Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
— Ты гэта во што… Калі там у батарэі недакамплект узводных, дык я цябе забяру. У свой полк.
— Ды ну! Ці варта…
— Варта, варта. Усё ж мы с табой разам з самай зімы. Лічы, чатыры месяцы.
— Чатыры месяцы…
— Можа, я цябе калі й дапёк, дык даруй. Знаеш, вайна — усё ж нэрвовая справа.
— Ды не. Я нічога…
— Ага, не крыўдуй… А давай яшчэ па глытку! — з раптоўнай рашучасьцю сказаў капітан і зноў выцягнуў з-за пазухі ватоўкі сваю пляшку. — Думаў, там — на абмыўку. Але й тут дарэчы.
Мы й яшчэ глытнулі патроху, пакуль коньнік узьяжджаў на пагорак. Гэта быў пажылы, вусаты баец у бушлаце, які неўзабаве спыніўся перад цяпельцам і зважліва папытаўся:
— Ці ня вы будзеце капітан таварыш Лемеш?
— Угадаў! — сказаў камбат і ўскочыў, — рослы, энэргічны, у туга аперазанай партупэяй ватоўцы. — Ну, лейтэнант, жыві да перамогі! На перамозе сустрэнемся.
Я таксама ўстаў, мы таропка
Ужо без увагі да згаслага цяпельца я сядзеў на схіле і пазіраў усьлед нядаўняму камбату. Унізе палявая дарожка раздвойвалася, адна ішла напрасткі цераз пагорак з варонкамі, а другая, ледзьве прыкметная здаля, — у аб’езд па лагчыне, адкуль прыехаў пасыльны. Капітан спусьціўся з пагорка і троху прытрымаў каня, мусіць, вырашаў, па якой скіраваць дарозе. Здалося мне, нават трохі праехаў у лагчыну, але зараз жа збочыў і скіраваў на тую, цераз пагорак. Мабыць, гэтая была карацейшаю, а капітану, відаць па ўсім, не цярпелася. Тым болей, што немцы пакуль не стралялі, выбухаў паблізу не было чуваць.
Шпаркай рысьсю капітан паскакаў на пагорак і вось ужо выехаў на самы ягоны ўзлобак. I тады ўгары каротка віскнула, і ля дарогі пыхнуў клуб міннага выбуху. Сэрца ў мяне здрыганулася — ну, нашто ён паехаў туды? Пыхнуў і яшчэ адзін пыльны клуб — па другі бок дарогі. Капітан хвастануў каня, зрываючы на галоп, але тут жа ўгары пагрозьліва завіскатала ў шмат галасоў, і некалькі выбухаў нячутна вырасьлі абапал дарогі, схаваўшы ў сабе коньнікаў. Я ўскочыў на ногі, але з паўхвіліны нічога там згледзець ня мог — адно касяк пылу паволі поўз цераз дарогу. Як ён споўз адтуль, я ўбачыў толькі каня, што, дужа кульгаючы, бег кудысьці па схіле. Другі коньнік, што добра-такі адстаў ад першага, таропка заварочваў назад.
А за пагоркам ззаду ўжо ва ўсю забухала, загуло. Нямецкая артылерыя пачала біць па ўсім навакольлі, міны рваліся ў лагчыне і далей, не даючы нікому высунуць носу з укрыцьцяў. Капітана вынесьлі толькі ўночы, ягонае цела было амаль расшкуматанае асколкамі, і хавалі яго туга загорнутым у плашч-палатку.
Жывы прайшоў ад Сталінграда да румынскай мяжы, а пагорка не пераехаў…
Палітрук Каламіец
Як сьціхнуў пад вечар бой, асеў на зямлю ўзьняты бамбёжкаю пыл, і ў высокім нябесным абшары запаліліся першыя зоркі, кампалка Пахомаў і палітрук Каламіец вылезьлі з бомбавай варонкі і агледзелі тое, што засталося ад занятага імі ўчора чыгуначнага разьезда. Разьезда не было. Глінабітная казарма для рабочых і пакгаўз побач нагадвалі аб сабе адно чорнымі гарбамі на краі гэткага ж чорнага неба. Ад шэрагу стромкіх таполяў ля дарогі засталіся скалечаныя выбухамі абломкі; расшчэпленыя камлі, бы растапыраныя пальцы, тырчэлі з разварушанай зямлі. «Добра яшчэ, што засталіся гэтыя таполі, а то было б і не пазнаць разьезда», — думаў палітрук. Надвячоркам пасьля жорсткай бамбёжкі нельга было й меркаваць, што тут хоць нешта застанецца — і ад гэтага разьезда, і ад пехацінцаў, што акапаліся побач у сухой, скамянелай зямлі.
Уначы дзённая сьпёка паволі аціхала, але гарачы сухавей са стэпу нёс мала прахалоды. Разгарачанае цела гарэла пад спатнелай абмундзіроўкай, дужа хацелася піць. На бяду, калодзеж ля казармы таксама быў разварочаны і засыпаны. Байцы з сапёрнага ўзводу неяк спрабавалі дагрэбціся да вады. Але калі тое будзе.
Палітрук Каламіец, між тым, доўга і старанна страсаў зь сябе пыл і зямлю, а кампалка сядзеў нерухома, апанураны і самотны. Нязбыўны клопат пра ваду пачаў выцясьняць зь ягонае галавы ўсе ранейшыя клопаты. Вада патрэбная была байцам, патрэбная для кухні, а найболей — для кулямётаў «максім», тры зь якіх ужо абязводзіліся і не стралялі; у два астатнія сабралі рэшту вады зь біклагаў. Сёньня полк стрываў шэсьць жахлівых бамбёжак — сьпярша трох «хейнкеляў», пасьля дзевяці і пятнаццаці, а пасьля ніхто й не лічыў. Праўда, людзкія
— Дык што рабіць будзем, камісар? — няўцямна пытаўся заклапочаны камандзір палка.
— Будзем стаяць, — проста адказаў палітрук Каламіец. — Што ж застаецца.
— Нічога не застаецца, — скупа пагадзіўся кампалка. Абмяркоўваць загад не належала, лепш было памаўчаць.
— А дзе тая станіца, ці далёка? — з новым клопатам загаманіў палітрук, прыпамятаўшы, як той даручэнец камдыва перадаў яшчэ адзін загад — вусны — са штабу дывізіі: уначы атрымаць папаўненьне. Колькі было таго папаўненьня, невядома, але найперш належала правесьці зь ім палітработу — тым болей цяпер, калі прыйшоў такі важны загад. То была справа палітрука, і Каламіец затурбаваўся.
— Арцюха папытайце. Які з санузводу, — сказаў кампалка. — Ён раненых вадзіў, ведае.
Каламіец устаў з краю варонкі і пайшоў у цемру, ціха аклікаючы Арцюха. Неўзабаве каржакаватая постаць у пілотцы невыразна заварушылася ў змроку.
— Пойдзем у станіцу. Дарогу ведаеце?
— Дарогу? Ды во, наўпрасткі, цераз стэп, — глуха азваўся баец, папраўляючы на плячы вінтоўку з прымкнёным штыхом.
Каля паваленых паўз дарогу таполяў яны скіравалі ў стэп.
Пасьля няспыннае дзённае калатнечы прыемна ўражвала начная, амаль мірная ціша, далікатна парушаная адно ціхманым стракатаньнем цыкадаў. Боты дужа хрускалі ў наскрозь прапыленым стэпавым быльнягу. Блізка баёў не было чуваць, толькі дзесь на захадзе на краі неба час ад часу пыхала агняная пыхаўка, ды таўкла зямлю далёкая арткананада. А так навокал усё сьціхла, змарнела, затаілася. «Ці надоўга, аднак, — думаў палітрук. — Хіба да ранку…»
— Адкуль родам, Арцюх? — спытаў ён байца, што моўчкі сунуўся ззаду.
— Я? Ды з курскіх.
— Курскі салавей?
— Ну.
— З гораду, сяла?
— Ды з калхозу, — выдыхнуў Арцюх. — Калхозьнік.
Ён тое мовіў так проста, нібы ўсё астатняе было зразумела адразу, і ня трэба было ні пра што пытацца. Палітрук і не пытаўся. Ён таксама зь сяла, хоць і ня з курскага — са смаленскага, хоць і не калгасьнік — настаўнік. Два гады перад вайной працаваў дырэктарам сельскай школы, а перад тым — як партыец — актыўна заганяў сялян у калгасы, раскулачваў, ссылаў, падпісваў на пазыкі, спаганяў падаткі, рабіў усё, што рабілася ва ўсёй краіне. Калгаснае жыцьцё яму было добра знаёмае і цяпер не выклікала жаданьня ні што абмяркоўваць, ні нават успамінаць. Яго куды болей гняла іхная невясёлая рэчаіснасьць на разьезьдзе ды гэты жахлівы сталінскі загад. Паратунак заўжды на вайне быў у тыле, куды адступалі, часам задавалі драпу, драпам і ратаваліся. А цяпер во за адступленьне без дазволу — трыбунал. Такая ганьба… Небясьпека навальвалася з двух бакоў: звыклая — з боку немцаў, і новая — з тылу, ад сваіх. Калі ўжо такі загад самога Сталіна, дык літасьці ад начальства ня будзе — ні да байцоў, ні да камандзіраў. Добра, калі пашанцуе з папаўненьнем, дадуць абстраляных байцоў. А калі навабранцаў, запасьнікоў? Ды яшчэ горш — чорнагаловых зь Сярэдняй Азіі, якія ні бяльмеса, і ўсё. Вось тут і выконвай загад Вярхоўнага.
Палын жорстка шархацеў пад кірзачамі, палітрук прыбаўляў кроку. Усё ж за кароткую ноч трэба было пасьпець туды і назад. Як бы да золку не спазьніцца. I яму здалося, што Арцюх адстае, ён азірнуўся раз і другі, трохі замарудзіў крок. А можа, той зусім хоча адстаць? Такія маўчуны здольныя на рознае, хто ведае, што яны носяць у сабе, — падумаў палітрук. Ці мала ўжо такіх, маўклівых і гаваркіх, пазьнікала за кароткія ночы іхнага адступленьня, і ніхто ня бачыў, куды. Але ведама, куды — дамоў. «Хутчэй нельга?» — з дакорам ціха гукнуў ён, павярнуўшыся, і Арцюх буркнуў штось невыразнае ў адказ, але не прысьпешыў хады. Вядома, байцу што, мабыць, байца за адступленьне пад трыбунал не аддадуць, аддадуць камандзіраў і яго, палітрука. Хоць больш, чым ад камандзіраў, той загад залежаў усё ж ад байцоў: пабягуць у горкі час ці выстаяць? Калі пабягуць, не стрываўшы, тады, пішы, усё прапала. Паспрабуй, утрымай іх сярод гэтага прагорклага ад палыну стэпу, — невясёла разважаў палітрук.