Ля аднаго вогнішча
Шрифт:
Але не ўсе інтымныя вершы такія. У некаторых пачуццё выступае збедненым, адналінейным — гэта асабліва там, дзе гераіня гаворыць пра сваё расчараванне, пра няспраўджаныя надзеі. Трэба быць вышэй.
Крытыка заўсёды называла талент Янішчыц шматабяцальным. Сёння мы можам сказаць: многія абяцанні спраўдзіліся.
І для Яўгеніі Янішчыц наступіла пара падрахункаў і справаздач. Ранейшая яе гераіня, з якой мы пазнаёміліся ў «Снежных грамніцах» — бесклапотнае дзіцё, — знікла беспаваротна. Жыццё пачынаецца нанова. Узмацняецца маральнае, грамадзянскае стаўленне да рэчаіснасці.
Лірызм набывае характар нарысавасці ў лепшым значэнні гэтага паняцця — у значэнні дакладнасці малюнка і істотнасці таго, што паэтэса хоча сказаць.
У «Ясельдзе» шмат выдатных вершаў — «Балада вернасці», «Марыля», «Бацькава дарога», «Вёсцы», «Спыню свой крок…», «Апавяданне пра жытнёвы сноп», «Ясельда», «Не дакарала, не журыла…» і іншых — з уласцівай для іх шырокай заглыбленасцю, калі не абмінаюцца супярэчнасці, складанасці, праблемы жыцця, калі сваё арганічна сінтэзуецца з агульным, выпрабоўваецца ім.
Дасягненні, якімі была адзначана «Ясельда», замацаваліся ў новым зборніку лірыкі «На беразе пляча» — 1980 год. Ён сведчыць, што цікавасць да чалавечых лёсаў у паэтэсы паглыбілася. Яна ўмее заўважыць і ацаніць унутраную прыгажосць чалавека.
Цяжкія ў Матроны Зрок, галава, Слязу аброніць — Жухне трава. Глухая да песні, Матрона пяе: «Куды ж вас панесла, Сыночкі мае?»З вершаў Я. Янішчыц паўстае ўнутраны свет сучаснай жанчыны, яе любоў да жыцця, працавітасць, шчасце мацярынства, хараство і дабрыня. Яе паэзія шматструнная, у ёй знаходзім плённае зліццё самых шматстайных імгненняў, з якіх складваецца наша жыццё.
«І дзякуй лёсу, — гаварыла паэтэса ў адным з нядаўніх інтэрв’ю, — што, прыглядаючыся да краю свайго, да людзей, непазбежна ловіш сябе на думцы аб супярэчлівых тайнах быцця».
Станаўленне паэтэсы працягваецца. Ёсць падставы верыць у яе новыя поспехі.
Замест заключэння
Гарыць вогнішча…
Далёка не ўсе постаці тых, хто знаходзіцца вакол яго, адлюстраваліся ў гэтай кнізе. Варта было б расказаць і пра Сцяпана Гаўрусёва, Алега Лойку, Міколу Арочку, Дануту Бічэль-Загнетаву, Рамана Тармолу, Уладзіміра Паўлава, Веру Вярбу, Кастуся Цвірку, Янку Сіпакова і пра многіх іншых. Аднак і тыя, з кім мы тут сустрэліся, сведчаць, што паэзія рухаецца шырокім фронтам творчых пошукаў, што яна надзвычай разнастайная.
Н. Гілевіч вельмі дасціпна пісаў на гэты конт: «Наша беларуская паэзія мне ўяўляецца нашым жа беларускім лесам, дзе вельмі хораша і зусім натуральна суседнічаюць усе пароды дрэў, што растуць адвеку на гэтай зямлі, на берагах Дняпра і Сожа, Немана і Буга, Дзвіны і Віліі, Прыпяці і Пцічы, Бярэзіны і Гайны, Свіслачы і Шчары…» (Літаратура і. мастацтва, 1969, 18
Сацыялізм мае патрэбу ў такіх развітых мастацкіх індывідуальнасцях. Буржуазныя літаратуразнаўцы нярэдка папракаюць нас тым, што быццам бы савецкая літаратура надта аднастайная, прыземленая, пазбаўленая вялікіх пазнавальных і эстэтычных магчымасцей. Паэзія пераконвае, што гэта не так, што творчыя патэнцыі савецкага мастацкага слова значныя, што ўдзельная вага творчай індывідуальнасці ў літаратуры надзвычай вырасла.
Аснову творчай індывідуальнасці паэта складае яскрава выяўлены лірычны характар, непаўторная чалавечая асоба. Яго ўплыў увесь час узрастае.
Пафас літаратуры — пазнанне чалавека. З гэтым звязаны яе сённяшнія дасягненні.
На пачатку XX ст. Я. Ф. Карскі, характарызуючы тагачасную беларускую паэзію, справядліва зазначыў, што ёй «яшчэ шмат застаецца зрабіць для абмалёўкі асобы з народа: нідзе не выяўлена ўсебакова душа беларуса. Чытач спытае, які ў яго маральны воблік, які пераважна ў яго характар, нават якое ў яго светаўспрыняцце, якімі ідэаламі ён жыве, як ён глядзіць на такую таямніцу назва якой жыццё».
На ўсе гэтыя пытанні наша паэзія паступова адказвае. Быў час, перыяд 20-30-х, нават 40-х гадоў, калі наша паэзія (і не толькі беларуская) несла на сабе некаторы адбітак аскетызму. Героі часта былі безуважлівыя да ўсяго таго, што называюць асабістым жыццём, бо вырашалі праблемы куды больш сур’ёзныя і першачарговыя. Сёння мы пераадолелі тыя гаспадарчыя цяжкасці, якія турбавалі краіну 30–40 гадоў назад, дасягнулі немалых поспехаў у задавальненні народных патрэб. Узняўся жыццёвы ўзровень савецкага чалавека, а разам з ім і запатрабаванні. Развіты сацыялізм паставіў у цэнтр грамадскага жыцця чалавечую асобу ў дыялектыцы яе ўзаемаадносін з грамадствам. Растуць духоўна-маральныя патрэбы чалавека — гэта аб’ектыўны працэс, які выяўляе тую заканамернасць сталага сацыялізма, што знайшла адлюстраванне ў новай Канстытуцыі СССР: «У адпаведнасці з камуністычным ідэалам „Свабоднае развіццё кожнага ёсць умова свабоднага развіцця ўсіх“ дзяржава ставіць сваёй мэтай пашырэнне рэальных магчымасцей для прымянення грамадзянамі сваіх творчых сіл, здольнасцей і дараванняў, для ўсебаковага развіцця асобы».
Для пісьменніка зразумець чалавечую асобу — значыць наблізіцца да разумення грамадства ў цэлым. Асабовы пачатак жывіць творчасць паэтаў.
Сёння, відаць, кожнаму літаратару стала ясна, што росквіт творчай індывідуальнасці немагчымы без страснага маральнага пошуку, спавядальнасці, без свайго — асабістага — адкрыцця агульнай ідэі часу.
У творчасці паэтаў сярэдняга пакалення адбываюцца працэсы насычэння сацыяльнымі матывамі, якія ўсё арганічней становяцца іх асабістымі перажываннямі. Падзейнасць страціла тую ролю, якую яна адыгрывала пятнаццаць — дваццаць год назад: душэўнае жыццё паэта выяўляе сябе больш непасрэдна, адкрыта.
Інтэнсіфікацыю лірычнага перажывання, давер да асабістага знаходзім таксама ў інтымнай лірыцы гэтага часу. Яна аказваецца ўнутрана вельмі ёмістай, каб перадаць радасць жыцця і прагу чалавека да маральнай дасканаласці.
Інтэлектуальныя магчымасці сучаснай асобы растуць. Паэзія роздуму якраз і з’яўляецца яркім праяўленнем інтэлектуальнага жыцця савецкага народа.
«Высокае імкненне мысліць у вершах, — зазначае А. Міхайлаў,— становіцца характэрнаю рысай творчага сталення. Што б там ні казалі і ні пісалі наконт інтэлектуалізму яго праціўнікі, але гэта асаблівасць духоўнага жыцця нашага грамадства ў наш час праяўляецца ў любой сферы дзейнасці. Калі ў буржуазным грамадстве інтэлектуалізм носіць элітны характар, а ў дэмакратычных „нізах“ насаджваецца антыінтэлектуалізм, то атмасфера жыцця ў нашым грамадстве ўсяляк садзейнічае інтэлектуальнаму ўзбагачэнню кожнага чалавека. Лірыка філасофскага роздуму — толькі адно з праяўленняў інтэлектуальнага жыцця савецкага грамадства» (Литературная газета, 1970, 24 чэрвеня).