Інтэрв'ю
Шрифт:
— У адным з артыкулаў, прысвечаных вашай творчасці, указвалася, што "малады паэт празмерна захапляецца гістарычнай тэматыкай". З той пары прайшло дваццаць гадоў. Ваша імя чытачы звязваюць сёння ў першую чаргу з такімі творамі, як "Каласы пад сярпом тваім", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Чым вы растлумачыце такую цікавасць да гістарычнай тэматыкі?
— Быўшы філолагам, нельга не быць гісторыкам. Кімсьці справядліва заўважана: "Хто забывае мінулае, той павінен будзе перажыць яго яшчэ раз".
Гісторыя — метад мыслення чалавека. Ён і дае магчымасць роздуму над мінулым, сучаснасцю і будучым, бо гісторыя мадэліруе грамадскія працэсы.
У
— Шмат розных водгукаў выклікаў ваш раман "Нельга забыць", надрукаваны ў часопісе "Полымя" за 1965 год. Якое месца ў сваёй творчасці адводзіце вы гэтаму раману?
— Гэты раман быў надрукаваны ў часопісе "Полымя" ў скарочаным выглядзе. Асобнай кнігай на беларускай мове ён пакуль не выйшаў. Сапраўдная яго назва "Леаніды не вернуцца да Зямлі". Пад такой назвай ён і быў выдадзены на чэшскай мове ў 1975 годзе. Выйдзе раман і на беларускай мове. А пакуль гэтага не здарылася, меркаваць аб яго значэнні цяжка.
— Уладзімір Сямёнавіч, у кожнага пісьменніка ёсць творы, асабліва дарагія яму па той ці іншай прычыне…
— Я назаву тры такія творы: "Каласы пад сярпом тваім", "Чазенія" і "Ладдзя роспачы". Раман "Каласы пад сярпом тваім" закранае тую яркую старонку беларускай гісторыі, аб якой мы ўжо гаварылі. Пачынаўся ён з прыдняпроўскіх легенд і паданняў, з паэтычнай і вельмі прыгожай прыроды — ад Рагачова да Оршы. Метафарычны вобраз, закладзены ў назве кнігі, навеян выглядам падмытай грушы на беразе Дняпра ў вёсцы Азярышча. Аповесць "Чазенія" дарагая мне як успамін аб цудоўных месцах, праведзеных на Далёкім Усходзе. "Ладдзя роспачы", па-мойму, найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларуса, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх.
— Названыя творы далёка не вычэрпваюць дыяпазон вашай творчасці. Вы пішаце эсэ, п'есы, кінасцэнарыі. Як вы лічыце, ці можа пісьменнік дабіцца аднолькавага поспеху ва ўсіх відах творчасці?
— Усё залежыць ад асобы аўтара. Возьмем два прыклады з мінулага. Мала вядомы сёння чытачам Гусеў-Арэнбургскі пісаў пераважна прозу, паказваў у ёй часцей за ўсё быт духавенства. А вось, скажам, Пушкін дабіўся аднолькавага поспеху ў вершах і ў прозе, у крытыцы і ў гістарычных хроніках… Кожнаму дадзен свой дыяпазон. А вось ці зможа пісьменнік зрабіць што-небудзь значнае ва ўсіх напрамках сваёй творчасці — гэта залежыць ад таленту і ад лёсу.
— Вашы творы — яшчэ адно сведчанне невычэрпных магчымасцей беларускай мовы. Але як з'яўляюцца ў аўтарскай мове такія словы, як "плотны" (адпавядае беларускаму "шчыльны") або "распавесці" (у значэнні "расказаць")?
— А чаму мы павінны забываць старыя карані? Я маю на ўвазе стараславянскую мову. Менавіта там бяруць пачатак рускае слова "повесть", беларускае "апавяданне" і ўкраінскае "розповідзь". Мова — гэта жывы арганізм. З гэтай прычыны ні адзін слоўнік не можа быць вычарпальным. Тлумачальны слоўнік Даля — адзін з найбольш поўных. Але колькі слоў прыбавілася
— Вы неахвотна дзеліцеся сваімі творчымі планамі. А як нараджаюцца задумы будучых твораў?
— Гэта можа быць кімсьці сказанае слова, цікавая ідэя, пейзаж. Нават пах. Я асабіста лічу, што "Антонаўскія яблікі" Бунін мог напісаць толькі пад уражаннем водару антонавак у скрынцы яго пісьмовага стала. Гэты пах выклікаў няяснае адчуване, успамін. З усяго гэтага, разам узятага, нарадзілася апавяданне. Часам задума прыходзіць па асацыяцыі. Старажытныя асірыяне, напрыклад, лічылі, што розум у чалавека змяшчаецца не ў мозгу, а ў вушах. Таму герояў і цароў яны паказвалі з вялікімі вушамі. Можна сабе, напрыклад, уявіць прыдворнага блюдаліза пры асірыйскім царскім двары, які ўсё жыццё гаварыў глупствы, лесціў цара, а яго лічылі вельмі разумным. Але аднойчы, сам гэтага не жадаючы, ён выказаў разумную думку, і яго пакаралі — адрэзалі вушы. У разуменні цара і асірыйскага грамадства ён стаў дунем. А на самай справе толькі цяпер, паспытаўшы гарачага, ён і стаў разумным. Такая асацыяцыя можа стаць сюжэтам іранічнага апавядання, апавядання-пародыі. Не выключае асацыяцыя і лірыку.
— Уладзімір Сямёнавіч, якім вы ўяўляеце сабе чытача сваіх твораў?
— Чытача перш за ўсё добрага сэрцам, разумнага, сумленнага, які любіць сваю Айчыну, гуманнага. Выходзіць, пераважна ідэальнага. І кожны пісьменнік, які піша ў разліку на такога чытача, павінен старацца, каб кожны яго чытач у рэшце рэшт (хай не сёння і не заўтра) стаў такім.
Гутарыла А. Губіч.
Самая цікавая навука — жыццё
У якім узросце Вы адчулі патрэбу пісаць? Што з’явілася стымулам для гэтага?
У. К. Вельмі рана. Чытаць пачаў у тры з паловай гады (можа, нават крыху раней, так што не помню, як вучыўся гэтаму), чытаць лацінкаю і пісаць — крыху пазней (кепска — чытаў лацінкаю таксама ў тры з паловаю). Вершы спачатку голасам гаварыў і напяваў, а пасля на паперы пісаў, — год з шасці. Пасля апавяданні прабаваў пісаць і нават “міні-п’есы”. Сам іх ілюстраваў. Стымул пісання? Сам не ведаю. Можа, процьма добрых кніг вакол і жаданне паспрабаваць і самому, няхай сабе і слабей. Можа, тое, што ў сям’і (і сваякі таксама) не брахалі, але фантазіраваць любілі і ўмелі, падтрымлівалі пахвалой добрую, вясёлую і вынаходлівую выдумку і ніколі з яе не смяяліся, хоць бы і зусім малы прыдумаў.
Якім Вы памятаеце сябе ў дзяцінстве? Што з уражанняў дзяцінства, на Вашу думку, найбольш спрыяла развіццю таленту? Якія творы народнай творчасці найбольш падабаліся Вам? Кім Вы хацелі быць у дзяцінстве, у падлеткавым узросце? Любімыя гульні, заняткі? Любімыя ў дзяцінстве кнігі? Калі Вы пачалі цікавіцца гісторыяй наогул і гісторыяй Беларусі, у прыватнасці? Што ў з’явах прыроды найбольш цікавіла Вас?
У. К. Што спрыяла? Зноў жа асяроддзе. Сваякі (і на суседзяў шанцавала) былі людзі спявучыя, вельмі музычныя, многія з добрымі галасамі, з апавядальным талентам (здзіўляюся, чаму не стаў прафесійным спеваком бацька, пісьменнікамі — дзядзькі, асабліва адзін). Усе з гумарам і схільнасцю да іроніі (у тым ліку да самаіроніі).