Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
— Майн фрау ўнд кіндэр. Дрэздэн, — сказаў ён і падаў картку байцу. Той няўмела, з ашчаднаю зважлівасцю да чужога, але зразумелага і па-чалавечы дарагога наблізіў картку да слабенькага святла запальнічкі.
З фатаграфіі на яго пазіралі жанчына і трое малых. Старэйшы — галаногі хлапец у кароткіх штоніках стаяў каля крэсла, дзяўчынка сядзела на каленях у маці, сярэдні — хлопчык год дзесяці — стаяў ля старэйшага і трымаў пад пахай паласаты мячык. Ззаду віднеўся невялічкі, але ладна адбудаваны і дагледжаны домік з верандаю, высокі чарапічны дах, у прасценках густая лістота
— Ладная дамоўка, нічога не скажаш, — уздыхаючы, прагаварыў Валока, адчуўшы ў душы ціхенькі самотны боль не то ад разбуджанага суму па спрадвечнаму, мірнаму, гаспадарчаму жыццю, ці мо ад успамінаў аб сваіх там, дома… З прытоенай зайздрасцю і скрухаю ён аддаў картку назад.
— Драй кіндэр! — сказаў Фрыц, хаваючы у кішэню паперы. — Плёха плен. Гаўптман гестапа Крафт шрайбен, — фрау, кіндэр ком, ком унд канцлагер. Плёха!
Валока зразумеў. Пэўна ж, так, яны, гэтыя немцы, не дужа там няньчацца і са сваімі — ён ужо чуў, што за такія справы сем’і гэтых фрыцаў па галовах не гладзяць. Ну, але што ж тады ім рабіць?
А Фрыц тым часам ямчэй усеўся на цагляным зломку і, памагаючы сабе рукамі, пачаў нешта тлумачыць.
— Фрыц нікс буржуй, Фрыц арбайт! — Нібы ў доказ таго ён выцягнуў перад сабой шырокія, дужыя, працавітыя далоні. — Маркі мала-мала Фрыц. Айн хаўз Фрыц. Хагеман — бедны чалавек. Рус Іван — бедны чалавек. Цвай бедны чалавек, — паказаў Фрыц два пальцы. — Мі панімайт.
— Ну гэта… Які я бедны? — невядома чаму сумеўся Валока. — Чаго Іван бедны? Што я, беспрацоўны? Калгаснік я.
— Я, я, — пагадзіўся немец. — Плёха рускі кальхаснік. Кальхас бедна.
«Што ён мяне тут ахмурае, — падумаў Валока. — Куды гне?» I яму дужа захацелася быць не горшым, чым гэты немец, — не ўступіў жа ён яму ў нядаўняе бойцы, быў роўны ў працы, і цяпер вельмі ж нежадана было яму аказацца нейкім бедняком, вартым спачування. Унутры ў ім усё запратэставала супраць гэтага абразлівага варожага спачування.
— Наш калгас багаты. Вось! У нас не такія — у нас яшчэ лепшыя дамы. Мы шыферам крылі. I хлеба — во! — гаварыў ён, паказваючы далонню да шыі. Немец, здаецца, нічога не зразумеў і казаў свае:
— Плёха рус кальхас… Бедна…
Баец адчуў, што не дужа абхітрыш гэтага немца, які прайшоў палову Расіі і, пэўна, нагледзеўся рознага. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца.
— Мала што дзе там бедна. а ў нас багата. Во. Мы хлеба па сто пудоў палучалі. I бульбы. I гароху. I масла па пуду, і грошы — тысячу рублёў. Тысячу, разумееш? — з пафасам назваў ён суму, якая ў даваенным сялянскім разуменні была ўвасабленнем параўнаўча высокага дастатку. Ва ўсякім разе за гэтыя грошы можна было купіць добрую карову. А гэта было ўжо нямала. Немец нахмурыў лоб, імкнучыся штосьці зразумець у запальчывай гэтай гамонцы, і Валока пальцам вывеў на запыленай сцяне палачку і тры нулі.
— Тысяча! От!
— Таўсенд! Кілёграм масле? — здзівіўся немец і недаверліва паглядаў то на лічбу, то на байца. А той, адчуўшы, што немец памыляецца, але, бачачы яго захапленне, не стаў выкрываць непаразумення і нахабнавата пацвердзіў:
— Ну!
Немец загасіў у вачах недаверлівы агеньчык і паскроб патыліцу.
— Усё было. Да вайны, — гаварыў далей Валока з такім адчуваннем, бы рашыўся на штосьці адчайна забароннае, адкуль назад ніякага ходу ўжо не было. I ён лез напралом. — Радыё было — раз, — пачаў ён загінаць на левай руцэ пальцы. — Лісапед. — Для нагляднасці ён падабраў ногі і пакруціў, бы педалямі, у паветры.
— Рад, — здагадаўся немец.
— Во, во, рад — два.
— Іх імель крафтрад, матацыкль, — аб’явіў немец.
— Матацыкл? Матацыкл што? Матацыкл ерунда. а ў мяне была… ведаеш што? Гэта што плавае — чых-чых-чых! Маторка звалася. Во! — паведаміў ён, знайшоўшы свой галоўны ў гэтай спрэчцы козыр.
— Лодка?
— Ага, лодка. От жылі. Каб не вы, фашысты… Фрыц падумаў, яшчэ паўзіраўся ў байца, наморшчыў лоб і ўздыхнуў, няпэўна супакойваючыся. «Паверыў», — коратка, з надзеяй, падумаў Валока.
— Фашызм нікс гут. Плёха фашызм, — сказаў Фрыц, і баец цяжка падняўся з месца. Немец таксама ўстаў, услухаўся, але скрозь было ціха.
Яны зноў пачалі разбіраць завалле, выцягваць каменныя вывараціны з праломіны ў сцяне, але канца гэтае справе не было відаць. За праломінай ішла суцэльная сцяна друзу, і хутка з яе ўжо нічога нельга было выдраць — так там усё было туга спрасавана. Абодва за той час дужа ўходаліся, запыліліся. Валока, не перастаючы, кашляў ад пылу. Урэшце ён вылаяўся і вылез на вальнейшае месца. Стала відаць, што калупацца там — справа дурная і марная.
Яны памаўчалі, змарыўшыся, пасля Валока пайшоў абмацваць усе закуткі гэтага падзямелля. Запальнічка свяціла слаба, і ён больш вобмацкам, чым бачачы, натрапіў на нейкую патарчаку, што высоўвалася ўгары са столі. Гэта было ў баку ад таго месца, дзе ўдзень прабіваўся праменьчык. Баец гукнуў, і Фрыц прынёс сюды свой мізэрны свяцільнік. Мільготкая іскрынка праплыла ў цемры і, толькі калі немец падняў яе ў кулаку пад самую столь, трошкі асвяціла цьмяны кавалак бетону.
Слабенькае святло хліпка блукала па столі, два твары напружана ўзіраліся ўгору. Валока напяўся — зломак кратаўся. Немец свяціў адной рукой, а другой таксама ўпёрся ў край гэтае вывараціны.
— Ахтунг! Памалё! Малё трэба, Іван, — засцярожліва сказаў ён, і баец пачуў яго цёплае дыханне ля вуха. Там, ззаду, за спіной, вісеў яго аўтамат, які лёгка можна было ўхапіць, але Валока ўжо не звяртаў на гэта ўвагі.
— Што там «ахтунг!». Ану, дужэй. Раз, два, узялі! Шырока расставіўшы ногі, яны ўперліся, Валока папіхаў зломак у адзін бок, у другі, той яўна паддаваўся іхняе сіле. Тады баец напяўся яшчэ, і зломак зрабіў шырэйшы ход туды і назад. Здавалася, у гэты раз яны сапраўды знайшлі выйсце. Валока аж акрыяў духам і, змораны, сабраў у сабе рэшту сіл. Зломак паддаваўся, вось — вось павінен быў выпасці, як раптам немец засцярожліва ўскрыкнуў, запальнічка ўраз пагасла, і нейкі жахлівы цяжар, прарваўшыся, рухнуў на Валоку. Ён і не ўцяміў нават, што сталася, уваччу бліснула аранжавая зарніца, і страшны боль у галаве пагасіў адчуванне.