Міколка-паравоз
Шрифт:
— Як жа гэта так, партызан мой малы? Як жа гэта так здарылася, што вас немцы ў крыўду бяруць! Ну, расказвай! — гаварыў бацька і пільным вокам углядаўся наперад, куды імчаў цяпер браняпоезд. Глуха гудзелі і перазвоньвалі металам гарматныя вежы, бранявыя бакі вагонаў ашчацініліся кулямётамі. Цяжка пастуквалі рэйкі пад паравозам. Паравоз бег, набіраючы імклівы разгон.
І калі сказаў Міколка, што зруйнавана немцамі дэпо, што білі немцы з кулямётаў па рабочым пасёлку, што забралі ў турму рабочую дэлегацыю і зверскі білі брата Паўла, — пасуравеў бацька, да болю сціснуў рычаг
— Ну што ж! Не падай духам, Міколка! — сказаў павесялеўшы бацька. — Хто-хто, а мы пераможам… Не можам іначай! Такі, сыне, закон у нас: не пераможам мы, сатруць нас з твару зямлі, змяшаюць з пылам, з крывёю… З нашай уласнай крывёю… Таму і павінны мы перамагчы!
Імчаў браняпоезд.
А рабочыя выбіваліся з апошніх сіл. Многа страт панеслі партызаны ў няроўным баі. Ужо выбілі са станцыі партызан і рабочых, ля самых штабеляў абараняліся яны ды займалі невялікую ўскраіну горада. Маўчалі партызанскія кулямёты. Шкадавалі апошніх патронаў. Каб выкурыць рабочых з ускраіны, немцы падпалілі некалькі дамоў, і вялікі пажар узняўся над горадам.
Рабочыя не здавалі апошніх сваіх пазіцый, ладзілі барыкады з дроў, забіраліся на дахі дамоў, каб зручней адбіваць налёты немцаў. Але відаць было, што перамогуць немцы, што гадзіну-другую пратрымаюцца яшчэ рабочыя і прымушаны будуць ці здавацца на нямецкую літасць, ці загінуць пад моцным кулямётным агнём. І быў ужо момант, калі дужа задумаўся дзед Астап над тым, як бы зручней вывесці людзей з небяспекі, жыццё адратаваць ім. Задумаўся на хвіліну і страпянуўся раптам. Гучнае і радаснае «ўра» страсянула паветра. Загрымелі замоўкшыя было партызанскія кулямёты, сціх на хвіліну нямецкі агонь.
Зірнуў дзед у бок ад станцыі і аж крыкнуў ад вялікае радасці. Вярстах у пяці-шасці ад станцыі імчаў браняпоезд. Ясна відаць быў чырвоны сцяг над ім. Сцяг то разгараўся чырвоным полымем, то нік у клубах чорнага паравознага дыму.
— Трымайся, хлопцы, нашы імчаць!
Акрыялі радасцю рабочыя і партызаны.
Заварушыліся немцы. Павярнулі некалькі гармат на браняпоезд. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Крактануў у адказ браняпоезд, ды як крактануў — ураз сціхлі гарматы немцаў. Пара іхніх гармат была збіта цяжкім снарадам з браняпоезда. А браняпоезд яшчэ і яшчэ — цяжка вухкала па лясах, па-над горадам. Браняпоезд біў з цяжкіх гармат.
Немцы кінуліся да пуцей, каб рэйкі ўзарваць, акапацца ля чыгункі. Але рабочыя і партызаны не пускалі іх да рэек, метка знімалі кожнага, хто памыкаўся ўскочыць на пуць.
А браняпоезд ішоў.
Крыху адчыніў Міколкаў бацька сталёвае акенца, каб пуці праверыць, ці цэлыя, ці пашкоджаныя. Глянуў туды і неяк раптам асеў, асунуўся, стаў хіліцца да падлогі. Навіс на рычаг усім цяжарам свайго цела. Павярнуўся рычаг, паравоз абарваў свой бег і ўсё цішэй, цішэй, вось і зусім становіцца паравоз. Здзіўленыя твары чырвонаармейцаў паказаліся ў шчылінах-акенцах вагонаў.
Узрадаваныя немцы беглі насустрач
І не памятае Міколка, як адбылося ўсё гэта. Асцярожна адхіліў ён бацькаву руку ад рэгулятара, націснуў на рычаг абедзвюма сваімі рукамі — ірвануў паравоз, зашыпеў весела парай, памчаў наперад. З браняпоезда ваўсю загаварылі кулямёты, грымнулі яшчэ разы са два цяжкія гарматы. А Міколка ўжо крычаў двум чырвонаармейцам, што былі разам з ім на паравозе:
— Машыніста кладзіце на падлогу ды перавязку хутчэй!
Бачыў, як прамазучаны бацькаў пінжак набухаў чырвонай плямай. Яна рабілася ўсё шырэй і шырэй. Чырвонаармейцы таропка знімалі пінжак, разразалі нажом кашулю, бінтавалі бацькавы грудзі.
І хоць страшна горача было на паравозе, але адчуваў Міколка, як халадзее яго маленькае сэрца, як халадзеюць яго пальцы на гарачым рычагу. Гэта вялікі жаль да бацькі агарнуў усю яго малую істоту, і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок і, напружыўшы ўсе свае сілы, трымаў у руках паравозны рычаг. І бачыў ён, зірнуўшы ў шчылінку паравознага акенца, як уцякалі немцы ва ўсе бакі, як беглі рабочыя, імчалі да браняпоезда партызаны. Яны размахвалі карабінамі, падкідвалі шапкі, крычалі вясёлае «ўра», выкрыквалі словы:
— Няхай жыве наша слаўная Чырвоная Армія!
Вось і станцыя.
Спыніў паравоз Міколка. Кінуўся з шапкай пад паравозны кран, халоднай вады набраў, выплеснуў бацьку на грудзі, абняў яго.
І не вытрымаў тут, заплакаў гарачымі слязамі.
— Ці жыў ты, бацька? Устань жа, ну слова скажы!
Але маўчаў бацька. Глуха плакаў Міколка. Дзед Астап падышоў, паглядзеў, неяк пасуровеў адразу. Паслаў па доктара. Сабраліся рабочыя, партызаны, маўчалі ў вялікім суме. Хутка прыйшоў доктар. Агледзеў, рану прамыў. Зірнуў на Міколку, па плячы яго весела пахлопаў:
— Ну, Міколка, тваё шчасце! Будзе твой бацька жыць яшчэ доўгія гады… Хоць цяжкая рана, але праз месяц-другі мы загоім яе! Кроў у яго рабочая, здаровая…
І што тут пачалося толькі! У Міколкі ўраз вочы сталі сухімі. Усміхнуўся доктару.
— Глядзі ж, не падмані!
А тут падхапілі Міколку на рукі — і ну качаць. Вышэй паравоза падкінулі яго, аж дым паравозны перасігнуў ён і ўпаў вясёлы і радасны на рукі рабочых, партызан, чырвонаармейцаў. Усе віталі Міколку, слаўнага машыніста браняпоезда, слаўнага партызана, смелага сына бальшавіка.
А назаўтра Міколка разам з другімі рабочымі і партызанамі дыктаваў у нямецкім штабе сваю волю нямецкаму генералу. Той хадзіў маўклівы і пануры. Куды і гонар мінулы падзеўся. Пабілі яго рабочыя, а яшчэ болей пабіла рэвалюцыя ў Германіі. Весткі аб гэтай рэвалюцыі дайшлі нарэшце да нямецкіх салдат.
Генерал хадзіў па кабінеце і нехаця пазіраў у вокны. Ён бачыў, як гулялі па вуліцах яго салдаты. Салдаты старой імператарскай арміі. Салдаты-заваёўцы. Салдаты-пераможцы. Салдаты-рабы. Гэтыя салдаты гулялі сёння з рабочым народам. З чужым народам. Яны браталіся з гэтым народам. Яны называлі гэты народ сваімі лепшымі прыяцелямі ў свеце.