Інтэрв'ю
Шрифт:
Жаданне даведацца пра тое, над чым цяпер працуе Уладзімір Караткевіч, прывяло мяне на кватэру пісьменніка ў доме па вуліцы Веры Харужай у Мінску. На гэты раз, можна лічыць, пашанцавала — Уладзімір Сямёнавіч быў дома. Наогул жа застаць Караткевіча ў Мінску не проста. Зайздросны жыццёвы імпульс у гэтага чалавека — заўсёды ён у раз'ездах, у падарожжах: то цягне з рыбакамі сеткі на Дняпры, то едзе ў старажытны Вільнюс, сёння яго паклікала Украіна, заўтра — Далёкі Усход. Дарэчы, задума "Чазеніі" выспела ў час знаходжання пісьменніка ў запаведніку "Кедравая падзь" пад Уладзівастокам.
— Пасядзі, я зараз, — гаворыць Караткевіч, працягваючы нешта хутка пісаць. — Справа тэрміновая, а часу мала…
— Проста, значыць, з сённяшняга вечара і пачынаць? — пытаецца пісьменнік,
Выбар, відаць, невыпадковы: Украіну, яе людзей Караткевіч ведае добра. У свой час ён скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага універсітэта, настаўнічаў на Украіне. Мовай украінскай валодае гэтак жа свабодна, як беларускай і рускай, нават пісаў на ёй вершы і апавяданні. Дарэчы, валодае пісьменнік таксама і польскай мовай, разумее па-літоўску.
— З Украінай у мяне сувязі даўнія і моцныя, — заўважае Уладзімір Сямёнавіч, — не парываю іх і цяпер. Вось нядаўна атрымаў карэктуру сваёй кнігі "Зямля пад белымі крыламі". Напісана яна спецыяльна для ўкраінскай моладзі і неўзабаве выйдзе ў Кіеўскім выдавецтве "Вэсэлка" ("Вясёлка"). Пра што яна? Цыкл замалёвак пра Беларусь — культура, гісторыя, быт. Беларусь вачыма беларуса… Так, але ж апавяданне не чакае. Гэту ноч не давядзецца спаць…
Побач з рукапісам — план апавядання. Прадуман сюжэт, прадумана кожная дэталь у размове, абмалёўцы, характары герояў. Прадуманы і выпісаны.
— План па свайму аб'ёму ў некалькі разоў большы за апавяданне, — гаворыць Уладзімір Сямёнавіч, — работа над ім — асноўнае. У працэсе работы гэты план-чарнавік ляжа ў рукапіс самім тэкстам…
Працаздольнасць Караткевіча не перастае здзіўляць нават тых, хто даўно ведае яго. Яна ўражвае. Словы наконт бяссоннай ночы — праўда. Калі так выйшла, пісьменнік будзе працаваць усю ноч. Недастаткова, аказваецца, тонкага мастацкага густу і фантазіі, шырокай эрудыцыі. Патрэбна яшчэ і такая вось зайздросная працаздольнасць…
Наша размова зноў вяртаецца да новых твораў пісьменніка, яго творчых планаў і задум. Толькі што выйшаў з друку раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" — аб тым, як у часы сярэдневякоўя з'явіўся ў аколіцах Гродна чалавек, якога прынялі… за Хрыста і які ўзначаліў паўстанне супраць паноў і царкоўнікаў. Ці працуе цяпер над творамі гістарычнай тэматыкі аўтар "Сівой легенды" і рамана "Каласы пад сярпом тваім" — цікавага твору пра пярэдадзень паўстання Кастуся Каліноўскага?
— Работу над "Каласамі" прадоўжу, — гаворыць Уладзімір Сямёнавіч, — з друку выйшлі толькі першы і другі тамы рамана, задуман жа ён значна шырэй, хачу паказаць само паўстанне Каліноўскага. Дарэчы, лічу гэты раман сваім лепшым творам, ды і любімым таксама — тут, як кажуць, ні прыбавіць, ні ўбавіць. Напісаў сцэнарый мастацкага фільма "Расказы з каталажкі". Створаны ён па матывах беларускага гарадскога фальклору пачатку XX стагоддзя і па матывах апавяданняў Якуба Коласа, Змітрака Бядулі і Ядвігіна Ш. Буду заканчваць "Кнігу падарожжаў" — гэта зборнік лірычных, з роздумам, рэпартажаў з дарогі, навеяных паездкамі па нашай краіне і Польшчы, сустрэчамі з людзьмі. Як толькі крыху "разгружуся", вазьмуся за заканчэнне дэтэктыўна-псіхалагічнай аповесці. Змест, коратка, такі: герой яе, філолаг і гісторык, чалавек крыху з дзівацтвам, бярэцца раскрыць злачынства, што зроблена чатырыста год назад. Раскрываючы яго, нечакана выяўляе злачынства, зробленае ўжо ў нашы дні… Гэта пра тое, што ў рабоце. А на больш далёкім прыцэле — задума рамана пра паўстанне Васіля Вашчылы. Ужо і матэрыял падрыхтаван, і план абдуман. Але трэба будзе яшчэ пасядзець у архівах, яшчэ папрацаваць над матэрыяламі…
Уладзімір Караткевіч у росквіце творчых сіл, у яго шмат цікавых задум і планаў. За рабочым сталом пісьменніка нараджаюцца новыя творы, якія — а лічыць так ёсць усе падставы — будуць з такой жа ўвагай і цікавасцю сустрэты чытачамі, як і тыя, якія ўбачылі свет раней і па праву залічаны на вялікі рахунак беларускай літаратуры.
Аўтар матэрыялу — Б. Фірштэйн.
Паслужу да канца
Уладзімір Караткевіч выступае ў розных жанрах. Яго першы надрукаваны верш "Машэка" з'явіўся ў 1955 годзе на старонках часопіса "Полымя". Затым былі апублікаваны "Спадарожнік зямлі", "Партызанская балада", "Паўлюк Багрым", "Балада пра паўстанца Ваўкалаку", "Заяц варыць піва", іншыя вершы.
Гэтыя выступленні адразу засведчылі, што ў літаратуру прыйшоў адметны, са сваім почыркам паэт, які мае што сказаць. У яго паэзіі пераважае гістарычная тэматыка, баладна-рамантычныя сюжэты, ёй уласціва рамантычна-асацыятыўная вобразнасць.
Караткевіч выдаў тры зборнікі паэзіі: "Матчына душа", "Вячэрнія ветразі" і "Мая Іліяда". Адначасова пачаў працаваць над прозай: напісаў аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха", раманы "Нельга забыць", "Каласы пад сярпом тваім", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", зборнікі аповесцей і апавяданняў "Блакіт і золата дня", "Чазенія", "Вока тайфуна", "Казкі", нарыс "Белавежская пушча". Ён жа — аўтар п'ес "Млын на Сініх Вірах", "Званы Віцебска", "Кастусь Каліноўскі", сцэнарыяў кароткаметражных фільмаў "Сведкі вечнасці", "Памяць камня", "Будзь шчаслівай, рака", паўнаметражнага — "Дзікае паляванне караля Стаха" і інш.
Летась у серыі "Бібліятэка беларускай прозы" выйшла кніга Уладзіміра Караткевіча "З вякоў мінулых". Край і людзі — вось фон, на якім адбываюцца падзеі. Пісьменнік узнаўляе старонкі гісторыі беларускага народа, паказвае дзеянні нашых продкаў, іх мужнасць у барацьбе супраць прыгнятальнікаў і веру ў святую свабоду, іх высакароднасць і душэўную прыгажосць.
Агульную цікавасць выклікала нядаўняя работа пісьменніка — эсэ "Зямля пад белымі крыламі".
— Дарэчы, як з'явілася гэтая кніга?
— Адной з прычын з'яўлення кніжкі было жаданне сказаць пра нацыю, грамадства, якое не нівеліруецца і не павінна нівеліравацца. Чалавек павінен быць як усе: сумленны, працавіты, надзелены тымі якасцямі, што аб'ядноўваюць усіх сапраўдных людзей. Але, як індывідуум, ён павінен адрознівацца ад другога, быць арыгінальным. Таму што сапраўднае грамадства — гэта не мільён аднолькава напісаных нулёў, а мільён розных Асоб. Непаўторных і каштоўных. І кожны народ таксама непаўторны. Няма вялікіх і малых людзей, вялікіх і малых народаў, бо кожны спаўняе сваю місію. Мне хацелася прыраўняць у правах чалавечых вялікіх і малых, таго, хто піша вялікія раманы, і тую, што тчэ непаўторныя посцілкі. Зберагчы сваю непадобнасць — вось задача кожнага народа і вось пра што эсэ "Зямля пад белымі крыламі". У адметнасці і прыгажосць чалавечай душы. Чалавек імкнецца да гэтай адметнасці. Дабрата, сумленнасць — агульныя, усечалавечыя катэгорыі, але існуе адна дабрата і 4 мільярды яе разнавіднасцей, форм. Чалавецтва — гэта бібліятэка, а не мільённы тыраж адной і той самай кнігі, няхай сабе і цудоўнай.
— Калі Вы пісалі "Зямлю пад белымі крыламі", ці існавалі падобныя творы ў іншых рэспубліках?
— Украінскія выдаўцы прапанавалі напісаць мне кніжку пра Беларусь. Такую сабе "малую" мастацкую энцыклапедыю аб ёй. Мы не мелі падобных кніг пра Беларусь. Але была зроблена такая справа ў Літве, Арменіі, Казахстане — выдадзены мастацкія эсэ-даведнікі пра гэтыя рэспублікі. Як пайшла справа ў іншых рэспубліках далей, я проста не ведаю. У "Зямлі пад белымі крыламі" спалучыліся літаратура і фальклор, этнаграфія і архітэктура, гісторыя нашага народа і яго сучаснае жыццё.