Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Што ж рабіць, — як вылезці, няўжо няма ніякага ходу? А можа, трэба крыкнуць, паклікаць на дапамогу? А калі тут паблізу немцы? Хто ведае, ці ўтрымалі нашы той сквер? Такая бамбёжка, мусіць, дала немцам якую карысць. Ён злез з друзу, зазірнуў у цёмны куток збоч лесвіцы — скрозь пыльнае цаглянае завалле. Колькі трэба перакапаць яго, каб дабрацца да якой праломіны! Дык што ж рабіць!
Раптам на кучы цэглы і ламачча варухнуўся кавалак цагліны. Пасля, крануты аднекуль знутры, заварушыўся друз і яшчэ некалькі кавалкаў ссунулася ўніз. Валока здрыгануўся, сумеўся і ажно прыгнуўся, углядаючыся. «Вось табе і на!» — без страху, поўны аднаго толькі здзіўлення, сказаў ён сабе. I у той жа час згледзеў край чорнага, акаймаванага галуном пагона, засыпанае глінай плячо мундзіра, і раптам нечакана акрэсліўся
Валока ўнутрана сцяўся («Ах ты, пракляты, уцалеў!») і левай рукой падхапіў ствол аўтамата. Але былы страх знік, цяпер баец не дужа і баяўся гэтага недадушанага ворага. Немец, аднак, не варушыўся, яшчэ трохі паўзіраўся ў байца і затым тузануўся з ламачча. Твар яго пры гэтым скрывіўся ад болю, вораг прастагнаў і немачна заплюшчыў вочы.
«Забіць!» — бліснула думка. Валока прывычна скіраваў на ворага аўтамат, гатовы вось — вось націснуць на спуск; гэта было так лёгка зараз і так проста. Але, мабыць, гэтая лёгкасць і прытрымала яго рашучасць. Немец зноў аслабела заварушыўся, намагаючыся вызваліцца з-пад абломкаў. «Ну лезь, паспрабуй! Падыдзі! — казаў сабе баец, пільна назіраючы за кожным аслабелым рухам ворага. — Вылезеш, тут жа і ляжаш!»
Гэта быў чацвёрты вораг, які трапіў яму пад аўтамат. Першага ён падстрэліў у сорак трэцім пад Прохараўкай з акопа, у часе нямецкай атакі. Той упаў тады на траву, павярнуўся, неяк здзіўлена паглядзеў на Валоку і сціх. З другім давялося трохі пазмагацца. Баец даганяў яго ў акопе, той страляў з парабелума, параніў яго сябра Макіўчука, — то быў нейкі афіцэр у фуражцы з кукардай, і Валока, загнаўшы яго ў тупік, прыкалоў штыхом. Трэцяга расстраляў там, у пад’ездзе. Цяпер вось гэты.
Але страляць яго ў доле было неяк няёмка. Вакола чакаў, калі ён вылезе і што будзе потым.
Толькі вылезці яму было нялёгка. Немец патузаўся плячыма, разварушыўшы цагліны, выцягнуў з-пад завалля руку, пакрывіўся тварам ад болю. Затым застагнаў, умольна зірнуў на байца і зноў бяссільна абвяў.
«А, даняло, сабака!» — прабурчаў Валока, усе напружана сочачы за ім. Але аўтамат ён апусціў. Немец пакутна торгаўся, разварушваючы драбязу і ўсё не могучы выдраць ногі, прываленыя нейкай бетоннай глыбай. Валока яшчэ пастаяў насупраць, назіраючы за марнымі намаганнямі ворага. Мусіць, ад таго, што немец страціў ужо былую небяспеку для яго, паволі асядала ў байцу злосць і мякчэла, адступала кудысьці рашучасць забіць. Немец застагнаў, апусціў голаў, кусаючы вусны. «Пераломаны ногі, ці што?» — падумаў Валока. Бачачы, што немцу не выбрацца без дапамогі, ён неяк не ў лад са сваім пачуццём ступіў бліжэй і, упершыся абцасам, адваліў убок вялізны пляскаты кавалак сцяны.
Затым сам аж здзівіўся, навошта зрабіў тое, — немец вальней заварушыўся, абапёрся аб дол рукамі і, схіліўшы ўніз галаву з разматлянымі пыльнымі космамі, паволі выцягваў з-пад друзу ногі. Ага!.. Цэлы… Ён ужо апынуўся на волі, але чамусьці не спяшаўся скарыстаць яе, — мусіць, яго добра прыбіла ў часе абвалу. Тоячы ў душы супярэчлівую, перамешаную са спачуваннем зласлівасць, Валока стрымана назіраў за ім.
Абапіраючыся рукамі на загрувашчаны дол, немец нейкі час сядзеў, не могучы, відаць, саўладаць са слабасцю і болем. Побач, сцяўшы над пераноссем запарушаныя пылам бровы, з аўтаматам напагатове чакаў Валока. Немец усё мацаў сваю нагу ў калене, варушыў ботам. Затым, нібы чагосьці здзівіўшыся, зірнуў на байца і ўслухаўся. Знадворку глуха даносілася далёкая страляніна; грымнула некалькі выбухаў; праз шчыліны ў столі сям — там прасеялася крыху пяску. Немец паглядзеў угору і, нібы прыпамятаўшы штосьці, таропка ўстаў і, кульгаючы, падаўся да лесвіцы.
Валока не бачыў у яго ніякае зброі, ведаў, нікуды яму не вырвацца адсюль, і таму спакойна сеў на цагляны зломак, з перавагай пазіраючы на ворага. Аўтамат ён трымаў між калень. «Ага, паспрабуй», — з’едліва падумаў баец, гледзячы, як немец штурхае пліту над прыступкамі. Той рабіў гэта, відаць, з усяе сілы, ззаду ў кароткім разрэзе аж матляліся канцы мундзіра, але пліты зрушыць не здолеў. Тады немец павярнуўся; на яго збянтэжаным
Ён вяла саступіў з прыступак і сеў, абхапіўшы рукамі нагу. Валока з прытоенай цікавасцю агледзеў яго пакамечаную, абсыпаную пылам постаць з яфрэйтарскім шаўронам на разадраным да локця рукаве і ўпершыню ўбачыў на яго баку кабуру. Гэта зацікавіла і насцярожыла, з’явіўся новы клопат: што рабіць, калі вораг ажыў ды яшчэ ў дадатак да ўсяго і ўзброены?
Немец тым часам, відаць, паволі спакайнеў, правай нагой спіхнуў з левай бот, закасаў штаніну і насоўкай пачаў перавязваць калена. Калена было скрываўлена, кроў паўзла і паўзла з нейкае невялічкай, але вельмі крывацёчнае раны, і хутка насоўка стала ўшчэнт мокрая. Па ўсім выглядзе немца нельга было заўважыць, каб ён збіраўся ратавацца ад байца або нападаць, і гэта супакойвала. Неяк міжвольна пранікшыся спачуваннем да яго болю, Валока адставіў убок нагу і намацаў у кішэні пацёрты, даўно ўжо ношаны там перавязачны пакет. Баец мог і не даваць яго: не так ужо і шкада яму было гэтага падбітага гітлераўца. Аднак нейкае чалавечае велікадушша штурхнула дапамагчы, бо была ў тым патрэба.
Немец не чакаў, пэўна, гэтага, і пачак упаў у друз ля яго ботаў. Спярша салдат сумеўся, але затым зразумеў — погляд яго адразу праясніўся. Ён нават буркнуў «данке» і, праз боль усміхнуўшыся, дастаў пакет. Твар у яго быў ужо немалады, загарэлы лоб перарэзалі маршчыны,і над скронямі блішчалі залысіны. На абсівераных няголеных шчоках шархацела русявае шчацінне.
Валока ўсё глядзеў на ворага, не ведаючы, што рабіць далей, і толькі інстынктыўна адчуваючы, што трэба асцерагацца. Немец вышэй закасаў штаніну і пачаў ашчадна абкручваць бінтом калена. У гэтым занятку ён мерна гойдаўся, раз — пораз падстаўляючы святлу са шчыліны зашчаціненую шчаку з шырокім косым рубцом каля вуха, — мусіць, колішнім следам асколка. Валока ўбачыў тое і сам сабе ўсміхнуўся: гэткі ж самы рубец насіў і ён на левым баку — то была памятка баёў пад Курскам. Немец відавочна ачуньваў і насцярожаным позіркам шэрых вачэй зрэдку пазіраў на байца.
Але доўга разглядваць адзін аднаго ім не давялося. Зямлю пад нагамі зноў затаўклі выбухі, — напэўна, то смалянула «кацюша» або шасціствольны нямецкі мінамёт. Зварухнуўшыся, абодва яны схілілі галовы і ўслухаліся. Немец застыў з нацягненым ля нагі бінтом і чакаў, утаропіўшы позірк у пакарэжаную столь склепа. Але выбухі паволі заціхлі, асыпаліся апошнія пасмы пяску са шчылін, і зноў стала ціха і глуха. Адзін толькі праменьчык косаю дымчатаю паскай скупа цадзіўся ў паўзмрок падзямелля.
Валока заварушыўся: трэба ж было нешта рабіць, як вылазіць. I прыпёрла ж яшчэ гэтага немца! Але ён быў пабіты і, здаецца, дбаў толькі пра свой боль. Мабыць, таму галоўны Валокаў клопат, як вылезці, на нейкі час прыцішыў у ім страх перад немцам. «Хай спрабуе», — падумаў баец, маючы на ўвазе нечаканы напад. Ён трымаў у руках аўтамат, адчуваў у сабе сілу і спадзяваўся на яе. Да таго ж Валока бачыў побач не якога там загадкава драпежнага фашыста, а пажылога ўжо, пабітага і ўезджанага вайной чалавека. Хоць немец і маўчаў, аднак няцяжка было меркаваць, што ён адчуваў цяпер, і толькі яго салдацкая форма не давала Валоку забыцца, што гэта вораг. Засцярожліва пазіраючы спадылба, баец уздзеў на плячо аўтамат і, спатыкаючыся, палез па друзу пад паўразбураную, паламаную столь.
Трэба было шукаць нейкае выйсце.
3
Шчыліны на зломах у бетоне былі дзе — нідзе шырокія, у іх можна прасунуць пальцы, але ўхапіцца не было як. Задраўшы ў падстолле твар, Валока як-колечы спрабаваў расхістаць абломак, ля якога цадзіўся промень, штурхнуў яго ўгору і пацягнуў на сябе. З шчыліны пасыпаўся пясок і жарства, баец адхінуў убок твар і яшчэ больш напяўся, каб як-небудзь разварушыць пліту.
Увесь час ён не забываўся пра немца ўнізе і, ледзьве скасіўшы вочы, адчуваў і бачыў кожны яго рух на прыступках. Немец спачатку цікаўна глядзеў на марныя байцовы спробы, затым не дужа ўпэўнена ўстаў. Валока адразу кінуў пліту і ўзяўся за аўтамат. Але вораг у другі раз амаль добразычліва ўсміхнуўся і трахнуў на рамяні кабуру.