Левы рэйс
Шрифт:
— Хутка мне зладзеяў зловіш? — Шынкевіч любіў парадак. Таму пасур'ёзнеў, дакорліва дадаў: — Ты сваім займайся, сваім, а мае бухгалтары табе любую даведку мігам падрыхтуюць. Толькі скажы.
Корзун хацеў растлумачыць, што справа не ў даведках, але падумаў, ці не будзе гэта падобна на справаздачу, і з выклікам сказаў:
— У нас не заўсёды ведаеш, дзе знойдзеш, а дзе згубіш.
— А ты не брыкайся, лейтэнант, — палагаднеў Шынкевіч. — Кажы, што трэба.
— Дазвольце пазваніць. Толькі не хацелася б адсюль, размова службовая.
Старшыня
— Давай з майго. Корзун пазваніў Шараю.
«Табе гэта вельмі важна? — засумняваўся начальнік аддзела. — Загадваеш ты загадкі. Падрабязней нельга? Ну, няхай, бяру на сябе».
— Перагаварыў? — Шынкевіч увайшоў і здзівіўся, што Корзун яшчэ тут. І ў гэты час падаў голас тэлефон. — А-а, Шарай, — адгукнуўся Шынкевіч, — у мяне твой лейтэнант. Што?! Ну, ведаеш… Добра, добра. Я ў сваім кабінеце з ім пагавару. Дома сцены памагаюць, — зарагатаў ён. Паклаў трубку, упікнуў: — Без начальства не мог.
Заручыўшыся падтрымкай Шарая, Корзун адчуў сябе ўпэўнена і баяўся толькі, каб раптам не сарвацца. Абыякава, як аб нечым неістотным, папярэдзіў:
— З пратаколам, Фёдар Гаўрылавіч.
— Ты не ад злосці на мяне? — У вачах Шынкевіча бліснулі смяшынкі.
— Мы не злуёмся, Фёдар Гаўрылавіч, мы справу робім. А вашы паказанні могуць адыграць істотную ролю.
— Бач ты яго, паказанні! Упершыню ў жыцці. Падзея, га?
Корзун узяў ручку:
— Апішыце, калі і куды вы ездзілі на «газіку» ў той дзень, шаснаццатага лістапада.
Шынкевіч аж папярхнуўся.
— Слухай, лейтэнант, не зарывайся. У мяне нават райком пра такія рэчы не пытае.
— Відаць, не было яшчэ прычыны, — вырвалася ў Корзуна. І адразу ж дадаў: — Мяне «газік» цікавіць.
— Куды гэта ты хіліш?
— Фёдар Гаўрылавіч, хто з нас следчы?
— Ат, каб цябе! — Старшыня нечакана павесялеў.— Настыра! Але дай бог памяць… З раніцы — справы ў канторы, «газік» стаяў. Пасля з'ездзілі ў таўкачоўскую брыгаду, правяраў, як рыхтуюць насенне. Адтуль завярнуў…
— У вас карта раёна ёсць? — скарыстаў паўзу Корзун.
Шынкевіч пакорпаўся ў кучы папер, наваленых на паліцы, і выцягнуў запылены скрутак. Выбраў менш памятую «сіньку», падаў лейтэнанту.
— Давайце разам адзначым ваш шлях, і па калгасных землях, і далей, — Корзун разгарнуў на стале карту. — Па якіх справах і ў каго начавалі, мяне не цікавіць.
Шынкевіч засоп. Але прамаўчаў і пачаў паказваць на карце свой маршрут. Аказалася — прыкладна сто трыццаць кіламетраў.
— Гэта ўсё, Фёдар Гаўрылавіч? — захваляваўся Корзун.
— А што? — упершыню занепакоіўся старшыня.
— Не хапае кіламетраў семдзесят.
— А-а, дык гэта Сямён папрасіўся да цёткі заскочыць. Я дазволіў.
Зноў усё нібы стала на сваё месца. Расчараваны, што і гэтая знаходка пустая, Корзун папракнуў старшыню:
— А як жа смятаніцкая зарплата?
— Гэта ўжо мой клопат, лейтэнант.
— На жаль, цяпер і мой, — сказаў
У калідоры яго чакаў Савачкін. Нічога не тлумачачы, ён пацягнуў Корзуна да выхада. На вуліцы, нібы баючыся, што нехта падслухае, аднымі губамі выдыхнуў:
— Купскі!
— Ён? — Корзун не паверыў, не мог паверыць. — Вы маеце доказы?
— Па маёй просьбе дружыннікі прасачылі за ім. Сёння, як толькі дзеці выправіліся ў школу — жонка была ўжо на працы, — вынес з хлява нейкі скрутак, зыркнуў па баках і — на гарод. Пад яблыняй закапаў. А надоечы, расказвалі мне, з жончынай сумкай у Комсенічы ездзіў. Бачыш, як збягаецца?
— Мала чаго ездзіў,— Корзун не надаваў гэтаму факту значэння.
— Успомні, што казаў Шарай, — загарачыўся Савачкін, — Купскі толькі наводчык, а краў нехта з комсеніцкіх. Учора ён і атрымаў сваю долю, якую сёння схаваў пад яблыняй. Пераканаўча? — Савачкін супакоіўся, з палёгкай усміхнуўся. Як аб вырашаным, сказаў: — Возьмем панятых.
Корзун падумаў, што ў словах участковага пэўная логіка ёсць. Зрэшты, Купскі паводзіць сябе даволі дзіўна. Праверыць яго не пашкодзіць. І ён згадзіўся:
— Дзейнічайце.
Купскі здаўся, як толькі Савачкін нагадаў пра яблыню. Цяжка ўздыхнуў і павёў на гарод міліцыянераў і панятых. Корзун ішоў ззаду. Ён пазіраў на Савачкіна і не мог пазбавіцца думкі, што тут адбываецца нешта не тое. З аднаго боку Купскі — прыгнечаны, разгублены; з другога — ён сам, следчы райаддзела ўнутраных спраў, падобны на маладога пеўніка, жвавы, задзірысты: схапіўся з Шынкевічам, уцягнуў у гэта Шарая. А навошта? Корзун адстаў, прыхіліўся да плота, што аддзяляў двор ад гарода. Яму раптам расхацелася ісці на гэты гарод і капацца ў зямлі.
Корзун не глядзеў, што робіцца пад яблыняй. Яго позірк чамусьці ўткнуўся ў складзенае свежае бярвенне на супрацьлеглым баку вуліцы. Нават не зразумеў адразу, што яго так зацікавіла. Толькі калі на шашы загудзеў аўтамабіль, ён спахапіўся: не мог Купскі бачыць машыну — бярвенне не дае. Купскі не ведаў, што бярвёны прывезлі, і таму рашыў, што шафёр не ўключыў фары. Але тады…
На вуліцу выкаціўся старшынёў «газік», прытармазіў ля хаты Купскіх. З дзверцаў высунуўся Шынкевіч, з цікавасцю паглядзеў на гарод, перавёў позірк на Корзуна і раптам зарагатаў — моцна, на поўны голас.
Корзун азірнуўся на гарод і ледзь не схапіўся за галаву — да таго камічная была сцэна пад яблыняй: злосны Купскі, разгубленыя жанчыны-панятыя і аслупянелы Савачкін з дзвюма сінімі гумавымі грэлкамі ў руках. А воддаль варушылася скамечаная газета, у якую, відаць, былі загорнуты гэтыя грэлкі, калі яшчэ ляжалі ў зямлі.
— Самагоншчыкаў ловіш? А я думаў, калгасныя грошы шукаеш, — старшыня перастаў смяяцца. — Ганна табе за гэта аддзячыць.
Корзун хацеў адказаць, што гэта спадарожнічае іх пошукам, але, падняўшы галаву, сустрэўся з насцярожаным позіркам шафёра Гурскага. У гэты час Шынкевіч сказаў: