Рэквіем для бензапілы
Шрифт:
Цень памарудзіў і растаў у калідорным мораку.
Далей я дзейнічаў, як робат: першым чынам кінуўся да куфра і адным махам падцягнуў яго ўсутыч да дзвярэй. У наступнае імгненне я заўважыў, што ў пакоі ўжо гарыць святло і абедзве мае рукі ўзброеныя.
– Хто ты? І што табе трэба?
– гучна сказаў я да матавага шкла, здрыгануўшыся ад гукаў уласнага голасу.
Дзверы маўчалі. Злева, з таямнічай прасторы люстра на мяне касавурыўся чалавек з паляўнічым нажом і схопленай за галаву індыйскай стодкай. Нас зноў зрабілася двое, і сціснутая ўва мне да ўпору спружына
Вочы прымагніціла падлога. Адтуль, дзе стаяў куфар, па брунатных масніцах пралеглі да дзвярэй свежыя драпіны. Тут не было нічога звышнатуральнага, і я не адразу сцяміў, чаму не магу адвесці ад іх позірк.
Не, вочы не падманвалі: па фарбаваных дошках у тым самым накірунку, да дзвярэй, ішла цэлая дарожка старых слядоў. Куфар перацягвалі сюды і раней!
Цяпер я зразумеў прызначэнне вераўчанае лесвіцы. Замацаваўшы яе металёвыя лапы, можна спусціцца з вакна на дол. Вось адкуль узяліся тыя глыбокія ўмяціны на падваконні!..
Памылкі быць не магло: я не першы, каго завабілі ў гэтую пастку!
Адчуўшы поўную нервовую знясіленасць, я ўзгадаў, што ў аптэчцы ёсць снатворнае.
Першай заўтрашняй вястункаю рэальнасці сталася думка пра вар'яцтва. У ёй было мала ўтульнага, але меўся і станоўчы момант: усе здарэнні атрымлівалі тлумачэнне, а мне заставаўся паход да псіхіятра.
Але, ледзьве звесіўшы з ложка ногі, я мусіў паставіць на гэтым варыянце крыж, бо ні драпіны на маснічынах, ні яшчэ красамоўнейшыя сляды жалезных лапаў на падваконні і не думалі знікаць.
Дык кім жа быў гаспадар кватэры? Ахвяраю тутэйшай д'ябальшчыны? Яе сцэнарыстам ці рэжысёрам? У нашай сакавіцкай размове я выкопваў доказы на карысць і першай, і другой версіяў. Прычым адзін і той жа аргумент, у залежнасці ад ракурсу, і там, і тут выглядаў пераканаўчым. Напрыклад, рэакцыя на лядоўню. Жах, які няма змогі схаваць? А мо чалавек з нервовым тварам і ранняй сівізной па-акторску прафесійна ўжыўся ў ролю?
Я адшукаў візітоўку з яго тэлефонам. Ахвяра ці паляўнічы, у любым выпадку ён паводзіў сябе несумленна, і набіраць ягоны нумар было ніжэй маёй годнасці. Апрача таго, затэлефанаваць значыла б прызнацца ў сваім страху, магчыма, падараваць яму радасць. Паміж маімі разважаннямі прыткнулася і падазрэнне, што ні такога нумара, ні чалавека з такім імем проста не існуе.
Вярнуць куфар на месца ў параўнанні з імклівым начным манеўрам аказалася значна цяжэй. Перад тым як адчыніць дзверы, я паслухаў прастору за іх ненадзейным бар'ерам. Шостае пачуццё падказвала, што зараз пагрозы няма. Я прыслухаўся да самога сябе і ўзяўся, куток за кутком, вычышчаць павучынне начнога страху.
За каваю зноў прыгадаўся гаспадар кватэры з яго худзізною і бязглуздымі, як тады здавалася, пытаннямі, што цяпер набылі злавесны цёмны сэнс. Шапэн і прайгравальнік безумоўна былі не апошнімі звёнамі гэтага ланцуга таямніцаў.
Шапэн, музычная крама, прэлюд № 15... У густой смузе бліснуў вогнік. Я выйшаў з кухні і ўважліва паглядзеў на прайгравальнік. У душы змагаліся
Як вы здагадаліся, я выбраў першае.
У тую хвіліну я паабяцаў сабе, што не дазволю страху захапіць уладу, і зрабіў першы крок насустрач... Мне хацелася напісаць «насустрач Ёй», аднак тут гэта будзе занадта рана і не скажа вам ні на драбок болей за папярэднюю фразу.
Я проста зрабіў крок да прайгравальніка, падняў празрыстую пластыкавую накрыўку і, паставіўшы дыск, апусціў іголку.
З маленства, калі гэта адбывалася яшчэ чыста інстынктыўна, я слухаў класічную музыку менавіта так: апусціўшы павекі і трошкі прыціснуўшы іх вялікімі пальцамі сашчэпленых рук. Такая пастава, пэўна, здзіўляла маіх суседзяў у канцэртных залах, але мне, аматару, які не атрымаў музычнае адукацыі, заўсёды дапамагала авалодаць мелодыяй і напоўніць яе асацыяцыямі і вобразамі, што ўзнікалі на экране ўнутранага зроку.
Вобразы прыходзілі самыя розныя. Парк з палацавым ансамблем у духу палотнаў Барысава-Мусатава і Бакста... Крыгі на восеньскай рацэ... Сонечны ўзлесак з чырвонымі пацеркамі суніцаў...
Таката і фуга рэ мінор Баха нязменна выклікалі на гэтым экране старыя ліпавыя прысады і закрыты экіпаж, з якога выходзіць маладая жанчына ў бэзавай сукенцы. У далечы прысадаў з'яўляецца мужчынская постаць. Яны ідуць, потым бягуць насустрач адно аднаму, жанчына апынаецца ў яго на руках, ён кружыць яе пад вячыстымі дрэвамі, але на ўсёй радасці гэтых дваіх ляжыць пячатка нязбытнага трагізму.
Накцюрнавыя інтанацыі прэлюда № 15 прыносілі мне, можа, не самыя арыгінальныя вобразы і гукі вясёлага плачу вясновых ледзяшоў. Нягледзячы на нервовую наструненасць, так здарылася і цяпер. Кропелькі дазвінелі, і іголка ўзнавіла першыя акорды прэлюда № 16.
Вось тады, па-ранейшаму седзячы з заплюшчанымі вачыма, я і пачуў пах ментолавых цыгарэтаў. Я гатовы быў прысягнуць, што ніякіх старонніх гукаў, апроч музыкі, увесь гэты час у пакоі не было: не адчыняліся дзверы з лесвіцы, не рыпела маснічына перад уваходам у пакой, не чыркалі запалкі і не пстрыкала запальнічка...
Я, не варушачыся, падняў павекі. Над пісьмовым сталом мудрагеліста перапляталіся дзве блакітныя пасмы дыму.
Так я высветліў сувязь ментолавага паху і музыкі Шапэна.
Дзеля чысціні эксперымента я яшчэ двойчы ўключаў прайгравальнік, ставячы прэлюды, а потым - «Led Zерреlіn». У першым выпадку струменьчыкі дыму павіслі ў тым самым месцы, над сталом, узнікнуўшы - я не заплюшчваў вачэй - як быццам ніадкуль. На «Led Zерреlіn» рэакцыі не было.
Напісанае трохі раней слова «эксперымент» тут уяўляецца перадчасным. Перыяд эксперыментаў ляжаў наперадзе. А тады я рашуча і назаўсёды адпрэчыў жаданне тэрмінова з'ехаць з кватэры, махнуўшы рукой на аплачаныя і непражытыя паўгода. Я думаў ужо не столькі пра неабходнасць супроцьстаяння страху, як пра свой абавязак літаратара, які сутыкнуўся з невядомым.