Навелы
Шрифт:
На другі дзень дакладна ў вызначаны час наша кампанія сабралася ў поўным складзе. Цэнтральнае месца, насупраць чэмпіёна, было аддадзена, вядома, Мак Конару; ён хваляваўся, курыў адну за друтою моцныя цыгары і нервова пазіраў на гадзіннік. Чэмпіен прымусіў сябе чакаць добрых дзесяць хвілін (памятаючы расказы свайго сябра, я прадбачыў нешта падобнае), і гэта яшчэ больш падкрэсліла ўрачыстасць яго з’яўлення. Ён падышоў да стала са спакойным і абыякавым выглядам, але не прывітаўся. Мусіць, яго няветлівасць павінна была гаварыць: «Вам вядома, хто я, а мне зусім не цікава ведаць, хто вы», — і адразу ж сухім, дзелавітым тонам пачаў тлумачыць свае ўмовы. Таму што на параходзе няма дастатковай колькасці шахматных дошак, каб правесці сеанс адначасовай гульні, ён прапануе ўсім нам гуляць супраць яго супольна. Зрабіўшы ход, ён будзе адыходзіць у другі канец пакоя, каб не перашкаджаць нам раіцца. Мы
Наўрад ці ёсць сэнс апісваць гэтую партыю. Скончылася яна, як і трэба было чакаць, поўным нашым паражэннем, да таго ж ужо на дваццаць чацвёртым ходзе. Не было нічога дзіўнага ў тым, што чэмпіён свету, гуляючы, як кажуць, леваю рукою, ушчэнт разбіў з паўтузіна пасрэдных і зусім слабых шахматыстаў; але ўсім нам было непрыемна адчуваць ганарыстыя паводзіны Чэнтавіча, які ясна даваў зразумець, што ўправіўся з намі без ніякіх намаганняў. Кожны раз, калі ён падыходзіў да стала, ён кідаў на дошку беглы і наўмысна няўважлівы позірк, а на нас і зусім не звяртаў увагі, быццам мы таксама былі драўлянымі фігурамі. Гэтак нават лянуюцца зірнуць на костку, калі кідаюць яе бадзяжнаму сабаку. Мне здавалася, што каб у яго было хоць крышку чуйнасці і такту, ён мусіў бы звярнуць увагу на зробленыя намі памылкі або падбадзёрыць нас прыязным словам. Нават пасля завяршэння партыі гэты шахматны аўтамат не вымавіў ні гуку; ён сказаў «мат» і застаўся нерухома стаяць каля стала, мусіць, каб даведацца, ці не жадаем мы згуляць яшчэ адну партыю. Я ўжо ўстаў з месца і, як заўсёды, калі пасаваў перад бесцырымоннаю грубасцю, падрыхтаваўся даць зразумець жэстам, што я асабіста з задавальненнем буду лічыць наша знаёмства скончаным адразу пасля завяршэння гэтай фінансавай здзелкі. Але, на мой жаль, у гэтае імгненне Мак Конар, якія сядзеў побач са мной, хрыпла выгукнуў: «Рэванш!»
Мяне спалохаў выклік у яго голасе: Мак Конар цяпер хутчэй нагадваў баксёра, які збіраецца нанесці рашаючы ўдар, чым карэктнага джэнтльмена. Можа, яго абурылі зняважлівыя паводзіны Чэнтавіча ці прычынай было ўласнае моцна абражанае самалюбства, але, як бы там ні было, нават вонкава Мак Конар поўнасцю змяніўся. Ён пачырванеў па самыя вушы, ноздры ад унутранага напружання раздзьмуліся, твар пакрыўся потам, ад закушанай губы да ваяўніча настаўленага падбароддзя праляглі рэзкія маршчыны. Я з непакоем заўважыў у яго вачах агеньчык шалёнага азарту, які авалодвае звычайна гульцамі ў рулетку, калі патрэбны колер не выпадае шэсць-сем разоў запар пасля няспыннага падвойвання ставак. У гэты момант я ўжо ведаў, што гэты апантаны славалюб гатовы паставіць супраць Чэнтавіча ўсё сваё багацце і гуляць, гуляць з простымі ці падвоенымі стаўкамі, пакуль не выйграе хоць адну партыю. Калі б у Чэнтавіча хапіла цярпення, Мак Конар мог бы стаць для яго сапраўдным залатым дном, адкуль ён мог бы да Буэнас-Айрэса пакласці сабе ў кішэню не адну тысячу даляраў.
Чэнтавіч не скрануўся з месца.
— Калі ласка, — ветліва адказаў ён. — Цяпер, панове, вы будзеце гуляць чорнымі фігурамі.
Другая партыя мала чым адрознівалася ад першай, толькі наша кампанія крыху павялічылася за кошт яшчэ некалькіх цікаўных, і гульня зрабілася больш жывою. Мак Конар пільна глядзеў на дошку, быццам хацеў загіпнатызаваць шахматныя фігуры і здзейсніць сваё жаданне перамагчы; я адчуваў, што ён з захапленнем ахвяраваў бы і тысячу даляраў за тое, каб з радасцю крыкнуць «мат» у твар нашаму абыякаваму праціўніку. І дзіўна — яго зацятае хваляванне неяк несвядома перадалося ўсім нам. Цяпер кожны ход абмяркоўваўся куды больш актыўна, і мы спрачаліся да апошняй хвіліны, перш чым згаджаліся даць сігнал Чэнтавічу падысці да нашага стала. Дагуляўшы да семнаццатага ходу, мы са здзіўленнем заўважылі, што ў партыі ўзнікла пазіцыя, якая здавалася надзвычайна выгаднаю для нас: мы змаглі прасунуць пешку «с» на перадапошнюю лінію, і ўсё, што нам заставалася цяпер зрабіць, — гэта прасунуць яе наперад на «с1» і паставіць яшчэ аднаго ферзя. Але ў глыбіні душы ў нас не было поўнай упэўненасці: мы не верылі, што ў нас з’явіўся такі яўны шанц на выйгрыш. Усе мы падазравалі, што перавага, якой мы, здавалася, дабіліся, была пастка, пастаўленая Чэнтавічам, які прадбачыў развіццё гульні на шмат хадоў наперад. І ўсё-такі, як мы ні абмяркоўвалі і ні разглядалі становішча
— Богам прашу, не трэба!
Мы ўсе міжвольна павярнуліся. За намі стаяў чалавек гадоў пад сорак пяць, — вузкі, з рэзкімі рысамі твар яго ўжо раней на прагулках прыцягваў маю ўвагу незвычайнаю, змярцвелаю бледнасцю. Відаць, ён толькі што далучыўся да нашай кампаніі, і, паглыбленыя ў абмеркаванне чарговага ходу, мы не заўважылі яго з’яўлення. Убачыўшы, што мы глядзім на яго, ён хуценька дадаў:
— Калі вы цяпер паставіце ферзя, ён адразу возьме яго сланом, а вы забераце яго канём. Ён жа тым часам перасуне сваю прахадную пешку на «с17» і будзе пагражаць вашай туры; калі ж вы нават аб’явіце шах канём, усё роўна партыя будзе прайграна — праз дзевяць-дзесяць хадоў вы атрымаеце мат. Амаль такую ж камбінацыю прымяніў у 1922 годзе Алёхін, гуляючы супраць Багалюбава на шахматным турніры ў П’ешцяні.
Здзіўлены Мак Конар выпусціў з рукі пешку і, як і ўсе мы, з нямым здзіўленнем утаропіўся ў анёла-выратавальніка, які спусціўся так нечакана да нас з неба. Бо прадбачыць мат за дзевяць хадоў мог толькі шахматыст самага высокага класа, можа, нават удзельнік міжнародных спаборніцтваў, які ехаў на той самы турнір, што і Чэнтавіч, каб аспрэчваць першынство свету. Яго раптоўнае з’яўленне, яго ўмяшанне ў гульню ў самы крытычны момант здалося нам чымсьці звышнатуральным.
Першы апамятаўся Мак Конар.
— Што ж вы параіце? — прашаптаў ён усхвалявана.
— Пакуль што не перасоўвайце пешкі наперад. Манеўруйце. Перш за ўсё выведзіце караля з небяспечнай зоны — з «g8» на «h7». Тады ваш праціўнік, мусіць, перанясе атаку на другі фланг. Але гэтую атаку вы можаце парыраваць ходам туры «с8-с4»; гэта яму будзе каштаваць страты двух тэмпаў і адной пешкі і, такім чынам, усяе перавагі. У такім выпадку ў вас абодвух будуць прахадныя пешкі, і калі вы будзеце правільна абараняцца, то зможаце звесці партыю ўнічыю. Гэта самае лепшае, што вы можаце зрабіць.
Мы зноў не маглі схаваць здзіўлення. Дакладнасць і хуткасць яго разлікаў уразілі нас. Здавалася, ён чытаў хады па кніжцы. Дзякуючы яго ўмяшанню ў нас з’явіўся нечаканы шанц. Магчымасць згуляць унічыю з чэмпіёнам свету — гэта было так цудоўна! Аднадушна мы ўсе адсунуліся ўбок, каб не перашкаджаць яму глядзець на дошку. Мак Конар перапытаў:
— Значыцца, караля з «g8» на «h7»?
— Канечне. Цяпер самае галоўнае — манеўраваць.
Мак Конар падпарадкаваўся, і мы пастукалі па шклянцы. Чэнтавіч падышоў сваёю звычайнаю ляніваю хадою да стала і паглядзеў, які ход мы зрабілі. Потым ён перасунуў пешку з «h2» на «h4» на каралеўскім флангу, дакладна так, як прадказваў наш невядомы памочнік. А той ужо шаптаў усхвалявана:
— Туру наперад, туру з «с8» на «с4», тады ён мусіць спачатку абараніць пешку. Але гэта яму не паможа. Не звяртайце ўвагі на яго прахадную пешку і бярыце канём «с3 — d5»; тады раўнавага адновіцца. Атакуйце з усяе сілы, замест таго каб абараняцца.
Мы не разумелі, пра што ён гаворыць. Ён з такім самым поспехам мог гаварыць з намі па-кітайску. Мак Конар, як зачараваны, не раздумваючы, рабіў тое, што яму загадвалі. Мы зноў пастукалі па шклянцы, гукаючы Чэнтавіча. І тут ён, уважліва ўглядаючыся ў дошку, першы раз памарудзіў, перш чым зрабіць ход. Ход ён зрабіў якраз той, які ўгадаў наперад незнаёмы, і павярнуўся ўжо ісці. Але тут адбылося нешта новае і непрадбачанае: Чэнтавіч падняў вочы і агледзеў нашы рады. Безумоўна, ён хацеў высветліць, хто ж гэта з нас раптам аказаў яму такое энергічнае супраціўленне.
Наша хваляванне расло з кожнай хвілінай. Раней мы гулялі без сур’ёзнай надзеі на выйгрыш, але цяпер думка пра тое, што мы можам зламаць халодную ганарыстасць Чэнтавіча, авалодала ўсімі намі. Без затрымкі наш новы сябар сказаў, які рабіць наступны ход. Можна было запрашаць Чэнтавіча працягваць гульню. Дрыготкаю рукою я ўдарыў лыжкаю па шклянцы, і тут надышла чарга радавацца. Чэнтавіч, які дагэтуль стаяў, калі рабіў свае хады, памарудзіў і нарэшце сеў за стол. Апускаўся ён у крэсла павольна і цяжка, але гэтага было зусім дастаткова, каб мы нарэшце аказаліся гульцамі, якія сядзелі адзін супраць другога на адным узроўні. Мы прымусілі яго паставіцца да нас, як да роўных, прынамсі, вонкава. Ён доўга думаў, пільна гледзячы на дошку; яго цяжкія павекі амаль зусім закрывалі вочы. Ад напружанага роздуму рот у яго крыху прыадкрыўся, што надавала кругламу твару дурнаваты выгляд. Чэнтавіч думаў некалькі хвілін, потым зрабіў ход і ўстаў. І адразу ж наш сябар зашаптаў: