Пастка для пярэваратня
Шрифт:
Мабыць, так. Ведаў, што робіць, калі пакідаў. Але ж можна паспрабаваць. Бедны Саўка недзе мучыцца. Чаму Пятрусь апусціў рукі? Хіба да пенсіі нам тут сядзець?
— Пятрусь, ты…
Мой сябар перапыніў мяне:
— Ігнат, ведаю, пра што ты думаеш, але ж…
— Што «але ж»?
— Але ж хочацца ў скляпенне зазірнуць.
Я таксама не-не ды пазіраў на скляпенне. Таксама хацелася туды зазірнуць. Ды лепей не лезці ў скляпенне. Хіба мала бяды набраліся?
— Баюся, — прызнаўся я.
Пятрусь устаў і зашаптаў
— Ігнат, а калі там конь стаіць?
— Які конь?
— Незвычайны. Які нас адгэтуль дамоў як на крылах вынесе.
Конь… Незвычайны… Як на крылах вынесе. Ці магчыма гэта? Але, зусім магчыма. Тут жа казка. Расказваецца ў казках, як незвычайныя коні ратуюць хлопцаў-малайцоў, імгненна з аднаго царства ў іншае пераносячы. Што, калі і ў скляпенні ёсць такі конь? Вядзьмак нездарма скляпенне пабудаваў, нездарма загадаў, каб туды не заходзілі. І замок на дзверы не павесіў. Ведае, што пры жаданні з любым замком можна справіцца. Палохае, страху наганяе. Разумее, што страх мацней, чым замок.
— Пятрусь, нас незвычайны конь дамоў занясе, а Саўка ў прафілакторыі застанецца. Нядобра. Мы слова далі.
— Па дарозе заскочым і вызвалім Саўку.
— Ён з намі паедзе?
— Як яму захочацца.
— А калі дамоў прыедзем, то конь у нас застанецца?
— Вядома, застанецца. Хіба ў нас мала балота? Няхай пасвіцца.
І праўда, балота ў нас хапае. Будзе скубці цэлымі днямі. Такога каня не след у воз запрагаць. У яго, напэўна, поўсць сярэбраная, а грыва залатая. Авёс пасеем. Зімою адным аўсом станем карміць. Калі вельмі захочацца, то зноў у казку прынясе. Напэўна, да самага паднябесся ўзнімецца. Страшна? Але ж казачныя героі ляцелі, трымаліся. І мы ўтрымаемся. Моцна-моцна за грыву ўчэпімся. Будзем ляцець, які-небудзь самалёт дагонім. У лётчыкаў вочы на лоб палезуць. І пасажыры ад ілюмінатараў не адарвуцца. Яны на самалёце, а мы на кані. Невядома, каму будзе лепей. Калі стомімся, то папросім каня, каб спусціўся. Ён паслухаецца.
— Пятрусь, пойдзем у скляпенне? — запытаў я.
— Пойдзем.
Мы, прыгнуўшыся, бягом да скляпення. Вось яно. Заржавелыя жалезныя дзверы, заржавелая жалезная засаўка на дзвярах. Хіба ніхто ніколі не адчыняў іх?
З дзедам Міронам
Пятрусь пачаў паволі адчыняць дзверы. Яны працягла зарыпелі. Я зусім забыўся пра таго незвычайнага каня, які нібыта ў скляпенні. Падумалася: зараз шугане з дзвярэй полымя, спаліць, спапяліць нас.
— Пятрусь, асцярожней! — крыкнуў я. Пятрусь адчыніў дзверы.
Не, полымя не шуганула. Са скляпення патыхнула затхласцю, цвіллю. Я ўбачыў, што ўніз вядзе стромая лесвіца.
Няўжо там конь? Няўжо яго звялі па гэтай лесвіцы? «Пэўна, грукацеў капытамі, калі вялі», — недарэчна падумалася.
— Тахнула сэрца, калі дзверы зарыпелі,— прызнаўся Пятрусь. — Думаў, што Казімір
— Няма яго тут. Кудысьці павалокся ён.
— Павалокся, — прамовіў Пятрусь і ступіў на лесвіцу. Яна задрыжэла.
— Асцярожней! — зноў крыкнуў я. Мой сябар тупнуў нагою.
— Лесвіца вытрымае, хоць і дрыжыць. Відаць, знарок такую зрабілі.
Мы, асцярожна ступаючы, сталі спускацца. Усё ніжэй, ніжэй. Аднекуль зверху прабівалася сонца, асвятляла скляпенне. Я глянуў убок і зніякавеў. На сцяне сядзеў вялізны павук, велічынёю з дзіцячую далоню. Што, калі адспружыніцца доўгімі нагамі, накінецца, учэпіцца, як клешч?
А Пятрусь спускаецца, не заўважае. Павук папоўз за ім. І яшчэ адзін з нейкага кута вылез.
— Пятрусь! Павукі на сцяне.
— Бачу. Ігнат, не глядзі. Не трэба глядзець. Гэта як на вышыні. Калі не глядзіш уніз, то зусім не страшна.
Не трэба глядзець… Не трэба… Няхай паўзуць. Не накінуцца. Усе павукі баязліўцы. Калі ўбачаць чалавека, то стараюцца затаіцца. Але ж гэтыя паўзуць… Ну і няхай. Не трэба на іх глядзець. Няхай паўзуць, калі ім так хочацца.
Суцяшаючы сябе, я спускаўся па лесвіцы, стараючыся не адстаць ад Петруся.
— Апошняя прыступка засталася, — прамовіў ён, а пасля закрычаў: — А-а-а!..
З-пад ягонай нагі вырваўся шэры пацук і імкліва кінуўся ўбок.
Я саскочыў з прыступкі.
— Пятрусь, што з табою?
А ў Петруся плечы ходырам ходзяць.
— На нешта мяккае наступіў,— ледзь вымавіў ён.
Вядома, на што ён наступіў. На пацука. Нездарма той так ірвануўся. Калі б я наступіў… Калі б я… Што было б? Лепей не думаць пра гэта. Не думаць…
— Пятрусь, не бойся. Ён пабег.
— Хто?
— Пацук.
— Дык я на пацука наступіў? — Пятрусь плюнуў на цэментаваную падлогу. — Цьфу! Разлёгся каля самай лесвіцы. Ну й падла!
— Хто тут? — неспадзявана данеслася да нас. Я прыставіў палец да вуснаў.
— Пятру-усь… Тс-с…
— Хто тут? — пачулася другі раз.
Я прыгледзеўся і ў самым канцы скляпення ўбачыў старога, які сядзеў каля сцяны.
— Пятрусь, там дзядуля.
— Дзяду-уля-а… — працягла прамовіў сябар. Не спадзяваліся мы, што старога ў скляпенні
ўбачым. Няўжо Казімір Міронавіч загадаў, каб дзеля яго скляпенне пабудавалі? Чаму ж хавае? Казаў нам, каб не заходзілі. Хіба гэты нямоглы стары нас адужае?
— Хто там? — зноў запытаў стары. Я адразу пасмялеў.
— Мы.
— Хто вы?
— Хлопчыкі.
— Падыдзіце бліжэй.
Мы падышлі і аслупянелі. На шыі ў старога быў шырокі жалезны абруч, на якім вісеў замок. Ад абруча цягнуўся тоўсты ланцуг, прыкуты за кольца да сцяны.
— За што вас так? — вырвалася ў Петруся. Стары паціху сказаў:
— Пасля пра гэта. Як вас сюды прынесла?
— Мы не па сваёй волі,— адказаў я. — Нас прывёў Казімір Міронавіч.
Стары падняў галаву.