Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
— Абмотку, жыва!
Турок здагадаўся і, не выпускаючы з-пад пахі немцавых ног, дрыготкімі пальцамі аднае рукі адарваў завязку сваёй абмоткі і хуценька раскруціў яе. Капітан перакуліў немца на жывот, заламіў на спіне яго рукі і, пакрэктваючы, укруціў іх абмоткай. Немец не супраціўляўся, Турку нават здалося, што ён нежывы, але хуткія засцярожлівыя рухі супольніка прымушалі думаць, што трэба быць пільным.
Здаецца, усё адбылося нечакана, удала і хутка. I вось капітан выпрастаўся, Турок намацаў у траве вінтоўку; яны ўдвох прыўзнялі пад пахі цяжкое нерухомае цела. Але капітан адразу ж спаткнуўся — замінала нага, і ён загадаў
— Ану цягні!
Турок уздзеў на плячо вінтоўку, аберуч ухапіў немца і павалок яго ў цемру — туды, адкуль яны ішлі. Немцавы ногі валакліся ў доле, але ён не падаваў ніякіх адзнак жыцця і быў вельмі цяжкі. Зрэшты, хлопец не асабліва ўглядаўся ў немца, уся яго ўвага цяпер скіравалася туды, у поле, дзе былі іншыя, але тыя маўчалі, і трэба было спяшацца.
Капітан хуценька пракульгаў наперад, збочыў у хмызняк, расхінуў вецце, і хлопец звалок пад змрочны схоў гушчару сваю ношу. Шастаючы голлем, капітан прадзіраўся далей. Ы трэба было як найхутчэй уцячы адсюль. Турок разумеў гэта і стараўся як мага цягнуць немца. Цягнуць жа было дужа дрэнна, скрозь замінаў хмызняк. У Турковы грудзі аднойчы балюча тыцнулася нейкая патарчака, і хлопец, застагнаўшы ад болю, ледзьве ўстаяў на нагах.
Гэтак мінула, мусіць, багата часу. Чапляючыся за суччо і штомінутна спатыкаючыся, зашчэмліваючыся ў ляшчынніку, яны караскаліся ў хмызняку, пакуль урэшце не выбраліся на нейкую прагаліну.
Капітан прыпыніўся і ўслухаўся, Турок жа адразу чмяк — нуў немца на дол і сам паваліўся побач. Ягоныя грудзі пякла такая гаркота знямогі, што ён не мог сказаць слова. Толькі цяпер ён пачаў разумець, што яны пазбыліся бяды і, здавалася, зрабілі нешта большае, чым толькі ўратавалі сябе. Гэтае разуменне прыглушала страх, і таемная іскрынка радасці ўзгарэлася ў хлапечай душы. Некалькі хвілін ён перамагаў сваё непадуладнае сэрца, якое тугім камяком калацілася ў грудзях, а пасля з прыхаванай палёгкаю спытаў афіцэра:
— Ці жывы ён хаця?
Капітан, таксама змораны, прысланіўся да нятоўстай бярозкі, і гэты раз адказаў ахватней і неяк амаль пасяброўску — як старэйшы таварыш маладзейшаму:
— А дзе ён дзенецца? Жыў будзе. Прыглушыў толькі занадта.
Нахіліўшыся над нерухомым палонным, ён расшпіліў светлыя гузікі яго шыняля і засунуў руку за пазуху.
— Жывы, — яшчэ раз задаволена пацвердзіў ён, вымаючы з кішэняў немцавы паперы. — А ты што: ніколі яшчэ па языка не хадзіў?
— Дзе там мне! — сумеўся ў цемры Турок. — Я ж не разведчык.
— Ну вось і разведчыкам пабыў,— усміхнуўся капітан.
Яны памаўчалі, аддыхваючыся, і капітан занепакоіўся:
— Але куды ж нам кіраваць далей?
З цёмнага неба імжыў дробненькі дожджык, недзе ў вяршалінах елак шумеў вецер, наўкола па-начному заўзята шапацела лістота. I капітан і Турок дужа намоклі ў хмыз — няку, і ў кароткі гэты супынак абодвум стала холадна. Трошкі адпачыўшы, трэба было ісці далей, да сваіх — толькі куды? За час блукання без проваду і цяпер, уцякаючы ад немцаў, яны зусім збіліся з кірунку і маглі зноў трапіць дзе-небудзь да немцаў.
— Не ведаю, таварыш капітан, — шчыра прызнаўся Турок.
— Але ж, — згадзіўся капітан. — I я вось таксама. А ўсё ж пойдзем.
Яны ўсталі, Турок узяўся за немца, які нібы яшчэ больш пацяжалеў за якіх дзесяць хвілін адпачынку. Хлопец намогся, учапіўшыся за дзягу палоннага, прысеў, капітан дапамог, і яны ўдвох узвалілі непрытомнага
Невядома, колькі цягнуўся іх той лесавы шлях. Здавалася Турку, што яны зайшлі ўжо вельмі далёка, а лес усё не канчаўся. Ужо двойчы хлопец падаў, разбіваючы аб карані локці. За імі ніхто не гнаўся, і нідзе не чутно было стрэлу, не бачна ніводнага ракетнага водбліску. Тым часам дождж перастаў, угары між вяршалін дрэў тамсям заміргалі рэдкія зоркі і з-за ашмоцця хмар выплыў над лесам месяц.
Турок ішоў за капітанам, выцягшы наперад левую руку, бы сляпы за павадыром, галава яго была прыціснута целам ворага, балела шыя, і ён нічога не бачыў у цемрыве ночы. Капітан, абапіраючыся на палку, няроўна скакаў адным бокам. Але вось ён чагосьці спыніўся, паварушыў перад сабой кіем, як сляпы, намацваючы дарогу, пасля павярнуўся і папярэдзіў салдата:
— Асцярожней! Хадзі сюды.
Турок няспрытна павярнуў голаў — наперадзе пад слабым месячным святлом слалася ледзьве прыкметнае шызаватае курыва туману. Кустоўе тут адступілася, — відаць, непадалёк унізе раскінулася шырокая лесавая аўражына. Яны пайшлі па — над яе берагам. Здалося Турку, ішлі яны вельмі доўга. Немец сваім цяжарам упарта гнуў к долу хлапечую постаць, нястрымна спаўзаў з плячэй.
Аднойчы Турок наскочыў на куст ядлоўцу і ўпаў, балюча ўдарыўшыся бокам аб нешта цвёрдае. Немец распластаўся на моху, а ў хлапечых грудзях ад болю перацяло дыханне. Пачуўшы благое, капітан вярнуўся да салдата. Ён дапамог Турку сесці і сам апусціўся на імшарыну, выцягшы наперад натруджаную нагу. Нейкі час хлопец стагнаў і корчыўся, не могучы суняць боль, але пакрысе аддыхаўся.
— Ось такі, брат, разведчыцкі хлеб, — сур’ёзна зазначыў капітан. — Зразумеў?
Турок зразумеў, вядома, але ўсё маўчаў, бо дужа балела ў баку. Капітан, уздыхнуўшы, таксама змоўк, яны абодва суцішыліся і, з’яднаныя адным клопатам, у той час без слоў пабліжэлі адзін да аднаго. Пасля капітан сказаў:
— Дзве ночы да іх лазілі і марна. Шэсць чалавек палажылі. Мяне вось падстрэлілі. А тут неспадзеўку пашанцавала. — Ён трохі памаўчаў і дадаў з таварысцкай шчырасцю: — Але ты гэта ладна аглушыў яго. Я, прызнацца, не думаў.
Турку стала лягчэй ад тае пахвалы, аднак ён прастадушна прызнаўся:
— Я ўжо не памятаю, як усё і сталася. З непрывычкі.
— Нічога, прывыкнеш, — заспакоіў капітан. — Першы раз, ведама. — Пасля, нібы знянацку надумаўшы тое, спытаў: — Хочаш, я цябе ў разведку вазьму? Га? Як ты думаеш?
— Ну што вы?! — здзівіўся Турок, прыпамятаўшы лейтэнанта Гаркавенку і сваіх батарэйцаў, якія заўжды з’едліва пасмейваліся з яго нерухавасці. Зноў жа зусім яшчэ светлыя былі ў адчуванні нядаўнія страхі, нягожыя для разведчыка. Але падумаўшы крыху, Турок зразумеў, што ўсе пакуты засталіся адно ў ягонай душы, капітан жа меркаваў толькі па ўчынках. I, невядома чаму, гэтая капітанава прапанова праз хвіліну не здалася яму недарэчнай.