Навелы
Шрифт:
Дык вось, мне думаецца, што дагэтуль я ўсё тлумачыў вам даволі ясна. Але, на жаль, я не ўпэўнены, што гэтак зразумела будзе вам і тое, што здарылася далей. Справа ў тым, што гэты новы занятак патрабаваў такога ўсёабдымнага напружання розуму, што любы другі кантроль над астатняю яго дзейнасцю зрабіўся абсалютна немагчымым. Я ўжо казаў вам, што гульня ў шахматы з самім сабою — недарэчнасць, але, тым не менш, нейкая мінімальная магчымасць для такой гульні існавала б, калі перада мною ляжала б шахматная дошка, бо дошка — адчувальная рэч і выклікала б пачуццё прасторы, стварала б нейкую матэрыяльную мяжу паміж «праціўнікамі». Седзячы за сапраўднаю шахматнаю дошкаю і гуляючы сапраўднымі шахматнымі фігурамі, можна дазволіць сабе пэўны час на абдумванне кожнага ходу, можна знаходзіцца спачатку з аднаго боку і ўявіць сабе, як выглядае пазіцыя за чорных, а потым — як яна ўяўляецца белым. Але таму што гульню супраць сябе ці, калі ласка, з самім сабою, я мусіў весці на ўяўнай дошцы, то мне прыходзілася ўвесь час утрымліваць у галаве становішча ўсіх фігур на шасцідзесяці чатырох квадратах, і пры гэтым не толькі становішча ў цяперашні момант, але і разлічваць наперад усе магчымыя хады абодвух праціўнікаў. Я добра разумею, што ўсё гэта гучыць як абсалютнае вар’яцтва; для кожнага з маіх «я» мне прыходзілася ўяўляць сабе іх пазіцыю двойчы, тройчы, ды не, болей — шэсць, восем, дванаццаць разоў, ды яшчэ на чатыры ці пяць хадоў наперад. Прабачце, калі ласка, што я прымушаю вас разбірацца ва ўсёй гэтай вар’яцкай блытаніне; разыгрываючы ў абстрактнай прасторы фантастычныя партыі, я мусіў разлічваць некалькі хадоў наперад за белых і столькі ж хадоў за чорных, мусіў узважваць усе камбінацыі
Не ведаю, як гэты жудасны, неапісальны стан скончыўся крызісам. Ведаю толькі, што аднаго разу раніцаю я прачнуўся, і абуджэнне было зусім незвычайнае. Знік цяжар ва ўсім целе, мне было лёгка і спакойна. Прыемная стомленасць, якой я не адчуваў ужо шмат месяцаў, ляжала на павеках, і мне было так утульна і добра, што я проста не мог прымусіць сябе расплюшчыць вочы. Нейкі час я ляжаў і цешыўся адчуваннем млявасці.
Раптам мне здалося, што я чую побач жывыя чалавечыя галасы, словы, якія гучалі ціха і асцярожна; вы можаце ўявіць сабе маё захапленне — бо мінула шмат месяцаў, можа, цэлы год, як я не чуў нічога, акрамя рэзкіх, жорсткіх, злых слоў маіх катаў.
«Ты спіш, — сказаў я сабе, — ты спіш. Нізавошта не расплюшчвай вачэй, хай гэты сон цягнецца як мага даўжэй, інакш ты зноў убачыш праклятую камеру, з крэслам, умывальнікам, сталом, шпалеры з нязменным малюнкам. Ты спіш — і спі далей».
Але цікаўнасць перамагла. Павольна, асцярожна расплюшчыў я вочы. І ўбачыў цуд: я быў у другім пакоі, больш прасторным, чым мая камера ў гатэлі; на акне не было кратаў, у яго вольна лілося святло, за акном замест цаглянага муру відаць былі дрэвы, зялёныя дрэвы, і вецер хістаў іх галіны, сцены ў пакоі былі белыя і бліскучыя, і столь — белая і высокая. Я ляжаў на новым. незнаёмым ложку, і — не, гэта не сон — побач са мною па-ранейшаму чуваць быў шэпт. Здзіўлены, я міжвольна зрабіў рэзкі рух і адразу пачуў, як нехта лёгкаю хадою накіраваўся да майго ложка. Падышла жанчына ў белай наколцы — сядзелка, сястра. Я ледзь ачуўся ад шчасця: цэлы год я не бачыў жанчын. Неадрыўна глядзеў я на гэты дзіўны прывід, і, мусіць, у маім позірку было такое шалёнае хваляванне, што яна спыніла мяне: «Спакойна, ляжыце спакойна!» Я слухаў толькі яе голас: няўжо са мною размаўляў чалавек? Няўжо на зямлі яшчэ ёсць людзі, якія не збіраюцца мяне дапытваць і катаваць? І потым — недаступны розуму цуд — гэта быў жаночы голас, мяккі, сардэчны, я б сказаў, нават ласкавы. Я неадрыўна, прагна глядзеў на яе губы — пасля года ў пекле мне здавалася неверагодным, што адзін чалавек можа ласкава гаварыць з другім. Яна ўсміхнулася мне, так, яна ўсміхнулася! Значыцца, на свеце яшчэ ёсць людзі, якія могуць прыветліва ўсміхацца. Потым яна прыклала палец да вуснаў і бясшумна адышла. Але паслухацца яе я не мог. Я яшчэ не насыціўся сузіраннем цуда. Мне захацелася сесці і праводзіць вачамі гэтае дзіўнае ласкавае стварэнне. Але калі я паспрабаваў абаперціся на край ложка, я не мог гэтага зрабіць. Замест правай рукі з далонню, пальцамі і кісцю я ўбачыў нешта чужое — вялікую, тоўстую белую выпукліну. Мая рука была моцна забінтавана. Я няўцямна глядзеў на вялікае патаўшчэнне і спачатку не зразумеў, што са мною; толькі потым я паволі пачаў здагадвацца, дзе я і што са мною здарылася. Мяне, мусіць, паранілі, і я ў бальніцы.
Апоўдні прыйшоў доктар, прыемны чалавек у гадах. Ён ведаў пра
— Дзіўна, — прамармытаў ён, — калі вы трызнілі, то ўвесь час выкрыквалі нейкія незразумелыя формулы «с3», «с4». Мы нічога не маглі зразумець.
Я спытаўся ў яго, што здарылася са мною.
— Нічога сур’ёзнага. Вострае расстройства нервовай сістэмы. — Ён азірнуўся навокал і ціхенька дадаў: — Гэта, зрэшты, і зразумела. Вы ж з 13 сакавіка тут, так?
Я кіўнуў.
— Чаго тут здзіўляцца пры іх метадах, — прамармытаў ён. — Не вы першы. Але не турбуйцеся.
Яго зычлівы тон і спачувальная ўсмешка пераканалі мяне, што я ў добрых руках.
Праз два дні доктар сам даволі адкрыта расказаў мне, што адбылося. Наглядчык пачуў у маёй камеры крыкі і спачатку падумаў, што я, мусіць, спрачаюся з кімсьці, хто прабраўся да мяне ў пакой. Але ледзь ён ступіў на парог, як я кінуўся на яго з кулакамі і зароў на ўсё горла нешта, што гучала, як: «Рабі хутчэй ход, нягоднік, баязлівец!» Потым я схапіў яго за горла і з такою злосцю пачаў душыць, што яму прыйшлося клікаць на дапамогу. Я бушаваў і, калі мяне цягнулі на медыцынскі агляд, у калідоры вырваўся і паспрабаваў выкінуцца з акна, разбіў шыбу і моцна парэзаў руку — вось тут яшчэ застаўся глыбокі шрам. У першыя дні ў шпіталі ў мяне было нешта накшталт запалення мозгу, але цяпер, на думку дактароў, мой розум і пачуцці ўжо ў поўным парадку.
«Але, — ціха дадаў ён, — я не буду расказваць пра ўсё гэтым панам, бо тады яны прыйдуць сюды і забяруць вас. Даверцеся мне, я зраблю ўсё».
Што сказаў маім мучыцелям добры доктар, я не ведаю. Ва ўсякім разе, ён дабіўся таго, чаго хацеў: мяне вызвалілі. Можа, ён заявіў, што цяпер я не магу адказваць за свае ўчынкі. Магчыма і другое: гестапа страціла цікавасць да мяне, бо тым часам Гітлер захапіў ужо Багемію і на гэтым для яго аўстрыйская справа была скончана. Мне прыйшлося толькі падпісаць абавязацельства не пазней як праз два тыдні пакінуць радзіму. Гэтыя два тыдні цалкам пайшлі на выкананне тысячы фармальнасцей, якія сёння патрэбны былому грамадзяніну свету, каб выехаць за мяжу: трэба было атрымаць дазвол ваенных улад і паліцыі, заплаціць падаткі, аформіць пасведчанне аб здароўі, пашпарт, візу, — і таму думаць аб мінулым мне не было калі. Мусіць, нейкія таямнічыя сілы рэгулююць дзейнасць чалавечага мозгу і аўтаматычна выключаюць небяспечныя для яго псіхікі ўспаміны; бо варта было мне прыгадаць турэмнае зняволенне, як свядомасць мая быццам зацямнялася. І толькі праз колькі тыдняў на параходзе я знайшоў у сабе мужнасць асэнсаваць перажытае.
Цяпер вы, мусіць, разумееце, чаму я так дзіўна, не зусім звычайна паводзіў сябе з вашымі сябрамі тады, у час гульні. Я выпадкова праходзіў праз курыльню, калі вашы сябры сядзелі за шахматнаю дошкаю. Убачыўшы іх за гульнёю, я ад здзіўлення і страху проста аслупянеў. Бо я зусім забыўся, што можна гуляць у шахматы за сапраўднаю дошкаю і сапраўднымі фігурамі, забыўся, што ў гэтай гульні ўдзельнічаюць два зусім розныя чалавекі, што яны сядзяць адзін насупраць другога. Уласна, мне спатрэбілася некалькі хвілін, перш чым я зразумеў, што гэтыя людзі гуляюць у тую ж самую гульню, у якую я гуляў сам з сабою месяцамі, калі быў у бездапаможным стане. Значыцца, шыфр, з дапамогаю якога я гуляў на памяць, быў эрзац, сімвал вось такіх рэальных фігур; я быў уражаны, убачыўшы, што фігуры на дошцы і іх перамяшчэнне цалкам адпавядаюць тым уяўленням, якія я выпрацаваў у сабе і якія жылі ў маёй галаве. Так, мусіць, бывае ўражаны астраном, які шляхам складаных матэматычных вылічэнняў тэарэтычна даказаў існаванне новай планеты і раптам бачыць яе на свае вочы на небе, выразна бачыць, як белую зорку, ва ўсёй яе рэальнасці. Я як зачараваны глядзеў на дошку і бачыў там мае дыяграмы — каня, туру, караля, ферзя і пешкі — усе рэальныя, выразаныя з дрэва фігуры; каб зразумець пазіцыю, мне міжвольна прыйшлося спачатку перанесціся з абстрактна-матэматычнага шахматнага поля на дошку, на якой перасоўваліся фігуры. Паступова мною авалодала цікаўнасць, мне захацелася паназіраць за сапраўднаю гульнёю двух партнёраў. І тут здарылася тая непрыемнасць, калі я забыўся пра ўсю далікатнасць і ўмяшаўся ў вашу гульню. Але памылковы ход вашага сябра быў як удар у сэрца. Я спыніў яго інстынктыўна, як неўсвядомлена затрымліваюць рукамі дзіця, якое перагнулася цераз парэнчы. Я толькі потым усвядоміў усю недарэчнасць свайго грубага ўмяшання.
Я паспяшаўся запэўніць доктара Б., што ўсе мы вельмі рады гэтаму здарэнню, яно дазволіла нам пазнаёміцца з ім, і дадаў, што пасля ўсяго пачутага мне будзе ўдвая цікава прысутнічаць на заўтрашнім імправізаваным турніры.
Доктар Б. зрабіў неспакойны рух.
— Далібог, вы не павінны чакаць надта многага. Для мяне гэта будзе проста проба… проба, ці магу я… магу я наогул гуляць у шахматы нармальна, седзячы за шахматнаю дошкаю насупраць сапраўднага жывога партнёра, перасоўваючы сапраўдныя фігуры… бо я пачынаю ўсё болей і болей сумняваца, ці гуляў я гэтыя сотні або нават тысячы партый па правілах. А можа, яны проста вынік маёй хворай фантазіі? Ці мо гэта было проста трызненне, шахматная ліхаманка, калі чалавек, як у сне, няспынна ідзе наперад скачкамі? Бо вы ж не думаеце сур’ёзна, што я магу памерацца сіламі з майстрам, ды яшчэ з чэмпіёнам свету па шахматах, і гуляць з ім, як з роўным? Адзінае, што мяне цікавіць і падштурхоўвае гуляць, — простая цікаўнасць. Мне хочацца высветліць заднім днём, што ж папраўдзе адбывалася са мною ў зняволенні: гуляў я ў шахматы ці быў вар’ятам, быў блізкі да вар’яцтва ці ўжо пераступіў мяжу.
У гэты момант на другім баку парахода прагучаў гонг, які склікаў пасажыраў на вячэру. Размова наша працягвалася амаль дзве гадзіны: доктар Б. расказваў мне сваю гісторыю значна больш падрабязна, чым я перадаў яе тут. Я сардэчна падзякаваў яму і развітаўся, але не паспеў яшчэ прайсці палубу, як ён дагнаў мяне; ён быў яўна ўсхваляваны і гаварыў, крыху заікаючыся:
— Яшчэ адно. Я не хачу быць няветлівым у адносінах да вашых сяброў, таму, калі ласка, папярэдзьце іх загадзя, што я згуляю толькі адну партыю. Галоўнае — раз і назаўсёды вырашыць сабе гэтае пытанне, так сказаць, падвесці канчатковы вынік. Я зусім не збіраюся пачынаць усё спачатку. Я не магу дазволіць сабе другі раз захварэць на гэтую шахматную гарачку, пра якую я і цяпер успамінаю з дрыжыкамі… І акрамя таго… акрамя таго, мяне папярэджваў доктар, ён настойліва папярэджваў мяне. У чалавека, які быў адзін раз ва ўладзе маніі, заўсёды існуе небяспека рэцыдыву, і таму мне, хвораму на «шахматную атруту», нават калі мяне лічаць цалкам вылечаным, трэба трымацца ад шахматнай дошкі далей… Таму вы разумееце: толькі адна пробная партыя, і ніводнай болей.
Назаўтра дакладна ў вызначаны час, у тры гадзіны, мы сабраліся ў курыльні. Наш гурток папоўніўся яшчэ двума аматарамі каралеўскай гульні — афіцэрамі парахода, якія спецыяльна папрасілі перанесці ім гадзіны вахты, каб атрымаць магчымасць прысутнічаць на гульні. Чэнтавіч на гэты раз таксама не прымусіў сябе чакаць, і пасля абавязковай жараб’ёўкі пачалася незвычайная гульня: «Ноmо obscurissimus» [68] супраць славутага чэмпіёна свету.
Вельмі шкада, што адзінымі сведкамі гэтай партыі былі такія маладасведчаныя ў шахматах людзі, як мы, і што яна незваротна страчана для аналаў шахматнага мастацтва, як страчаны для гісторыі музыкі фартэпіянныя імправізацыі Бетховена. Праўда, на другі дзень мы разам паспрабавалі ўзнавіць яе па памяці, але марна; відаць, мы ўсе ў час гульні занадта захоплена глядзелі на шахматыстаў, замест таго каб сачыць за ходам гульні. Бо розніца ў інтэлектуальным узроўні партнёраў рабілася ўсё больш бачнай і адчувальнай па меры таго, як развівалася гульня. Вопытны Чэнтавіч увесь час сядзеў нерухома, як статуя. Позірк яго быў прыкаваны да шахматнай дошкі; абдумванне ходаў, здавалася, каштавала яму амаль фізічных намаганняў і вымушала да надзвычайнага напружання ўсё цела. Доктар Б., наадварот, трымаўся вольна і натуральна. Як сапраўдны дылетант у лепшым сэнсе гэтага слова, як аматар, для якога ўвесь сэнс і задавальненне ад гульні зводзіліся да самой гульні, «dilettо», ён, здавалася, адпачываў. У пачатку гульні ён размаўляў з намі, тлумачыў свае ходы, элегантна закурваў цыгарэту і, калі прыходзіла яго чарга рабіць ход, кідаў кароткі позірк на дошку і перасоўваў фігуру. Здавалася, ён кожны раз дакладна прадбачыў ход свайго праціўніка.
68
Невядомы чалавек (лац.).