Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
Іван пачаў хмурыцца, часам ледзьве падаўляў у сабе, здавалася б, беспрычынную злосць, заўважаючы, як ажывілася, павесялела Анютка, як не-не ды і забяжыць яна па якой-небудзь справе ў тую бакоўку. Маёр таксама прыкмеціў спрытненькую сястру і рознымі адзнакамі ўвагі пачаў вылучаць яе сярод іншых. Аднойчы ўвечары яна даўжэй, чым заўжды, затрымалася там. Маёр нешта ўсё расказваў ёй пра музыку, пра нейкую оперу. Анютка слухала, перапытвала і наогул з празмернай цікаўнасцю аднеслася да яго расказу. Нават спазнілася з дакладам дзяжурнаму і атрымала за тое па тэлефоне вымову.
З таго вечара яна ўжо зусім стала ранейшаю: з бесклапотнаю
Але, відаць, ён памыляўся, супакойваючы сябе. Неўзабаве хлопец прыкмеціў, што Анютка не хоча нават сустракацца позіркам з ім і што ёй настойліва карціць зазірнуць за просціны.
Так мінула яшчэ некалькі дзён.
Аднойчы Анютка рабіла маёру ўкол. Быў ранак, яшчэ слаба развіднела, і па той бок занавесак мігцела «кацюша». Чуйны да кожнага руху ў бакоўцы, Іван хваёвым венікам вымятаў земляны праход у палатцы, як раптам згледзеў на просцінах вельмі красамоўныя цені.
Бачна было, Анютка спалохана рванулася з учэпістых рук маёра, але затаілася і не крыкнула. Іван міжвольна скалануўся, нібы яго працяло токам, потым з невядомаю злосцю вылаяўся, кінуў пад ногі венік і пляснуўся ніцма на свій праседжаны ложак.
Ён ляжаў доўга і не чуў, што рабілася ў палатцы, не ўстаў снедаць, а калі ранішняя мітусня ўлеглася, сабраў сваё адзенне, завязаў рэчмяшок і, ні з кім не развітаўшыся, пайшоў на дарогу.
Апоўдні ён быў ужо ў роце.
Старшына, які праз дзень ездзіў у медсанбат па яго прадатэстат, прывёз адтуль непрыгожую плётку пра загадкавы Цярэшкаў выбрык. Хлопцы трохі пакпілі ды і супакоіліся, а Іван усё моўчкі курыў. Ён думаў, што ніхто не зразумее, што адбываецца ў ягонай душы.
15
Першым яго адчуваннем са свету рэальнага была цеплыня.
Нават не цеплыня, а спёка, духата, парнасць. У дрымотнай свядомасці мроілася, быццам ён ляжыць на насілках у санбаце ля бочкі-печы, якую так неміласэрна расшураваў Ахметшын. Пякло, праўда, не толькі ногі, а болей галаву і плечы. Хлопец адчуваў на сабе ліпкую макрэдзь поту, вельмі хацелася павярнуцца, чымся засланіцца ад гэтай знясільваючай спёкі, і ўсё ж санлявая знямога агортвала так моцна, што не было магчымасці нават расплюшчыць вочы.
Так ён пакутаваў у дрымоце доўга, і сон тым часам пачаў адступаць, а розум патроху абуджацца і завалодваць стомленым целам. Іван паварушыўся, пацягнуўся, адкінуў руку і нечакана адчуў далонню росную прахалоду травы. Гэта здзівіла яго. Хлопец з намаганнем расплюшчыў вочы, і першае, што ўбачыў, была ярка-чырвоная кветка ля твару. Нахіленая ў бок святла, яна ўлюбёна падстаўляла сонцу свае чатыры шырокія глянцавітыя пялёсткі, на краі аднаго з якіх ірдзела-іскрылася, гатовая вось-вось упасці, чысцюткая, як сляза, кропля. Лёгкі, мусіць, ранішні ветрык
Увесь вялізны прасторны сонечны схіл ззяў шырокім, як возера, ярка-пунсовым разлівам альпійскага маку.
Буйныя, лапушыстыя, пэўна, не таптаныя нагой чалавека, узгадаваныя вялікаю шчодрасцю прыроды мільёны кветак пераліваліся ўрачыстаю чырванню, ціха варушыліся на слабым ветрыку і імкнулі далёка ўніз, на ўвесь прасцяг гэтага затуленага гарамі лугу — аж пад самы цёмна-зялёны хваёвы масіў. Іван, аднак, зірнуў далей, наперад, куды трэба было ісці, і ўраз спахмурнеў. Далёка за далінай снегавымі разводамі сінеў усё той жа высачэзны Мядзведжы хрыбет. Мусіць, ён быў куды вышэй за пяройдзены, што дзвюма спарышамі-вышынямі тырчаў ззаду, бо, не зважаючы на высокае ўжо сонца, цень ад яго празрыстаю сінявай смугою накрываў палову нешырокай даліны. Не заслонены цяпер нічым, ён, бадай, як і ўчора, заставаўся далёкім, аграмадназіхоткім і недаступным.
I тут Іван трывожна схамянуўся — толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні, у голаў ударыў спалох: дзе Джулія? Ён зноў крутнуўся ў доле, зірнуў сюды-туды — наўкола нікога не было. Побач, у вытаптаным сярод маку лаўжы, адзінока ляжала разасланая скуранка. Іван ляпнуў сябе па запазусе — там было пуста, полы курткі няроўна выбіліся са штаноў. Але першая трывога яго тут жа апала — пісталет і абкрышаная трэць буханачкі, пэўна, захінутыя ад сонца рукавом скуранкі, ляжалі ў траве. Тады ён ускочыў на ногі, ліхаманкавым позіркам пачаў аглядаць схіл унізе, тужлівая самота шыбанула ў яго адчуванне — дзе яна? У душы зацьмела вельмі нядобрая здагадка, але ён не мог паверыць у тое. Чаму не мог, ён пэўна не ведаў, ён толькі не хацеў таго — ён хацеў бачыць, чуць, адчуваць яе побач. Адзінота нечакана засмуціла яго горш за якую няўдачу.
Ён схапіў пісталет, хлеб, згроб пад паху скуранку і сігануў у траву. Росныя высокія кветкі казытнулі яго распухлыя, падзёртыя і пазбіваныя ступні; ён зірнуў у дол, успомніўшы пра калодкі, але іх не было. Тады зноў трывога ахапіла яго — няўжо?.. Босы, ён хутка пакрочыў па лузе ўніз, ляскаючы нагамі ў суцэльных суквеццях маку, адышоўся па схіле далёка, затым раптам спыніўся, азірнуўся — ззаду ў густых зараслях кветак адзначыўся яго след. Наўкола ляжала не кранутае жывою істотай чырвонае мора.
Гэта надало пэўную думку. Іван перахапіў пад пахай адзежыну і хуткім крокам вярнуўся да лаўжа.
Сапраўды, у роснай траве прыкметны быў шнурок другога следу — ён бег некуды ўбок, туды, дзе — відаць было адгэтуль — зачынаўся распадак, і Іван таропка рушыў па гэтай слабай адзнацы яе ног. Ступні і штаніны яго хутка замакрэлі ад расы, наўкола скрозь быў чароўны ў сваім сонечным харастве мак. Ад моцнага духмянага паху п’янела галава, як заўжды, вельмі хацелася есці, ад стомы і слабасці крыху мутнела ўваччу. Але гэта былі прывычныя адчуванні. Дужае ад прыроды, загартаванае ў нягодах Іванава цела як-колечы супрацьстаяла ім, ён адчуваў, што сілы ў яго яшчэ былі.