Пасля Жыццё
Шрифт:
Здаецца, у акоп ён не трапіў - граната ірванула на тылным брустверы. Яго аглушыла. Плечы, вушы і каску абсыпала пяском і пылам, але кулямёт змоўк. Стала дужа ціха, і ў гэтай цішыні недзе ўнізе ў акопе пачуўся трывожны ўскрык:
– Отто! Отто!! Вас іст дас?!
Ззаду на ўзлёце бліснула ракета, кудысьці трэба было ратавацца, і Жаркоў, не згледзеўшы іншага выйсця, сунуўся цераз бруствер у акоп. Зрушыўшы за сабой пясок і глыжы, ён адразу прысеў у дне, бруствер ярка заззяў ад высокага святла ракеты, гэтае святло патокам рынула ў акоп на яго галаву, зноў ратуючыся ад яго, сяржант сігануў за паваротку траншэі і там раптоўна спаткаўся з немцам. У расшпіленым шынялі, з узнятым каўняром, той перазараджаў, відаць, кулямёт ды раптам
Але немцаў болей не было, кулямёт маўчаў, а яшчэ праз трохі часу цераз бруствер, зморана сапучы, няўклюдна перавалілася ў траншэю камлюкаватая постаць Гушчына.
– Сюды, сюды!
– ускочыўшы, паклікаў яго Жаркоў і адчуў, як нешта цяжкое і пакутнае раптам адвалілася ад яго душы.
– Сядзі тут і бі, калі палезуць. Я пабягу.
Гушчын нясмела азірнуўся і хацеў нешта сказаць, але сяржант скочыў жыватом на бруствер, пераваліўся цераз яго і скаціўся ў цемру.
7
Пасля таго, як Жаркоў, апантана крычучы, пабег па ланцугу, Тарасікаў адчуў, як непадуладная яму, жахлівая немач апанавала яго зморанае цела. Здалося хлопцу, што пагібель, як тая спілаваная хвоя, ужо нахілілася над яго галавой і вось-вось абрынецца і жахліва прыкончыць яго такое кароценькае і недарэчнае жыццё. Сапраўды, ці доўга тут можна было пражыць, калі ўсе трасы з-за ўзмежка кіравалі якраз на яго, усе ракеты ўзляталі над самай яго галавой - пэўна, немцы ўбачылі кулямёт і з усіх сіл узяліся расстрэльваць яго. Думалася хлопцу: варта было з-за ўзмежка высунуць нават палец, як яго адразу б зрэзалі кулі. Праўда, Тарасікаў нікуды не высоўваўся, ён нават не паварочваў галавы, але ўсю тую жудасць угары ён адчуваў кожнай самай маленькай часцінкай свайго цела, якое, здавалася, стала цяпер спляценнем адных толькі балючых, напухлых нерваў.
І ў той жа час у ягоных вушах трывожным крыкам гучаў усё загад сяржанта Жаркова адкрываць агонь, і пякла душу нядаўняя злосная азвярэласць на яго - разгубленага, збянтэжанага, прыдушанага страхам няўмеку. Тарасікаў невыразна адчуваў, што ў яго ўпёрлася нешта вельмі важнае,
што ён замінае чамусьці ў баі, нешта стрымлівае, але страх і ўладарная вяласць не давалі нічога зрабіць. Адно толькі карцела сціснуцца ў камячок і праваліцца ў зямныя нетры, дзе не было гэтага грукату, трас, трэскату разрыўных і распранаючага да нутра ззяння варожых ракет.
«Трэба страляць… трэба страляць, - казаў ён сам сабе.
– Трэба страляць…» І тут жа праз бязвольную нерашучасць спрабаваў некага заспакоіць у сабе, угаварыць, задобрыць, каб зменшыць пакуты і адсунуць надалей самы жахлівы час: «Зараз… Зараз… Яшчэ трошкі… Яшчэ паўхвілінкі… Зараз…»
Немцы білі па ўзмежку. Збітая разрыўною чаргой, пераламілася і ўпала з плоту яшчэ адна жэрдка, пыхкалі і затухалі ракеты, раптоўна азаралася і раптоўна чарнела наваколле - хаты, гароды, узмежак і ўскраек балацявіны, - а Тарасікаў усё ляжаў, упёршы голаў ва ўзмежак. Ён і сам ужо адчуваў, што не спраўдзіў свае абяцанкі, свайго пакутнага намеру, разумеў, што ён проста баіцца - не за сваё жыццё, не таму, што ён вельмі хацеў жыць, - проста так баіцца, бо не мае сілы пераадолець у сабе нейкай слабасці перад гэтай апантанай раз’юшанай сілай, што бушуе, мільгоча і грукаціць па зямлі і ў небе. Яна, гэтая лютая сіла, паралізавала, задушыла ўсе яго чалавечыя здольнасці, ён адчуваў сябе не болей чым якою кузуркай, якой нават смешна супраціўляцца гэтай смертаноснай раз’юшанай стыхіі вайны.
Але не меней уладарна і сурова дапякала
– Баішся, паганы трус! Баішся! А ну, устаць!.. Устаць!!!
– ледзьве не крыкнуў Тарасікаў.
І ён заварушыўся, прыўзняў голаў - цераз узмежак агнявымі пчоламі імчалі ў хмызняк раі куль, наперадзе, з-пад цёмнай гарбіны будыніны, пыхкаў і пыхкаў агеньчык, і выляталі тыя бліскаўкі-трасы.
«Баішся! Калоцішся!
– з помслівай асалодаю здзекваўся з сябе Тарасікаў.
– А ну, уставай! Агонь!!!»
– Тарасікаў, агонь! Агонь! Такую тваю… - гучэла ў вушах суровая каманда Жаркова.
І хлопец устаў, нясмела прыўзняў голаў, падсунуўся да кулямёта, каб захінуцца яго сталёвым шчытком, і паглядзеў наперад. Каля самага вуха люта фыркнула некалькі нябачных куль, узляцела ракета, хлопец зноў тыцнуўся тварам у зямлю, а калі зноў счарнела ўваччу, торапка, каб не даць узгарэцца ў сабе спалоху, ухапіў ручкі кулямёта і націснуў спуск.
Чарга аглушыла яго, збянтэжыла, але ён не адпусціў пальцаў і яшчэ праз некалькі секунд здзіўлена сцяміў, што жывы і што трасы нейкім незразумелым чынам міналі яго, рассейваючыся скрозь у чарнаце ночы. І тады ён на момант прыпыніўся і зірнуў у прыцэл. У вузенькай рамцы відаць быў кароценькі мігатлівы бляск пад чорным узгоркам будыніны, і хлопец, давярнуўшы кулямёт, зноў націснуў на спуск.
Ён ціснуў яго, аж покуль хапіла духу ў грудзях, а калі задыхнуўся ад напружання, адняў пальцы. У вачах усё бліскалі аранжавыя пыхаўкі ад кулямёта. Сэрца яго шалёна стукацела, было дужа страшна - хлопец рассунуў локці і зноў прыпаў да зямлі. І, відаць, зрабіў гэта ў час, бо зараз жа з варожага боку сыпануў сюды рой куль. Некалькі іх мільганула ўгары паверх кулямёта, а некалькі гучна ляснулі ў шчыт і агністымі мухамі зыўкнулі ўгору і ўбакі; Тарасікаў аж здрыгануўся, абмёр, але спакваля сцяміў, што жывы і нават не ранены. Ён асцярожна прыўзняў голаў у касцы і зірнуў з-за кола - там, наперадзе, на рагу чорнай пахілай будыніны па-ранейшаму кораценька і часта папыхквала полымя.
Было цёмна і ў гэтае цемры Тарасікаў адчуў сябе трошачкі схоўней. Ракеты, мабыць, болей за іншае прыгняталі яго (можа быць, яшчэ ад тае ночы, калі іх бамбілі на вялікай станцыі - тады ўсё ў доле было заліта святлом мноства страшэнна яркіх ракет-ліхтароў, што віселі ў небе). У цемры ж адчуваць сябе куды лепей, калі б толькі даўжэй была тая жыцце-ахоўная цемра.
Трошкі аддыхаўшыся і асмялеўшы, Тарасікаў яшчэ раз зірнуў наперад - кулямёт з-за будыніны папыхкваў кудысь, але трасы ішлі ўбок, і Тарасікаў, хуценька прыўзняўшыся, навёў кулямёт і замацаваў яго. Калі ён зноў узяўся за ручкі і прыўзняў ахоўнік, хваляванне і нерашучасць зноў ахапілі хлопца, і ён паляжаў яшчэ, не адважваючыся ўтапіць спуск. Але ўрэшце з ярасцю і злосцю на сябе зрабіў гэта, кулямёт затрэсся і хлопец, здаецца, ад страху ажно прыплюшчыў вочы. Ён разумеў, што цяпер нямецкі кулямётчык прыкмеціць яго і ў самыя бліжэйшыя секунды будзе вырашана, хто каго.
Кулямёт пратарахцеў доўгую чаргу і змоўк, Тарасікаў здзівіўся, не адразу здагадаўшыся, што скончылася стужка. У той час загарэлася ўгары ракета, і ён раптам убачыў, як наперадзе, да тае пунькі, дзе страляў яго вораг, бяжыць нейкі салдат. Трапіўшы пад ракету, ён пляцнуўся на гарод, умомант раскінуў ногі і пусціў з аўтамата чаргу. «Заб’юць! Заб’юць!
– стукнула ў голаў думка.
– Там жа кулямёт!» І Тарасікаў, спалохаўшыся за таго смельчака, не стаў ужо хавацца ад ракеты, а ўхапіў зводдаль новую каробку і стаў зараджаць «гарунова».