Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
— Ну што? — казаў з акопа Пшанічны. — Дакапаліся! Каб не я, дык і праваронілі б. Чакалі падмогі з тылу, а там ужо немец.
Аўсееў неяк паныла маўчаў, стоячы побач і ўслухоўваючыся ў гукі далёкага бою. Неўзабаве ля яго з цемры з’явіўся Свіст, падышоў і спыніўся ззаду насцярожаны Глечык.
А там, удалечыні за лесам, зачыналася грымотная начная бойка. Да першых кулямётаў далучыліся іншыя, чэргі іх, напаўзаючы адна на другую, зліліся ў далёкае, прыглушанае ветрам грымоцце, бязладна і нетаропка загрукалі вінтовачныя стрэлы. У чорнае паднябессе яшчэ ўзляцела ракета, потым — другая і дзве разам. Дагараючы, яны знікалі за змрочнымі вяршалінамі дрэў,
— Ну? — не сціхаў усё Пшанічны, звяртаючыся да насцярожаных прымоўклых людзей. — Што?
— Што ты нукаеш? Ну, што нукаеш, мурло? — злосна азваўся Свіст. — Дзе старшына?
— Фішара ў сакрэт павёў, — сказаў Аўсееў.
— А тое нукаю, што трэба нешта рабіць. Акружылі ж, вось і ну, — не збавіўшы тону, гарачыўся Пшанічны.
Яму ніхто не адказаў, усе стаялі і слухалі, апанаваныя наплывам благіх прадчуванняў. А там, у далёкай цемры ночы, усё разлягаліся чэргі, бухалі гранаты, ветрам разносілася ўдалячынь нягучнае здалёк рэха. Людзі змаркатнелі, самі сабой апусціліся долу іх натруджаныя рукі, ліхаманкавая трывога ўрывалася ў думкі.
У гэтай панылай маўклівасці і застаў іх старшына, які, цяжка дыхаючы ад доўгага бегу, з’явіўся ля старожкі. Ён, вядома, разумеў, што сагнала людзей да гэтай крайняй ячэйкі, ведаў, што ў такіх выпадках самае лепшае без лішняй разважнасці пусціць у ход сваю ўладарнасць і цвёрдасць. I яшчэ здалёк, не тлумачачы нічога і не супакойваючы, старшына са знарочыстай злосцю закрычаў:
— Ну, што пасталі, як тыя слупы на ўзбочыне? Чаго спалохаліся? Га? Падумаеш: страляюць! Вы што — не чулі стрэлаў? Ну што, Глечык?
Глечык сумеўся ад таго грубаватага звароту, варухнуў у цемры плячыма.
— Ды вось акружаюць, таварыш старшына.
— Хто сказаў: акружаюць? — зазлаваў Карпенка. — Хто?
— Што акружаюць — факт, не булка з макам, — буркліва зазначыў Пшанічны.
— А ты маўчы, таварыш баец! Падумаеш — акружаюць! Колькі ўжо акружалі? У Тодараўцы — раз, у Баровічах — два, пад Смаленскам тыдзень выбіраліся — тры. I што?
— Дык то ж усім палком, а тут што? Шасцёра, — азваўся з цемры Аўсееў.
— Шасцёра! — перадражніў Карпенка. — А гэтыя шасцёра што, дзеўкі? Ці байцы Чырвонай Арміі? Нас вунь у фінскую на востраве трое засталося, два дні адбіваліся, ад кулямётаў снег да моху растаў, і нічога — жывы. А то — шасцёра!
— Дык то ў фінскую…
— А то ў нямецкую. Усё роўна, — ужо крыху спакайней сказаў Карпенка і змоўк, аддзіраючы ад газеціны на цыгарку.
Пакуль ён ладзіў папяросу, усе маўчалі, пабойваючыся выказаць невясёлыя здагадкі і пільна ўслухоўваючыся ў гукі бою. А там, здаецца, пакрысе рабілася цішэй, ракеты болей не ўзляталі, страляніна прыкметна радзела.
— Вось што, — сказаў старшына, слінячы цыгарку, — няма чаго мітынгаваць. Давай капаць кругавую. Ячэйкі злучым траншэяй.
— Слухай, камандзір, а можа, лепей адыдзем, пакуль не позна? Га? — памяркоўна спытаў Аўсееў, зашпільваючы шынель і бразгаючы спражкай сваёй папругі.
Старшына грэбліва гмыкнуў, даючы знаць, што яго здзіўляе такая незразумелая прапанова, і з прыкрасцю запытаў:
— Загад ты чуў? Закрыць дарогу на суткі. Ну і выконвай, няма чаго балбатнёй займацца.
Усе нявесела маўчалі.
— Ну, даволі. Давай капаць, — больш бадзёра і ласкава сказаў камандзір. — Акапаемся і заўтра як у мамкі за пазухай будзем.
— Як у Мурла ў торбе, — жартоўна зазначыў Віцька Свіст— I суха, і цёпла, і гаспадар шануе. Ха-ха! Пайшлі,
Глечык таксама пайшоў на сваё месца, а старшына моўчкі пастаяў, зацягнуўся разы два махорачным дымам і прыцішана-строга сказаў Пшанічнаму:
— А ты ў мяне наклічаш бяды. Я з цябе скуру спушчу за твае штучкі. Папомніш…
— Якія штучкі?
— Такія, — пачулася з цемры. — Сам ведаеш.
4
Злосны на старшыну за тую пагрозу і ўзрушаны небяспекай, Пшанічны нерухома пастаяў з хвіліну, разбіраючыся ў пачуццях, а потым, амаль раптам прыняўшы нейкае рашэнне, нягучна кінуў у цемру:
— Хопіць!
Так, хопіць. Хопіць мясіць гразь па гэтых разбітых дарогах, хопіць гібець на сцюжы, галадаць, хопіць пакутаваць ад страху, капаць-перакопваць зямлю, глухнуць у баях, дзе толькі кроў, раны і смерць. Даўно ўжо Пшанічны прыглядаўся, чакаў зручнага выпадку, вагаўся і баяўся, але цяпер, трапіўшы ў тую мышалоўку, канчаткова рашыўся. Свая рубашка бліжэй да цела, а жыццё для яго даражэй за ўсё, і захаваць яго можна, толькі кінуўшы зброю і здаўшыся немцам. Авось не заб’юць, дарма, што столькі баюць пра іх — Пшанічны не дзіця і ведае, што і немцы — людзі.
Вецер усё гудзеў у вушах, астуджаў твар, і, каб затуліцца ад яго і аддацца думкам, Пшанічны зноў схаваўся ў акопе. Траншэю ён вырашыў не капаць, хай гэта робіць Глечык, а ён ужо адкапаў сваё. Пакідаць тут яму не шкада нікога — старшына зубасты і згрызотны, як фельдфебель, Віцька Свіст — блатняк і брахун — усё Мурло ды Мурло. Праўда, ён і астатніх, апроч хіба Карпенкі, таксама называе аднымі мянушкамі — Аўсееў у яго паніч, Фішар — вучоны, Глечык — салага, — але ж яны ўсе маладзейшыя, а ён, Пшанічны, раза ў паўтара старэйшы за кожнага (хіба толькі Карпенка такога ж узросту). Аўсееў-то сапраўды паніч, распешчаны ў дзяцінстве беларучка, майстра на навуку і гультай у працы; Глечык — зусім дзіця зялёнае, паслухмяны, але як трэба не абстраляны, баязлівы, з такім не дужа весела ў баі; Фішар — падслепаваты кніжнік, з вінтоўкі стрэльнуць не ўмее, заплюшчвае вочы, калі націскае на спуск, — вось і ваюй з такімі. Хіба з імі адужаеш тых, абучаных, узброеных адменнай загранічнай, як цацка, зброяй, аўтаматамі ды кулямётамі, што страляюць, бы швейныя машынкі шыюць…
У зацішку акопа чутна, як непадалёку дзяўбе зямлю Глечык, зрэдку парыпваюць на ветры дзверы старожкі і шуміць, высвіствае сваю восеньскую песню ссохлы быльнёг у канаве. Пшанічны даеў вынятыя з кішэні рэшткі сала і, сашчапіўшы рукі, сцішыўся — аддаўся журбоце думак.
Няладна і гаротна склалася жыццё гэтага чалавека.
Першыя ўражанні крыўды ўчэпіста і доўга трымаюцца ў чалавечых пачуццях. Іван як цяпер памятае тое цяжкае галоднае лета, калі бабы з суседняй вёскі Альхоўкі з Вялікадня выходзілі на ўзмежкі — збіралі шчаўе, крапіву, пухлі з голаду дзеці і старыя, чорныя і маўклівыя ад гора, усю вясну хадзілі ў поле паўз хутар альхоўскія мужыкі. Людзі елі траву, таўклі кару з дрэў, церлі мякіну, рады былі якой жменьцы пазаддзя, каб падмяшаць у травяністую агідную страву, склеіць траўнікі. У іх на хутары таксама было не густа, але травы не елі — даіліся дзве каровы, і ў свірне ў засеках сёе-тое яшчэ мелася. У тое лета лёс звёў трынаццацігадовага Івана з вясковым дзецюком Яшкам. I ад таго, што ў свой час Пшанічны памыліўся ў выбары паміж ім і бацькам, усё жыццё пасля ён горка наракаў на сябе.