Навелы
Шрифт:
Але ўсе намаганні былі марныя. Соты раз няўцямна пазіраў Мірка на літары, але не мог іх ніяк запомніць. Яго непаваротлівы мозг не схопліваў самых простых рэчаў. У чатырнаццаць гадоў ён усё яшчэ лічыў на пальцах, і яму каштавала вялікіх намаганняў прачытаць два-тры словы з якой-небудзь кніжкі ці газеты. Але нельга сказаць, каб Мірка быў нядобрасумленны ці непаслухмяны. Ён выконваў усё, што яму загадвалі: насіў ваду, калоў дровы, працаваў у полі, прыбіраў на кухні, — адным словам, можна было быць упэўненым, што ён урэшце выканае любое даручэнне, хоць яго марудлівасць і выводзіла з цярпення. Але больш за ўсё засмучала добрага святара ва ўпартым падлетку яго абыякавасць да ўсяго на свеце. Ён ніколі нічога не рабіў без спецыяльнага загаду, ніколі ні ў кога нічога не пытаўся, ніколі не гуляў з другімі падлеткамі і ніколі не шукаў сабе сам якога-небудзь занятку, пакуль яму не казалі, што трэба рабіць. Пасля хатняй работы ён моўчкі сядзеў у пакоі, скіраваўшы адсутны позірк удалячынь, як авечка, што пасвіцца на лузе, не праяўляў ніякай цікаўнасці да таго, што адбывалася
Аднаго разу зімою ўвечары, калі абодва гульцы паглыбіліся ў чарговую партыю, за акном пачуўся звон бомаў. Па вуліцы да дома хуценька набліжаліся санкі. У пакой убег селянін у заснежанай шапцы і пачаў умольваць святара як мага хутчэй паехаць да паміраючай маці, каб паспець справіць над ёю сабораванне. Святар тут жа выправіўся з ім у дарогу. Вахмістр, які не дапіў свайго куфля піва, раскурыў на развітанне яшчэ раз люльку і ўжо сабраўся нацягнуць цяжкія боты, як раптам заўважыў, што Мірка неадрыўна глядзіць на шахматную дошку з незакончанай партыяй.
— Ну што, можа, хочаш давесці партыю да канца? — жартаўліва папытаўся вахмістр, перакананы, што вечна сонны хлапец не ведае нават, як перастаўляць фігуры. Хлопчык баязліва зірнуў на яго, але сцвярджальна кіўнуў галавою і сеў на святарова месца. На чатырнаццатым ходзе вахмістр пацярпеў паражэнне і мусіў прызнацца, што яго паражэнне зусім не было вынікам якога-небудзь выпадковага зяўка. Другая партыя скончылася гэтаксама.
— Валаамава асліца! — усклікнуў, вярнуўшыся, здзіўлены святар і растлумачыў вахмістру, не надта добра знаёмаму з Бібліяй, што дзве тысячы гадоў таму назад адбыўся такі самы цуд, калі бязмоўная дагэтуль жывёліна раптам загаварыла, і да таго ж вельмі разумна. Нягледзячы на позні час, святар не мог утрымацца ад спакусы самому згуляць са сваім паўпісьменным выхаванцам. Мірка гэтак жа лёгка абыграў і яго. Гуляў ён павольна, зацята, ні разу не падняў ад дошкі шыракалобай галавы, але гуляў з непахіснаю ўпэўненасцю. У наступныя дні ні святар, ні вахмістр не змаглі ні разу перамагчы яго. Святара, які лепей, чым другія, ведаў безнадзейную разумовую адсталасць свайго выхаванца, сур’ёзна зацікавіла, ці зможа гэты аднабокі незвычайны талент вытрымаць больш цяжкае выпрабаванне. З дапамогаю вясковага цырульніка Мірка прывялі ў больш-менш прыстойны выгляд, абрэзаўшы саламяныя валасы, і святар звёз яго на санях у бліжэйшае мястэчка, дзе ў кавярні на галоўнай плошчы збіраліся мясцовыя аматары шахмат, гульцы, як ён ведаў са свайго горкага вопыту, больш моцныя за яго. З’яўленне святара з русявым чырванашчокім падлеткам выклікала немалую цікаўнасць у наведнікаў кавярні. Пакуль яго не паклікалі да шахматнага століка, Мірка стаяў у кутку, нясмела ўтаропіўшы вочы ў падлогу, так і не зняўшы кажушка і высокіх цяжкіх ботаў. Ён прайграў у першай партыі, бо добры святар ніколі не гуляў сіцыліянскай абароны. Наступная партыя з лепшым шахматыстам горада скончылася ўнічыю. Але трэцюю, чацвёртую і ўсе наступныя партыі з рознымі гульцамі Мірка выйграў адну за другою.
У невялічкіх правінцыяльных мястэчках Югаславіі вельмі рэдка адбываюцца хвалюючыя падзеі. Таму першае выступленне вясковага чэмпіёна выклікала сярод паважаных грамадзян сапраўдную сенсацыю. Аднадушна вырашылі, што вундэркінд павінен застацца ў горадзе да заўтра, каб можна было склікаць усіх астатніх членаў шахматнага клуба; і асабліва каб паведаміць пра гэтую падзею старому графу Зімчыцу, заўзятаму аматару шахмат, які жыў у сваім замку. У душы святара змагаліся два пачуцці — гордасць за свайго выхаванца і доўг, які зваў яго назад у вёску на нядзельнае набажэнства. Пачуццё доўгу перамагло, але святар згадзіўся пакінуць Мірку ў горадзе, каб выпрабаваць яго яшчэ раз. Шахматысты змясцілі маладого Чэнтавіча ў гатэлі, дзе ён упершыню ў жыцці ўбачыў сучасную прыбіральню. У нядзелю пасля абеду шахматны пакой быў перапоўнены.
Чатыры гадзіны Мірка нерухома сядзеў за шахматнаю дошкаю, не гаварыў ні слова, не падымаў вачэй і разбіваў аднаго саперніка за другім. Нарэшце яму прапанавалі сеанс адначасовай гульні. Спатрэбілася нямала часу, каб растлумачыць недасведчанаму хлапцу, што яму трэба гуляць адразу супраць некалькіх гульцоў. Але як толькі ён уясніў сабе, чаго ад яго хочуць, ён тут жа ўзяўся за справу і пачаў хадзіць ад стала да стала, паволі перастаўляючы цяжкія скрыпучыя боты; нарэшце ён выйграў сем партый з васьмі.
Пасля гэтага пачалася сур’ёзная нарада. Строга кажучы, новы чэмпіён не быў жыхаром мястэчка, тым не менш мясцовы патрыятызм быў зачэплены за жывое. Можа, у малюсенькага мястэчка, якое наўрад ці было адзначана на карце, нарэшце-такі з’явіцца шанц назвацца радзімаю славутасці. Імпрэсарыа па прозвішчы Колер, які забяспечваў шансанеткамі і спявачкамі мясцовае афіцэрскае казіно, заявіў, што ён згодзен арганізаваць хлапцу на працягу года ўрокі ў свайго венскага знаёмага, неблагога знаўцы шахматнай гульні, калі знойдуцца грошы, каб заплаціць за навучанне. Грошы адразу ж згадзіўся даць граф Зімчыц — бо за шэсцьдзесят гадоў штодзённай гульні ў шахматы яму ні разу не даводзілася змагацца з такім надзвычайным сапернікам. З гэтага дня пачалася кар’ера сына дунайскага лодачніка.
Праз паўгода Мірка авалодаў усімі сакрэтамі шахматнай тэхнікі; праўда, адно яму не давалася — гэта пазней было заўважана спецыялістамі і часта выклікала іх насмешкі. Ніводнай партыі Чэнтавіч не мог запомніць, —
— Ці ж дзіўна, што лёгка здабытая слава закружыла вось такую пустую галаву, — скончыў мой сябар і прывёў некалькі класічных прыкладаў амаль дзіцячага славалюбства Чэнтавіча. — Чаму ж дваццаціаднагадоваму хлапцу з Баната не стаць звышпыхлівым, калі, рухаючы на дошцы фігуркі, ён можа за тыдзень зарабіць болей, чым уся яго вёска за цэлы год на лесапавале ці на якіх-небудзь іншых цяжкіх работах. І потым, шчыра кажучы, вельмі лёгка лічыць сябе вялікім чалавекам, калі ў тваёй галаве няма і следу думкі пра тое, што на свеце жылі калісьці Рэмбрант, Бетховен, Дантэ і Напалеон. Гэты хлапец ведае ў сваім абмежаваным мозгу толькі адно: ужо каторы месяц ён не прайграў ніводнай партыі. А не маючы аніякага ўяўлення пра тое, што на свеце існуюць іншыя вартасці, апроч шахмат і грошай, ён мае ўсе падставы быць у захапленні ад уласнае асобы.
Сябраў расказ, вядома, выклікаў у мяне вялікую цікавасць. Я ўсё жыццё цікавіўся рознымі відамі манаманаў — людзей ва ўладзе адной-адзінай ідэі, бо чым вужэй рамкі, якімі абмяжоўвае сябе чалавек, тым больш ён у пэўным сэнсе набліжаецца да бясконцасці. Якраз такія вонкава абыякавыя да ўсяго на свеце людзі ўпарта, як мурашкі, будуюць з нейкага асаблівага матэрыялу свой ні на што не падобны маленькі свет, які здаецца ім паменшаным адлюстраваннем сусвету. Таму я не схаваў ад сябра свайго намеру — пастарацца за час дванаццацідзённага падарожжа да Рыа бліжэй пазнаёміцца з гэтаю асобаю, надзеленаю такімі аднабаковымі здольнасцямі.
— Але наўрад ці гэта вам удасца, — папярэдзіў мяне сябар. — Наколькі я ведаю, яшчэ нікому не ўдалося вывудзіць з Чэнтавіча хоць крыху матэрыялу, прыдатнага на псіхалагічныя вывады. Пры ўсёй сваёй неверагоднай абмежаванасці гэты хітры селянін дастаткова разумны, каб не паказваць сваіх слабасцяў. Спосаб у яго просты: за выключэннем землякоў, дый то людзей свайго ўзроўню, з якімі ён сустракаецца ў танных гатэлях, Чэнтавіч пазбягае пачынаць з кім-небудзь размову. Адчуўшы, што перад ім адукаваны чалавек, ён адразу, як смоўж, хаваецца ў сваю ракавіну; таму ніхто не можа пахваліцца, што чуў ад яго нейкае глупства і здолеў ацаніць усю глыбіню яго невуцтва.