Райскія яблычкі
Шрифт:
Крымскія горы і даліны надоўга апанавалі чырвоныя. Дэмбельскія альбомы. Цэлае фотафальклорнае радовішча на тэрыторыі колішняе дзяржавы ў дзяржаве. Апроч дурноты, плюганіны і кітчу, сама аснова не выклікала ў шэраговага Фабіяна грэблівасці. Экскурсіі — генуэзская крэпасць і гэтак далей. Пальмы, кіпарысы. Нават акторкі з кіначасопіса ў якасці аздобы. Ветразі, яхты. Беласнежныя лайнеры. Нібы-антычныя калоны. Супер-фота: яны ўзводна ў масоўцы на здымках севастопальскай абароны. Ад англа-французскіх інтэрвентаў. Незвычайнае адчуванне сябе не проста не ў сваёй вопратцы, а — царскім жаўнерам. На архаічнай вайне, у іншым жыцці, эпосе, у надзвычайных абставінах, з думкамі прапрадзедаў, іхнімі патрэбамі
Звальненні былі экзатычнымі экскурсіямі. Уражанні нагадвалі саган з усходнімі пернасцямі. Аднойчы пра янычараў пачаў пісаць. Зрэшты, не атрымалася. Што ён тады пра іх мог ведаць? Толькі што гвардыя, целаахоўнікі султанаў і пашаў. Адданыя і жорсткія, ваяўнічыя і бязлітасныя. Элітныя аддзелы турэцкага войска. Пра сапраўдны змест з’явы, пра янычарства бадай тады шэраговы Фабіян не здагадваўся. Яны цікавілі сваёй экзотыкай. А крымскія санеты? Загадкавыя каменныя гарады, недаступныя — на вяршыні гары. Як тыя сярэдневечныя замкі, але — цэлыя гарады. Высечаныя ў скалах на вышыні кляштары пачатковых хрысціян, калі яшчэ не падзяляліся на асобныя канфесіі. Хаця над апошнім фактам ён тады не мог задумвацца. Ды само неба начное было адметным. Як цёмна-сіняе покрыва з залатым зорным сяйвом. З тысячы ды адной ночы…
Не магло не прыгнятаць адно — груды смецця. Сабіну і Фабіяна яны вельмі раздражнялі. Пры Ўрангелі, у ранейшыя часы не магло быць так, здавалася ім. Тады прыбіральшчыкі не круцілі носам, не разважалі — колькі павінна каштаваць прыбіранне смецця, быццам гэта моцна кваліфікаваная праца. Засмецілі рай, занядбалі, засралі, трэба быць шчырымі. Забудавалі хрушчоўкамі, шпакоўнямі, складамі, казармамі, нагрувасцілі. Тут кожны дом павінен быў будавацца інакш, як было калісьці, пакуль рай не пакінулі, ратуючыся ад пагоні вяршкі грамадства, думалася Фабіяну.
Але, не зважаючы на пляжы і віно, паўвостраў, не шкадуючы лішне, зрабілі бочкай з порахам. Якое супадзенне: ваенных будаўнікоў вучылі менавіта ў райскай краіне, славэтны будбат. Яны практыкаваліся сярод пальмаў і вінаграднікаў. Цэлае вучылішча — каб будаваць ракетныя шахты, сховішчы для ядзерных боегаловак, бункеры, камандныя пункты, базы падлодак, докі, аэрадромы. Па дапамогу выклікалі шахцёраў, прыцягвалі макшэйдэраў, метрабудаўнікоў. У райскія шаты! Яны ўпарта дзяўблі горы, бурылі іх, бязлітасна свідравалі, пракладалі сакрэтныя тунэлі. Сёння — гіганцкая, але шкодная, увогуле марная для райскага кутка праца, як падземныя заводы фюрэра. На хрушчоўках будбат адпачываў, у напаўп’яным стане вядома. Салдаты пасля заканчэння тэрміну не хацелі на дэмбель. Іх вучылі будаваць падземныя аб’екты, умацаванні, капаніры, ангары, штабы, казармы, астатняе — як атрымаецца. І яны не маглі ўжо будаваць як трэба, ды не ў райскіх лясах, ды без мадэры, на якую ў салдата будбата заўсёды былі грошы. Навокал недакончаныя санаторыі, вілы, дамы адпачынку, асобна — падмуркі атамнай станцыі, рай не паспелі перарабіць цалкам па-свойму.
Фабіян аднойчы трапіў на кэпэ глаўкама, ля самага мора. Будаўніцтва завяршалася: басейн, бункер, вінны склеп, афіцэрская рэстарацыя, ён усяго не бачыў, але здзівіла, што абшалявалі знутры дошчачкай без сучка, сібірская ліствіца, казалі хлопцы. Выглядала вельмі шыкоўна. У казарме ён пачаў сачыняць пра яблыкі Траянскага каня. Яго прывозяць цішком, уначы, выстаўляюць на прычал і невядомы карабель знікае. Гіпнатычны вобраз. Але гэта не запечаная качка з яблыкамі. Вантробы небяспечныя. Траянскі конь з трупамі? З гадамі, скарпіёнамі? Не, хутчэй у ім трупы памерлых ад чумы. Якісьці сумбур, няздольнасць будаваць празаічны твор.
Але думкі пра Крым, яны неадчэпныя. Як стварыўся рай? Адарваўся кавалак, як ад той Гандваны, прывандраваў на поўнач? Ці адламіўся, адсунуўся ад паўночнага берага, утварыўшы невялікае плыткае мора? Гэта што датычыць самой зямлі. А экзатычныя пальмы? Занесла шчодрай жменяй насенне, раскідала ля мора. Ветрам, які затрымалі горы. Па-за імі, на поўначы засталіся руды стэп, спякотнае сонца, сухмень, салёныя азёры, саланчакі. А калі Бог стварыў яго, скажам, дзеля адпачынку працоўных, як атрымліваецца? Перш, народных камісараў, працаўнікоў цэка, саўдэпаў, камбедаў, абкамаў-рэўкамаў, чырвоных маршалаў. Творчых сілаў сацрэалізму, ідэалагічных кадраў, чырвонай прафесуры. Для іх таксама: перадавікоў працы, стаханаўцаў, стотысячніц. Для герояў бітвы за ўраджай, сталевараў-ударнікаў, адважнікаў вялікіх сталінскіх будоўляў камунізму. Для “будзь гатоў к труду і абароне”, варашылаўскіх стралкоў, для іх — ахоўнікаў бязмежнага ГУЛАГу.
Ці не памыліўся Бог? Хаця, спачатку плёнам яго працы пакарысталіся царская сям’я, фабрыканты, ліхвяры, банкіры, золатапрамыслоўцы. Купцы розных гільдый. Кадэты, акцябрысты. Графска-княская костка. Кавалергарды, правадыры дваранства, земскія галовы, генерал-губернатары. Жандары. Тайныя, сапраўдныя і стацкія саветнікі. Кавалеры ордэнаў на шыі і на грудзях. Дума з фракцыямі, свяшчэнны сінод з епархіяльнымі ўправамі. У Бога бадай не хапіла моцы, а можа жадання, адцяць, зрабіць яго востравам, перасунуць у мора, пакрыць суцэльна субтрапічным лесам, цалкам ператварыць у квітнеючы сад. Гэткі вось Кіпр, але ў суседнім моры. Яблыкі спакусы ў райскім садзе сёння драўляныя, з ядлоўцу. Пахнуць ім, даўка — як пахнідлы ў паўднёвых цэрквах.
За кармой беласнежная сцяжына. Ззаду ноч. Зіма. Сцюдзёна і цёмна. Тут — зыркае сонца, сонца ў смузе. Лагоднае, пяшчотнае, супакойнае. Рай, які прымушалі пакінуць напярэдадні блізкіх Калядаў і Новага года. Свята нараджэння Хрыста. Мішура, серпанцін, канфеці. Атмасфера радаснага чакання, раптоўна-хвілёвага зрывання сэрца з рытму, быццам абрынулася ў прадонне і ўстрымалася. Прадчуванне незвычайнасці, сапраўднага свята. Святочная ёлка, падарункі. Шампанскае. У вядзерцы з лёдам. Мандарыны, шакалад. Хрыстос нарадзіўся! Ах! Шчымліва да слёз. Вясёлая язда ў тройцы з бомамі, іскрыцца снег, смех.
Спыніць! Адкінуць назад, трымаць на адлегласці хаця б гарматнага стрэлу. У ніякім разе не пусціць, захаваць старое жыццё. Стары лад. Звычаі і завядзёнкі. Традыцыі і каштоўнасці. Вера. Цар. Айчына. Трыяда, якая нядаўна выклікала трымценне голасу, шчымленне сэрца. Збэшчаныя святыні. Зробленыя пустым гукам. Ператвораныя ў нішто тры сланы, на якіх адвеку трымаўся звыклы свет. Нават альфабэт зняважылі. Новыя галодныя агрэсіўныя варвары. Нават альфабэт! Каляндар зыначылі. І ён ім чамусьці перашкаджаў. Абы на свой блюзнерскі капыл. Няма ні цара, ні айчыны, адкуль застацца веры? Але Бог — адзінае, што яны яшчэ мелі.
Цар, якога саслалі спачатку ў крымскія пальмы, чамусь не трапіў сюды. Няма цара, ён знік са сцягоў урангелеўскай арміі. З поўначы наступ вечнай зімы. Спаўзанне чарговага, раптоўнага ледавіка. Няўмольная навала. Арда. У шапках з сабачага футра, з крывымі шаблямі. З апантанымі вачыма, з крыважэрнымі ратамі. Дзікі стэп... Лейтэнант Джавані Дрога, які гадамі чакае ў генуэзскай крэпасці варожае войска з боку Татарскай пустэльні, думаецца Фабіяну. Страх ператвараецца ў патрэбу, у манію. Толькі ў рамане насельнікі крэпасці, загіпнатызаваныя няўмольнасцю уяўнай навалы, адмаўляліся пакінуць муры, у думках жадаючы, каб вораг конча прыйшоў. Зрабіўшы спакваля для сябе чаканне сэнсам жыцця.