Навелы
Шрифт:
— Стрымальны ход! Добра задумана! Але не ідзіце на гэта. Фарсіруйце размен, абавязкова размен! Пасля гэтага будзе нічыя, ён нічога не зможа зрабіць.
Мак Конар падпарадкаваўся. Наступныя манеўры абодвух гульцоў (мы ўсе ўжо даўно ператварыліся ў простых статыстаў) заключаліся ў незразумелых для нас перамяшчэннях фігур. Хадоў праз сем Чэнтавіч, падумаў крыху, падняў на нас вочы і сказаў: «Нічыя».
На момант усталявалася поўная цішыня. Раптам адразу сталі чуваць і шум мора, і радыё ў суседняй гасцінай, і кожны крок пасажыраў на верхняй палубе, і слабы, тонкі свіст ветру ў аконных рамах. Мы не маглі зрушыцца з месца; усё адбылося так раптоўна, мы былі як быццам напалоханы немагчымым: нейкі невядомы чалавек прымусіў падпарадкавацца сваёй волі чэмпіёна свету, і да таго ж у напалову прайгранай партыі. Мак Конар шумна перавёў дыханне, адкінуўся назад, і з яго вуснаў сарвалася задаволенае «ага!». Я зноў уважліва паглядзеў на Чэнтавіча. Мне яшчэ раней здалося, што ў канцы гульні ён пабляднеў. Але чэмпіён свету ўмеў трымаць сябе ў руках. Па-ранейшаму захоўваючы абыякавы выгляд, ён згроб цвёрдаю рукою фігуры з дошкі і няспешна папытаўся:
— Жадаеце згуляць трэцюю партыю, панове?
Пытанне было пастаўлена
— Канечне, а як жа! Але толькі цяпер гуляць будзеце вы адзін. Вы адзін супраць Чэнтавіча.
І тут адбылося нешта зусім непрадбачанае. Незнаёмы, які ўсё яшчэ з незразумелым напружаннем глядзеў на пустую дошку, уздрыгнуў, калі пачуў гэтыя энергічныя словы. Убачыўшы, што ўсе позіркі скіраваны на яго, ён збянтэжыўся.
— Ні ў якім разе, панове, — сказаў ён, запінаючыся, яўна ўсхваляваны, — гэта немагчыма… Вам прыйдзецца абысціся без мяне… Бо мінула ўжо дваццаць, не, нават двацццаць пяць гадоў з таго часу, як я апошні раз сядзеў за шахматнаю дошкаю… І я толькі цяпер зразумеў, як няветліва я зрабіў, калі без дазволу ўмяшаўся ў вашу гульню… Прашу дараваць мне за дзёрзкасць…
І перш чым мы паспелі апамятацца ад здзіўлення, ён павярнуўся і выйшаў з салона.
— Але гэта немагчыма! — грукатаў тэмпераментны Мак Конар і барабаніў кулаком па стале. — Зусім немагчыма, каб ён дваццацаь пяць гадоў не гуляў у шахматы! Ён жа прадбачыў кожную камбінацыю, кожны сустрэчны манеўр, прынамсі, на пяць-шэсць хадоў наперад. Так гуляць — не дарогу перайсці. Такога проста быць не можа, праўда?
З апошнім пытаннем Мак Конар звярнуўся да Чэнтавіча, але чэмпіён не страціў ледзянога спакою.
— Не магу сказаць вам нічога пэўнага. Ва ўсякім разе, у гульні гэтага пана было штосьці цікавае і не зусім звычайнае; таму я наўмысна даў яму шанц.
Ён тут жа ляніва ўстаў з месца і дзелавіта скончыў:
— Калі гэты пан ці вы, панове, пажадаеце заўтра згуляць яшчэ партыю, — з трох гадзін я да вашых паслуг.
Мы не маглі схаваць лёгкіх усмешак. Кожны з нас добра ведаў, што зусім не велікадушнасць перашкодзіла Чэнтавічу адолець нашага невядомага помочніка. Заўвага яго была наіўнай спробай апраўдаць сваю няўдачу, і нам яшчэ мацней захацелася стаць сведкамі канчатковай ганьбы гэтага фанабэрыстага ганарліўца. Усімі намі, нічым не занятымі пасажырамі парахода, раптам авалодаў дзікі, славалюбівы азарт. Намі авалодала думка, што тут, на параходзе, у адкрытым моры, пальма першынства будзе вырвана з рук чэмпіёна і тэлеграфныя агенцтвы разнясуць вестку аб падзеі па ўсім свеце. Да гэтага трэба дадаць, што нас заінтрыгавала таямнічае з’яўленне нашага ратаўніка, яго ўмяшанне ў гульню ў самы крытычны момант, кантраст паміж яго хваравітаю сарамлівасцю і непахіснаю прафесіянальнаю самаўпэўненасцю. Хто ж такі гэты незнаёмы? Можа, на нашых вачах выпадкова адкрыўся свету дагэтуль невядомы шахматны геній? Ці, можа, гэта славуты маэстра, які па нейкай там прычыне не пажадаў адкрыць сваё імя? Мы гарачыліся, на ўсе лады абмяркоўвалі кожную магчымасць. Самыя неверагодныя меркаванні ўжо не здаваліся нам неверагоднымі, калі мы ўспаміналі пра яго незразумелую нясмеласць, нечаканую заяву, што ён не гуляў у шахматы шмат гадоў, і супастаўлялі ўсё гэта з відавочным майстэрствам яго гульні. У адным, аднак, мы сыходзіліся ўсе: трэба зрабіць так, каб турнір працягваўся. Мы вырашылі прыкласці ўсе намаганні і ўгаварыць нашага ратаўніка гуляць і заўтра супраць Чэнтавіча. Мак Конар абавязаўся заплаціць усе выдаткі, а мне, як суайчынніку — мы тым часам даведаліся ў сцюарда, што незнаёмы быў аўстрыец, — даручылі перадаць яму нашу агульную просьбу.
Мне не спатрэбілася шмат часу на яго пошукі. Ён выцягнуўся ў шэзлонгу на верхняй палубе і чытаў. Перш чым падысці бліжэй, я скарыстаў магчымасць, каб добра разгледзець яго. Ён ляжаў, адкінуўшыся на падушку, і выглядаў як крыху стомлены чалавек; мяне яшчэ раз уразіла дзіўная бледнасць яго даволі маладога твару. Скроні былі зусім белыя; не ведаю чаму, але ў мяне склалася ўражанне, што пастарэў ён раптоўна. Як толькі я падышоў да яго, ён ветліва ўстаў і прадставіўся. Імя, названае ім, належала сям’і, якая карысталася вялікаю павагаю ў старой Аўстрыі. Я ўспомніў, што адзін член сям’і быў блізкім сябрам Шуберта, другі — прыдворным доктарам старога імператара. Доктар Б. моцна здзівіўся, калі я паўтарыў яму нашу просьбу згуляць з Чэнтавічам. Аказалася, што ён і не падазраваў, што гуляў, ды яшчэ гэтак паспяхова, супраць славутага чэмпіёна свету. Чамусьці гэтая дэталь зрабіла на яго асабліва моцнае ўражанне. Ён зноў і зноў перапытваў, ці ўпэўнены я, што яго праціўнікам сапраўды быў прызнаны ўсімі чэмпіён свету. Хутка я заўважыў, што гэтая акалічнасць значна палягчае маю місію. Але, адчуваючы, што я маю справу з вельмі далікатным і выхаваным чалавекам, я вырашыў не гаварыць яму, што ў тым выпадку, калі ён пацерпіць паражэнне, матэрыяльную страту панясе Мак Конар. Павагаўшыся крыху, доктар Б. згадзіўся прыняць удзел у матчы, але папрасіў папярэдзіць маіх спадарожнікаў, каб яны не вельмі разлічвалі на яго магчымасці.
— Таму што, — дадаў ён з дзіўнаю ўсмешкаю, — я, папраўдзе, не ведаю, ці змагу гуляць па ўсіх правілах. Можаце мне верыць: калі я заявіў, што не дакранаўся да шахмат з часу вучобы ў гімназіі, а гэта больш за дваццаць гадоў, я сказаў гэта не ад паказной сціпласці. І нават тады я нічога не ўяўляў сабою як шахматыст.
Гэта ён сказаў так проста, што я ні на хвіліну не ўсумніўся ў шчырасці ягоных слоў. Але ўсё-такі я не мог не запярэчыць яму, бо мяне ўразіла дакладнасць, з якою ён спасылаўся на самыя дробныя дэталі партый, згуляных рознымі чэмпіёнамі; мусіць, ён шмат часу прысвяціў вывучэнню тэорыі шахматнай гульні. Доктар Б. зноў усміхнуўся сваёю незразумелаю ўсмешкаю.
— Шмат часу? Бачыць бог, гэта праўда. Шахматам я прысвяціў шмат часу. Але ўсё адбылося ў незвычайных, я б сказаў, выключных абставінах.
Ён паказаў на суседні шэзлонг. Я ахвотна прыняў яго прапанову. Паблізу нікога не было. Доктар Б. зняў акуляры, паклаў іх побач і пачаў:
— Вы мелі ласку заўважыць, што маё прозвішча вам, жыхару Вены, знаёмае. Але мне здаецца, што вы наўрад ці чулі пра юрыдычную кантору, якую ўзначальвалі спачатку мы з бацькам, а потым я адзін. Мы не вялі спраў, якія суправаджаліся шумам у газетах, і прынцыпова пазбягалі браць новых кліентаў. Мы наогул не займаліся звычайнаю юрыдычнаю практыкаю, а абмяжоўваліся тым, што давалі юрыдычныя парады і распараджаліся маёмасцю багатых манастыроў, з якімі быў блізка звязаны мой бацька, у мінулым дэпутат клерыкальнай партыі. Акрамя таго — цяпер, калі манархія ўжо стала здабыткам гісторыі, пра гэта можна гаварыць адкрыта, — нам было даручана распараджацца і капіталамі некаторых членаў імператарскага дому. Сувязі нашай сям’і з дваром і царквою (адзін мой дзядзька быў лейб-медыкам імператара, а другі — абатам у Зайтэнштэцене) пачаліся яшчэ два пакаленні таму назад; нам заставалася толькі захоўваць і падтрымліваць гэтыя сувязі. Давер кліентаў перайшоў да нас як спадчына, і разам з даверам перайшлі і спакойныя, някідкія абавязкі — ад нас патрабаваліся галоўным чынам сціпласць і надзейнасць — дзве якасці, у поўнай меры ўласцівыя нябожчыку бацьку. Толькі дзякуючы яго асцярожнасці нашы кліенты збераглі значныя каштоўнасці ў гады інфляцыі і пасля перавароту. Потым, калі ўладу ў Германіі захапіў Гітлер і пачалася канфіскацыя маёмасці цэркваў і манастыроў, з-за мяжы былі зроблены некаторыя захады, каб выратаваць хоць частку рухомай маёмасці. Перагаворы вяліся цераз нас, і пра здзелкі паміж імператарскім домам і Ватыканам, якія ніколі не стануць здабыткам грамадскасці, ведалі толькі мы абодва. Кантора наша была зусім непрыкметная, у нас не было нават шыльды на дзвярах, мы наўмысна трымаліся воддаль ад манархічных колаў, і гэта была самая надзейная ахова ад няпрошанай цікаўнасці. Ніводная аўстрыйская інстанцыя і не падазравала, што ўсе гэтыя гады таемныя кур’еры імператарскай сям’і дастаўлялі ў нашу сціплую кантору на чацвёртым паверсе надзвычайнай важнасці лісты і везлі адтуль адказы на іх.
Вядома, што яшчэ задоўга да таго, як нацысты рушылі свае арміі супраць усяго свету, яны пачалі ствараць у суседніх з Германіяй краінах яшчэ адну не менш небяспечную і добра вымуштраваную армію — легіёны з людзей, пакрыўджаных, абыдзеных і абдзеленых лёсам. У кожнай канторы, на кожным прадпрыемстве існавалі іхнія так званыя ячэйкі; у іх былі шпіёны і выведнікі ўсюды, уключна да асабістых рэзідэнцый Дольфуса і Шушніга. Быў іхні агент і ў нашай несамавітай канторы, пра што я, на жаль, даведаўся занадта позна, — нікчэмны бяздарны канцылярыст, якога я ўзяў па рэкамендацыі аднаго святара, каб надаць нашай канторы выгляд сапраўднай дзелавой установы. Давалі мы яму толькі самыя нявінныя даручэнні: ён адказваў на тэлефонныя званкі, насіў пошту, падшываў паперы — зразумела, паперы, якія не мелі сур’ёзнага значэння. Яму ніколі не дазвалялася распячатваць карэспандэнцыю, усе важныя лісты пісаў я сам на машынцы і толькі ў адным экземпляры, усе істотныя дакументы я трымаў у сябе дома, а тайныя перагаворы вёў толькі ў пакоі прыёра ў манастыры ці ва ўрачэбным кабінеце майго дзядзькі. Дзякуючы гэтым мерам засцярогі выведнік не мог даведацца нічога істотнага; але, мусіць, няшчасная выпадковасць дазволіла ўбачыць славалюбіваму і фанабэрыстаму чалавеку, што яму не давяраюць і што за яго спінаю адбываюцца цікавыя рэчы. А можа, у маю адсутнасць адзін з кур’ераў неасцярожна сказаў «яго вялікасць» замест умоўленага «барон Берн», ці, можа, нягоднік распячатваў тайком лісты — як бы там ні было, яшчэ да таго, як я пачаў падазраваць што-небудзь, ён ужо атрымаў загад з Мюнхена ці Берліна сачыць за намі. Ужо значна пазней, пасля майго арышту, я ўспомніў, як ён, спачатку лянівы на службе, стаў праяўляць раптам у апошнія месяцы незвычайную стараннасць, шмат разоў настойліва прапаноўваў мне свае паслугі, каб занесці на пошту карэспандэнцыю. Мушу прызнацца, што я праявіў пэўную неасцярожнасць, але ж ці не здолеў Гітлер каварна абысці і перахітрыць буйнейшых дыпламатаў і генералаў? Гестапа сачыла за кожным маім крокам, — гэта наглядна пацвярджае той факт, што эсэсаўцы арыштавалі мяне ўвечары таго ж самага дня, калі адрокся Шушніг, і за дзень да таго, як Гітлер увайшоў у Вену. На шчасце, пачуўшы па радыё развітальную прамову Шушніга, я паспеў спаліць усе найбольш важныя дакументы, а другія, у тым ліку распіскі на каштоўныя паперы, якія былі за мяжою і належалі манастырам і двум эрц-герцагам, схаваў у кош з бруднаю бялізнаю і даручыў вернай аканомцы занесці ў дзядзькаў дом. Усё гэта было зроблена літаральна ў апошнюю хвіліну, калі нацысты ўжо грукалі ў дзверы.
Доктар Б. перарваў свой расказ, каб закурыць цыгару. Успыхнула запалка, і я ўбачыў, што правы куточак рота ў доктара нервова торгаецца. Я ўжо раней заўважыў гэтае мімалётнае, ледзь прыкметнае паторгванне, яно паўтаралася кожныя дзве-тры хвіліны і надавала яго твару надзвычайна неспакойны выгляд.
— Вы, відаць, чакаеце, што я раскажу вам пра канцэнтрацыйны лагер, у які кінулі ўсіх прыхільнікаў старой Аўстрыі і дзе іх мучылі, катавалі і зневажалі. Мая сціплая асоба сама па сабе, канечне, зусім не цікавіла гестапа, але яны здагадваліся, што мы былі падстаўныя асобы, апекуны маёмасці і давераныя іх лютых ворагаў. Яны хацелі прымусіць мяне перадаць ім у рукі дакументы, якія б выкрывалі манастыры, каб абвінаваціць іх ва ўтойванні капіталу; яны хацелі здабыць матэрыял супраць імператарскага дома і ўсіх прыхільнікаў аўстрыйскай манархіі. Яны падазравалі — і мелі на гэта ўсе падставы, — што значная частка фондаў, якія ішлі праз нашы рукі, была добра прыхавана і недасягальная для іх грабежніцкіх намераў. Вось таму яны і арыштавалі мяне ў першы ж дзень; яны разлічвалі, што, ужыўшы выпрабаваныя метады, даб’юцца ад мяне патрэбных звестак. Па гэтай прычыне людзей маёй катэгорыі, з якіх трэба было выціснуць грошы або важныя дакументы, не выслалі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Вы, можа, помніце, што нашага канцлера, а таксама барона Ротшыльда, ад сваякоў якога яны разлічвалі атрымаць мільёны, не кінулі ў лагер за калючы дрот; наадварот, ім стварылі асобыя ўмовы — іх змясцілі ў асобныя нумары ў гатэлі «Метраполь», дзе таксама размяшчаўся штаб гестапа.