане, — Корзун падсунуў да сябе пратаколы і заметкі, якія зрабіў за дзень Савачкін. — Так-так, — загаварыў ён, гартаючы паперы, — нішто не сведчыць пакуль на карысць версіі з наводчыкам. Дапусцім, яго не было, прынамсі, у Даманах. Тады — як зладзеі даведаліся пра грошы? І што вартаўніка не будзе. Тут у нас з вамі, Раман Фаміч, самае слабое звяно.
— Ты не дапускаеш выпадковасці?
Корзун бачыў, што Савачкіну вельмі не хочацца блага думаць пра некага са сваіх аднавяскоўцаў. Зрэшты, і ў яго самога не было падстаў падазраваць каго-небудзь тут, у Даманах, як саўдзельнікаў крадзяжу. Аднак ён ужо меў некаторы вопыт у следчых справах і не верыў, што злачынства можа ўзнікнуць ні з таго ні з сяго. Тым не менш, каб не засмучаць участковага, адказаў:
— Наш абавязак — праверыць кожную магчымасць, якой бы непраўдападобнай яна нам ні здавалася.
Зазваніў
— Участковы Савачкін. Слухаю, капітан Лапкоў. У мяне. Даю, — ён працягнуў Корзуну трубку.
Корзун ведаў, што начальнік аўтаінспекцыі дарэмна званіць не будзе. Але і не хацеў паказаць Савачкіну, што з хваляваннем чакае гэтага званка. Таму павольна падняўся і няспешна падаўся да тэлефона.
— Лейтэнант Корзун. Лапкоў адразу паведаміў:
— Машыны не было.
— Сапраўды? — не паверыў Корзун.
— Правяралі свае, якія на хаду, пацікавіліся чужымі, якія знаходзяцца ў раёне.
— Вось гэта фінт, — прысвіснуў Корзун, — няўжо заезджая?
— Не магла, — Лапкоў гаварыў упэўнена, — за Комсенічамі, ля Пільніцы, у тры гадзіны аварыя здарылася. Абласная інспекцыя амаль да раніцы разбіралася. Не было машыны. Сведкі часам не хлусяць?
— Падобна, твае інспектары нешта ўпусцілі.
— Справы… — пасля паўзы сказаў Лапкоў і развітаўся.
— Неверагодна, — занепакоіўся Савачкін, здагадаўшыся, аб чым гаварыў начальнік ДАІ. — Лёўка Купскі яшчэ мог бы наплясці. А Апылінская…
Корзун паклаў трубку, сказаў:
— Была машына, была. А тое, што яе нельга знайсці, думаю, азначае толькі адно: нехта вельмі не хоча, каб ведалі, што яго машына сёння ўначы была каля Даманаў. Гэта для нас важны факт…
Прачнуўся Корзун а палове шостай. Спаў добра, нічога не сніў, як гэта з ім бывала звычайна пасля ўдалага дня. І раптам злавіў сябе на адчуванні, што няма ў ім яго колішняй упэўненасці. Лапкоў не такі прастак, яго вакол пальца не абвядзеш, і ён не будзе даваць беспадстаўныя звесткі. Значыць, прыйдзецца дакладваць начальству, што нічога яшчэ невядома і што ты, страціўшы цэлы дзень, усё яшчэ не ведаеш, у які бок кінуцца. Корзун уявіў, як Шарай, расцягваючы словы, пакашліваючы, з сумненнем будзе вымаўляць: «Што ты ўклёпаўся ў свае грузавікі! Можа, іх зусім не было, можа, гэта бура раптам наляцела. А можа, наадварот, яны сапраўды праехалі. Дык што?» І праўда, што?
Грукнулі дзверы. У пярэднім пакоі нехта асцярожна пратупаў да спальні, зашаргацеў брызентавым плашчом. Адсунулася занавеска, і Корзун убачыў Рамана Фаміча.
— Уставай, Антонавіч, у вёсцы рана ўстаюць, — пажартаваў той.
— Вы што, вартаўнікоў правяралі? — засмяяўся Корзун.
— Хай Шынкевіч іх сам правярае, — Савачкін прамовіў гэта сярдзіта: і ў ім жыла крыўда на старшыню. — Я на шашы быў, хацеў паглядзець, ці ёсць ноччу рух. З трох гадзін усяго адна машына прайшла, на райцэнтр. Некаму, відаць, была патрэба як найраней трапіць туды.
— Та-ак, — хаваючы няёмкасць, працягнуў Корзун. Гаспадар зрабіў тое, што павінен быў зрабіць ён сам. — Ваша магістраль не ўсесаюзнага значэння. Але і на ёй уначы рух бывае.
— Выпадак, — Савачкін адступіў у калідорчык, распранацца. — Сёння — адна, учора — ніводнай.
— І вы на бок Лапкова? — папракнуў Корзун, хаця толькі што сам сумняваўся ў сваіх вывадах. Скепсіс Савачкіна раптам выклікаў у ім жаданне паспрачацца. — Тут або — або. Калі не памылілася інспекцыя, злодзей жыве ў Даманах. І мы абодва ў гэта не верым. Хай Лапкоў паварушыцца.