Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

З трывогай у душы, хлопец абабег калючы рададэндравы зараснік, абсыпаны вялікімі, па кулаку, чырвонымі кветкамі, і з невялікага распадка-раўка наперадзе да яго данёсся шум вадаспада. Хутка ён узбег на травяністую выспу, шум гэты стаў зусім блізкі; з чорнага, блішчастага ад макраты каменнага жолаба, разбіваючыся аб скалу, ліўся зіхоткі струмень вады. Навокал у туманным мроіве мітусіліся драбнюткія пырскі, і, пэўна, ад іх убаку на змрочным каменным фоне вісеў у паветры каляровы кавалачак самай сапраўднай вясёлкі. Безуважны, аднак, да гэтай нечаканай шчодрасці гор, Іван падняўся на пагорак вышэй і тады раптам унутрана ахнуў, спыніўся, прыгнуўся долу і замёр.

За паўсотню крокаў адгэтуль пад дажджыстым вадзяным россыпам, захінуўшыся аднымі толькі рукамі, спіной да яго стаяла на камяні і мылася Джулія.

Ён адразу пазнаў яе, хоць на дзяўчыне не было ніводнае адзежыны. Распранутая, яна адразу страціла праклятыя адзнакі гефтлінга і адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства. Дзяўчына, вядома, не бачыла яго і, насцярожана сцяўшыся, цярпліва падстаўляла сваё худзенькае, лёгенькае цела пад густую пырсканіну струменяў, здавалася, гатовая пры першым жа гуку трапянуцца і знікнуць. Па яе зіхоткіх ад пырскаў востранькіх плечуках блукаў каляровы водбліск вясёлкі.

Не ў стане адолець у сабе чагосьці сарамяжліва-радаснага, Іван паціху апусціўся ў траву, лёг на спіну, перавярнуўся, — над ім гэтак жа перавярнулася чысцюткае, без адзінага воблачка неба. Волкая прэласць зямлі хмельнаю брагай ударыла і закружыла голаў. Хлопец выцягся пластом на травяністым прахладным дзірване і ад прадчування чагосьці неўсвядомлена-радаснага ціха, сам сабе засмяяўся.

У закутках яго пачуцця нязгасна тлела трывога, наперадзе быў, напэўна, недаступны хрыбет, ззаду… Вядома, што можна было чакаць ззаду па сваіх слядах з лагера. Але цяпер, у гэтым запаведніку хараства, ля страчанага і знойдзенага ўжо дарагога яму чалавека Івану зрабілася так па-дзіцячы радасна і хораша, як не было, мабыць, ніколі за ўсё яго невялікае жыццё. I ён прагна душой піў гэтую нечаканую харошасць, і не стараючыся нават даўмецца, адкуль яна і што ў ім сталася, — проста ён быў па-чалавечы шчаслівы, і ўсё. Праўда, неўзабаве адчуў ён, што тое ненадоўга, — нешта клапотнае і труднае не пакідала яго і ў гэтай шчаслівасці, нешта трывожыла і гняло, але цяпер Іван прыцяў яго, прыглушыў, бо так было невыказна добра.

Ён болей не выглядваў з маку і ні разу не зірнуў на яе. Сарамлівая далікатнасць перашкодзіла яму зрабіць тое, хоць і вельмі карцела; лежачы ніц і не ведаючы навошта, ён ірваў ля сябе мак і міжвольна складваў галіністыя яго кветкі ў букет.

За гэтым заняткам, поўны свае невыразнае радасці, ён пачуў непадалёк таропкія крокі, ускінуў з травы галаву — пад вадаспадам нікога ўжо не было. Джулія, на хаду апранаючы паласатую куртку, бегла побач і ніжэй, пэўна, туды, дзе пакінула яго. Ён зноў ціхенька ўнутрана засмяяўся, убачыўшы яе нецярплівы, клапотны, скіраваны ўдаль позірк, але не аклікнуў, а, згробшы скуранку, устаў і памалу пайшоў следам.

Пабліскваючы на сонцы мокрымі, смалянымі да чарнаты валасамі, яна хуценька аббегла рададэндран і стала, быццам спатыкнулася, ля іх лаўжа. Нават зводдаль няцяжка было заўважыць яе спалох і збянтэжанасць. Праз секунду яна зірнула ў адзін бок, у другі і падалася па схіле ўніз, але, на бягу азірнуўшыся, стала.

— Іван!!!

Спалох, боль і радасць адначасна азваліся ў гэтым воклічы. Яна пляснула далонямі і птушкаю кінулася яму насустрач. Іван спыніўся. Здалося яму, цэлую вечнасць не бачыў ён гэтых зіхотна-радасных вачэй, далікатна-смуглявага твару, бязладнага россыпу яе кароткіх валасоў-стрыжак. Усё ў ім памкнулася да яе, але ён сцяў гэта ў сабе, невядома навошта — стрымаў. Яна

ж, дратуючы калодкамі мак, падскочыла да хлопца, аберуч абхапіла яго за шыю і, павісшы на ёй, заляпіла яму каля вуснаў п’яны, нечаканы, як стрэл, пацалунак.

— Іваніо!

Ён толькі зацяў дыханне, а яна, усё трымаючыся рукамі за шыю, парывіста адкінулася ад яго і засмяялася — шчасліва і бесклапотна, любасна ўглядаючыся ў яго твар, які гарэў яшчэ ад сцюдзёнага апёку яе вуснаў. Затым, усё смеючыся, разамкнула на ім свае пальцы, лёгка адштурхнула яго і села ў траву насупраць, адкінуўшыся на выцягнутыя рукі. Вочы яе ззялі зіхоткім гарэзна-дураслівым смехам, куртка, нядбайна зашпіленая на адзін гузік-палачку, расхінулася, і ў клінку-ямачцы між грудзей бліснуў маленькі сіні эмалевы крыжык. Гэты крыжык нечаканай цікаўнасцю кальнуў яго позірк. Яна перахапіла яго і, крышачку спазніўшыся, схамянулася, захінаючыся і па-ранейшаму ўсё смеючыся вачыма, тварам, вялікім белазубым ротам, кожнаю часцінкай сваёй маладой свежа-сцюдзёнай ад купання істоты.

Ён, аднак, быў зусім іншы: раптам насупіўся, збянтэжыўся, бо за якіх паўхвіліны, стоячы так, адчуў, як нешта ў ім рушыцца, штосьці траціцца, як нейкая нязнаная, новая сіла падпарадкоўвае сабе ягоную волю. У той жа час ён невыразна яшчэ пачаў разумець, што трэба не паддавацца, супраціўляцца, адстаяць сябе. Зноў жа яе такі рашучы бяздумны наскок збянтэжыў яго, падумалася: «Нашто так? Як гэта яна так? Чаму? Што гэта ў яе — радасць, парыў?.. А можа?..»

Хмуры і збянтэжаны, ён, аднак, зрабіў крок да яе. Джулія раптам абарвала смех і ўскочыла насустрач.

— Іван! — пляснула яна ў далоні, убачыўшы кветкі ў яго руках. — Это ест сюрпріз сіньоріна? Да? Да?

Ён і сам толькі цяпер заўважыў у сваёй руцэ пук маку, няўцямна зірнуў на яго і засмяяўся. Яна таксама засмяялася, панюхала кветкі, утапіўшы ў букет увесь свой маленькі зграбны тварык. Затым паклала букет на траву і хутка-хутка пачала рваць ля сябе мак.

— Джулія блягодаріт Іван. Блягодаріт — очен, очен…

— Не трэба, што ты! — ніякавата загаварыў ён.

— Очен, очен блягодаріт надо. Іван спасат сіньоріну. Руссо спасат італьяно. Ето есть інтернаціонале. Братство, — напаўжартоўна гаманіла яна, усё рвучы і рвучы мак. Пасля з цэлым ахапкам яго падбегла да Івана і вываліла ўсё з сваіх рук яму на грудзі.

— Ну што ты! — здзівіўся ён. — Навошта?!

— Надо! Надо! — смешна вымаўляючы рускія словы, угаворвала яна, і ён вымушан быў ашчаперыць разам з ахапкам маку і скуранку з загорнутым у ёй хлебам. Яна, мусіць, навобмацак адчула ў скуранцы буханачку і раптам пасур’ёзнела.

— Хляб?

— Ага, давай паямо, — ажывіўся ад свае няёмкасці Іван, паклаў усё ў дол і сеў сам.

Яна хуценька прысела побач.

16

— З’есці б усё зараз, — сказаў Іван, трымаючы ў руцэ ўсохлы, з кілаграм вагой кавалак хлеба — абкрышаны па краях, счарсцвелы, аднак усё яшчэ такі апетытны і жаданы, што абое, гледзячы на яго, ледзьве ўпраўляліся глытаць сліну.

— Асё, асё, — як рэха, згодна азвалася Джулія, таксама не зводзячы з буханачкі позірку.

Іван у кароценькай нерашучасці зірнуў па-над яе галавой на далёкі заснежаны хрыбет і ўздыхнуў:

— Не. Усё нельга.

— Нелга. Но?

— Но.

Яна зразумела і таксама ўздыхнула, а Іван разаслаў у доле скуранку і паклаў на яе гэтую іх болей чым малую рэштку прыпасу. Трэба было зрабіць немалаважнае — адмераць пароўну дзве пайкі і прытым найменш раскрышыць, бо без нажа разрэзаць не было чым.

Поделиться:
Популярные книги

Измена. Верни мне мою жизнь

Томченко Анна
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Верни мне мою жизнь

Лучше подавать холодным

Аберкромби Джо
4. Земной круг. Первый Закон
Фантастика:
фэнтези
8.45
рейтинг книги
Лучше подавать холодным

Здравствуй, 1985-й

Иванов Дмитрий
2. Девяностые
Фантастика:
альтернативная история
5.25
рейтинг книги
Здравствуй, 1985-й

Черный Маг Императора 13

Герда Александр
13. Черный маг императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 13

Темный Лекарь 9

Токсик Саша
9. Темный Лекарь
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 9

Барон нарушает правила

Ренгач Евгений
3. Закон сильного
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барон нарушает правила

Мир-о-творец

Ланцов Михаил Алексеевич
8. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Мир-о-творец

Золушка вне правил

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.83
рейтинг книги
Золушка вне правил

Маленькая хозяйка большого герцогства

Вера Виктория
2. Герцогиня
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.80
рейтинг книги
Маленькая хозяйка большого герцогства

Нищий

Щепетнов Евгений Владимирович
1. Нищий
Фантастика:
фэнтези
8.57
рейтинг книги
Нищий

Черт из табакерки

Донцова Дарья
1. Виола Тараканова. В мире преступных страстей
Детективы:
иронические детективы
8.37
рейтинг книги
Черт из табакерки

Вторая жизнь

Санфиров Александр
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
6.88
рейтинг книги
Вторая жизнь

Кто ты, моя королева

Островская Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.67
рейтинг книги
Кто ты, моя королева

Муж на сдачу

Зика Натаэль
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Муж на сдачу