Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
У Бранску ён паступіў у мулярскую арцель, трапіў у брыгаду такіх, як сам, маладых хлопцаў, мураваў фабрычныя гмахі, па вузкіх дашчаных сцежках ганяў тачкі з рошчынай, па страмянках цягаў на паверхі цэглу. Сябе ён не шкадаваў, працаваў з запалам, з бацькавай цягавітасцю, і гэта неўзабаве заўважылі сябры і начальства. Яго хвалілі на сходах, ставілі ў прыклад іншым, і хлопец пакрысе пачаў забывацца на сваю ўшчэрбнасць і няшчаснасць. Пра бацькоў ён не гаварыў нічога, пісьмаў ад іх не атрымліваў і не ведаў, дзе яны і што. Часам, калі ўночы снілася што-небудзь з дзяцінства, тады агартала жаласлівасць да ціхай, забітай маткі, бацьку ён не спагадаў, ведаў, ён і там гэткі ж сквапны, злы і
У той час на будоўлі стварылі камсамольскую ячэйку, многія хлопцы паўступалі ў камсамол і, вядома, пацягнулі туды і лепшага муляра Пшанічнага. Ён падумаў, крыху разважыў, а пасля, заахвочаны давер’ем і павесялелы ўжо ад былое нягоды, паверыў, што і ён можа стаць чалавекам, і напісаў заяву. На сходзе запатрабавалі расказаць усё пра сябе, бацькоў і радню, і калі пачулі, што ён сын кулака-хутаранца, у прыёме Пшанічнаму адмовілі.
Ён цяжка перажываў, дзён колькі не хадзіў на працу, пластом ляжаў у інтэрнаце. Здарылася так, што не знайшлося нікога, хто быў бы да яго бліжэй за ўсіх, суцешыў у тую хвіліну, абнадзеіў. Да яго раптам перамяніліся ўсе дружбакі, пачалі чужацца хлопца, трымацца асобна сваёй камсамольскай кампаніяй. Гэта была незабыўная да смерці крыўда, Іван Пшанічны ўжо канчаткова ўверыўся ў сваю адвержанасць, і яго ўпартае сэрца прагнула помсты.
Ён паехаў з Бранска, жыў колькі часу ў Данбасе, працаваў на шахтах і ўсюды памятаў, што ён не раўня іншым, што ён — класавы вораг, што між ім і людзьмі пралегла глыбокая праваліна ў жыцці. Часам ён імкнуўся забыцца на гэта ў працы, часам — у гарэлцы, але яна не забывалася, не міналася ніяк і нідзе. Аб тым яму напомнілі ў ваенкамаце, калі прызывалі ў войска. «Ты — сын кулака і будзеш служыць у рабочым батальёне», — сказаў заклапочаны мітуслівы капітан. I Пшанічны стаў чырвонаармейцам працоўнага батальёна — трохі вучыўся вайсковай справе, а больш працаваў: будаваў чыгункі, масты, тунелі. Гэта было ў Сібіры, узімку ён налаўчыўся ездзіць на лыжах, у спаборніцтвах аднойчы заняў першынство. I калі неяк сталі арганізоўваць лыжны агітацыйны прабег на 200 кіламетраў, то ў ліку лепшых лыжнікаў запісалі і Пшанічнага. Ён быў рады вылучыцца хоць гэтай сваёй якасцю, але і тут чорным катом з’явілася на яго дарозе мінулае. Ужо са старту яго вярнуў камісар, сказаў, што яму ехаць нельга, бо ў яго, чырвонаармейца Пшанічнага, не ўсё ў парадку з біяграфіяй.
Пасля яшчэ было многа дробных і вялікіх крыўд, якія параджаліся яго бацькоўскім мінулым, і Пшанічны скарыўся, саступіў убок, не лез болей туды, дзе былі не такія, як ён, людзі. Толькі — сам сабе, сам для сябе, наперакор усім — такі воўчы дэвіз засвоіў пакрысе Іван Пшанічны. Ён не грэбаваў нічым, калі тое трэба было — хлусіў, краў, ашукваў, да слабейшых у яго заўжды накіпала нянавісць, дужэйшых ён пабойваўся і ненавідзеў. Ён разумеў, што рабіўся нягодны, нялюдскі, злы і нядобры, як бацька, але перайначыць сябе ўжо не мог і каціўся ўсё болей туды, куды гнала чалавека ягоная крыўда і злосць.
Калі пачалася вайна і нямецкія войскі хлынулі на нашыя землі, сярод вялізнага мора бяды і слёз быў адзін чалавек, які таемна радаваўся. Гэтым чалавекам быў баец запаснога батальёна Іван Пшанічны, які затым стаў франтавіком і сёння вось займеў канчатковы намер здацца ў палон.
5
К ночы вецер памалу сціхаў, але затое аднекуль з шумлівай цемрадзі пачаў накрапваць дождж. Адразу намоклі аблавухія пілоткі на галовах байцоў, пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Свежа раскапаная зямля хутка бралася граззю і наліпала да чаравікаў.
Поўныя маўклівай невясёласці, байцы зноў уляглі ў працу. Болей вобмацкам, чым што-небудзь бачачы,
Напрацаваўшыся і аддаўшы лапатку Аўсееву, старшына прысеў на бруствер і сцішыўся. Чым болей мінала часу з моманту іхняй ростані са сваім батальёнам, тым усё шчыльней агарталі яго клопаты-думкі. За дзень яны адарваліся ад ворага, знясілены бамбёжкамі полк спяшаўся адступіць за лес, акапацца, наладзіць абарону і як-небудзь утрымацца на лясным рубяжы. Дарогу — подступ да гэтай абароны — камбат загадаў абараняць суткі. Ноч стаіць вось ціхая, а хто ведае, які будзе заўтрашні дзень? Ці немцы пойдуць дзе іншым шляхам, ці наваляцца на гэтую дарогу, і тады, вядома, ім, шасцярым, прыйдзецца сербануць гора. Гэтая думка ўвесь час грызла старшынова нутро, пакуль ён памагаў Аўсееву капаць ці сядзеў, услухоўваючыся ў гукі ночы. З выгляду спакойны і заўжды ўпэўнены ў сваіх учынках, Карпенка на самай справе быў не такі. Але за працяглы час камандзірства ён засвоіў сабе правіла: усё няпэўнае хаваць у сабе, а напаказ выстаўляць толькі скамянелую ўпэўненасць і непахісную цвёрдасць волі. «Твая праўда ці не, а сказаў — трымай сваё», — так некалі вучыў яго старшына звыштэрміновай службы Бровараў, і Карпенка на ўсё жыццё запомніў мудрыя словы старога служакі.
Дождж усё капаў і капаў рэдкімі дробнымі кроплямі, ад якіх макрэў твар, і па скронях, сцякаючы да шыі, непрыемна каціліся халодныя струмені. Старшына ўстаў з бруствера і агледзеўся, дбаючы пра асцярогу, забывацца аб якой ім тут не выпадала. Усе капалі. Побач Свіст і Аўсееў, з таго боку старожкі — чутна было — варушыўся Глечык, а так з усіх бакоў абкладвалі зямлю глухая ноч, непагадзь, халадэча і цьмяная, як даўні забыты клопат, неўразумелая трывога.
Нічога не ўчуўшы, Карпенка ўзяў з бруствера свой мокры «ручнік» і, каб засцерагчы яго ад дажджу, паставіў пад сцяну старожкі. Пасля ён туды ж перанёс дзве скрынкі патронаў і спыніўся ля гразкай зямлі над траншэяй, дзе, сапучы і пакрэктваючы, варушыўся Аўсееў. Баец пачуў старшыну і, не разгінаючыся і ўсё дзеўбучы лапаткай, паскардзіўся:
— Сізіфава праца — дзяўбеш, дзяўбеш і ніякага следу.
— Дрэнна дзяўбеш, значыць, — думаючы аб іншым, сказаў Карпенка.
Аўсееў кінуў у цёмную яму лапатку і выпрастаўся.
— А наогул на якога д’ябла ўсё гэта? Полк адышоў, а намі прыкрыўся? Як гэта называецца?
Ён быў змораны, цяжка дыхаў і гаварыў з даўно набалелай злосцю.
— Гэта называецца: выставіць заслон, — спакойна адказаў старшына.
— Ага, заслон? А чым канчаецца такі заслон, табе, камандзір, вядома?
— На што ты намякаеш? Га? — зазлаваў Карпенка.
Аўсееў заварушыўся ў траншэі, шпурнуў у цемру груду і сказаў тонам, які гаварыў: дарэмна спрачацца аб тым, што і так зразумела:
— Што намякаць! Ты і сам ведаеш: смертнікі мы, вось хто!
— Ведаеш што, Аўсееў? — памаўчаўшы, зацята сказаў старшына. — Ты думай, што хочаш, але балбатаць не смей! Чуеш?
Ён не хацеў болей размаўляць з гэтым байцом, які дужа хутка здагадваўся аб усім, чаго лепей было б не ведаць яму, і пайшоў прэч. Боты коўзаліся па размоклых камяках зямлі, зморанае цела вярэдзілі зябкія дрыжыкі. У чорным наваколлі спорна шумеў дождж, бубніў на даху старожкі аб нейкі кавалак бляхі.