Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
— Тата, ты гэта — чакай паіць. Хай пастаіць яшчэ.
— Хай пастаіць. Я не цяпер.
— Ага. А то… Хутка ехалі, спацеў. Ну дык возьмем патроху.
Яны і яшчэ выпілі — ахвотна Вайцяшонак і быццам праз сілу Азевіч. Ён даўно ўжо не піў гарэлкі, і цяпер тая дужа ўдарыла ў галаву, стала непрыемна тлумна і адначасна трывожна — можа, не трэба было заходзіць яму да гэтага Вайцяшонка. Але і куды заходзіць? Не, усё ж той не гэткі, як можа здацца. Ужо ён не выдасць. Каб гэта яго можна было падахвоціць да барацьбы?
Бакоўка была акенцам у агарод. За рамай відаць было блізкае сучча вішанніку, якое дужа гойдалася на ветры, і Азевіча,
— Калгас разбегся? — запытаўся ён, каб не чапаць дужа асабістае.
— З першага ж дня, як нашы адышлі. Падзялілі зямлю, жывёлу. Ураджай збіралі аднаасобна. Малацілі кожны сабе. Праўда, не было дзе — гумнаў жа мала асталося. Мы дык у трысцене неяк памалацілі.
— А нарыхтоўкі?
— Нарыхтоўкі само сабой. Як у калгасе. Адвезлі. I яшчэ асталося.
— I многа асталося?
— Ды болей, чым пры калгасах. Можна сказаць, сёлета з хлебам мужыкі будуць. Не тое што раней: трыста грамаў на працадзень. Вунь у тым годзе бацька каней даглядаў. Зоська ў палявой рабіла. Пайшоў на канчатковае размеркаванне — прынёс у торбачцы. Заробак за ўвесь год.
— У вас бедны калгас, — сказаў Азевіч.
— Бедны. А дзе ён — багаты? «Пагранічнік»? Ну там багацей, бо землі лепшыя. Там на працадзень далі па паўкіло. А ў астатніх? Галеча.
«Канешне, небагата, бедна жылі, хлеба хапала толькі да вясны. Бульбы таксама. Але пра тое тады не надта каб гаварылі, дбалі аб адным: як даць план, выканаць пастаўкі, сплаціць падаткі, самаабкладанне, заём. Лічылі, што сяляне як-небудзь пракормяцца — з агародаў, ад каровак. Першай запаведдзю было забяспечыць горад, выканаць свой абавязак перад дзяржавай».
— Але ж хто будзе ваяваць? — сказаў Азевіч. — Ці так і застанемся пад немцам?
— А гэта ўжо як хочаце. Мне і пад немцам няблага. Можа, лепей нават.
— Во як! — вырвалася ў Азевіча.
— А што! Што я заслужыў у Саветах. Рабіў, як пракляты, у райкоме, ночай не спаў, недаядаў, лётаў па раёне. Калектывізацыя, індустрыялізацыя, барацьба класавая. А што зарабіў? Турму. Знаеш, як мяне там білі? Гумовым шлангам па нырках, алоўкі між пальцаў заціскалі. Ды яшчэ прызнавайся ім чорт ведае ў чым. Што ў арганізацыі беларускіх фашыстаў састаяў. Нідзе я не састаяў — я быў чэсны бальшавік! Бядняцкі сын. Інвалід з дзяцінства.
— Аднак добра — выпусцілі.
— Выпусцілі? А як выпусцілі? Спаскудзіўшы цела, і душу выпусцілі. Яны ж мяне ў сексоты падпісалі.
Азевіч вельмі здзівіўся — не таму, што Вайцяшонка завербавалі ў сексоты, а што той пра гэта гаворыць. Ніколі нідзе ніхто яму ў тым не прызнаваўся — а гэты, глядзі, прызнаецца. Хаця, цяпер чаго ўжо баяцца? Сапраўды, баяцца цяпер не было чаго — Азевіч яму не пагражаў ні з якога боку.
— Так што бачыш, я агент НКВД. А ты, можа, таксама агент? — раптам сказаў Вайцяшонак, збоч стала ўтаропіўшыся ў яго.
— Не, што ты…
— Канечне, ты не прызнаешся. А мне чаму не прызнацца свайму чалавеку. Я ж — не немцу, праўда? — з гумарам сказаў Яўген.
— Я ўсё ж думаў, ты чалавек надзейны. Памятаю, як рабілі…
— А я і надзейны. Не бойся, не выдам. Не пабягу да Дашэўскага. А і лісткі вашы клеіць на сцены не буду. Вунь у Залессі паклеілі — хлопцы з сямігодкі.
Азевіч напружана думаў, хаця ягоны даўні сябрук збольшага стаў яму зразумелы. Апёкся Вайцяшонак на Савецкай уладзе, па сваёй віне ці па чужой — невядома. Але, мабыць, цяпер іхнія шляхі канчаткова разыходзіліся. Яўген тут застанецца — гаспадарыць на бацькавым падворку, даглядаць каня, малаціць, карміць курэй і свіней. Школа сапраўды, мабыць, для яго скончылася, вернецца да вытокаў, у адвечную сялянскую стыхію, якой не дабраў у маладосці. Што ж, можа, тое і няблага. Калі б не вайна, дык, напэўна, было б і няблага. Але во вайна, і яму, Азевічу, з яе абдымкаў, мабыць, не вырвацца. Яна ўгрызлася ў яго зубамі і кіпцюрамі, узяла яго з мінулага, звязала сучасным. Куды яму падацца цяпер?
— Ведаеш, — сказаў ён, — ці не мог бы ты мне дазволіць перахавацца ў цябе? На які тыдзень?
— Перахавацца? — перапытаў Яўген і ўслухаўся. У пакоі тупалі крокі, гэта часам хадзіў туды-сюды бацька. А ўвогуле скрозь было ціха. — Не, не магу. Даруй, алене магу.
Ён устаў з зэдліка, пастыргікаў у хату, хутка вярнуўся з партабакам і запалкамі.
— Закурыш? Не? Ах, ты ж і тады не курыў. Не навучыўся… Знаеш, не магу я цябе перахаваць. Калі што — падумаеш, выдаў. Зноў жа, у мяне бацька, сястра. Я ж і пра іх мушу думаць. Так што ты ўжо дзе-небудзь у іншым месцы. У якога акцівіста. Я, знаеш, ужо не акцівіст.
— Не акцівіст, — раздумна зазначыў Азевіч.
— Хлеба, ну там харчоў — гэта калі ласка. Гэта цяпер у нас ёсць. Еш і з сабой дам. А перахаваць — прабач.
Ён прыкметна спахмурнеў ад тае Азевічавай просьбы, апанурыўся ў душы і Азевіч. I што яму было рабіць цяпер — хоць каб пераначаваць да ранку? Але ўранку як пойдзеш па вёсцы? Убачаць, пазнаюць. Ды і не дасць ён тут пераседзець да ранку.
— Ну, што ж, дзякуй за вячэру.
— А ты, калі не сакрэт, куды пуць дзержыш? У якую старану?
— Не, гэта ўжо сакрэт, — сказаў Азевіч. У яго ўжо прапала ахвота размаўляць з ім — новы клопат агартаў яго. Сапраўды, куды было падацца далей? — Ну, што ж, тады жадаю ўдачы, — з непрыхаванай іроніяй кінуў Азевіч і ўскочыў на ногі. Трэба было ісці, пакуль яшчэ было можна. А то ці мала што можа надумаць гэты Вайцяшонак. Той таксама падняўся з зэдліка, скасабочыўся ля стала на карацейшай назе.
— Ат, якая там удача! Абы галаву зберагчы!
— Ну беражы!
Больш не сказаўшы нічога, Азевіч выйшаў з хаты на Вайцяшонкаў падворак. Ноч ужо добра ўсталявалася над вёскай, хляўкі побач зусім патанулі ў цемрыве, толькі трохі шарэла неба ўгары, закрапанае голым суччам высокіх дрэў. Куды ісці далей, ён не надумаў, але, можа, інстынктыўна завярнуў у глыб падворка, пералез цераз плот, уваліўся ў нейкую яміну з хворастам ці сухім быльнёгам. Калі выбраўся з яе, адчуў, што на правым боце зусім адстала падэшва. Яна і да таго была адарваная, але трохі з наска, а тут адвалілася ледзь не да абцаса і цяпер недарэчна чаплялася за дол. «Каб цябе…» — вылаяўся Азевіч, узіраючыся ў цемрыва, каб знайсці якую праломіну ў плоце — трэба было яшчэ вылезці і з агарода. Праломіны ён не знайшоў, але, наткнуўшыся каленямі на калючы дрот, перажыркнуў яго і апынуўся на травяністай роўнядзі, зразумеўшы, што гэта сенажаць. Ступаць тут было зручней, каб не тая падэшва, і ён узяў накірунак у поле — прэч ад вёскі.