Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

Праўда, ён усё ж не адважыўся пагадзіцца, а капітан, нібы адразу забыўшыся на сваю прапанову, угледзеўся ў ноч.

— Праклятая цемра. Хоць бы як з гэтага лесу выбрацца. Ты, мусіць, прыстаў ужо?

— Ды не, чаму? — прахапіўся Турок і заварушыўся, пакутна ўстаючы на ногі, але толькі падняўся на калені, як зноў апусціўся долу. Ён зусім ужо выбіўся з сілы і, добра не адпачыўшы, наўрад ці здолеў бы ўтрымаць на сабе немца. Слухаючы яго хрыпатае надрыўнае дыханне, капітан зразумеў гэта і змоўк. Побач ціха, не шавелячыся, ляжаў іхні «язык», а з другога боку ў месячным святле курылася туманом праваліна аўрага.

— Вось што, — падумаўшы, сказаў капітан. — Ты чакай тут, а я пайду. Можа каго

спаткаю. Павінен жа быць нехта.

Турок заварушыўся, яму ўраз стала ніякавата за сваю знямогу; думалася, не капітан, а ён пасланы сюды, каб турбавацца, як выйсці да сваіх. Але сілы ў яго ўжо не засталося ніколькі.

— Бяры вінтоўку і глядзі. Чакай, — сказаў афіцэр, устаў і пакульгікаў у лес.

Турок трошкі суняў свае адчуванні, насцярожыўся, узяў у рукі вінтоўку. Капітан адразу ж прапаў, бы растаў у змроку — нейкі нядоўгі час чутны былі яго крокі, патрэсквалі галінкі ў доле, прашархацелі прыаўражныя кусты. Потым усё змоўкла.

Хлопец з асаблівай самотаю адчуў сваю адзіноту і аж схамянуўся ад няпэўнага таямнічага страху. Стаіўшыся ў імшарыне, ён стараўся не паварушыцца, каб не парушыць цішыні, а сам глядзеў да болю ў вачах і слухаў. Паблізу было ціха, але аднекуль здалёк, з лесавой чашчобы, вынікалі загадкавыя гукі — нешта ціхенька заляскала ў галлі, разы тры піснула, пасля рыпнула, бы якая сухадрэвіна або дзяркач. Аднойчы ў тым баку, за аўрагам, залапатала крыламі нейкая патрывожаная птушка. Сярпок месяца сеў на выгінастую сукавіну елкі і то хаваўся за ашмоцце растрэсеных ветрам хмар, то зноў сціпла блішчаў на небе. Насцярожыўшыся і ўжо забыўшыся на знямогу, хлопец стаіўся, прыціх, нават запыніў дыханне і чакаў.

I ў гэтай яго насцярожанасці да загадкавых, таямнічых і падазроных спраў лесу зусім блізка ля хлопца ўсім целам трапятнуўся немец.

Гэта было так нечакана, што Турок таксама ажно здрыгануўся і ледзьве не крыкнуў. Хлопец падаўся назад, ухапіўшыся за ложа вінтоўкі, але немец ляжаў і не ўскокваў. Яшчэ праз якіх пяць хвілін Турок крыху ачуняў ад спалоху і падумаў, што немец заварушыўся ў непрытомнасці. Хлопец вельмі хацеў, каб «язык» не апрытомнеў цяпер, калі не было капітана; ён проста не ведаў, што рабіць яму, калі вораг усё ж ачнецца.

Вельмі непакоячыся, салдат паціху падняўся і, асцярожна ступаючы, падышоў да немца. Месяц якраз выбег з-за хмар і трохі асвяціў змрочную ў доле постаць, гузікі на шынялі, адарваны пагон, звернуты набок твар з глыбокімі цёмнымі плямамі замест вачэй. З роту ворага ўсё тырчаў кляп — ягоная пілотка.

Трошкі нагнуўшыся, Турок асцярожна зазірнуў зверху ў гэты прыцьмелы твар, як раптам немец зноў варухнуўся, крутнуў галавой і замычаў нешта. Турок адскочыў, інстынктыўна скіраваўшы на яго дула вінтоўкі, але немец, відаць, уставаць не збіраўся. Ён толькі закруціў галавой, замычаў нешта, і Турка ахапіў отарап.

Пэўна, немцу дапякала нешта, — можа, боль ці якая патрэба, бо калі б ён хацеў устаць, дык зрабіў бы гэта. Але ён толькі пераваліўся на бок, скорчыўся з падкручанымі назад рукамі і мычаў, умольна, як здалося Турку, узіраючыся ў вартавога. Турок не ведаў, што яму рабіць, і напружана ўслухоўваўся ў начныя шолахі. Ён вельмі чакаў капітана.

А немец тым часам пачаў жаласна неяк скуголіць. Бы малое шчанё, круціў ён галавой і сяк і так, быццам стараючыся выкінуць з рота кляп. Стоячы праз тры крокі ад яго, Турок з кожнай хвілінай адчуваў усё больш непакою. Бездапаможныя енкі немца неяк аслабілі ў хлопца страх, ён апусціў долу вінтоўку і падумаў, ці не выцягнуць у яго кляп. Яшчэ каб не задушыўся. Скрозь было ціха, немец здаваўся дужа аслабелым, да таго ж рукі яго былі звязаны. I хлопец, нядоўга павагаўшыся, ступіў бліжэй і тузануў з варожага рота пілотку.

I ў тое ж імгненне нешта ўдарыла яго па нагах.

Турок не паспеў нават войкнуць, як апынуўся ў доле, а немец, крутнуўшыся побач, нечым тупым і цяжкім, напэўна ботам, ляпнуў яго ў скроню. З хлапечых вачэй пырснулі іскры, і ў свядомасці бліснула кароценькая жахлівая думка — прапаў! Але Турок разгубіўся не болей як на імгненне. Услед за здзіўленнем шыбанула ў адчуванні злосць на гэтага злыдня-ворага, і хлопец, ледзьве не заплакаўшы ад крыўды, ухапіў у цемры яго за адзежыну і не даў хутка ўскочыць на ногі. Затым, разграбаючы чаравікам імшарыну, Турок упёрся ў зямлю, налаўчыўся і ўсім целам рынуўся на немца. Ворагу заміналі звязаныя рукі, але затое немалая сіла з’явілася ў ягоных плячах, да таго ж ён шалёна брыкаўся ў цемры нагамі. «Э не, зладзюга», — задышліва прастагнаў Турок, ашчаперваючы ягоныя плечы. Затым ён яшчэ намогся і ўссеўся на яго, як мядзведзь, прыгнуў да зямлі. Немец яшчэ рвануўся, але падняцца не здолеў і сцішыўся.

Так ён апынуўся пад хлопцам, яшчэ не скароны і напружаны, хрыпата і злосна дыхаючы, а Турок, таксама сапучы, са страхам чакаў яго новых спроб вызваліцца. Але немец, відаць, не дужа спяшаўся, ён чакаў, выбіраючы лепшы для таго момант, і хлопец мусіў трымаць. Пастаяннае напружанне адбірала шмат сілы, да таго ж салдат адчуваў, што вораг усё ж дужэйшы за яго. Добра, што капітан моцна скруціў яго рукі — развязаць іх немцу пакуль не ўдалося, але хто ведае, што будзе далей.

Нейкі час абодва яны шалёна дыхалі, змарыўшыся ў той непрацяглай і лютай барацьбе, і чагосьці чакалі, пільна прыслухоўваючыся адзін да аднаго. Месяц схаваўся за елку, і тут стала зусім цёмна, пахла сырым прэлым долам, мохам, лесавой цвіллю і немцам. Турку было вельмі крыўдна, што немец гэтак няхітра ашукаў яго. «Вось табе і разведчык! — з’едліва падумаў ён пра сябе. — Капітан адышоўся, дык ледзьве не ўпусціў гэтага фрыцука». Хлопец пачаў напружана думаць, што рабіць далей, каб не даць уцячы немцу. I тады ягоная нага намацала побач вінтоўку. Немец пакрысе варушыўся пад ім, чамусьці хілячыся набок, ды мармытаў сабе «майн гот» ці яшчэ што. У Турка трошкі прыбыло ўпэўненасці, але яшчэ не прайшоў канчаткова і страх, які паралізаваў яго сілы. Трэба было зрабіць нешта рашучае, і Турок спакваля зразумеў, што, не перамогшы баязлівасці, яму наўрад ці ўдасца перамагчы і немца. Было б недарэчна і злачынна выпусціць яго або даць яму даканаць сябе пасля таго, як гэтак даверліва паспадзяваўся на яго, Турка, капітан.

Прайшло яшчэ трохі часу. Месяц зноў паказаўся з-за хмар з другога боку счарнелай елкі. У Турка ад напружання млелі рукі, — здавалася, яшчэ праз дзесяць хвілін ён зусім абнядужае і выпусціць немца. Добра яшчэ, што немец не рваўся, — пэўна, ён таксама знямог, а можа меў на ўвазе што іншае. I Турок наважыўся тады на рашучы ўчынак. Раптоўна кінуўшы палоннага, ён адскочыў убок, схапіў з долу вінтоўку і імгненна лязгнуў затворам.

— Стой, гад! Ні з месца!!!

Немец крутнуўся, павёў плячыма, збянтэжана паглядзеў на яго і паволі ўсеўся на імшарыне з закладзенымі назад рукамі. Яго апушчаны твар быў скіраваны ўніз, але Турок адчуваў, што вораг спадылба пільна сочыць за ім. I Турок таксама не зводзіў з яго погляду, гатовы цяпер да новых варожых хітрыкаў.

Так мінула гадзіна ці болей, немец і Турок чуйна ўслухоўваліся ў лесавую ціш. I аднойчы да Турковага слыху данесліся свежыя гукі. Спачатку гэта былі далёкія, ледзь чутныя галасы, яны вынікалі з таго кірунку, куды пайшоў капітан. Пасля недзе ў лесавых нетрах мільганула і прапала маленькая плямка святла з ліхтарыка. Пазней раздалося шамаценне галля, зноў галасы, і ўрэшце з кустоў вылезлі цьмяныя постаці ў шархаткіх плашч-палатках.

Турок апусціў прыклад, узяў вінтоўку ў адну руку і, абяссілены, апусціўся на дол.

Поделиться:
Популярные книги

Метаморфозы Катрин

Ром Полина
Фантастика:
фэнтези
8.26
рейтинг книги
Метаморфозы Катрин

Темный Лекарь 3

Токсик Саша
3. Темный Лекарь
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 3

Он тебя не любит(?)

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
7.46
рейтинг книги
Он тебя не любит(?)

Пробуждение. Пятый пояс

Игнатов Михаил Павлович
15. Путь
Фантастика:
фэнтези
уся
5.00
рейтинг книги
Пробуждение. Пятый пояс

Отмороженный 7.0

Гарцевич Евгений Александрович
7. Отмороженный
Фантастика:
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Отмороженный 7.0

Неправильный лекарь. Том 1

Измайлов Сергей
1. Неправильный лекарь
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Неправильный лекарь. Том 1

Буря соперничества

Мазуров Дмитрий
4. Громовая поступь
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Буря соперничества

Стрелок

Астахов Евгений Евгеньевич
5. Сопряжение
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Стрелок

Барону наплевать на правила

Ренгач Евгений
7. Закон сильного
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барону наплевать на правила

Кодекс Крови. Книга VI

Борзых М.
6. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга VI

Загадки Лисы

Началова Екатерина
3. Дочь Скорпиона
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Загадки Лисы

Два лика Ирэн

Ром Полина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.08
рейтинг книги
Два лика Ирэн

Цикл "Идеальный мир для Лекаря". Компиляция. Книги 1-30

Сапфир Олег
Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическое фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Цикл Идеальный мир для Лекаря. Компиляция. Книги 1-30

Каторжник

Шимохин Дмитрий
1. Подкидыш
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Каторжник