Млечны Шлях
Шрифт:
– Сцямнела. Агонь здалёку вiдаць.
Таўсматы, як бы раптам адумаўшыся, залiў вадою з чыгуноў агнi i сказаў:
– Варыць трэба ў печы.
I ўсе, з выглядам выратаваных з бяды, панеслi ў хату чыгуны з мясам.
– Гануся, - сказаў чалавек з адкiнутымi назад валасамi, - запалi ў печы. Я яшчэ пазаўчора туды наклаў дроў.
Гануся сышла з свайго месца i ўзялася за работу. Рукi яе былi малыя i рухавыя. Далiкатнае хараство было ў яе руках. Бадай што напалову яна сама ўлезла ў печ i, лежачы на чаране, падпалiла дровы. Людзi самi прыставiлi свае чыгуны да агню. Вiдно стала ўсiм, якое дзiця яшчэ гэтая Гануся. Тоненькая, з рухавымi плечыкамi, але з вачыма спакойнымi. Качаргой яна пачала падгортаць агонь блiжэй да чыгуноў. Здавалася, што ёй вельмi патрэбна, каб хутчэй усё гэта скончылася. Час пацягнуўся так марудна i так нядобра! Усе ўчатырох сядзелi
– Iзноў хiба выйдзем?
– Ну, як там, цiха? Нiчога падазронага?
– абазваўся той, што ў летнiм пiнжаку.
– Прыглядайцеся ў бок лесу, - заўважыў самы старэйшы.
I ўсё памiж iмi як бы высветлiлася. Чаго ж iм яшчэ крывiцца адзiн на другога цi ўсiм на аднаго, калi яны разам павiнны сцерагчыся нежаданага прыйсця таго, хто можа iсцi iхнiмi слядамi? Такая атмасфера раптам навiсла ў гэтай хаце. Здаецца, яе адчуў нават i той, што зрабiў труну. Ён паглядзеў на ўсiх чатырох i сам сабе ўздыхнуў: "Божа мой, Божа". Як бы там нi было, ён сам выйшаў з хаты i, калi вярнуўся, сказаў:
– Цiха i пуста. Нiкога нiдзе. Месяц узыходзiць.
Пра месяц ён сказаў праўду, але гэта была ўжо лiшняя фраза, i iшла яна ад пошукаў хоць якой блiзасцi з людзьмi. Можа яно было i так. I гэтак усiм здалося. Тым часам самы маладзейшы зноў падняўся, каб выйсцi. Падняўся i тоўсты. Раптам малады не вытрымаў:
– Чаго ты не спускаеш мяне з вока?! Мы тут роўныя ўсе!
– Я не дзеля цябе, а дзеля сябе. Я сам хачу бачыць i слухаць. Але ж i ты за мною ходзiш.
– Няхай, калi так, хто iншы выйдзе, - сказаў малады.
– Я пайду i доўга буду стаяць на варце, - сказаў старэйшы.
Таўсматы з нейкiм расчараваннем унурыўся i перабiў:
– Мяса павiнна зварыцца ўжо.
Усе апынулiся ля самай печы. Гануся выцягнула адзiн чыгун i ткнула ў яго ашчэпкам лучынкi.
– Гатова!
– сказала яна.
Тоўсты паставiў на лаву ў кут чыгуны. Адзiн i другi.
– Есцi ў сенцах - сказаў самы малады.
З якой удзячнасцю паглядзеў на яго той, што ўвесь гэты час стаяў над нябожчыцай! Самы старэйшы зразумеў гэты позiрк. Ён хапiў чыгун i паiмчаў у сенцы. Шпарка ўсе пайшлi за iм. Той з размаху паставiў чыгун на зямлю, выхапiў кавалак мяса i, абдзьмухваючы яго, пачаў iрваць зубамi. Здавалася, што калi ён будзе чакаць, пакуль мяса астыне, то гэта будзе каштаваць яму сканання. Але i не толькi ён. Ужо ўсе падкiдалi на руках гарачыя кавалкi, кусалi як толькi маглi i елi, елi. Пасля тоўсты прынёс другi чыгун. Два чыгуны мяса яны з'елi не больш як за дзесяць хвiлiн i адчулi, што не пад'елi як мае быць. Але нейкая сiла, можа нават мацнейшая за голад, стрымала iх ад якiх бы там нi было пошукаў спосабу задушыць да канца прагу да яды. Усе, як згаварыўшыся, выйшлi на ганак i сталi самi не свае. Вельмi можа быць, што цяпер iм усiм лепш бы было разысцiся хто куды i век больш не сыходзiцца разам. Як бы яно там нi было, але колькi момантаў усе пастаялi моўчкi, i тоўсты раптам пачаў спускацца з ганка. Можа ён нiчога такога i не думаў, але ўсе гукнулi ў адзiн голас:
– Куды?
Ён падняўся зноў на ганак, i ўсiм стала ясна: не ўстанавiлася памiж iмi згода, i вялiкае недавер'е жыло i не зменшвалася. Самы старэйшы раптам уздыхнуў i штосьцi як бы прашаптаў сам сабе.
– А памагчы таму хаваць, - сказаў ён мацней.
– Я кончуся з холаду ў гэтым пiнжаку, - сказаў той, лёгка адзеты.
Ён шпарка рушыў у хату. I ўсе за iм. Таўсматы сеў на лаву. Усе ж астатнiя сцiснулiся пры печы, у якой яшчэ датляваў жар. У момант цяпло размарыла iх. Дрымота агарнула iх усiх трох. Усе яны нейк адразу тут жа ляглi на падлогу i сцiшылiся. Яны спалi. Але ў неспакоi. Колькi яны паспалi, хвiлiн можа дзесяць, не больш, а раз-поразу то той, то другi ўсхватваўся, паднiмаў галаву, акiдаў цяжкiмi вачыма хату i зноў кiдаўся на падлогу i спаў. Тоўсты таксама спаў, седзячы на лаве. Два тутэйшыя мужчыны тым часам унеслi з сянец труну, паклалi ў яе нябожчыцу i паставiлi труну з нябожчыцай на той самы тапчан. Той, што рабiў труну, выйшаў у сенцы i зноў з'явiўся ў дзвярах з рыдлёўкаю ў руках. Ён быў пануры, але вочы яго, здавалася, лiлi святло на твар.
– Цяпер пайду капаць, - сказаў ён.
– Добра было б каб удвух, - адказаў другi.
– Але як я тут пакiну.
Раптам моцны кашаль перарваў не толькi гаворку, але можа нават i думкi гэтых людзей. На падлозе нехта з тых трох так кашляў, быццам бы грудзi яго разрывалiся. З хрыпам i свiстам кашляў ён i адкашляўшыся ўстаў. Гэта быў той самы старэйшы з чатырох. Абыякавасцi i холаду цяпер на яго твары не было. Была пакута i смутак. Цяпер ён здаваўся гарбаты, быў ускудлычаны, чырванатвары i з прыгнутымi ў каленях нагамi. Так ён стаяў, пагойдваючыся на нагах, у поўным маўчаннi гэтай нейкай нешчаслiвай хаты i прахрыпеў, усё з тым жа сваiм жудасным акцэнтам i вымоваю:
– Пачакаем дня, каб капаць i хаваць. Цяпер ноч. Нашто так спяшацца?
Вельмi можа быць, што той, з адкiнутымi назад валасамi, узрадаваўся гэтаму нечаканаму голасу, хоць i хрыпатаму, хоць i страшнаму. Усё ж гэта быў чалавечы голас. З нейкай раптоўнай жвавасцю, як бы ўхапiўшыся за прычыну, каб перад кiм паспавядацца, той, з адкiнутымi валасамi, сказаў:
– Галубок ты мой. Яна ўжо чацвёрты дзень ляжыць непахаваная. Пакуль мы дасталi дошак на труну, пакуль цвiкi з iх без начыння падаставалi, пакуль пiлу знайшлi на пажарышчы за лесам.
– А хто гэта памерлая?
– Гэта мая дачка.
– А жывая?
– I жывая мая дачка.
– Ну добра. Хадзем капаць.
– I я пайду, - пачуўся тут голас, i з падлогi падняўся самы маладзейшы, што быў у чырвонаармейскай адзежы.
Бацька нябожчыцы яшчэ пажвавеў. Нейкiя новыя рысы пачалi ажываць на яго твары.
– Што вы за людзi?
– ужо новым тонам сказаў ён.
Тыя маўчалi.
– Ну, ты немец, я чую з твае гаворкi, - ткнуў ён рукой у грудзi таго, што нядаўна кашляў.
– А ты хто? Адкуль ты?
– Я можа пасля скажу.
– Ну добра, - адразу апанураў чалавек.
– Я i забыўся, што чалавеку страшна паказваць сваю душу перад чалавекам.
У тоне гэтых яго слоў многа было горычы i кплiвага запалу.
– Ну, хто пойдзе, дык хадзем. Рыдлёўкi якраз ёсць. У сенцах возьмем.
– I я пайду, - сказаў таўсматы i падняўся з лавы. Ён штурхануў таго ў лёгкiм пiнжаку. Ён спаў моцным сном. Штуршок яго пабудзiў, i ён сеў.
– Трэба ж каму тут астацца, - сказаў бацька нябожчыцы.
– Ты астанься (гэта да таго, што рабiў труну). А я завяду людзей на месца.
– I я астануся тут, - сказаў той, што яшчэ сядзеў па падлозе.
– Добра, аставайся.
I той, як сядзеў, адразу зноў лёг, закiнуўшы пад галаву рукi.
I ўсе выйшлi, апроч яго i таго, што рабiў труну. Свечка аплыла i знiзiлася, i цямней стала ў хаце. Гануся стала на ранейшае месца бацькi i так моўчкi стаяла над нябожчыцай. Той, што рабiў труну, стаяў поплеч яе. А той, што ляжаў на падлозе, сеў, дастаў з кiшэнi кавалачак паперы, навыцярушваў з другой кiшэнi пацёртага лiсця, зрабiў папяросу, устаў, прыкурыў з свечкi i зноў сеў на ранейшае месца на падлозе. Вiдаць, што гэта ён курыў не тытунь. Пах дыму быў не тытунёвы. Пайшлi хвiлiны за хвiлiнай. Ён дакурыў папяросу, устаў, падышоў да печы i ўкiнуў у яе недакурак. Абуткам сваiм ён моцна грукаў па зямлi. Гануся азiрнулася на яго, i вочы iх спаткалiся. Ён тады сеў на лаву i зноў пачаў скручваць папяросу. Гануся стаяла на сваiм месцы, але яшчэ раз на яго азiрнулася. Вiдаць, што яе паглыбленасць у самую сябе была парушана. Падышоўшы зноў да свечкi, каб прыкурыць, ён зазiрнуў у твар спачатку Ганусi, пасля чалавеку i як бы ўкрадкам запытаў: