Райскія яблычкі
Шрифт:
Бацюшка падышоў да вас і растлумачыў свой план. Амерыканцы паедуць наперадзе, іх, як дыпламатаў, павінны прапусціць у мястэчка, да падмуркаў бацюшкавай царквы, якую перашкодзілі будаваць. А за імі прарвемся ўсе мы, — падсумаваў ён. Алекс, апусціўшы шыбу, выслухаў яго і асцюдзіў: нават калі нас прапусцяць, што вельмі сумнеўна, потым усіх паасобку конча аштрафуюць. А падтрымліваць рэжым штрафамі супярэчыць нашаму жаданню. Дый амерыканцаў могуць не прапусціць, — і дадаў. — Яны ўсё могуць.
Вы счакалі, каб не апынуцца сярод удзельнікаў — у калоне. Каб заставацца назіральнікамі. Дарога ляжала ўздоўж мястэчка. Усе ўезды вартавалі міліцыя і вайскоўцы. Любую калюжную вулічку. Вы не хавалі іранічнага захаплення… Бацюшка, чарнеючы расай, жэстыкуляваў, штось тлумачачы ахове. Калона рассыпалася. Машына дыпламатаў стаяла каля будкі дарожнага паста. Уезд на цэнтральную
Важданіна цягнулася вельмі доўга. Вы назіралі з адлегласці. Амерыканец нервова хадзіў вакол і размаўляў па спадарожнікавым тэлефоне. Каля вас спынілася машына, поўная мужчын. Яшчэ дзве стаялі абапал уезда ў мястэчка. Пазней выявілася, што гэта адна каманда. Машына, якая вартавала вас, рушыла за амерыканцамі. Астатнія дзве адначасова пакінулі варту і паехалі ў бок райцэнтра. Алекс зірнуў на гадзіннік: васемнаццаць, канец працоўнага часу.
Так-так, амерыканцаў прапусцілі, калі скончыўся рабочы дзень. Яны хацелі каб усё па-людску: і з вернікамі сустрэцца, якіх уціскалі, і з начальствам мясцовым паразмаўляць. А ў начальства ўжо рабочы дзень закончыўся і яно не абавязана. Можна было падумаць, што тут надзвычай стаміліся ад замежных дэлегацый і дыпламатычных візітаў. Амерыканцы, аднак, усё не вярталіся. “Можа іх арыштавалі? Не можа быць!.. Хаця ў нас усё можа здарыцца... І з замежнікамі таксама, і з дыпламатамі. Вунь павыганялі з дыпламатычнага пасёлку, каналізацыю пракладаць будзем новую, знайшлі прычыну...”
Паўз мястэчка чарнела аўтастрада. Вы чакалі на раздарожжы. На стаянцы побач прадавалі не гарачыя сасіскі і каву, а дзіцячыя цацкі — вялікія надзіманыя і плюшавыя. Пад няўтульным шэрым мокрым восеньскім небам такі гандаль выглядаў яшчэ больш марным і бязглуздым. Ты ні разу не заўважыў, каб нехта спыніўся і зацікавіўся дзіцячымі звяркамі. Цацачная крамка выглядала быццам сумны маскарад.
Пачало шарэць. Гандлярка згарнула сваю крамку, пацягнула вазок з цацкамі ў бок мястэчка. Наперадзе йшла дзяўчынка з сабачкам, які вымыкаўся ў яе з рук, саскочыў на асфальтоўку, дзяўчынка пабегла, каб злавіць яго. Вазок з плюшавымі звяркамі нагадваў балаганчык перасоўнага цырка. Знянацку адная цацка адарвалася і ўпала ў гразь. Здаецца, малпа. Гандлярка панура цягнулася, не заўважыўшы страты. Алекс адчыніў дзверцы і, секундна памарудзіўшы, крыкнуў: “Бабуля, звера згубілі!” Яму давялося паўтарыць. Яна пачула, спынілася і падабрала малпу. Нейк маркотна. Вы паспелі заўважыць, што жанчына зусім не старая, адно па-старэчы захутаная ў хусціну. Алекс зніякавеў.
Амерыканцы не вярталіся. Гэта ўсё болей рабілася дзіўным. Няўжо іх усё ж арыштавалі?.. Успомнілася, як год таму, такім жа восеньскім часам у мястэчку асвячалі падмуркі будучай царквы. Эмігранцкі святар, які з памылкамі чытаў тэкст і гаварыў з моцным акцэнтам. Дыпламат, які чытаў паперу на замежнай мове, незразумелай нікому з цётак і бабулек. Але спачатку ён падрыхтаваў уступ на беларускай, старанна вывучыў націскі.
Зусім сцямнела, зрабілася папросту чорна. Думалася пра тое, што ўладам не давала спакою царква, на якую ў іх ніхто не прасіў грошай. Пра тое, колькі высілкаў яны змарнавалі, каб перашкодзіць яе будаваць, каб, нарэшце, разбурыць храм. Па-варварску. А тут, на ходкім раздарожжы, дзе павінна стаяць аўтазапраўка, дзе падарожны шынок павінен завабліваць гарачай кавай і прынамсі хот-догамі, дзе усё павінна асвятляцца ліхтарамі і міжволі прымушаць аўтападарожных спыніцца, тут было цёмна, няўтульна і мёртва.
І вельмі маркотна. Вы сядзелі без святла, моўчкі, нават музыку ўжо не хацелася слухаць. І, галоўнае, не ведалі што рабіць далей. Уначы штосьці магутнае з моцным святлом раптоўна і хутка праляцела міма. Як балід, як метэор з альбома (машынальна падумалася табе) “Fireball” Deep Purple. У вас амаль не было сумневу, што гэта амерыканцы. Яны не спыніліся, на што спадзяваліся вы...
Вы вярталіся бязлюднай дарогай. Прытармазілі ў цемры, калі трапілі ў зону дзеяння мабільнай сувязі, каб перадаць паведамленне. Што дыпламатаў не пусцілі да вернікаў, не падпусцілі да царквы. Затрымалі і склалі пратакол, пра што вам удалося даведацца. З рухавіком змагаліся рок-дыназаўры. Вы слухалі старыя хіты. Размовы засталіся ззаду. “Вы збіраецеся ў сталіцу на Nazareth?” “На жаль, не”. “А я днямі ганарар атрымаў — на білет якраз. І за дарогу яшчэ трэба столькі ж. Яны ўжо другі раз прыязджаюць, нечувана. Мне спадабалася: Дан Макафэрці сказаў п’е толькі мінералку”. “Яны пасталелі, яны ўсе прайшлі праз наркотыкі. Хтосьці загінуў, хтосьці ацалеў. Усяго
Бацюшка аказаўся рамантыкам: у краіне яжовых рукавіц трэба любіць ярмо, не свабоду, не самастойнасць выяўляць, пакору. Яму хацелася не залежаць ад іярархаў, якія служаць уладзе, звяртацца да вернікаў на роднай мове. Нішто не прамяніста: кволы іярарх, які ўратаваў беларускае слова ў сваёй каплічцы ў далёкіх Штатах, амаль пазбыўся паствы, бацюшкава царква была шанцам вярнуцца на дахаты духоўна, каб прымірана адчуваць у руцэ крыж перад абліччам блізкай смерці. Была…
Першы снег, як першая закаханасць, нетрывалы. Ён распускаецца на непрамерзлай яшчэ зямлі, на траве, на пакуль даволі цёплым асфальце, нібы духмяная пена ў ваннай. А потым доўга і нудотна, з перапынкамі, падае маркотны і ёдкі восеньскі дождж. Райскія яблычкі, быццам здзіўлены абыякавасцю да сябе, нават птушак яны пакуль не цікавяць. З цягам начных прымаразкаў паступова абсыпаецца лісце. Яблычкі галеюць чырвоным россыпам. Як аздобленыя гірляндамі на навагодні час вулічныя дрэвы. Потым яблыньку спляжаць…
Бацькоўскі садок каля рэчкі, якая праз некалькі кіламетраў трапляе ў Нёман. Лета атрымалася спякотнае. Для вінаграднічка бацькавага найспрыяльнае надвор’е. Але потым неабходна ўпільнаваць, каб вераснёўскія прымаразкі не знішчылі ўраджай ці, прынамсі, каб не папсавалі. І вы з бацькам па тэлефоне пачалі ўмаўляцца. Каб разам паехаць і пазрываць гронкі. І табе, як звычайна, кожнага разу будзе штосьці перашкаджаць. У выхадныя таксама трэба працаваць, інакш можна апынуцца ў апошніх шэрагах. У цябе не атрымалася, і бацька паехаў з суседам. І той яму дапамог абсячы вінаградную лазу. Бязлітасна, як ты потым змог пераканацца. Чым яна яму перашкаджала? Абвіла сьцяну, сягнула да вільчыка? Гэта ж вінаград! У цябе рука не ўзнялася б.
Сумны настрой спараджаюць восеньскія садочкі. Пусты дом з мансардай. З астылым агменем. З пыльным сеннікам. З плеценымі матамі на масніцах. Праз плот прапануе жоўтыя вераснёўскія плады лімоннік. Абцяты вінаград з апошнімі гроначкамі сярод рэдкай лістоты. Сіне-чорныя ягадзіны ў пажоўклай траве. Пад абцяжаранымі ўраджаем дрэвамі яблычныя паляны. Вы з бацькам выбіраеце ў траве самыя вялікія і найлепей захаваныя яблыкі. Немагчыма ўстрымацца, каб не ўзяць прыгожы жаўтаваты — нібы парафінавы з вітрыны — і не адкусіць, не зважаючы, што адваротны бок ужо згнілы. Адзін такі яблык выгрызены са споду. Ты бачыш, што ён ляжаў на кратовай норцы, і кладзеш на ранейшае месца.
Старая сумная позневосеньская казка. Пра дзяўчынку Цалёўку, сляпога крата, з якім яе пашлюбілі, цёмны падземны лабірынт. Пра надзею, ластаўку, вырай і далёкую вабную краіну, дзе заўжды лета. Стаіш наверсе перад расчыненым акном. Падаюць яблыкі. Чуеш, як скрозь лістоту абарваўшыся ляціць яблык. Глухі стук. Наступны не толькі чуеш, бачыш, як падае на зямлю. Трэба з’яжджаць.
Райскія яблычкі не абсыпаюцца, трымаюцца моцна, учэпіста, самааддана. Як усе вы, большасць, але пачынаюць гнісці. У рэшце рэшт не сарванае і не знесенае ветрам лісце ападае, творачы жоўта-рудаватую палянку пад дрэвам. Каляровая пляма на шэрым абліччы восені. А яблычкі застаюцца на дрэве. Што такое, па сутнасці, змяніць краіну, горад? Свой пакой, вуліца, сцень дамоў. Змяніць няўтульную сумную познюю восень на вечнае гарачае лета. Ананасы, гранаты на вулічных дрэвах, цытрусавыя, вялізныя крамяныя яблыкі з бананавым прысмакам.
2002
ФАБРЫКА СФІНКСАЎ
Апавяданне з бюстамі багоў
“Яны выглядаюць як сфінксы, якія смяюцца”,
Часам я адчуваю ўласнае падабенства са сфінксам. Чалавек як сфінкс. Здранцвець і маўчаць. Адно працягваць думаць, часам лянотна, ледзьве. Летуценіць. Мроіць. Апынуцца ў нірване. Мне добра, мне нічога болей не трэба, я нічога не хачу цяпер. Хаця чалавек усё ж хутчэй нагадвае тады мумію. Як гэта не крыўдна і не вусцішна, магчыма. Бо калі чалавек у спакоі, адпачывае, ён часцей ляжыць. Ляжыць на спіне, ці на баку. Але болей на спіне, склаўшы рукі, як нябожчык або выцягнуўшы іх, як менавіта мумія. Большыя за людзей сфінксы, канечне, каты. А некаторыя з нас адчуваюць сябе катамі. Зайздросцяць іхняй паставе, мудраму спакойнаму абліччу.