Пасля Жыццё
Шрифт:
Так ён ляжаў, мусіць, доўга.
Немцы абрушылі на гэтае невялічкае сховішча пякельны агонь, і ў Рыбчонка расло перакананне, што наперад ім дарогі не будзе. Ён пачаў чакаць таго моманту, калі хто першы кінецца назад, бо, думаў ён, і тут, на ўзмежку, ляжаць нельга - спакваля іх пераб’юць па адным. Ён ужо шкадаваў вельмі і лаяў сябе за тое, што не застаўся ў кустах, усё ж там было далей ад гэтага пекла і, можа, як-небудзь пашанцавала б уратавацца.
Але назад ніхто не ўцякаў. Аднойчы па ланцугу, лаючыся, прабег апантаны Жаркоў, пасля ён упаў і прапаў недзе, і ў Рыбчонка разам з устрывожанасцю з’явілася і кароценькая помслівая злараднасць - так яму і трэба! (Ён быў злосны на сяржанта, што той не дазволіў яму пайсці ў санчасць.)
Так, лежачы пад узмежкам, прыдушаны сваімі пакутамі, Рыбчонак раптам заўважыў, што варожы агонь пацішаў, перасталі трэсці зямлю мінныя выбухі, змоўклі бліжнія кулямёты, недзе знікла буйнакаліберная цяжкая тарахцелка, што біла з фланга. У святле чарговай ракеты ён ціхенька прыўзняў голаў і ўбачыў, як нехта сігануў цераз узмежак пад плот, іншыя, відаць, ужо раней паўставалі і падаліся наперад, і цяпер тут паблізу не было нікога.
Значыць, усё ж пайшлі? Пайшлі ў атаку, туды, у новае пекла, бліжэй да ворага. Гэта зноў пасля кароценькай палёгкі засмуціла Рыбчонка. Як добра было цяпер кінуцца ў кусты, назад, далей ад гэтага ліха! Але ўцячы, ведаў ён, было нельга. У тыле для яго, здаровага, месца няма, там начальства, заградатрады, трыбунал і штрафныя роты. Трэба было неяк хітрыць, выкручвацца, быць тут і ў той жа час з усіх сіл ратаваць сябе - ратаваць, каб выжыць, не зважаючы ні на што.
Калі стала цёмна, ён устаў, пралез пад плот, трошкі прабег па гародзе. Нідзе нікога не было чуваць. «Ці, можа, пабіла, ці ўжо так далёка адбегліся?» - падумаў Рыбчонак. Але агонь сапраўды стаў рэдкі, напэўна, перадавое нямецкае ахраненне адышло і дало магчымасць нашым падысці бліжай да вёскі. Рыбчонак, прыгнуўшыся, яшчэ падбег крыху і ўпаў, пільна ўзіраючыся ў цемру і вельмі асцерагаючыся нарвацца дзе на якое ліха.
Так ён перабег вузенькую палоску гарода, пераскочыў яшчэ адзін узмежак, наперадзе на фоне зорнага неба з’явіўся хмызнячок, пэўна, які садок ці вішэннік. Здалося яму, там нехта варухнуўся, адпаўзаючы. «Добра, - падумаў Рыбчонак, - хай ідзе першы, я за ім». Самае непрыемнае ў атацы было ісці наперадзе ўсіх, нават на крок, на паўкрока першым, і чым далей ззаду ад іншых, тым было лепей. Рыбчонак заўжды вельмі дбаў, каб неўпрыцям не апярэдзіць каго, бо першаму - першая куля, першы - гэта пэўны смяротнік.
Паляжаўшы крыху, ён падумаў, што трэба яшчэ трошкі прабегчы, каб лепей бачыць таго, у вішэнніку, і кіраваць за ім. Калі той падасца наперад, тады пабяжыць і ён, калі той будзе ляжаць, не ўстане і Рыбчонак. Той, наперадзе, будзе яго заслонай.
Але раптам сталася штось нечаканае. Варта было яму ледзь варухнуцца, устаючы, як з цемры вішэнніку бліснула, нешта коратка ірванула паветра над яго галавой і адначасна тузанула шынель на спіне. На лапатцы адразу запякло, нейкая мокрая цеплыня заказытала цела пад вопраткай. Рыбчонак спачатку жахнуўся, а пасля ўліп у зямлю, прыціснуўся, стаіўся і, здаецца, ажно заплюшчыў вочы. Ён яшчэ не зразумеў, як трэба, што сталася, але ў прадчуванні нечага велізарна важнейшага на нейкі час, здаецца, перастаў дыхаць.
«Паранены!» - як выбух, пыхнула ў галаве першая думка, і Рыбчонак з нечалавечым імпэтам крутнуўся на доле. Пакінуўшы, дзе ляжаў, вінтоўку, ён паўзком сунуўся ў цемру. «Паранены! Паранены!» - вялізная шчаслівая ўзнёсласць апанавала ўсю яго істоту. Цяпер канец пеклу, смяротнай пагрозе, страху і пакутам - цяпер ён вольны, няхай нават скалечаны, няхай баліць - усё гэта драбяза перад вялізнай раптоўнай надзеяй - выжыць! На спіне, недзе пад вопраткай распаўзаліся струмені крыві, пякло, ірвала лапатку, але ў сярэдзіне вялікага болю не было, рукі і ногі дзейнічалі, і
Праз колькі хвілін, скульнуўшыся на галаву з узмежка, ён пачуў ззаду стрэлы і азірнуўся - не, гэта не ў яго, гэта той з вішэнніка біў некуды ўбок. У цемры паблізу затупацела нешта, пасля хтось заенчыў, пэўна, падстрэлены. Адсюль, з-за ўзмежка, Рыбчонку можна было б зняць таго немца-аўтаматчыка, але ён аж спалохаўся гэтае думкі - яшчэ самога заб’е! Ён рады быў вялізнай раптоўнай радасцю, што выжыў, што займеў нарэшце пэўнае права на паратунак, што цяпер ён паўнапраўны хадок у тыл, дзе было жыццё, шпіталь, чыстая бялізна, спакой і клопаты аб ім многіх людзей. Да д’ябла гэтае пекла, кроў і смерць, ён адваяваў сваё. Хоць на адну ноч, хоць на гадзіну, толькі б далей адсюль і жыць, жыць…
Той, што заенчыў у цемры, неўзабаве і сціх, і Рыбчонак, прадзіраючы на жываце лейтэнантаў паўшубак, па-пластунску шыбаваў далей. Урэшце ён дапоўз да ўзмежка з плотам, адкуль яны ўставалі ў атаку, пераваліўся цераз яго і тут толькі трошкі адпачыў. Тут ён падумаў, што трэба было б узяць вінтоўку, бо ў тыле могуць спытаць, дзе яго зброя, але пасля рашыў - чорт з ёй! Урэшце, можна знайсці вінтоўку ў балацявіне і далей, скрозь поўна забітых, яшчэ не было чаго - вяртацца ў тую ліхасць! На лапатцы ўжо вельмі пякло і балела, але ўнутранасці, напэўна, уцалелі, і Рыбчонак адчуваў сябе, як заўжды, - спрытным і дужым. Праўда, цякла кроў, ужо прыліпала да цела сарочка, толькі і гэта не дужа непакоіла чалавека. Не бяда, што кроў - можа ж, не выцячэ ўся. Толькі б хутчэй у тыл, у санчасць, медсанбат, там зробяць пераліванне, аперыруюць, усё будзе найлепшым чынам, трэба толькі вынесці адсюль ногі.
Там, ззаду, адкуль ён выпаўз, сям-там тарахцелі і пырскалі агнём чэргі, але ў балацявіне куды як пацішала, і Рыбчонак,
прыгнуўшыся, рухава пусціўся да гэтай апошняй небяспечнай мясціны. «Паранены! Паранены!
– свідравала яго адчуванне шчаслівая думка.
– Паранены ў баях за радзіму, у часе атакі!» Цяпер ён адчуваў, як вырас сам ва ўласных вачах, і зразумеў, што кошт ягонага жыцця патроіўся. Толькі б далей адсюль, толькі б далей!..
Ён перабег падзёўбаны кулямі ўскраек балота і апынуўся ў хмызняку. Тут яго ўжо ніхто не спыніць, не верне, і яму няма чаго хавацца ад каго, ён паранены і законна ідзе ў тыл, у шпіталь. Толькі хутчэй, хутчэй! І ён бег між хмыззя па аплюханым гразёю лёдзе, не дужа ўглядаючыся ў дарогу і адно асцерагаючыся толькі, каб не трапіць у якую калдобіну.
І ўжо так блізка быў паратунак і з ім усё, аб чым марылася, што несла найвялікшае зараз шчасце - жыццё. Ён ужо мінуў балацявіну, выбег з кустоўя, далей пралегла ў цемры чорная ралля касагора, па якой яны тройчы пратупалі туды і назад. Пасля коўзкага лёду на ўскрайку балота гучна зашархацеў пад ботамі снег, і скрозь гэты шорхат Рыбчонак раптам учуў людзей. Ён не паспеў яшчэ ні згледзець іх, ні нават сцяміць, ішлі яны ці сядзелі, як з цемры прыцішана і жахліва гыркнулі варожыя і такія недарэчныя цяпер воклічы:
– Хальт!.. Хальт!..
Рыбчонак ад жаху прысеў, на момант здалося яму, што гэта нечы легкадумны недарэчны жарт, але затым перуном ударыла ў сэрца здагадка: «Немцы!» Яны раптоўна абрынулі на яго пагібель, ушчэнт разбівалі ўсе яго мары і так недарэчна неспадзявана апынуліся тут, што ён раптам, згубіўшы ў сабе чалавека, як падбіты мядзведзь, зароў немым роспачным крыкам, скочыў назад, убок, і з нечалавечаю сілай рвануўся ў хмызняк. Наўздагон адразу ж лапотка ўдарылі чэргі, кулі тузанулі полы шыняля, тупою агнянай пікай ударыў у паясніцу пякельны боль, ён пранізаў усё цела, ад пят да галавы, і Рыбчонак з разбегу пляцнуўся ў куст хмызняку. Спотырча ён праляцеў скрозь яго, выцяўся аб лёд галавой і спіною саўгануўся па лёдзе. Каска, парваўшы падбародны раменьчык, коса пакацілася па лёдзе, жахліва забразгаўшы ў густой ціхай цемрадзі…