Інтэрв'ю
Шрифт:
— Уладзімір Сямёнавіч, а чаму вы назвалі свой апошні празаічны твор "Зброя" аповесцю? Ці не з'яўляецца яна своеасаблівым працягам рамана "Каласы пад сярпом тваім": галоўныя ж героі адны і тыя ж?
— Не. Гэта не працяг рамана, а яго адгалінаванне. Галоўныя героі тыя ж, але яны дзейнічаюць у іншых умовах і іншы раз не зусім так, як табе хочацца. Дзеянне адбываецца ў Маскве. Але гэта не Масква Пушкіна і Бялінскага, дзе жывуць высокімі ідэаламі ці, прынамсі, добрымі манерамі, дзе ветліва цалуюць ручкі дамам, дзе гутараць аб высокіх матэрыях, дзе пануе
— Значыць, аповесць трэба ўспрымаць як самастойны твор, калі я не памыляюся?
— Толькі так. У нас, у Прыдняпроўі, норавы заўсёды былі і ёсць такія: калі гулянне — стаў апошні рубель, калі просіш — то ад душы, а пагражаеш каму-небудзь — яму не здабраваць! А тут Алесь трапляе ў абсалютна чужое, незразумелае яму асяроддзе, дзе можна прыгразіць і забыць, дзе на словах можна дараваць, але да смерці помніць зло і пры зручным выпадку ўдарыць. Адным словам, дзе законы такія: хочаш выжыць — умей хітрыць, выкручвацца, хлусціць.
— Але ж мэта ў Алеся і яго сяброў астаецца па-ранейшаму тая ж.
— Так, ім трэба знайсці і купіць зброю, хоць бы 3000 ружжаў для паўстанцаў. А гэта справа далёка не простая.
— Пэўна, таму аповесць называецца "Зброя", ці яе назва мае і іншую, унутрана-падтэкставую нагрузку?
— Ваша праўда, назва — сімвалічная. "Зброя" — гэта значыць, што так нельга жыць далей грамадству, у якім жыве Алесь, што наступіў час мяняць самадзяржаўны лад, што народ прыйшоў да гэтага і рыхтуе сваю зброю.
— Як растлумачылі б вы сваю нязменную цікавасць да гістарычных сюжэтаў?
— На гістарычных сюжэтах я ствараю сваю матрыцу будучага. Калі ты ў пэўнай сітуацыі калісьці зрабіў так, а не інакш, то і праз сто, тысячу гадоў ты ў падобных абставінах зробіш у нечым падобны ўчынак. Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам. А дзе яшчэ можна паказаць так поўна чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць, калі не на фоне гісторыі, вайны, экстрэмальных умоў, у якія трапляе гэты чалавек і праяўляецца ўвесь да канца, да тых рыс характару, якія ён, можа, і сам не падазраваў у сабе?
— А што вы скажаце пра свой раман "Чорны замак Альшанскі"? У чым побач з прыгодніцка-дэтэктыўным — і гісторыя, і сучаснасць.
— Гэта чысты дэтэктыў. І нічога больш.
— Дазвольце не згадзіцца. Ва ўсіх вашых творах (і гэты раман не выключэнне), на мой погляд, прысутнічае як характэрны ўнутраны падтэкст гісторыка-патрыятычны пачатак, які нясе ў сабе сапраўдную ўлюбёнасць ва ўсё роднае: прыроду, гісторыю і культуру Беларусі. І калі адкінуць усё гэта і глядзець на раман толькі як на займальны "чысты" дэтэктыў то, напэўна, — гэта не Караткевіч.
— А я ніколі не лічыў дэтэктывам раманы пра маёра Проніна. Дэтэктыў, калі яго разумець як трэба, гэта таксама добрая літаратура (другая справа, ці здолеў я ў "Замку" ўзняцца да яе). Перш за ўсе таму, што там не павінна быць голай схемы, па якой дзейнічаюць загадзя ясныя нам героі, а павінны
— Кажучы пра сувязь гісторыі і сучаснасці, я хацела б пачуць вашу думку аб тым, па якой прычыне некаторыя пісьменнікі і творы з часам "старэюць".
— Цяжка адказаць на гэта пытанне адназначна… А вы ўспомніце, колькі шэрых клетак у чалавечым мазгу. Яны стамляюцца. Яны адміраюць. Стамляецца і старэе пісьменнік, а разам з ім і чытач. Старэюць праблемы. Старэюць часы. Не так ужо рэдка бывае, што целам чалавек яшчэ малады, а душою безнадзейна стары. І наадварот. Гэта — бяда. Крыўдна і тое, што маючы ў галаве шмат новых сюжэтаў, ты не можаш, як у маладосці, сядзець за сталом па дзесяць-дванаццаць гадзін не ўстаючы… Я хачу сказаць вось што. Творы, напісаныя пісьменнікам на ўзлёце сіл, часцей за ўсе і астаюцца яго лепшымі творамі, жывуць доўга. Думаю, што мала хто цяпер стане перачытваць "Астравы ў акіяне" Хемінгуэя, але тое, што ён напісаў на ўзлёце сваіх творчых сіл — "Па кім б'е звон", "Стары і мора" — будзе хваляваць яшчэ доўга.
— Прабачце, я мела на ўвазе тое, што некаторыя пісьменнікі (або іх асобныя творы) праз гадоў 20–30, а то і менш, ужо не цікавыя і да іх не вяртаюцца. Напэўна, у маім пытанні не так прагучала слова "старэюць". Працягваючы пачатую думку, я спытала б: якія чалавечыя якасці вы больш за ўсе цэніце ў пісьменніка? Якія якасці не старэюць?
— Праўдзівасць! Ніколі не хлусі, калі пішаш. Асабліва пра дужа важныя пытанні зла і дабрыні, любві і нянавісці, смерці і бяссмерця, гуманізму і чалавеканенавісніцтва.
Але нават і ў малых дробязях дзейнічае гэты закон: не хлусі, пішы так як ёсць (другая справа, што выпадкі могуць быць неймаверныя). Усё адно: калі чагосьці не ведаеш, лепш не бярыся за пяро.
Была са мной адна гісторыя: атрымліваю ліст ад аднаго чытача маёй "Чазеніі", вучонага-біёлага, які абвінавачваў мяне ў тым, што схлусіў, апісваючы эпізод з леапардам (там ён адгрызае галаву ў забітага ім звера). Маўляў, такога не бывае. Ведаю я звычкі многіх звяроў, сам шмат назіраў за імі на Далёкім Усходзе. Расказвалі мне пра такую прывычку і шматлікія палясоўшчыкі, з якімі я сустракаўся там. Але, відаць, для майго біёлога і гэтага мала. Тады мне давялося-такі палазіць па кнігах. І ўрэшце я ўсё ж знайшоў. У кнізе "Запаведнік "Кедравая падзь", выдадзенай да 50-годдзя гэтага запаведніка, я ўрэшце чорным па белым прачытаў на старонцы 43: "Интересно, что у всех его (леопарда) жертв, даже если они не полностью съедены, всегда отсутствует голова".
Кнігу гэтую, у ліку іншых, пісаў дырэктар запаведніка, мой добры знаёмы А. Панкрацьеў. Трэба пісаць так, каб не хлусіць ні ў вялікім, ні ў малым (якім бы неверагодным не было тое, пра што расказваеш). Трэба, каб табе неаглядна верылі. Тады ў цябе будзе больш шанцаў, што ты даўжэй не "састарэеш".
— Фолкнер аднойчы сказаў: "Калі хочаш даведацца, хто добры пісьменнік, запытай у яго калег, яны ўкажуць на яго сваёй непрыязнасцю". Колькі ў гэтай парадаксальнай думцы рацыі?