Райскія яблычкі
Шрифт:
Мы заўжды падспудна чакаем непрыемнасцяў, гвалтоўных зменаў, нейкай неакрэсленай пагрозы. Мы толькі не паказваем выгляду, што чагосьці баімся. Існаваць у лёгкім стрэсе — наш лёс. Хоць гэта не дае запабегчы здарэнняў, ліха. Такое не зусім утульнае існаванне не залежыць ад нашых жаданняў. Джавані Дрога чакаў па-мазахісцку. Частка афіцэраў Белай Арміі таксама. Яны засталіся, правадзіўшы вачыма белыя дымы, якія распусціліся ў моры. Каўчэг быў караванам з мноства караблёў. Яны стаміліся ад уцёкаў, зняверыліся, сталі абыякавыя да ўсяго, перш — да сябе. Яны не ведалі, што іх чакае. Маглі прадчуваць, але на нешта неакрэслена спадзяваліся, прынамсі стараліся ці спрабавалі спадзявацца. Эміграцыя здавалася
Час з’язджаць усё ж надышоў, яны з Сабінай, пакінуўшы ў рэцэпцыі рэчы, апошні раз на моры: месца хапае, раніца не пляжная, надвор’е нібы адмыслова змікшавана, каб яны не надта шкадавалі пра ад’езд. Пасля начнога дажджу з маланкамі халаднавата. Сонца заспалася, яго спачатку няма зусім. Уласна кажучы, па пляжы нечакана няўтульна, яны ўстаюць з драўляных лежакоў і ўзнімаюцца наверх, на “салярый”, што прасунуты ў мора. І нават тут не ўсё занята, як бывае звычайна, яны кладуцца плазам на прахалодныя дошкі і прыкрываюцца, бо апатычнае сонца раз-пораз зашморгваюць фіранкі шэрых хмарак, і ляжаць зусім не цёпла. Фабіяну ўзгадваецца рыцарскі турнір, што ў дзень іхняга ад’езду пачнецца на адлегласці — у горадзе з генуэзскай крэпасцю. Некалі рыцары, кавалеры крыжоў мусілі адплыць з паўвострава, пакінуць райскую мясціну, дзе вынішчылі затым усё рыцарскае, шляхецкае. Ці атрымаецца вярнуць сякі-такі дух? Штучныя прышчэпкі ці заўжды даюць вынік? У Фабіяна няма адказаў, ёсць толькі пытанні. Яны ляжаць з Сабінай моўчкі, размаўляць няма асаблівай патрэбы, хочацца адно надыхацца на астачу марскім паветрам, наслухацца хваляў, каб хоць на бліжэйшыя дні крыху захаваць адчуванне мора.
— Ты ведаеш, парушае пазней маўчанне Фабіян, выбітыя, выгнаныя з Ерусаліма крыжакі пагрузіліся на караблі і апынуліся ў моры. Яны заставаліся вайсковай сілай, як і армія генерала Урангеля, яны высадзіліся на Кіпры і заснавалі сваю рыцарскую дзяржаву.
— Але ж гэта быў востраў, ім пашанцавала.
— Можна й так сказаць, на пэўны час, зрэшты яна праіснавала трыста гадоў…
— Яны з вялікімі стратамі ўпарта заваёўвалі горад з Дамавінай Гасподняй, але бясконца ўтрымліваць яго не маглі. Іх акружала чужароднае ваяўнічае мора. Мне ўвогуле здаецца гэта вар’яцкім: рыцары ў жалезных даспехах у распаленых сонцам пясках. Я думаю, Кіпр стаўся для іх лепшым месцам, думаю, нават раем, калі ўлічыць, што сёння гэта суцэльны курорт, прынамсі нетурэцкая частка.
— Абрысы Кіпра нагадваюць відавочна відарыс крымскі. Але Бог не зрабіў Крым канчаткова востравам, штось яго стрымала, прымусіла пакінуць аднолькавую магчымасць і абараняць з поспехам вузкі уваход, і прайсці скрозь яго ўнутр. І нашым, і вашым. Тое, што чырвоныя прайшлі цераз гнілую затоку ў халады, перакрэсліўшы перакопскую абарону, не навіна. Імператарская пяхота рабіла тое ж самае, калі Перакоп абаранялі туркі з татарамі, я чытаў калісьці. Рускія некалькі разоў уваходзілі ў Крым, але пакідалі яго, некалькі разоў, нават дзіўна. Гэта каштавала столькіх жаўнераў, столькі пораху. Крым быў напэўна для іх накшталт Ерусаліма: і хочацца, і колецца…
— Толькі што яны не бачылі ў ім нічога свайго, не адчувалі сваіх правоў. Гэты пісьменнік, які потым стаў пісаць па-англійску, ён таксама трапіў за мяжу праз Крым, ён яго здзівіў, пісьменнік не адчуў рускага духу, як ён пісаў потым. Крым здаўся яму чужым краем, дзе ўсё было нярускім: пахі, гукі, рык асла, крык муэдзіна.
— Калі падумаць: рай і не павінен быў выглядаць інакш. Рай, гэта заўсёды незвычайна, гэта замежная тэрыторыя, экзатычны куток.
— Як у рэкламе “баўнці”?
— Сапраўды. Рай не мог выглядаць будзённа, як звычайная вёска: саламяныя стрэхі, пахіленыя парканы з парэпанымі збанамі, напрыклад.
Яны зноўку ляжаць моўчкі. Ляжаць, часам расплюшчваючы вочы ў неба, дзе
Бог ім нарэшце пасміхнуўся, дазволіўшы сонцу апоўдні ўлагодзіць Сабіне з Фабіянам апошнія марскія ванны. Аднак змыць соль аказалася не так проста, як ім здавалася напярэдадні. Платны душ, які яны даўно прыгледзелі, спыніў сваё існаванне менавіта ў патрэбны дзень. Ім паспачувалі, далі параду, і вось яны па чарзе ў змрочнай старой кацельні сярод іржавых трубаў, вентыляў здолелі за грашы пастаяць некалькі хвілінаў пад апатычным цурком з друшлячка.
Апошняя ежа з півам на цяністай тэрасе пад каменным мурам у “Раі” на набярэжнай. Гэта віла для новых рускіх побач з морам, яны ў жэзлонгах загараюць у лоджыях. Ад віна перад дарогай Сабіна з Фабіянам адмаўляюцца, апошняя пляшка выпіта ўчора ўвечары наверсе з морам як на далоні. З морам, якое апынаецца спакваля пад цёмным небам, якое не паспявае зрабіцца суздром чорным, бо нябачная рука жменяй раскідае наўсцяж россыпы залатых зораў. Апошняй пляшкай было ружовае, інкерманская “Гераклея”, Фабіян не вялікі аматар ружовага, але назва спадабалася вельмі. Яго не пакідае думка пра вінныя склепы ў горных пячорах. Штосьці Урангель, канечне, пагрузіў на караблі. Але колькі засталося яшчэ! Малаверагодна, што выбівалі коркі з бочак, білі бутэлькі, каб крымскі нектар багоў не дастаўся ворагу. Напэўна, матросы адчулі культурны шок, трапіўшы ў склепы з мадэрай.
— А што ты думаеш пра гэта? — пытаецца Фабіян, агучыўшы свае думкі пра віно.
— Я? — Сабіна робіць здзіўленыя вочы. — Я пра гэта не думала. Каб пры адступленні заўжды знішчалі тое, што немагчыма забраць, замест трафеяў пераможцы атрымлівалі толькі ламачча. Але, здаецца, з трафеямі звычайна бывала ўсё нармальна. Урангель не знішчаў жа свае танкі і самалёты? Вось ты, ці здольны быў бы выліць запасы марачнага ў мора?
— Я — не.
— Вось бачыш.
— У мяне ўжо нейкія думкі пад заслону, тэма не дае пераключыцца на іншае. Ці не была белая эміграцыя вылушчаным па восені плодам, зернем, ядром сваёй змучанай, скатаванай бацькаўшчыны? На беразе засталіся асцюкі, плеўкі, шалупінне. Ці не была менавіта знятымі вяршкамі, якія знесла хвалямі, нібы марское белае шумавінне?
— А мне, знаеш, калі фантазіраваць, хочацца параўнаць іх бадай з ікрой рыбіны: з успоратым брухам засталася на беразе кінутай дзюбам на спажыву. Як уяўлю, што ў сярэднім на палубах, у каютах і ў трумах кожнага карабля было больш за тысячу чалавек, робіцца ніякавата. Гэта цяжка ўявіць нават. Параўнанне з селядцамі ў бочцы не прыдатнае. Тут менавіта пра лічбу ікрынак у слоіку хутчэй падумаеш.
— Так, магчыма, сапраўды гэта больш дакладна будзе. Але я пра сваё: плод саспеў і адваліўся, нібы какосавы гарэх, да яго кінуліся галодныя і прагныя, ды зубы зламалі.
— Хутчэй міма рота пранеслі.
— І гэта праўда. Але, але насенне расцерусілася і без роднай нівы не дало і не магло даць асаблівага плёну. Яно трапіла ў чужую глебу і кволая рунь была заглушана пустазеллем. Сэ ля ві.
Вядомы сёння факт: генерал Урангель забраў паштовых вайсковых галубоў з Севастопаля ў Еўропу. Праз паўтара года яны вярнуліся. Галубы вярнуліся. Яны не разумелі нічога, тут размаўлялі цяпер не так іншай моваю, як іншымі словамі, з іншай інтанацыяй. Прыгаломшаныя, яны кружлялі, прыляцеўшы ў свой дом, які стаў чужым, калі не з Парыжа, дык з Бялграда. Зрэшты, яны нядоўга пакутвалі, іх зжэрлі, так-так, зжавалі моцныя чырвонафлоцкія сківіцы, як белагвардзейскіх паштовых сувязных. А як жа?!