Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пасля таго вясёлага банкету генеральша, аднак, два дні праплакала, а пасля і зусім знікла. Куды — Агрызкаў не пытаўся і яму ніхто не казаў нічога. Колькі дзён ён смажыў катлеты і варыў бошч на ўласны розум. А затым на генералавым лецішчы паявілася ўсё тая ж Анечка — ужо на правах гаспадыні. Да кухара Лёшкі яна аднеслася па-таварыску, бы да старога знаёмага. I надзіва яму — амаль перастала ўмешвацца ў яго кухонныя справы. Бы нічога ў іх і не цяміла. Упершыню ён адчуў на лецішчы немалую свабоду. Нейкія байцы прывозілі ўранку набор субпрадуктаў, ён атрымліваў іх па накладной, смажыў сьняданак генералу і яго маладой жонцы, удзень варыў украінскі боршч, які падабаў генерал, потым што-небудзь на лёгкую вячэру.

Праз хуткі час у генерала па службе здарылася запарка, ён пачаў дзесь прападаць да глыбокай ночы, а то і зусім не прыязджаць нанач. Пачаў адлучацца ў камандзіроўкі. Неяк вясной яго не было дзён дваццаць, — лётаў у партызанскі тыл, у Бранскія лясы. Анечка непакоілася, бедавала і сумавала і ўсё часцей наведвалася на кухню. Агрызкаў адчуў, што дабром тое не скончыцца.

З пачатку лета ён начаваў

на салдацкім тапчане ў прыбудоўцы, пад разложыстай старой яблыняй, з якой пад восень гучна шпокалі аб толевы дах спелыя ружовыя яблычкі. Неяк ветранай ноччу, засынаючы пад іхняе шпоканне, ён не адразу адчуў, як стукнула засаўка і на яго дыхнула не яблычным пахам, а хвалюючымі жаночымі духамі, тонкія пальчыкі ашчаперылі яго крутыя плечы. Уся ноч мінула тады пад гэты духмяны хвалюючы пах і задышлівы шэпт прыгожай маладой жанчыны. Ды ці толькі адна тая ноч…

Анечка была трохі старэйшая за яго, дваццацідвухгадовага бэйбуса, але па-жаночы сталася мудрэйшаю на цэлы век. Ужо яна ўмела пускаць пыл у вочы — і мужу, і сяброўкам, і генералавым саслужыўцам. Пры людзях яна ставілася да кухара строга і нават прыдзірліва, не саромелася груба вымавіць за недасмажаныя ці перасоленыя катлеты (якія, зрэшты, заўсёды былі нармальныя). Затое пасля, як за гасцямі зачыняліся дзверы, кідалася яму на шыю і абляпляла твар пацалункамі. Ці не з яе ініцыятывы дыверсанту Агрызкаву прысвоілі чын старшыны — мінаючы ўсе сяржанцкія ступені. Яна ўжо намякала яму і пра ордэн, які мог бы аформіць нейкі палкоўнік Ануфрыеў. Само сабой ён рэгулярна мяняў абмундзіроўку — апошні раз атрымаў афіцэрскую, з юфтавымі ботамі. Свае растаптаныя кірзачы кінуў цераз загарадзь на суседняе лецішча. Неяк у супакоеную хвіліну начной шчырасці Анечка распавяла маладому сябру пра сваю сардэчную драму, якая перавярнула ўсё яе жаночае жыццё. Яе муж — лётчык-герой — быў рэпрэсаваны ўладарнаю службай гэтага во генерала, і, хоць яе змусілі адмовіцца ад мужа, яна склала свой хітры, па-жаночы дасканалы план яго паратунку, палову якога ўжо выканала. Праз немалыя намаганні яна здолела завабіць сабой гэтага не надта старога яшчэ генерала і амаль сталася ягонаю жонкай. Яна дужа верыла ў сілу і моц свае жаноцкай прывабнасці і меркавала, што ўрэшце даможацца мэты. Зарукай таму было яе бязмежнае каханне да бязвінна трапіўшага ў бяду героя-лётчыка, дзеля якога Анечка была гатовая на ўсё. Трымаючы яе ў сваіх няслабых абдымках, Лёшка Агрызкаў кісла ўсміхаўся ў цемры: ён дужа сумняваўся, што на месцы таго летуна захацеў бы такога паратунку. Але ў Анечкі, відаць, былі адмысловыя наконт таго меркаванні, і ён змоўчаў, яшчэ мацней прыціскаючы да сябе трапяткое цела ласкавай жанчынкі.

Пры ўсёй яе жаночай дасканаласці Анечка, аднак, не ўлічыла некаторых асаблівасцяў прафесіі генерала-мужа. Хоць той і адлучаўся з дому, але, мабыць, не пакідаў яго без нагляду, і што-нішто з яе адносінаў з кухарам яму стала вядома. Тыдзень таму, неспадзявана вярнуўшыся з камандзіроўкі, ён пакінуў свой «віліс» у пачатку вуліцы і да лецішча падышоў пехатой. У іхняй спальні наверсе жонкі не аказалася, Анечка ў той час бяспечна дасыпала сабе ў прыбудоўцы, а старшына-кухар распальваў пліту на кухні. Там жа генерал і абвясціў Агрызкаву, што яму ўсё вядома, што такія адносіны між кухарам і ягонаю жонкай недапушчальныя, і ён адсылае Аляксея ў партызанскую зону — на выпраўленне. «Куды?» — запытаў збянтэжаны кухар. У распараджэньне беларускага сябра генерала, сакратара падпольнага абкаму. «Што ж, — абыякава падумаў Агрызкаў, — мабыць, і падпольныя сакратары любяць пажарскія катлеты, не ўсе харчуюцца канцэнтратамі з маскоўскага харчкамбіната імя таварыша Мікаяна». Таго ж дня ён сабраў сваё небагатае майно і, трохі пастаяўшы перад генеральскай спальняй, дзе, замкнуўшыся, плакала няшчасная Анечка, пайшоў на цягнік. У партызанскім штабе ўжо былі ў курсе, яго чакалі…

Тумаш заснуу адразу, як толькі паваліўся долу, і, здалося, яго тут жа піхнулі ў бок — уставай. Фельчар нават не адразу сцяміў, хто гэта і дзе ён. Аказалася, будзіць яго Агрызкаў, які стаіць над ім і штосьці ціха гамоніць.

Фельчар борздзенька сеў на траве і азірнуўся. Ну і месцечка яны выбралі для начлегу! Балота не балота, але і не лес — нейкая хмызняковая няўдобіца, парослая крапівой. Мабыць, ад яе ці, можа, ад камароў надта свярбелі рукі і твар. Ужо сьвітала ці, можа, і зусім развіднела, але тут, у алешніку, было змрачнавата, смярдзела грыбной мухаморнай сырасцю, і ён настыла скалануўся са сну. Камандзір насупроць поркаўся ў сваім шматкаштоўным рэчмяшку, хлопчык Косця з маркотным выглядам стаяў зводдаль, чакаў.

— Доктар, у цябе сухарыка не засталося? — папытаўся Агрызкаў. — То дай пагрызьці. А то ў нас пуста.

Тумаш развязаў сваю не новую, з дзіркамі, атрыманую ў шпіталі тарбіну, дастаў спадыспаду два акрышаныя сухары. Адзін сухар старшына разламаў напалам, палавіну працягнуў Косцю. Той пакруціў галавой.

— Не хачу.

— Думаеш малінай пітацца? — сказаў старшына і схаваў сухар у кішэню. Побач падняўся на ногі і камандзір. Ён па-ранейшаму быў заклапочаны, нават раззлаваны з твару, начапіў на сябе майно — кірзовую сумку і рэчмяшок, дбайна паправіў гімнасцёрку пад дзягай з цяжкавата абвіслай кабурой. Увогуле ношку камандзір меў, мабыць, лягчэйшую за іхнія, падумаў фельчар, беручы з долу замакрэлую ад расы вінтоўку. Грузу ў яго ўсё ж набіралася болей за ўсіх.

— Хочаш, дам панясці, — сказаў ён да Косці, трымаючы за почапку санітарную сумку. Косця нясмела ўзяў яе аберуч, быццам паважыў.

— Не цяжкая, самы раз будзе, — запэўніў фельчар, зірнуўшы ў бок камандзіра, які строга пазіраў на яго. Але не сказаў нічога.

Хрумкаючы сухары, яны выбраліся з кустоўя на ўчарашнюю дарожку.

У хмызняковым наваколлі стаяла

золкая ранішняя цішыня, неба ўгары паволі святлела, але сонца яшчэ не было відаць. Каля вушэй ціха зудзелі камары, але не так, як учора звечару. «Мабыць, яшчэ не згаладнелі», — падумаў Тумаш. I яму чамусьці прыпомнілася, як колісь гэткім жа росным раннем ён хадзіў з вудай на возера — парыбачыць. Тады ён быў малады, нядаўна скончыў фельчарскую вучэльню і на пару з доктарам Дашкевічам рабіў у местачковым медпункце. Быў халасты, вадзіўся з местачковымі дзеўкамі і неяк аднаго лета ўлёг у рыбалку, тым болей што адразу за местачковай аколіцай разлеглася невялікае маляўнічае азярко з трысняговымі берагамі. У адным месцы трысьнёг расступаўся, і на нешырокай пясчанай водмелі каля дарогі купалася ў поўдзень і надвячоркам галасістая местачковая дзятва. Тумаш абраў сабе рыбацкі закутак наводдаль, ля дуба, паваленага бабрамі ў ваду, дзе часам браліся краснапёркі і акунькі. Але як калі. Рыбак з Тумаша быў ня надта ўдачлівы, часам за ўвесь ранак прыносіў якіх пару плотачак — кату на сьняданак. Калі-нікалі, аднак, шчасціла болей. Аднойчы ён паставіў рэкорд — тузін акунькоў, якіх і засмажыў якраз на дзень уласных народзінаў і запрасіў на пачастунак калегу — доктара Дашкевіча. Дашкевіч быў чалавек у гадах, жыў халасцяком і кватараваў у сварлівай яўрэйкі Голды, з якой апошнім часам не размаўляў, пасварыўшыся і назваўшы яе прагнай жыдоўкай. Болей пра ягоныя адносіны з гаспадыняй фельчару не было вядома, ды ён і не пытаўся пра тое, заняты сваімі клопатамі — дзяўчатамі, дочкамі Лейбы Модаля, у кватэры якога нядаўна пасяліўся. Адносіны доктара з фельчарам былі адно службовыя, чыста афіцыйныя, — такія запачаткаваў негаваркі, амаль заўсёды маўклівы Дашкевіч. Цікава, што ён ніколі і ні з кім не піў — ні на працы, калі прымаў хворых, ні на выкліках у вёсках, нават калі ездзіў да парадзіх. Тое не ўсім падабалася ў мястэчку, некаторыя не любілі доктара, казалі: ганарысты, грэбуе простым чалавекам. А тут на дні народзінаў калегі нечакана для фельчара выпіў, — можа, нават цэлую шклянку гарэлкі, бутэльку якой адмыслова для таго Тумаш купіў у сельпоўскай краме. I раптам доктар зрабіўся гаваркім, бы што ў ім прарвалася, — столькі ён нагаварыў за той вечар маладому фельчару, з жарам і болем, — і пра іхнюю занядбаную працу, і пра класавую барацьбу і калектывізацыю, пра ворагаў народу і нялюдскія органы. Аказалася, у горадзе арыштавалі доктаравага сына, навукоўца-хіміка, і бацька быў упэўнены, што бязвінна. Тумаш спярша аж спалохаўся, спрабаваў пярэчыць, не пагаджацца, але разумеў, што пярэчыць марна, доктар гаварыў праўду. Толькі пра тую праўду ў мястэчку не гаварыў ніхто, усе разумелі, але баяліся, нашто было гаварыць і доктару Дашкевічу? Хто не ведаў, што калгаснікі галадаюць, што інтэлігенцыя запалохана і прыцяла вушы, што над усім пануюць органы, якія ўзялі ў свае кіпці і партыйнае кіраўніцтва. У раёне ўжо сёмы сакратар райкама партыі, шасцёра ранейшых рэпрэсаваныя. Але рэпрэсавана і безліч калгаснікаў, дырэктар школы і дзве настаўніцы. Нашто было гаварыць пра тое? Ці доўга з такімі поглядамі можна было гуляць на волі?

Мабыць, разумеючы тое, Тумаш не здзівіўся, калі праз тыдзень, прыйшоўшы ранкам у амбулаторыю, убачыў на яе дзвярах сургучную пячатку — ноччу доктара ўзялі. На ягонай кватэры ў Голды ўсю ноч ішоў ператрус, а да амбулаторыі ў тых, мабыць, яшчэ не дапрасталіся рукі. Менавіта тады Тумаш спалохаўся: цяпер возьмуць яго. Падумаўшы так, вярнуўся дахаты, узяў сваю звітую з конскага воласу вуду і зашыўся на возеры ў самы дальні закутак. Рыба, аднак, ня брала, ды ён і не надта сачыў за паклёўкай, ягоная галава трашчэла ад страхавітых думак — што цяпер будзе? Усё ж яны там, за бутэлькай, былі толькі ўдвух. Што можа падумаць доктар? Тумаш нічога не казаў нікому, але ж у старым і вялікім Лейбавым доме, апроч гаспадароў ды іхніх дачок, былі і яшчэ кватаранты. Цераз дашчаную, абклееную старымі газетамі сцяну кватараваў з сям’ёй настаўнік грамадазнаўства Квяткоўскі, з другога боку жыў пажылы бухгалтар сельпо — ціхі і непрыкметны чалавек, прозвішча якога за два гады так і не запомніў Тумаш. Можа, іхнюю гаворку пачулі? Напэўна пачулі! Але ж на каго было наракаць?

Тумаш чакаў і баяўся арышту, але яго не арыштоўвалі — яго толькі паклікалі ў райаддзел НКВД і далі прачытаць некаторыя з выказваньняў Дашкевіча. Пытанне следчага было пастаўлена рубам: казаў тое доктар ці не? Тумаш трохі павагаўся: увогуле ўсё было запісана правільна ці амаль правільна, мабыць, адмаўляць было марна, і ён пацвердзіў: так, гаварыў. I падпісаў. Тое следчага задаволіла, яго адпусцілі, сказалі: калі будзе трэба — паклічам.

Усё лета, восень, пачатак зімы, фінскую вайну і аж да пачатку Айчыннай фельчар Тумаш жыў пад гнётам страхавітага, трывожнага чакання — калі паклічуць? Праз тое панішчылася ягонае каханне з малодшай Лейбавай дачкой, ён ні з кім не ажаніўся, — страх перасіліў усё. Як пачалася вайна і яго мабілізавалі ў войска, Тумашу ў пэўным сэнсе стала нават лягчэй — чым далей, тым болей прыходзіла ўпэўненасць, што не паклічуць. I праўда, не паклікалі, і ён пакрысе адчуў сябе, як усе, з душы зваліўся штодзённы пакутлівы гнёт. Праўда, з вайной абрынуўся другі, які, пэўна, і выцясніў першы. Але то быў гнёт чакання пагібелі, які фельчар Тумаш перажываў не адзін, а нароўні з усімі. Тут ужо наракаць не было на каго.

— Возера? — са звыклай трывогай гукнуў камандзір, убачыўшы, што Косця наперадзе спыніўся.

— Возера, ага. Я ведаю. Гэта Кузыроўскае…

Яны ўсе прыпыніліся на пагорку ў рэдкім прыазёрным хвойніку — наперадзе, між рэдкіх і стромкіх хвояў сонечна блішчэла роўная паверхня выцягнутага ўпоперак возера з аброслымі трыснягом берагамі. Пад супрацьлеглым берагам відаць быў густа парослы кустоўем невялікі астравок.

— Во і астравок. Пэўна! — узрадавана мовіў хлопец з нізка павіслай санітарнай сумкай, надзетай цераз плячо. — Цяперака трэба абысці. Тут блізка, цераз рэчку.

Поделиться:
Популярные книги

Отмороженный 8.0

Гарцевич Евгений Александрович
8. Отмороженный
Фантастика:
постапокалипсис
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Отмороженный 8.0

Наследник пепла. Книга I

Дубов Дмитрий
1. Пламя и месть
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Наследник пепла. Книга I

Отмороженный

Гарцевич Евгений Александрович
1. Отмороженный
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Отмороженный

Инкарнатор

Прокофьев Роман Юрьевич
1. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.30
рейтинг книги
Инкарнатор

Слабость Виктории Бергман (сборник)

Сунд Эрик Аксл
Лучший скандинавский триллер
Детективы:
триллеры
прочие детективы
6.25
рейтинг книги
Слабость Виктории Бергман (сборник)

Хозяйка заброшенного поместья

Шнейдер Наталья
1. Хозяйка
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Хозяйка заброшенного поместья

Золотой ворон

Сакавич Нора
5. Все ради игры
Фантастика:
зарубежная фантастика
5.00
рейтинг книги
Золотой ворон

На границе империй. Том 10. Часть 5

INDIGO
23. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 5

Адвокат Империи 2

Карелин Сергей Витальевич
2. Адвокат империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Адвокат Империи 2

Два мира. Том 1

Lutea
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
мистика
5.00
рейтинг книги
Два мира. Том 1

Черный дембель. Часть 3

Федин Андрей Анатольевич
3. Черный дембель
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Черный дембель. Часть 3

Крепость над бездной

Лисина Александра
4. Гибрид
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Крепость над бездной

Флеш Рояль

Тоцка Тала
Детективы:
триллеры
7.11
рейтинг книги
Флеш Рояль

Шесть тайных свиданий мисс Недотроги

Суббота Светлана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
7.75
рейтинг книги
Шесть тайных свиданий мисс Недотроги