Левы рэйс
Шрифт:
— От зайду да Шарая, раскажу, чым ты тут займаешся. Садзіся, падвязу ў райцэнтр.
Корзун не вельмі ветліва адказаў:
— У мяне свой транспарт.
Калі «газік» ад'ехаў, ён падышоў да Савачкіна, пачакаў, пакуль той аформіць пратакол і адпусціць панятых, а заадно і Купскага, і пачаў супакойваць свайго збянтэжанага калегу:
— Не журыцеся, Раман Фаміч, будзем лічыць, што Купскі і дзве грэлкі самагонкі — пабочны прадукт вышуку. Можа, яно нават лепш, што так атрымалася. Цяпер мы зможам засяродзіцца на адным — будзем шукаць машыну і тых, хто за ёй. Я паеду зараз у аддзел, напэўна, пара
Дарога была свабодная, сустрэчныя машыны трапляліся рэдка, і Корзун выціскаў з матацыкла ўсё, на што той быў здатны. Лейтэнанту раптам захацелася дагнаць Шынкевіча — яго ўсё непакоіў насцярожаны позірк шафёра. Вядома, старшыня расказаў Гурскаму, чым цікавілася міліцыя. Але ў сумленнага чалавека гэтая цікавасць наўрад ці выклікала б такія эмоцыі.
Да аддзела Корзун даехаў за якія паўгадзіны. Калгасны «газік» ужо стаяў там. Шынкевіч зайшоў-такі паскардзіцца. Корзуну гэта было непрыемна: вінаваты ці не, а ўсё роўна мусіш апраўдвацца. Упэўнены, што падпалкоўнік выкліча адразу, як даведаецца, што ён прыехаў, Корзун не заходзячы да сябе, ад дзяжурнага пазваніў участковаму ў Тросенку і папрасіў высветліць, ці прыязджаў Гурскі і з кім. Левы рэйс, праўда, больш лічыцца ў кампетэнцыі аўтаінспекцыі, і справа з Гурскім для яго магла скончыцца гэтак жа, як для Савачкіна з Купскім, але Корзун супакойваў сябе, што хоць раз і ён папрацуе на Лапкова.
Шарай паклікаў Корзуна неўзабаве. Калі лейтэнант зайшоў, начальнік аддзела сядзеў за сталом, а Шынкевіч, стоячы пасярод кабінета, у асобах перадаваў сцэну на гародзе.
Корзуну стала няёмка. Але дысцыпліна ёсць дысцыпліна. Шарай маўчаў, слухаў, здаецца, нават не без цікавасці, зрэдку кідаючы позіркі на лейтэнанта, і Корзун толькі мацней уціскаўся ў крэсла.
Шынкевіч скончыў, прысеў насупраць падпалкоўніка, паклаў на стол вялікую валасатую руку і, ужо не жартуючы, разануў:
— У цябе што, няма кваліфікаваных супрацоўнікаў?
Усё-такі адыграўся перад Корзунам. Шарай усміхнуўся, пачаў перакладаць паперкі з аднаго боку стала на другі. Корзун насцярожыўся. Калі падпалкоўніку замінаюць на стале паперы, быць грому. Толькі на чыю галаву?
— Як у цябе з зімоўкай, Гаўрылавіч? — нечакана спытаў Шарай.
— А ты што… — кінуўся быў Шынкевіч і спыніўся. Зірнуў на сур'ёзнага Шарая і зарагатаў — весела, раскаціста, як там, на даманавіцкай вуліцы. — Хочаш сказаць, не мая гэта справа? Згодзен, згодзен. Толькі баюся, каб не заплакалі мае грошыкі.
Пакуль ён гэта гаварыў, Корзун дастаў з кішэні блакнот, напісаў адну фразу і пасунуў лісток падпалкоўніку. Шарай краем вока глянуў на лісток, перавярнуўся і, счакаўшы, калі Шынкевіч сцішыцца, папрасіў:
— Ты, здаецца, у райком? То як шафёр падкіне, прышлі яго Корзуну. А за грошы не турбуйся, знойдзем.
VI
Корзун даўно прыкмеціў, што, бадай, кожны шафёр як бы нешта пераймае ад свайго начальніка. І цяпер, разглядаючы Гурскага, стараўся знайсці ў ім падабенства з Шынкевічам. Фёдар Гаўрылавіч быў рэзкі, любіў настаяць на сваім. Гэта Корзун ужо зведаў на сабе. Ведаў і тое, што ў раёне Шынкевічу многае даравалася,
— Прозвішча?
Гурскі перасмыкнуў плячамі:
— Гу-урскі…
Корзун зрабіў выгляд, што не заўважыў гэтага, запісаў неабходныя для пратакола даныя і перайшоў непасрэдна да допыту:
— Куды вы паехалі, калі трэба было везці касірку ў Смятанічы?
— Вам Гаўрылавіч ужо казалі,— зноў пацепаў плячамі шафёр. — Да цёткі, у Тросенку, — Гурскі кінуў хуткі позірк на следчага.
Пра Тросенку Корзун ужо чуў раней ад Шынкевіча. Сумнявацца, што так яно і было, падстаў ён не меў. Але ў яго прыкідках не хапала пятнаццаці — дваццаці кіламетраў, і потым гэты позірк…
— Да цёткі, Еўдакіі Нічыпараўны Гурскай? — удакладніў ён. — Толькі ў Тросенку і больш нікуды? Так і адзначым, — Корзун цягнуў, чакаў званка з Тросенкі.
— Што вы да мяне чапляецеся? — шафёр нібы абурыўся, аднак і ў голасе, як нядаўна ў позірку, пракінулася нейкая напружанасць.
Корзун падумаў, што пасажыр у Гурскага быў, і, напэўна, не з Тросенкі, а з суседняй вёскі.
— Перадам я цябе, Сямён Гурскі, інспектарам.
— Як знаеце. — Пагроза не зрабіла на яго ўражання. — Мне дазволілі.
— Разбяруцца, — паабяцаў Корзун. — А пакуль што мы з табой пра грошы пагутарым. Якія? Тыя самыя, што праз тваю Тросенку ўкралі.
— Чаму гэта?
— Табе да цёткі захацелася, а касірка ў Смятанічы не папала. Разумею: за гэта да адказнасці не прыцягнеш. Мне трэба ведаць: казаў ты каму, што грошы засталіся ў калгаснай канторы? Чужому?
— Навошта?
— Можа, выпадкова, між іншым, га?
— Мне тыя грошы да лямпачкі,— адказаў Гурскі.
— Не, дык не.
Увайшоў Шарай, паглядзеў на сярдзітага Гурскага, спытаў у Корзуна:
— Не скончыў? Шынкевіч дадому збіраецца. Гурскі павесялеў, бліснуў вачамі:
— То я пайду?
— Як лейтэнант скажа, — не дазволіў падпалкоўнік.
І тут зазваніў тэлефон.
— Корзун слухае. Быў? Так-так… Дзякуй, — і да Гурскага: — Давядзецца твайму гаспадару пачакаць.
— Ого! — ускінуў бровы Шарай. — Пасяджу, паслухаю. Сядай і ты, — махнуў ён рукой шафёру.
Корзун перагарнуў старонку пратакола, моўчкі перачытаў запіс і падняў вочы на Гурскага.
— Чаго вы ездзілі да цёткі?
— Па грошы… Пазычаў… Вы ўжо запісвалі…
— Еўдакія Нічыпараўна сцвярджае, што, наадварот, доўг прывозілі.
— Старая, забылася, — усміхнуўся Гурскі, але крыва, няўпэўнена.
— Нават грошы паказвала, чатырыста рублёў,— Корзун глядзеў на шафёра з цікавасцю. — Дык дзе вы былі?
Гурскі маўчаў, глядзеў у падлогу. Корзун не прыспешваў. Раптоўная думка маланкай пранеслася ў яго галаве. Нечакана і для сябе, і для Шарая, і тым болей для Гурскага ён прамовіў:
— Магу падказаць. У Комсенічах!