Навелы
Шрифт:
Асобны пакой у гатэлі — гучыць вельмі чалавечна, ці не праўда? Але, паверце, яны зусім не збіраліся ствараць нам чалавечыя ўмовы. Замест таго каб загнаць нас, «важных асоб», у ледзяныя баракі па дваццаць чалавек у кожным, яны далі нам параўнальна цёплыя нумары ў гатэлі, але пры гэтым кіраваліся тонкім разлікам. Атрымаць ад нас патрэбныя звесткі яны збіраліся без ужывання, як звычайна, пабояў ці катаванняў, а з дапамогаю больш вытанчанага мучэння — мучэння поўнай ізаляцыяй. Яны нічога з намі не рабілі, яны проста змясцілі нас у вакуум, у пустату, добра ведаючы, што мацней, за ўсё ўздзейнічае на чалавечую душу адзінота. Яны ізалявалі нас ад свету. Я быў адзін, сам-насам з чатырма-пяццю маўклівымі рэчамі — сталом, ложкам, акном, умывальнікам. Я быў адзін, нібы вадалаз у батыскафе, якога апусцілі ў чорны акіян маўчання і які няясна адчувае, што выратавальны канат да знешняга свету адарваны і што яго ніколі не выцягнуць з нямой глыбіні. Я нічога не рабіў, нічога яе чуў, нічога не бачыў. Усюды ўвесь час была пустата — без адчування часу і прасторы. Можна было хадзіць з кутка ў куток, і за табою неадчэпна ішлі следам твае думкі. Туды і назад, туды і назад. Але нават думкам патрэбен які-небудзь пункт апоры, інакш яны пачнуць бяссэнсава кружыцца вакол сябе — яны таксама не выносяць пустаты. З раніцы і да вечара ты ўсё чакаеш чагосьці, але нічога яе адбываецца. Ты чакаеш, чакаеш і нічога не адбываецца. І ўсё чакаеш, чакаеш, усё думаеш, думаеш, думаеш, пакуль не пачне балець у скронях. Нічога не адбываецца. Ты па-ранейшаму адзін. Адзін. Адзін.
Так ішло два тыдні. Я жыў па-за часам, па-за жыццём. Пачніся тады вайна, я ніколі не даведаўся: мой свет абмяжоўваўся толькі сталом, дзвярамі, ложкам, умывальнікам, крэслам, акном, сценамі. Кожны раз, калі я глядзеў на шпалеры, мне здавалася, што хтосьці паўтарае іх зігзагападобны малюнак стальным разцом у мяне ў мозгу. Потым нарэшце пачаліся допыты. Выклікалі раптоўна — я не ведаў, удзень гэта
Але допыты былі яшчэ не самае страшнае. Горш за ўсё было вяртацца пасля допыту ў пустату — у той самы пакой, з тым самым сталом, з тым самым ложкам, з тым самым умывальнікам, тымі самымі шпалерамі. Калі я заставаўся адзін, я адразу пачынаў узнаўляць у памяці ўсё, што было на допыце, думаць, як я больш разумна мог бы адказаць на пытанні, перабіраць, што мне сказаць наступны раз, каб развеяць падазрэнне, выкліканае маёю неабдуманаю заўвагаю. Я ўсё гэта перабіраў у галаве, абдумваў з усіх бакоў, правяраў, узважваў кожнае слова, якое гаварыў следчаму, узнаўляў у памяці яго пытанні і мае адказы; я спрабаваў разабрацца, што з маіх паказанняў заносіцца ў пратакол, хоць добра ўсведамляў, што разлічыць і ўстанавіць усё гэта проста немагчыма. Але варта было мне застацца аднаму ў пустаце, думкі пачыналі шалёна круціцца ў галаве, яны выклікалі ўсё новыя меркаванні, не давалі мне спакою нават у сне; кожны раз услед за допытам у гестапа за работу бязлітасна браліся мае ўласныя думкі. Тут толькі я цалкам усвядоміў, з якою д’ябальскаю вытанчанасцю, з якім жахлівым веданнем чалавечай псіхалогіі была прыдумана сістэма турэмнай адзіноты ў гатэлі. У канцэнтрацыйным лагеры, мабыць, прыйшлося б вазіць на тачцы камяні, пакуль не натрэш на руках крывавых мазалёў і пакуль не адубеюць ногі, жыць у смярдзючай і халоднай каморцы разам з двума дзесяткамі няшчасных людзей. Але ж там вакол сябе можна было б бачыць чалавечыя твары, якое-небудзь поле, тачку, дрэва, зорку, там можна было б на чымсьці запыніць свой позірк; а тут навокал усё было нязменнае, увесь час адно і тое, жахліва нязменнае. Тут не было нічога, што адцягнула б мяне ад думак, ад назойлівых ідэй, ад хваравітых разлікаў. Гэтага яны і дабіваліся: яны хацелі, каб думкі душылі мяне, душылі да таго часу, пакуль я не пачну задыхацца, пакуль у мяне не будзе іншага выйсця, як здацца і нарэшце прызнаць, прызнаць усё, што ім патрэбна, выдаць людзей і дакументы. Паступова я пачаў адчуваць, што пад страшэнным ціскам пустаты нервы мае пачынаюць здаваць. Я разумеў, як гэта небяспечна, і з усіх сіл напружваў волю; каб канчаткова не страціць улады над сабою, я спрабаваў хоць чым-небудзь заняцца. Я спрабаваў дэкламаваць вершы, узнавіць у памяці ўсё, што калі-небудзь ведаў на памяць, — народныя песні, дзіцячыя вершыкі, Гамера, якога калісьці вывучалі ў гімназіі, параграфы грамадзянскага кодэксу. Потым я пачаў рашаць арыфметычныя задачкі, складаў і дзяліў у памяці разнастайныя лічбы, але ў пустаце свядомасці не было за што ўчапіцца. Я не мог ужо ні на чым сканцэнтравацца. У галаву лезла адна і тая ж думка, ліхаманкава пыталася: што яны ведаюць? Што я сказаў учора, што мне трэба сказаць заўтра?
Гэты стан перадаць немагчыма, і быў я ў ім чатыры месяцы. Чатыры месяцы — гэта лёгка напісаць, усяго некалькі літар! Лёгка і сказаць — усяго шэсць складоў. Губы скажуць за чвэрць секунды гэтыя гукі: чатыры месяцы! Але хто можа расказаць і вымераць, хто можа наглядна паказаць, як бясконца доўга цягнуўся гэты час за межамі часу і прасторы? Нікому не растлумачыш, ні сабе, ні каму-небудзь іншаму, як губіць і разбурае чалавека адзінота, калі навокал адна пустата, пустата і той самы стол і ложак, і ўмывальнік, і шпалеры, і ўвесь час цішыня, і ўсё той самы служка, які, не падымаючы вачэй, прасоўвае ў дзверы ежу, усё тыя ж думкі, якія ўночы не даюць табе спакою да таго часу, пакуль не пачнеш траціць розум. Па некаторых нязначных прыкметах я з жахам зразумеў, што мозг мой перастае дзейнічаць нармальна. Спачатку я прыходзіў на допыты з зусім яснаю галавою; я даваў паказанні спакойна і асцярожна і выразна адчуваў, што я павінен гаварыць і чаго не павінен. Цяпер жа я мог толькі адно — запінаючыся, гаварыць самыя простыя фразы, бо вочы мае неадступна сачылі за пяром, як загіпнатызаваныя, а пяро бегала па паперы, запісваючы паказанні, і мне самому хацелася імчацца ўслед за сваімі словамі. Я адчуваў, што сіла ў мяне канчаецца, адчуваў, што набліжаецца момант, калі дзеля выратавання я раскажу ўсё, што ведаю, а можа, нават і болей. Каб вырвацца з гэтай задушлівай пустаты, я выдам дваццаць чалавек і іх таямніцы, выдам без ніякай выгады сабе, атрымаю, мабыць, толькі кароткую перадышку. Аднаго разу ўвечары дайшло да таго, што, калі турэмны наглядчык прынёс мне ежу, я раптам закрычаў яму ўслед:
— Вядзіце мяне на допыт! Я хачу ва ўсім прызнацца! Я ўсё скажу! Я скажу, дзе паперы і грошы!
Але, на шчасце, ён не чуў мяне. А мо не хацеў чуць. І вось у гэты момант крайняй безнадзейнасці адбылося нешта непрадбачанае, што давала мне шанц на выратаванне, хай часовае, але ўсё-такі выратаванне. Быў канец ліпеня, цёмны, хмурны, дажджлівы дзень. Перад допытам заўсёды прымушалі доўга чакаць, гэта ўваходзіла ў іхнюю сістэму. Спачатку ўзбуджалі нервы раптоўным выклікам з камеры сярод ночы, потым, калі вы бралі сябе ў рукі і падрыхтоўваліся да допыту, калі ваша воля і розум былі напружаны і гатовы да супраціўлення, вас прымушалі чакаць, стаяць перад зачыненымі дзвярыма адну, дзве, тры гадзіны. Гэтая бяссэнсавая паўза была разлічана на тое, каб стаміць вас фізічна і зламаць маральна. У той чацвер, 27 ліпеня, яны трымалі мяне асабліва доўга, дзве гадзіны я стаяў і чакаў у прыёмнай. Зразумела, мне ніколі не дазвалялі садзіцца, і за гэтыя дзве гадзіны ногі мае зусім здранцвелі. Ёсць асаблівая прычына, чаму я добра запомніў дату — у пакоі, дзе я чакаў, вісеў каляндар; мне, паверце, цяжка растлумачыць вам, як прагнуў я ўбачыць што-небудзь надрукаванае, што-небудзь напісанае, і таму я, як зачараваны, утаропіўся ў гэтыя лічбы і літары: «27 ліпеня»; я проста ўпіваўся ў іх вачамі. Потым я зноў чакаў, усё чакаў, глядзеў на дзверы, пытаўся ў сябе: калі ж яны нарэшце адчыняцца? Я прыкідваў у галаве, якія пытанні паставяць мне гэты раз мае інквізітары, але добра разумеў, што спытаюцца яны пра нешта зусім іншае, а не пра тое, да чаго я падрыхтаваўся. І ўсё-такі, нягледзячы ні на што, я бласлаўляў гэтую пакутлівую невядомасць, неабходнасць стаяць: бо я быў ў другім, не ў сваім пакоі. Гэты пакой быў крыху большы за мой, з двума вокнамі замест аднаго, без ложка, без умывальніка і без мільён разоў бачанай трэшчыны на падаконніку. Дзверы былі афарбаваны ў другі колер, каля сцяны стаяла другое крэсла, а злева — шафа пад паперы і вешалка, на якой віселі тры ці чатыры мокрыя шынялі, шынялі маіх катаў. Перада мною было нешта новае, нешта іншае, свежае відовішча згаладалым вачам, і яны прагна ўбіралі ўсе падрабязнасці. Я разглядваў кожную складку на шынялях; я заўважыў, напрыклад, што на адным мокрым каўняры павісла кропля, і — вам гэта, пэўна, будзе смешна — я з бяссэнсавым хваляваннем чакаў, ці адарвецца нарэшце гэтая кропля і скоціцца з каўняра, ці яна здолее пераадолець зямное прыцягненне і ўтрымаецца на месцы. Гэта праўда, на некалькі хвілін я затоіў дыханне і сачыў за кропляю, быццам ад яе залежала маё жыццё. Калі кропля нарэшце скацілася, я ўзяўся пералічваць гузікі на шынялях, — на адным было восем, на другім таксама восем, на трэцім — дзесяць; потым я параўноўваў знакі адрознення. І ўбачыў такое, на чым зачаравана замёр мой позірк. Я заўважыў, што бакавая кішэня аднаго шыняля крыху адтапырваецца. Я падсунуўся бліжэй і па прамавугольных абрысах таго, што ляжала ў кішэні, здагадаўся, што гэта была кніжка. Калені мае задрыжалі. Кніжка! Чатыры месяцы я не трымаў у руках кніжкі, і ўжо сама думка пра кніжку, што словы ў ёй могуць складвацца ў радкі, а тыя ў старонкі, аркушы і нарэшце ўсё гэта ў кніжку, у якой можна знайсці і запомніць новыя, невядомыя мне дагэтуль, цікавыя думкі, — усё гэта адначасова і ўзбуджала, і адурманьвала мяне. Я, як загіпнатызаваны, глядзеў на адтапыраную кішэню, у якой ляжала кніжка, глядзеў з такою моцнаю прагаю, быццам хацеў прапаліць сваім позіркам дзірку ў шынялі. Нарэшце я не мог болей стрымліваць нецярпення; міжволі я ўсё бліжэй падсоўваўся да шыняля. Рукі мае моцна дрыжалі пры адной думцы, што я магу дакрануцца да кніжкі, — хоць бы толькі праз тканіну. Ужо хутчэй несвядома, не ведаючы, што я раблю, я ўсё бліжэй падсоўваўся
Потым пачаўся допыт. Ён патрабаваў ад мяне большага напружання, чым звычайна; адказваючы на пытанні, я не думаў над адказамі, а сканцэнтроўваў усе намаганні на тым, каб не даць упасці кніжцы. На шчасце, допыт гэты раз цягнуўся нядоўга, і мне ўдалося без перашкод пранесці кніжку ў камеру. Не буду стамляць вас падрабязнасцямі; скажу толькі, што ў калідоры быў вельмі небяспечны момант: кніжка выслізнула з-пад папругі ў штаны, і мне прыйшлося сімуляваць бурны прыпадак кашлю, каб сагнуцца аж да падлогі і зноў надзейна засунуць кніжку за папругу. Але якое было маё шчасце, калі я прынёс яе ў сваё пекла і нарэшце застаўся адзін, але болей я ўжо не быў адзін!
Вы, мабыць, думаеце, што першым маім імкненнем было схапіць кніжку, прагледзець яе, пачаць чытаць? Не і яшчэ раз не! Перш за ўсё я пачаў смакаваць радасць валодання ёю; мне хацелася доўга-доўга казытаць свае нервы, штучна адцягваць асалоду, гадаць, якую ж я ўкраў кніжку; мне хацелася, каб яна была з вельмі дробным, спорным шрыфтам, каб у ёй было вельмі-вельмі многа літар і вельмі-вельмі многа тоненькіх старонак, каб я мог чытаць яе як мага даўжэй. Добра было б, каб гэта былі — дзёрзкая мара! — Гамер ці Гётэ. Нарэшце я болей не мог справіцца з прагнаю цікавасцю. Я выцягнуўся на ложку, каб не выклікаць падазрэння ў наглядчыка, калі ён нечакана адчыніць дзверы, і дастаў з-пад папругі кніжку.
Першы позірк на яе не проста расчараваў мяне; я моцна ўзлаваўся: здабыча, з-за якой мне пагражала такая вялізная небяспека, якая выклікала ў мяне такія гарачыя надзеі, аказалася ўсяго толькі падручнікам па шахматнай гульні, зборнікам ста пяцідзесяці партый буйнейшых шахматыстаў свету. Калі б я не быў акружаны з усіх бакоў сценамі і кратамі, я б выкінуў кніжку ў прыступе злосці ў акно. Якая карысць, ну якая карысць мне ад гэткай лухты? Як большасць гімназістаў, я зрэдку, бавячы час, гуляў у шахматы. Але навошта мне гэтая тэарэтычная абракадабра? У шахматы нельга гуляць аднаму, тым болей без фігур і без дошкі. Я перагортваў са злосцю кніжку, думаў знайсці хоць што-небудзь для чытання — якую-небудзь прадмову ці тлумачэнне, — але не знайшоў нічога, акрамя роўных квадратных табліц з партыямі майстроў, з незразумелымі для мяне знакамі: «а2-а3», «Кf1-gЗ» і гэтак далей. Усё гэта было чымсьці накшталт алгебраічных формул, да якіх я не меў ключа. Толькі паступова здагадаўся я, што літары «а», «b», «с» абазначалі вертыкальныя рады, а лічбы ад 1 да 8 — гарызантальныя і што яны сведчылі аб знаходжанні там у гэты момант той ці іншай фігуры. Значыцца, гэтыя чыста графічныя дыяграмы ўсё-такі штосьці гаварылі. «Хто яго ведае, — думаў я, — калі мне ўдасца змайстраваць нешта накшталт шахматнай дошкі, то, можа, я змагу ўзнавіць гэтыя партыі». Прасціна ў мяне была выпадкова клятчастая, і гэта здалося мне божым дарам. Я склаў яе адпаведна, і ў мяне атрымалася поле, расчэрчанае на шэсцьдзесят чатыры квадраты. Я вырваў з кніжкі першы ліст, а яе саму схаваў пад матрац. Потым пачаў ляпіць з хлебнага мякіша караля, ферзя і другія фігуры (што з гэтага выйшла, было, канечне, смехатворна недасканала); нарэшце я адолеў незлічоныя цяжкасці і змог узнавіць на прасціне адну з пазіцый, прыведзеных у кніжцы. Але як толькі я паспрабаваў разыграць усю партыю, высветлілася, што няшчасныя фігуркі з хлеба, палову якіх, каб адрозніць чорных ад белых, я замазаў пылам, зусім не падыходзілі для мае мэты. У першыя дні я ўвесь час блытаўся, і прыходзілася пачынаць партыю зноў і зноў — пяць, дзесяць, дваццаць разоў. Але ў каго яшчэ было столькі лішняга вольнага часу, як у мяне, нявольніка навакольнай пустаты? У каго яшчэ магло быць такое ўпартае жаданне дабіцца свайго і такое цярпенне? Праз шэсць дзён я без ніводнай памылкі даводзіў партыю да канца, яшчэ праз восем дзён мне ўжо не трэба былі фігуры з хлебнага мякішу на прасціне, каб узнавіць у памяці расстаноўку фігур у партыях з падручніка, а яшчэ праз восем дзён мне непатрэбна стала і сама прасціна. Абстрактныя дагэтуль знакі «а1», «а2», «с7», «с8» самастойна паўставалі ў маім уяўленні як выразныя пластычныя вобразы. Пераход гэты адбыўся без ніякіх цяжкасцей: сілаю ўяўлення я мог узнавіць у памяці шахматную дошку і фігуры і дзякуючы строгай канкрэтнасці правіл адразу ж у думках ацаніць любую пазіцыю. Гэтак вопытны музыкант, ледзь зірнуўшы на партытуру, чуе партыю кожнага інструмента паасобна і ўсе галасы разам. Яшчэ праз два тыдні я без ніякага намагання мог згуляць любую партыю з кніжкі на памяць, ці, як гавораць спецыялісты, усляпую; толькі цяпер я да канца зразумеў, якім цудоўным падарункам стаў мне мой дзёрзкі крадзеж. Бо ў мяне з’явіўся занятак, хай бяссэнсавы і бязмэтны, але ўсё-такі занятак, які заступіў месца пустаты. З гэтага часу, імкнучыся зберагчы чароўнасць навізны, я пачаў дзяліць свой дзень: дзве партыі раніцаю, дзве партыі пасля абеду і кароткі разбор партый увечары. Вось так мой дзень, дагэтуль бясформны, як халадзец, аказаўся запоўненым; я быў заняты, але не стамляўся, бо выдатная асаблівасць шахмат у тым, што розум строга абмежаваў поле сваёй дзейнасці і не стамляецца нават пры вельмі моцным напружанні; наадварот, ён робіцца больш жывы, энергічны і востры. Спачатку я разыгрываў партыі механічна, але паступова, раз за разам паўтараючы партыі майстроў, я пачаў знаходзіць у гэтым мастацкае, эстэтычнае задавальненне. Я навучыўся адрозніваць тонкасці, хітрасці і пасткі нападу і абароны, зразумеў, як можна прадбачыць развіццё гульні на некалькі хадоў наперад, як падрыхтоўваюцца камбінацыі з атакаю і контратакаю, і хутка мог адрозніваць індывідуальную манеру гульні кожнага майстра, адрозніваць гэтак жа беспамылкова, як па некалькіх вершаваных радках можна вызначыць, хто іх аўтар; і тое, што спачатку служыла толькі сродкам, каб бавіць час, ператварылася ў асалоду, і непераўзыдзеныя стратэгі шахматнага майстэрства — Алёхін, Ласкер, Багалюбаў, Тартакавер, — як дарагія сябры дзялілі са мною турэмную адзіноту. Штодня ў маю камеру наведвалася мноства гасцей, а рэгулярныя заняткі шахматамі садзейнічалі таму, што мае разумовыя здольнасці, якія пачалі ўжо слабець, пачалі вяртацца да мяне; асвежаны мозг зноў працаваў, як і раней, і нават зрабіўся яшчэ больш гібкі і востры, дзякуючы пастаяннай разумовай дысцыпліне. Перш за ўсё ўзноўленая здольнасць ясна і лагічна мысліць выявілася на допытах; за шахматнаю дошкаю я несвядома выпрацаваў у сабе ўменне абараняцца ад ілжывых пагроз і замаскіраваных выпадаў і з таго часу не дазваляў сабе на допытах рабіць памылак. Мне нават здавалася, што гестапаўцы пачалі ставіцца да мяне з пэўнай павагай. Іх, відаць, здзіўляла, з якой невядомай крыніцы чэрпаю я сілу для далейшага супраціўлення, калі ўжо столькі людзей зламалася ў іх на вачах.
Шчаслівы час, калі я сістэматычна, дзень у дзень, разыгрываў гэтыя сто пяцьдзесят партый, цягнуўся два с паловаю — тры месяцы. А потым я нечакана зноў апынуўся ў тупіку. Вакол мяне раптам зноў была пустата. Як толькі я разоў дваццаць-трыццаць паўтарыў кожную партыю, прывабнасць навізны страцілася, камбінацыі больш не хвалявалі мяне, не зараджалі энергіяй. І таму заставалася адно выйсце з гэтага лабірынта: замест старых, добра вядомых партый самому стварыць новыя. Значыцца, трэба было паспрабаваць гуляць сам з сабою ці, дакладней, супраць сябе.
Не ведаю, ці задумваліся вы калі-небудзь над тым, як дзейнічае на інтэлект чалавека гэтая самая цудоўная з гульняў. Дастаткова, аднак, крыху падумаць, і стане ясна, што ў шахматах, як чыста разумовай гульні, дзе няма месца выпадковасці, гульня супраць самога сябе з’яўляецца абсурдам. Галоўная прывабнасць шахмат менавіта перш за ўсё ў тым, што стратэгія гульні развіваецца адначасова ў галовах двух розных людзей, і кожны з іх пры гэтым выбірае свой шлях; у гэтай бітве розуму чорныя не ведаюць, які манеўр зробяць белыя, і намагаюцца разгадаць яго, а белыя, са свайго боку, робяць усё, каб пранікнуць у тайную задуму чорных і даць ёй адпор. Пажадай адзін чалавек адначасова быць і белымі і чорнымі, узнікне недарэчнае становішча, калі адзін і той самы мозг у адзін і той самы час і ведае нешта, і не ведае яго; калі ён робіць ход за белых, ён павінен, як па камандзе, забыцца пра той хітры план, які задумаў ён толькі што за чорных. Такое раздваенне патрабавала б, акрамя расшчаплення свядомасці, і яе папераменнага ўключэння і выключэння, як у аўтамаце; карацей, гуляць супраць самога сябе гэтак жа парадаксальна, як спрабаваць пераскочыць цераз свой цень. Адным словам, я некалькі месяцаў адчайна спрабаваў зрабіць немагчымае, абсурднае. Але ў мяне не было выбару, акрамя гэтай недарэчнасці, бо інакш я рызыкаваў бы канчаткова страціць розум і ўпасці ў поўны душэўны маразм. У такім роспачным становішчы, каб не быць зусім раздушаным страшэннаю пустатою, я вымушаны быў хоць паспрабаваць дасягнуць гэтага раздваення паміж чорным і белым «я».