Рэквіем для бензапілы
Шрифт:
Не, цяпер я павінен вярнуцца ў той травень, да Наташы, да жабіных канцэртаў і бэзу на амаль вясковай суседняй вуліцы.
Калі не памыляюся, я яшчэ не згадваў, што пасля разводу звольніўся са службы. Ганарару за папярэднюю кнігу, па маіх падліках, хапала не меней як на год-паўтара, а надаўжэй я даў сабе слова жыццё не планаваць.
Дык вось, ад раніцы я пісаў свае абавязковыя тры старонкі. Потым выпраўляўся на праходку, выбіраючы ціхія вулачкі з дагледжанымі кветнікамі, лавачкамі і аканіцамі. Памежным слупам паміж гэтымі вуліцамі і новым горадам служыў дзевяціпавярховы
Мае дачыненні з суседзямі абмяжоўваліся знаёмствам з колішнім электрамантажнікам Лёнем, які будаваў высакавольтныя лініі і, вярнуўшыся аднаго разу з камандзіроўкі, убачыў жонку ў абдымках у шчаслівага суперніка. Лёня выгнаў няверніцу з дому, а сам запіў, сарваўся з мантажнай мачты і атрымаў інвалідную пенсію. Заходзячы пазычыць чарговую пяцёрку, Лёня паўтараў сваю гісторыю ў розных варыянтах, але ніколі не забываў шляхетна адзначыць, што жонка здрадзіла яму не з першым-лепшым аматарам амурных прыгодаў, а з капітанам далёкага плавання. Мне імпанавала, што Лёня хутка развучыў, у які час не трэба турбаваць памаранчавага сабачку, бо ён вартуе нас з Наташаю.
Сабачка вітаў маю сяброўку такім вясёлым брэхам, нібыта чакаў яе разам са мною. Аднак неўзабаве ён ужо мусіў дэманстраваць радасць толькі пацеркамі бурштынавых вачэй, бо я ўручыў Наташы ключы.
Па яе прыходах можна было правяраць гадзіннік. А палове пятай за ёю зачыняліся дзверы, а ў 16.35 мы ўжо любілі адно аднаго. Пяці хвілінаў якраз хапала на тое, каб выпіць келіх віна і скінуць з сябе ўсё, што перашкаджала лавіць доўгія хвіліны асалоды.
Наташа паходзіла са шчаслівага племя тых жанчын, якія ніколі не паўтараюцца і гэта не каштуе ім аніякіх намаганняў, таму што атрымліваецца незалежна ад іх волі.
Яе з'яўленне не толькі змяніла мой распарадак, але і ўнесла разнастайнасць у рацыён, бо тая самая інтуіцыя падказала ёй, што каханак мае таемныя схільнасці гурмана. Пасля таго як мы, вяртаючыся ў рэчаіснасць з першай блізкасці, дапівалі ў ложку нашу першую пляшку віна, Наташа ішла на кухню, каб згатаваць на вячэру што-небудзь цікавейшае за маю дзяжурную яечню ці смажаныя калдунцы.
Кухня бачыла Наташу ў шлафроку, які яна прынесла і акуратна павесіла на плечыкі ў адно з першых, яшчэ насцярожаных наведванняў. Я напісаў «кухня бачыла» і падумаў, што выкарыстаў гэты выраз неасэнсавана, але зусім не выпадкова. У тыя дні я ні за што не напісаў бы так. Тады мая аднапакаёўка ўпэўнена вяла ролю звычайнай кватэры на гарадской ускраіне.
Ага, шлафрок. Той зялёны з буйнымі шыпшынавымі кветкамі шлафрок напачатку, я дагэтуль памятаю, укалоў мяне думкаю аб тым, дзе вісела гэтая спакуслівая апранашка раней.
Мне падабалася дапамагаць Наташы каля газавай пліты і збіраць на стол, у які мы ператваралі дзве пастаўленыя пры ложку табурэткі. Новую сустрэчу нашых целаў афарбоўвала ўжо не вострае жаданне, а пяшчота ўзаемнага прыцягнення. Здаволіўшы першы раз смагу, цяпер мы як быццам дапівалі пакінутыя глыткі, каб запасу валодання адно адным хапіла да наступнае, заўтрашняй ці паслязаўтрашняй паловы
Шлафрок займаў сваё месца ў шафе, калі электронны гадзіннік у драўляным корпусе паказваў без чвэрці восем. Па дарозе да тралейбуснага прыпынку я браў Наташу за руку і любіў раз-пораз злёгку сціскаць яе сухія цёплыя пальцы, адчуваючы іх адказ. Калі насустрач нам траплялася юная парачка, мая сяброўка вызваляла руку, гаворачы, што маладзёнам будзе смешна: такія старэнькія і трымаюцца за ручкі. Яна какетнічала, бо і сама выдатна ведала, што абсалютная большасць гэтых жаўтаротых дзяўчатак магла б адно пазайздросціць яе маладому, гнуткаму і такому таленавітаму целу, якое, здавалася, мела намер ніколі не падпарадкоўвацца часу.
Асколак былога, ужо амаль чужога жыцця...
Бэзавы травень неўпрыкмет пераліўся ў язмінавы чэрвень; у ліпені Наташа з'ехала на два тыдні ў адпачынак, але такая доўгая ростань нічога не змяніла: у прызначаны дзень я нецярпліва, як хлапчук, чакаў яе, і ключ павярнуўся ў замку роўна а палове пятай.
Усё пачалося напрыканцы жніўня, калі ўслед за спёкаю некуды прапалі і цэлыя раі матылькоў-крапіўнікаў, што яшчэ нядаўна акупавалі наваколле, залятаючы ў адчыненае вакно і бессаромна апускаючыся на нас, куды ім толькі заманецца.
Як нядаўна і як даўно гэта было!.. Часам я сапраўды адчуваю настальгію па тым жыцці, але яна нагадвае настальгію жыхара Атлантыды, якому пашчасціла ўратавацца, калі ягоны мацярык загінуў. Маё былое жыццё паглынулі хвалі. Напісана, вядома, занадта прыгожа, каб быць праўдаю. Проста я адчуваю, што дарогі назад няма.
Але ці маю я права ўпэўнена сцвярджаць, што ўратаваўся?..
У любым выпадку я цудоўна памятаю дату здарэння, што сталася прадвесцем... Які сэнс займацца пошукамі эўфемізмаў? Прадвесцем прыходаў. Дакладнейшага тэрміну я не знайшоў, як не вынайшаў і нічога лепшага за падарожжы.
Падарожжы стануць другой стадыяй...
Прашу вас адкінуць падазрэнні і не шукаць тут ніякіх сімптомаў. Падрыхтуйцеся чытаць далей з большай увагаю, і гэта пераканае вас у поўнай яснасці майго розуму, якую ён захаваў, насуперак усяму, што на яго абрынулася.
Таго дня на праходцы пасля трох ранішніх старонак мне ўспомніўся мой гаспадар. Ужо паўгода ён не ашчасліўліваў мяне новымі падарункамі, не высвятляў, ці люблю я Шапэна, і наогул ніяк не нагадваў пра сябе, за што я быў яму бязмерна ўдзячны, як, дарэчы, і за прайгравальнік, што аздабляў нашыя з Наташаю спатканні.
Вынікам гэтай прыгадкі сталі змены ў маршруце, якія прывялі мяне ў музычную краму.
Я выбраў кружэлку «Led Zерреlіn» з маёй улюбёнаю «Лесвіцай у неба», капрысы для скрыпкі Паганіні і ўжо кіруючыся да выхаду, убачыў на стэлажы рамантычны профіль Шапэна. Памяць была напагатове: «Скажыце... вы любіце... Шапэна?» - «Мне падабаюцца прэлюдыі, але вельмі прашу нічога больш мне не дарыць...» Тады я адказаў праўдзіва, а на дыску ў чорна-зялёным канверце, які трымаў цяпер у руках, былі якраз яны, знакамітыя «Дваццаць чатыры прэлюдыі» - ад радаснага парыву першай да трагічных басовых фігурацыяў заключнай.