Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
Там, у полі, куды яны невясёла ўглядаліся, высіўся касагор з дарогай, ля якой траслі пажоўклым лісцем дзве вялізныя каржакаватыя бярозы, і за ім, дзесьці на даляглядзе, заходзіла нябачнае сонца. Вузенькая шчылінка святла, прарэзаўшыся ў хмарах, як лязо вялізнае брытвы, матава блішчала на небе. Сумны восеньскі адвячорак поўніўся шэрасцю фарбаў, надакучлівай сцюдзёнай золлю і ўсёабдымнай трывогай навіслай над краем бяды.
— А як жа з шанцавым інструментам? — грубаватым басам запытаў старшына Карпенка, камандзір гэтай невялічкай групы. — Рыдлёўкі ж патрэбны.
— Рыдлёўкі? —
— Ага, і людзей не шкодзіла б, — падхапіў старшына. — А то што пяцёра? I то вунь адзін — новенькі ды гэты «вучоны» — ваякі мне! — злосна бурчаў ён, стоячы бокам да камандзіра.
— Супрацьтанкавыя гранаты, патроны к пэтээру, колькі можна было, вам далі, а людзей няма, — стаяў на сваім камбат. Ён яшчэ паўглядаўся ўдалячынь, зачараваны бляскам захаду, а пасля, устрапянуўшыся ад задумы, павярнуўся к Карпенку — мужнаму, прысадзістаму, шыракатвараму, з рашучымі вачыма і цяжкімі сківіцамі. — Ну, жадаю ўдачы.
Ён падаў руку, агорнуты новым клопатам, старшына раўнадушна паціснуў яе. Гэтак жа стрымана паціснуў халодную камбатаву далонь і «вучоны» — у акулярах, высокі баец Фішар; без крыўды, шчыра зірнуў на камандзіра другі няўдака, на якога скардзіўся старшына, — малады, са свежымі сумнымі вачыма радавы Глечык.
— Нічога, чорт не здрадзіць — свіння не з’есць, — бесклапотна пажартаваў пэтээравец Свіст, белабрысы, расшпілены на ўсе кручкі і гузікі, жулікаваты з выгляду хлопец.
Спаважна падаў сваю пухлую далонь непаваротлівы мардаты Пшанічны, і пачціва, прыстукнуўшы бруднымі абцасамі, развітаўся чарнявы, прыгожы Аўсееў. Паддаўшы плячом аўтамат, камандзір батальёна нялёгка ўздыхнуў і коўзкім, няспрытным па гразі крокам пайшоў даганяць калону.
Яны засталіся ўшасцёх, агорнутыя самотай ростані, і нейкі час моўчкі пазіралі ўслед капітану, батальёну, кароценькая, зусім не батальённая калона якога, мерна пагойдваючыся ў вячэрняй імгле, хутка аддалялася к лесу.
Старшына быў незадаволены, сярдзіты, унутры яго тужліва варушылася невыразная, шчымлівая трывога за іх лёс і за тую нялёгкую справу, дзеля якой яны засталіся тут. Але ён хутка прыдушыў у сабе нудлівы душэўны гук і прывычна закрычаў на людзей:
— Ну што стаіце? Гэць да працы! Глечык, пашукай, мо дзе ламачына якая. У каго ёсць малыя, давай капаць. Пакуль відно…
Спрытным рыўком ён ускінуў на плячо цяжкі кулямёт і, з хрустам ломячы ссохлы быльнёг, пайшоў над канавай. Байцы адзін за другім неахвотна падаліся за сваім камандзірам.
— Ну вось, адсюль і пачнём, — сказаў Карпенка, укленчыўшы ля канавы і зазіраючы па-над чыгункай на касагор. — Давай, Пшанічны, фланговым будзеш. Лапатка ў цябе ёсць — пачынай.
Камлюкаваты Пшанічны развалістай хадою ступіў наперад, зняў з-за спіны вінтоўку, адклаў яе ў быльнёг і пачаў вымаць засунутую за пояс лапатку. Адмераўшы ад яго якіх дзесяць крокаў уздоўж канавы, Карпенка зноў прысеў, паглядзеў сюды-туды і азірнуўся, шукаючы вачыма, каго прызначыць на новае месца. З яго грубаватага твару не сыходзіла заклапочанасць і злосная
— Ну, каму тут? Вам, Фішар? Хаця ж у вас лапаткі няма. Во мне яшчэ ваякі! — злосна бурчаў старшына, устаючы з калена. — Колькі дзён на фронце, а лапаткі яшчэ не прыдбаў. Што, мо чакаеце, калі старшына дасць? Ці мо немец у падарунак прышле?
Фішар не апраўдваўся і не пярэчыў, але, бянтэжачыся ад непрывычнай вымовы, толькі няўклюдна горбіўся і без патрэбы папраўляў акуляры ў чорнай металёвай аправе.
— Урэшце, чым хочаце, а капайце, — злосна кінуў Карпенка, пазіраючы некуды ўніз і ўбок. — Мая справа маленькая, але каб пазіцыю абсталяваў як мае быць.
Ён рушыў далей — моцны, эканомны і ўпэўнены ў рухах, з такім выглядам, быццам быў не камандзірам узвода, а па меншай меры камандзірам палка. За ім пакорліва і абыякава падаліся Свіст і Аўсееў. Азірнуўшыся на заклапочанага Фішара, Свіст саўгануў на брыво пілотку і, выскаляючы белыя зубы, бяскрыўдна пакпіў:
— От задачка прафесару, ярына зялёная! Дасца ў знакі…
— Не балбачы. Лепш ідзі пад той белы слупок ля пуці, там і капай, — загадаў старшына.
Свіст збочыў у бульбянішча, яшчэ раз з усмешкай азірнуўшыся на Фішара, які нерухома стаяў на сваёй быльняговай пазіцыі і заклапочана чухаў няголеныя пашчэнкі.
Карпенка з Аўсеевым падышлі да старожкі, старшына па-гаспадарску пакратаў расчыненыя рыпучыя дзверы і пераступіў парог пакінутай будыніны. З двух выбітых вокнаў струменілі пранізлівыя патокі скразняку, матляўся на сцяне надарваны зрудзелы плакат, які заклікаў некалі разводзіць пчол; моцна смярдзела сажай, пылам і яшчэ нечым нежылым і непрыемным. На затаптанай падлозе валяліся кавалкі тынкоўкі, камякі гразі з падэшваў і саламяная пацяруха. Старшына моўчкі аглядаў скупыя сляды былога чалавечага ўтулку; Аўсееў стаяў ля парога.
— Вось каб сцены таўсцейшыя, было б укрыцце, — падабрэўшым тонам разважліва сказаў Карпенка.
Аўсееў выцягнуў руку — памацаў абабіты бок грубкі.
— Што, думаеш, цёплая? — строга ўсміхнуўся Карпенка.
— А давайце напалім. Раз не хапае інструменту, можна па чарзе капаць і грэцца, — ажывіўся стрыманы дагэтуль баец. — Га, старшына?
— Ты што — да цешчы ў госці прыйшоў? Грэцца! Чакай, вось падыдзе раніца — ён табе дасць прыкурыць. Спякотна стане.
— Ну, дык што ж — спякотна?.. А які сэнс мерзнуць? Давай распалім у печцы, вокны замаскіруем… Га, камандзір? — дамагаўся Аўсееў, лена паводзячы чорнымі цыганскімі вачыма.
— Не балбачы. Ідзі вунь каля Свіста займай пазіцыю і давай асталёўвацца.
Карпенка выйшаў з будкі і сустрэў Глечыка, які цягнуў аднекуль скрыўлены прэнт. Убачыўшы камандзіра, ён спыніўся і зважліва паказаў іржавую жалезіну.
— Вось нібы ломік — раздрабняць. А выкідваць і жменямі можна.
Глечык вінавата ўсміхнуўся, старшына няпэўна паглядзеў на яго, хацеў сказаць нешта строгае, але, змякчэўшы ад наіўнага выгляду маладога байца, сказаў проста:
— Ну, давай. Вось тут будзеш капаць — на гэты бок каравулкі, а я ўжо на той бок — у цэнтры. Давай, не марудзь. Пакуль відно…