Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Не, не Леніна. Чым заслужыў, тым і ўзнагароджаны, таварыш старшына.

Старшына вольна адкінуўся на мяккі мох купіны.

— А я, ведаеце, яшчэ не. Не ўдастоіўся. Хіба ў партызанах палучу.

— Палучыш. У партызанах палучыш, — няпэўна азваўся Тумаш. — Ужо героя палучыш.

— Маю намер, — сур’ёзна зазначыў Агрызкаў. — Што ж — ваяваць ды не заслужыць узнагароду? Сам жа, мабыць, нахапаў у танкавых войсках?

— Дзе ўжо нам? Мы ж — медыцына, каб ратаваць вас, дужа хвацкіх. Вунь пад Мярэфай аднаго такога героя-камбата цягнуў пад агнём да дарогі, а ён на дарозе сканаў. Ну, думаў, за героя хоць медалёк падкінуць — дзе там! За што ж медалёк, калі сканаў, праўда?

— Гэта гледзячы, як сфармуляваць, — без ахвоты да размовы уставіў Гусакоў.

— Што

сфармуляваць? — не сцяміў фельчар.

— Прадстаўленне. За адзін і той жа подзвіг можна медаль «За адвагу», а можна і Чырвоную Звязду. Гледзячы як аформлена.

— Слухай, доктар, вучыся, — зазначыў Агрызкаў. — Камандзір знае. Ён спец па фармулёўках.

Гусакоў прыпыніў размову, ён не надта любіў абмяркоўваць са староннімі свае службовыя справы. Што яны разумелі, гэтыя армейцы ці партызаны, з яго штабное спецыфікі, якую і ён спасціг не адразу. Спатрэбіўся час, праца і трыванне. Не абышлося без памылак і промахаў, — мабыць, як і ў кожнай адказнай справе.

Ва ўзнагародным аддзеле Гусакоў служыў без малога год — афармляў прысланыя з партызанскага тылу прадстаўленні, правяраў правільнасць фармулёвак і запісаў, вёў картатэку і строгі ўлік дакументаў на ўзнагароджаных. I ўсё — сакрэтна і абсалютна сакрэтна, як і належала ў адказнай штабной службе. Гэта толькі недасведчанаму магло здацца, што справа тая простая і для пісьменнага чалавека не мае вялікіх цяжкасцяў. Перадрукоўвай на добрай паперы прысланыя з часцей і злучэнняў рапарты, падкладвай у генералаву папку на подпіс ці зацвярджэнне — і ўсё. Часам забываюць, што ёсць яшчэ сакратарыят прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, ёсць дзяржкантроль і парткам, ну і асобы аддзел — як і паложана — і ўсе кантралююць і правяраюць з правам ануляваць ці вярнуць на выпраўленне памылкі. У адным дакуменце, напрыклад, напісалі Ціхмянёў, а ў іншым Ціхмянеў. Невялікая недакладнасць, як быццам, а яму, начальніку аддзела, давялося атрымаць вымову. Якраз напярэдадні дня Чырвонай Арміі, калі ўсе ў штабе атрымалі віншаванні і падзякі ў загадзе, а ён у іншым загадзе — вымову. Вось табе і нязначная граматычная памылка.

Горш за ўсё, што ягоная служба неяк выпала з усіх статутаў і нічым не рэгламентавана, што давала яму шмат магчымасцяў для ініцыятывы, але змушала і рызыкаваць. Ад ягонага ўмельства і сумлення залежала шмат што, у тым ліку і вырашэнне галоўнага пытання: узнагародзіць ці не? Ягоны папярэднік Усачоў меў нешчаслівую руку і што ні аформіць — няўдала, вяртаюць назад ды яшчэ з рэкламацыяй, за якую яму — спагнанне. Яно і зразумела. Калі напісаць, да прыкладу, што камандзір атраду добра кіраваў боем, паспяхова ўзяў які населены пункт, дзе было забіта 12 паліцаяў і 2 узяты ў палон, — хто такому герою дасць ордэн Чырвонага Сцягу? Трэба трошкі паправіць, — зусім нязначна, але істотна. Найперш указаць сацыяльнае паходжанне камандзіра — тое, што ён з рабочай сям’і, што член ВКП(б). Калі беспартыйны, тое лепш не ўказваць, проста партыйнасць апусціць. Замест 12 забітых паліцаяў лепш указаць 21 гітлераўца. Розніца невялікая, а ролю іграе выдатную. Ну і абавязкова ў канцы дадаць (з чырвонага радка), што справе Леніна-Сталіна адданы, гэта галоўнае і дужа шмат значыць у вачах сакратарыята ВС, дзярж— і парткантролю, асобага аддзела таксама.

На пачатку ягонай службы ў аддзеле, калі ён яшчэ не набраўся пэўнага вопыту, было некалькі выпадкаў, што ўзнагароду зніжалі, і тое выклікала абурэнне партызанаў. Але здарыўся і выпадак, калі ордэн падвысілі адразу на тры ступені. Гэта калі замест «Айчыннай вайны» партызану-снайперу далі ордэн Леніна. Тады ён ажно спалохаўся, бо прычынай таго стаў недагляд машыністкі, якая замест 28 забітых снайперам фашыстаў выдрукавала 82. У аддзеле быў вялікі спалох, але нядоўгі: скаргі з месца не паступіла, бо хутка і камандзіра таго снайпера няблага ўзнагародзілі.

Зноў жа трэба ўлічваць, каго ўзнагароджваюць. Калі радавых партызанаў, ну там падрыўнікоў, разведчыкаў ці падполыячыкаў, можна ня дужа дбаць — гэтым што дадуць, тое і добра. А калі камбрыгаў ці камісараў? Не дай Бог камісару брыгады аформіць меншы ордэн, чымсьці камбрыгу. А то прышлюць голы тэкст кшталту: вёў

вялікую палітмасавую работу па згуртаванні партыйнай арганізацыі атраду (ці брыгады), натхняў масы на выкананне задачаў, пастаўленых таварышам Сталіным у загадзе нумар такім. А дзе канкрэтыка? Начальства патрабуе канкрэтыку. I тады начальнік аддзелу капітан Гусакоў сядае за стол і піша: сакратар падпольнага бюро (райкаму, абкаму, акружкаму) у самы рашучы момант бою асабістым прыкладам павёў людзей у контратаку, сам лёгшы за кулямёт, знішчыў 127 эсэсаўцаў, астатніх абраціў у бегства. Тое падабалася і гарантавала ўзнагароджанне высокім ордэнам Чырвонага Сцягу. Звычайна герой і не падазраваў, каму абавязаны, думаў: непасрэднаму начальніку, які прыслаў на яго малапісьменную цыдулку. Але капітан Гусакоў не мае ніякіх ні да кога прэтэнзіяў, ён выконваў свой вайсковы абавязак — не болей.

Трошкі, праўда, рабілася крыўднавата, Кусала самалюбства. Столькім героям ён забяспечыў урадавыя ўзнагароды, а сам як атрымаў летась ордэн Чырвонай Зоркі, так з ім і хадзіў, нібы які камандзір узводу, а не працаўнік Цэнтральнага штабу. Можа, з тае прычыны ён і папрасіўся ў гэтае дэсантаванне, хоць і разумеў, колькі яно ўтойвае небяспекі. I яго зразумелі. Генерал Кругляк з аддзелу кадраў аўтарытэтна сказаў: едзь! Вернешся — узнагародзім. Што ж, дзякуй. Трэба толькі вярнуцца.

Была, аднак, у гэтай яго камандзіроўцы і яшчэ адна асаблівасць — пільная нутраная патрэба рэабілітавацца, ці што? Мабыць, у адным канкрэтным выпадку, афармляючы высокі ордэн, ён перастараўся. Увогуле ўсё адбылося гладка і паспяхова, начальнік атрымаў узнагароду, яго віншавалі і нават надрукавалі ў газетах. А потым… А потым таго начальніка ўзяў асобы аддзел, а Вярхоўны Савет ануляваў сваю ўзнагароду. Пачалося расследаванне, Гусакова выклікалі, дапытвалі. Не тое, каб наклалі спагнанне, ды ўсё ж узялі пад падазрэнне. Тут ён прызнаўся найперш самому сабе, што спудлаваў, паспяшаўся. Мабыць, ніколі не трэба спяшацца, самому дзешавей абыдзецца. Але ж тады хто ведаў? Усё ведаюць хіба адны органы…

Косця таксама акрыяў душой, калі ўбачыў знаёмае возера. Тут яны летась спыняліся, як ездзілі на станцыю, паілі каня. Праўда, што знаходзіцца па той бок возера, хлопец ня ведаў, але напрамак на Багавізну адсюль вызначыў пэўна. Толькі ці далёка было да яе, сказаць таго ён не мог.

Па балоце ён ішоў разам з камандзірам, між куп’я па імшарыне тое было няцяжка. Санітарная сумка трохі муляла на ягоным плячы, ды нішто; ужо ён яе як-небудзь данясе. Тым больш, адпачыўшы ў цяньку пад кустом. Каб яшчэ што-небудзь з’есці. Але ежы тут не было, апроч хіба журавінаў. Ды хіба журавінамі пад’ясі?

Горш тое, што хацелася піць.

Можа, і дзіўна будзе каму гарадскому, што тут, на балоце, не было дзе напіцца, але пэўна так. Рэчка болей ім не трапляла, а вада з-пад імху была дужа непрывабная — рудая, з балотнай церухой, такой не пап’еш. I ён мусіў трываць, адно імкнучыся наперад, каб як-небудзь дапнуцца да берага гэтага бясконцага балота. Ён быў упэўнены, што Багавізна блізка.

Адпачыўшы на купіне, яны зноў рушылі па хмызняковай імшарыне. Але неўзабаве збавілі хаду і нават спыніліся — камандзір здорава праваліўся праз мох у багну, спярша адной, а затым і абедзвюма нагамі. Косця памкнуўся яму памагчы, ды і сам загруз босымі нагамі да самых каленяў. Тут яны агледзеліся, што наперадзе? Наперадзе аказалася яшчэ горш — пачыналася сапраўдная багна з асакой, аерам, вадзянымі вокнамі і дрыгвой.

Але што было ім рабіць? Ці, можа, вяртацца назад, ці спрабаваць прабірацца па гэтай дрыгве? Вяртацца, вядома, нікому не хацелася, і камандзір, пару разоў вылаяўшыся, сказаў:

— Трэба выламаць палкі. З палкамі надзёжна! У блізкіх кустах яны павыламвалі сабе крывулякі-палкі, якімі пачалі пароць у мох і ваду — мацаць дно. Ботаў ужо не скідалі, не было патрэбы, бо там даўно ўжо чвякала і сіпела — набралася вады. Пакрысе намоклі і штаны — у Косці ажно да пояса. Босыя Косцевы ногі лёгка правальваліся ў дрыгву, затое лёгка і выцягваліся з яе. Не тое што ў Тумаша, які аднойчы згубіў свой кірзач. Пасля доўга лаяўся і шукаў у багне палкай, ды ўрэшце дастаў змакрэлай да пляча рукой.

Поделиться:
Популярные книги

Рота Его Величества

Дроздов Анатолий Федорович
Новые герои
Фантастика:
боевая фантастика
8.55
рейтинг книги
Рота Его Величества

Адептус Астартес: Омнибус. Том I

Коллектив авторов
Warhammer 40000
Фантастика:
боевая фантастика
4.50
рейтинг книги
Адептус Астартес: Омнибус. Том I

Нападающий

Хуанг Ана
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Нападающий

Вамп

Парсиев Дмитрий
3. История одного эволюционера
Фантастика:
рпг
городское фэнтези
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
Вамп

Бестужев. Служба Государевой Безопасности. Книга вторая

Измайлов Сергей
2. Граф Бестужев
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Бестужев. Служба Государевой Безопасности. Книга вторая

Глинглокский лев. (Трилогия)

Степной Аркадий
90. В одном томе
Фантастика:
фэнтези
9.18
рейтинг книги
Глинглокский лев. (Трилогия)

Надуй щеки! Том 5

Вишневский Сергей Викторович
5. Чеболь за партой
Фантастика:
попаданцы
дорама
7.50
рейтинг книги
Надуй щеки! Том 5

Жандарм 2

Семин Никита
2. Жандарм
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Жандарм 2

Барону наплевать на правила

Ренгач Евгений
7. Закон сильного
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барону наплевать на правила

На границе империй. Том 5

INDIGO
5. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
7.50
рейтинг книги
На границе империй. Том 5

Имперский Курьер. Том 4

Бо Вова
4. Запечатанный мир
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Имперский Курьер. Том 4

Эволюционер из трущоб. Том 6

Панарин Антон
6. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб. Том 6

Найти себя. Трилогия

Эс Евгений
Найти себя
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Найти себя. Трилогия

Тайный наследник для миллиардера

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
5.20
рейтинг книги
Тайный наследник для миллиардера