Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
Але ён усё разглядваў, не адчуваючы марозу, — і маленькія гузічкі з зорачкамі і востры ладны пупок наверсе. I гэта — ад Паліны. Дарма кажа, што ад жанаддзела, — якія ў яго адносіны да жанаддзела, дзе ён нікога не ведаў? Ён проста быў надта ўзрушаны і здзіўлены, каб нешта пытацца ці нават падзякаваць. Але трэба было запрагаць каня, і ён аберуч ашчадна надзеў на галаву будзёнаўку, — аж горача стала ад няёмкасці. Тая аказалася трохі цеснаватая на галаве, але нічога. Прыносіцца Цяпер ён сапраўды, мусіць, падобны на чырвонаармейца ці якога начальніка, цяпер ён не проста возчык, выканкомаўскі фурман. Зачаткі ганарлівага пачуцця варухнуліся ў ім і прапалі. Паліна ж не вельмі любавалася ім — крутанулася і пабегла ў выканком, а ён тады азірнуўся. Побач заварочваў свой вазок Волкаў. «Падаруначак атрымаў? — неяк з намёкам прагудзеў стары фурман. — Ну, ну…»
Яны трохі пастаялі на выездзе з падворка, чакалі. Мусіць, усе паязджане ўжо сабраліся, ды нешта не спяшаліся на мароз з выканкома, з паўгадзіны раіліся там у кабінеце старшыні. А як там скончылася
Выехалі ўсе разам, але за Выганкамі раз’язджаліся ў двух кірунках. Заруба з Палінай кіравалі ў лясны бок раёна, а два іншыя вазкі паварочвалі на Аб’ездзе. Паліна ў дарозе амаль не размаўляла, як заўжды, маўчаў і Заруба. Ягор, дужа няёмка адчуваючы сябе перад імі ў неспадзяванай будзёнаўцы, таксама маўчаў. Ён думаў, Заруба папытае, дзе ён узяў такую шыкоўную шапку, ды той быццам і не заўважыў яе. Затое заўважалі сустрэчныя. Трое саней з дзядзькамі і кабетамі спаткаліся ім на шляху, і, як згледзеў Ягор, усе кіравалі свае позіркі найперш на яго, возчыка ў будзёнаўцы. Пасля ўжо на Паліну і Зарубу. Гонару ў Ягору ад таго прыбаўлялася, і ён рашуча кіраваў канём, размінаючыся на вузкай дарозе.
Першы сход праводзілі ў Аб’ездзе ў школе. Якраз была нядзеля, дзяцей не вучылі, сабралася нямала народу — ці не з усяго сельсавета. Ягор валэндаўся з канём, на сход толькі заскочыў. Зірнуў адным вокам цераз людскія галовы — на сцэне за чырвоным сталом пад кумачовымі лозунгамі сядзелі з паўтузіна мужчын і сярод іх — Паліна, маленькая, счырванелая з твару ад нядаўняй сцюдзёнай дарогі і прывабная. Выступаў Заруба. Гаварыў якраз пра класавую барацьбу на вёсцы, пра супраціўленне кулака, якога трэба было сцерці бязлітаснай рукой пралетарскай дыктатуры. У гэтай справе Заруба быў бязлітасны. Ягор ужо ведаў, што той паходзіў з віцебскіх рабочых і бацька яго быў рабочы. А тут скрозь сяляне — беднякі і сераднякі… Добра яму, быўшы рабочым, заклікаць да калгаснага ладу. Не разумеюць яго сяляне. Чаму — Ягор не мог зразумець таго. Колькі іх ні заклікалі да будаўніцтва лепшага, заможнага калгаснага жыцця — не ішлі да яго, упарціліся, калгасы арганізоўвалі з вялікаю неахвотай, пад націскам партыйцаў. Нават і ў ягонай Ліпаўцы ўсё не маглі сарганізаваць калгас, і Ягору ад таго было нават ніякавата перад старшынёй выканкома за сваіх землякоў. Мусіць, трэба б неяк з’ездзіць туды, даўно не быў. Але ўсё не выпадала. Дарогі кіравалі ў іншы бок — раён быў вялікі, раскіданы ледзь не на паўсотню вёрст ад мястэчка.
У другой палове дня правялі і яшчэ адзін невялікі сходзік у прыдарожнай вёсцы, дзе адразу запісалася ў калгас якраз палавіна насельнікаў. Але Заруба казаў, што тое — ненадзейна. Яны ўжо не першы раз запісваюцца, а як начальства паедзе, тыя спісы дзесь прападаюць. Крадзе нехта. I зноў збіраюць сход і зноў агітуюць нанова.
Вечаровы сход было вырашана правесці ў вялікай залеснай вёсцы Трыкунах, каб там жа і заначаваць. Тут не было школы, мужыкоў сабралі ў нечай вялікай хаце, пасастаўлялі лаўкі. У застоллі было чацвёра: Заруба з Палінай і двое мясцовых — старшыня сельсавета і, мусіць, настаўнік — малады хлапец з нейкім нядобрым, худым, бы сухотным, тварам. Ён выступаў другім, пасля старшыні сельсавета, і такога нагнаў на сялян страху, што тыя прыціхлі, бы ў царкве, ніхто і не кашлянуў; А той палохаў ГПУ, пасля Сібір’ю, пасля пралетарскай дыктатурай. Ягор стаяў у парозе, не знімаючы сваёй будзёнаўкі, на яго некаторыя азіраліся, асабліва дзеўкі, але ён трымаў сябе незалежна і адно таемна любаваўся Палінай. Тая была ўсё ў сваім палітончыку, толькі ссунула хустку з беленькіх, высока падстрыжаных валасоў і, вядома, была тут прыгажэйшая за ўсіх дзевак. Часам яна пазірала ў парог і тады неўпрыкмет аднымі вачмі ўсміхалася яму. Ягор быў шчаслівы, толькі ў глыбіні душы штосьці трывожна ныла, быццам балела нават. I ён здагадваўся, чаму балела, як толькі ўяўляў перад сабой наіўную далікатную Настачку. Але хіба можна было параўнаць Настачку з Палінай? Варта было паслухаць, як гэтая выступае перад сялянамі, нават лепш за Зарубу. Той нібы граў на гармоніку — басавіта і патрабавальна, а Паліна — нібы на скрыпачцы — сардэчна, дужа пераканаўча, нават пранізліва, асабліва як звярталася да жанчын і абяцала ім шчаслівую долю. Тады здавалася, Паліна ўжо бачыць тую долю і вось-вось раздасць яе ўсім жанчынам і дзеўкам, што сабраліся ў той хаце. Толькі трэба было ўступіць у калгас, іншай дарогі для савецкіх жанчын няма. Па заканчэнні яе прамовы вясковыя дзеўкі дружна білі ў ладкі. Мужчыны, аднак, сядзелі не крануўшыся. У мужчын быў свой клопат.
Тым не менш калгас у Трыкунах арганізавалі. Праўда, уступілі не ўсе, нават не палавіна, але Заруба сказаў, што важна пачаць. Пачатак жа быў зроблены, і яны позна ўвечары паехалі ў канец вёскі да старшыні сельсавета. Там Ягор уладкаваў каня, паставіў у хлявок, напаіў
Рэшту тае вячэры Ягор сядзеў за сталом добра-такі захмялелы, вельмі хацелася спаць, але ён неяк трымаўся, слухаючы размову. Зрэшты, размаўлялі болей мужчыны, нават болей гаварыў Заруба, хоць і не так, як на сходзе, — разважна, нешматслоўна, але ўпэўнена. Гаспадар слухаў, часам круціў галавой — ад клопату ці нязгоды. Што-нішто хуценька ўстаўляла Паліна. Гаспадыня і яе дачка болей стаялі ля печы ці падавалі-прымалі міскі, у размову не ўмешваліся. На нейкім часе Ягор задрамаў, ці што, і гаспадар сказаў да яго: «Ішоў бы спаць, прытаміўся, мабыць». — «Ідзі, ідзі,— сказала і Паліна. — Чаго мэнчыцца!» I ён устаў з-за стала, пайшоў за гаспадыняй у трысцен.
У трысцене было не так і сцюдзёна (нават цёпла ў параўнанні з яго стадолай), у куце стаяў ложак, засланы стракатай коўдрай з пульхнай, як пагорак, падушкай, і ляжаў кажух.
Ягор трохі распрануўся, зняў боты, Штаны, шкарпэткі і лёг пад кажух. Як лёг, дык, мусіць, і заснуў — адразу і глыбока.
Невядома, колькі ён спаў, але прабудзіўся раптоўна і амаль спалохана — хтось да яго поркаўся, ці што. Ягор, прахапіўшыся, спрабаваў сесці, ды пачуў знаёмы сцішаны голас: «Ну чаго, чаго, ляжы, дурненькі… Напалохаўся? Пасунься крыху…» Ён ледзьве не задыхнуўся ад хвалявання, пасунуўся і ляжаў, змярцвеўшы ад новага невядомага пачуцця, якое раптоўна ахапіла яго. У думкі неспадзявана шыбанула пытанне «Навошта?», але яно тут жа і аслабла без адказу, бадай знікла. Вялікая няёмкасць асталася, ды Паліна, бы не адчуваючы ніякай няёмкасці, ужо ўладкоўвалася пад касматай палой кажуха, гулліва шэпчучы яму ў самае вуха: «Не палохайся, не палохайся, я не мядзведзь, не з’ем цябе, такога вялікага. Хачу пагрэцца каля цябе, а то напаілі і кінулі аднаго ў гэтую лядоўню… Ну, пагрэй мяне…»
«Што яна кажа? Нашто?» — білася ў яго галаве ўсё тое ж пытанне, і ён змярцвелай рукой дужа няспрытна абняў яе за худзенькія плечы і тут жа адчуў на сваей шчацэ яе далікатны, пяшчотны пацалунак. Яна гарнулася да яго і нешта шаптала, а ён не мог суняць трапятанне сэрца і ляжаў, бы палена. Мусіць, трэба было на штось наважыцца — на самае рашучае, ды не хапала адвагі. Паліна і вабіла яго і адбірала волю адначасна. Неяк, аднак, быццам без ягонае волі ўсчалася дыхавічная валтузня. Ягор усё баяўся, што яна закрычыць і вырвецца. Але яна не крычала, яна толькі шаптала штосьці незразумелае і гуллівае. Як урэшце адбылося тое, зусім недарэчнае, мусіць, і ён сціх, стаіўся пад самай сцяной, і яна лягла ля яго трохі вальней, абое трудна аддыхваліся. Пасля яна папыталася: «Не спіш?» — «Не, што ты!» — «Ты такі вялікі і такі…» — «Які?» — «Няўклюдны такі… Бы мядзведзь». — «А ты, знаеш, дужа харошая…» — «Канешне, харошая. А ты думаў… Благая, ці што? Слухай мяне і ты будзеш харошы малады бальшавік. Хочаш стаць бальшавіком-сталінцам?» — «Ды я канешне. Але…» — «Што — але?» — «Ну, з сялян я. Калі б рабочы». — «Не мае значэння, калі і з сялян. Ты ж з беднякоў, мабыць?» — «Ну гэта, бацька серадняком лічыцца». — «Серадняком — гэта горш. Але каб не з падкулачнікаў. Не падкулачнік жа, ага?» — «Не, не падкулачнік». — «Каб стаць сапраўдным партыйцам, бальшавіком, трэба заслужыць. Гэта не проста». — «Ды то я ведаю, канешне…» — «Я во з мяшчанаў. У мяне ж бацькі ваўначоску ў Дзвінску мелі. Зусім несвядомыя былі, у Бога верылі. А я во, заслужыла. Прынялі ў ВКП(б), кандыдатам, праўда. Ну, але прымуць і ў члены, нікуды не дзенуцца».
Яму ўвогуле падабалася гэтая яе ўпэўненасць, ды ён і не сумняваўся, што прымуць і ў члены. Каб такую ладную адукаваную жанчыну да не прыняць! Ён ведаў, што прымалі і не такіх — нават цемнаватых і малапісьменных. Праўда, затое ўдарніц ці актывістак, як на льнозаводзе. А гэта ж такая разумненькая, да таго ж прыгожая. Нездарма са школы, дзе яна працавала адну зіму, адразу ўзялі ў жанаддзел райвыканкома. Цяпер яны разам з старой Шацман кіруюць усімі жанчынамі ў раёне. Во якая Паліна! I гэтая жанчына цяпер ляжыць з ім пад адным кажушком, гэтак міла лашчыцца да яго і цалуе. Няўжо яна пакахала яго? А чаму б і не! Што ён, які няўломак — дужы і рослы хлапец, не дурнейшы за іншых. Можа, сарамлівы крыху, нясмелы, асабліва з дзеўкамі. Але, кажуць, некаторыя дзеўкі нават любяць такіх, сарамлівых. Каб не нахабных. Значыць, і ён варты кахання, і вось яно — побач. Ад тае салодкае думкі зрабілася радасна і ганарліва, ён ажно пабольшаў ва ўласных вачах. «I гэта… Даўно ты пакахала мяне?» — нясмела папытаўся ён і знерухомеў у цемры. «Адразу, як убачыла», — хуценька адказала яна. «Праўда?» — «Анягож. Іначай хіба я прыйшла б да цябе і гэтак… аддалася». — «Ну, то дзякуй», — сказаў ён у замілаванні. Яна ціхенька і радасна засмяялася. «Дзякуем не адкупішся». — «А чым жа?» — «Каханнем, мядзведзька, каханнем…»