Рэквіем для бензапілы
Шрифт:
Павячэраўшы філіжанкаю кавы з лусцікам, я зазбіраўся на шпацыр. Вечар вярнуў учарашняму здарэнню загадкавую значнасць, у выніку чаго зборы адрозніваліся ад звычайных. Найперш я наглуха зачыніў фортку, потым стаў пасярод пакоя і пастараўся запомніць дакладнае размяшчэнне попелкі, масянжовага Шывы, раскладзеных на стале кніг і старонак рукапісу. Дзверы былі, як і, нанач, зачыненыя на ўсе тры замкі, а кішэню джынсаў прыемна адцягваў падараваны Наташай паляўнічы нож у скураной похве.
Маршрут руху таксама быў удакладнены. Былыя могілкі з іх слаба асветленымі ваколіцамі выглядалі для позняга шпацыру месцам даволі спрэчным, затое адтуль я добра бачыў свой дом і вакно ў тарцы на
Такім чынам я бадзяўся па колішніх лютэранскіх кладах, дзе нейкім дзівам ацалеў адзін перакулены і абымшэлы надмагільны камень, і час ад часу са зручных кропак кідаў позірк на дом. Кожны раз у такі момант ува мне торгалася нейкая струна і злёгку пераціналася дыханне. Аднак маё вакно нязменна заставалася адзіным цёмным прастакутнікам у сваёй вертыкалі, і хвілінаў праз сорак, настройваючы сябе на іранічны лад, я рушыў дамоў.
Жнівень лічыў астатнія дні, і пад нагамі ўжо трапляліся першыя кляновыя лісты. Узбегла на памяць мая юначая навела, чый герой пісаў каханай прызнанні на залацістых кляновых лісцях. Ягоным правобразам быў сам аўтар, што пражыў з тых часоў два дзесяцігоддзі і больш ніколі не пісаў такіх лістоў, хоць два ці тры разы яшчэ бываў закаханы і некалі -толькі ў іншым горадзе - вось так блукаў увечары па парку і чакаў, пакуль у суседнім доме загарыцца вакно, святло якога прынясе радасць, што будзе хвалямі нарастаць на лесвічных маршах, каб дасягнуць найвышэйшай адзнакі перад знаёмымі дзвярыма, за якімі гучыць ціхая музыка і чакаюць гарачыя прагныя вусны. Таму закаханаму наканавана было стаць прататыпам чалавека, што сёння глядзеў на іншае вакно і чакаў калі не радасці, дык хоць спакою ад таго, што яно застанецца цёмным, а за дзвярыма сустрэне цішыня.
Музыку я пачуў на пляцоўцы другога паверха. Гэта быў прэлюд № 15, з якога, як я ўжо казаў, пачынаўся другі бок купленай напярэдадні кружэлкі. «Кропелькі» гучалі мацней і выразней, чым учора.
Ногі зрабіліся чужымі, як бывае ад высокае тэмпературы, але загаду падняцца яшчэ на адзін паверх паслухаліся. «Вочка» ў дзвярах заставалася цёмным, ды за імі безумоўна хтосьці быў. Я зняможана прыхінуўся да лесвічных парэнчаў і паспрабаваў засяродзіцца.
Мелодыя скончылася. Цяпер павінен быў загучаць адметны змрочным каларытам прэлюд № 16, аднак замест яго пасля кароткай пярэрвы зноў зазвінелі «кропелькі». Я выняў нож, праверыў, ці лёгка ён выходзіць з похвы, і, трымаючы зброю ў левай руцэ, правую падняў да званка.
У тое самае імгненне ў кватэры прачнуўся тэлефон. Пакуль ён з доўгай настойлівасцю паўтараў званкі, сэрца паспела зрабіць падарожжа па ўсім целе. Званкі заціхлі адначасова з фінальнымі акордамі прэлюдыі.
З таго боку дзвярэй запала глухая вусціш. «Вочка» па-ранейшаму было цёмнае, але не існавала ніякай гарантыі, што адтуль хтосьці затоена не глядзіць на мяне, таксама сціскаючы ў руцэ нож альбо нешта больш надзейнае. Нядаўні намер націснуць на гузік званка падаўся мне неабачлівым. Бегчы да тэлефона-аўтамата, каб выклікаць міліцыю, значыла дазволіць майму госцю без праблемаў падмазаць пяты. Я чамусьці быў перакананы, што музыку Шапэна слухаў менавіта госць, а не госці.
Выйсце падказаў грукат з размешчанай насупроць Лёневай кватэры. Сусед штосьці майстраваў у калідоры і, на шчасце, быў адносна цвярозы. Яшчэ больш дарэчным падаўся малаток у ягонай руцэ. Я экспромтам папрасіў паглядзець зламаны вентылятар і, не даючы Лёню пакінуць дома малаток, падштурхнуў яго да сваіх дзвярэй. Левую руку я апусціў у кішэню з нажом, правая занялася ключамі. Трэба сказаць, левая чулася спакайней. Лёня зазначыў, што яму хапае аднаго замка і па-філасофску
Калідор сустрэў нас пустатой, пакой і кухня - таксама; вокны і форткі былі зачыненыя, дзверы на абедзвюх шафах - зашчэпленыя звонкі, але нос пачуў пах ментолавага дыму яшчэ раней, чым вока запрыкмеціла на фоне вакна свежы струменьчык дыму. Няпрошаны візітант мог хавацца толькі ў ваннай.
– Лёня!
– крыкнуў я, выхопліваючы нож.
– У ваннай хтосьці есць! За мной!
Уключальнік быў у калідоры. Я тыцнуў у яго пальцам і рвануў дзверы.
З абодвух кранаў капала, а бачок над унітазам сумаваў па сантэхніку.
– Ну ты даеш...
– пахітаў галавою Лёня.
Я адкруціў сіні кран, вымыў слізкія ад поту рукі і, набіраючы ваду ў прыгаршчы, астудзіў твар. Затым павольна выцер яго ручніком і напіўся. Наколькі магчыма, я адцягваў вяртанне ў пакой, бо ведаў, што там мяне чакае, прынамсі, адно, не лічачы дыму, непрыемнае адкрыццё.
Адкрыццяў аказалася болей.
Разгорнутая кніга на пісьмовым стале кінулася ў вочы яшчэ ў ліхаманцы ўварвання. Адыходзячы, усе кнігі я пакінуў закрытымі.
Рэвізія іншых кантрольных рэчаў выклікала неадольнае жаданне плюнуць на заплачаныя наперад грошы і заўтра ж з'ехаць з гэтай кватэры, каб забыць і перастаўленага з трэцяй на чацвёртую паліцу індыйскага бажка (на ранейшым месцы застаўся акуратны незапылены квадрацік), і бязладна ператасаваныя старонкі рукапісу, і - найперш - чортаву фізіяномію папяльнічкі з напоўненымі попелам вачніцамі.
Лёня адрамантаваў вентылятар і лашчыў позіркамі выстаўленую на стол пляшку каньяку. Я няроўна наскрыляў паляўнічым нажом лімон і наліў адразу па палове шклянкі. Усе тлумачэнні і спадзяванні, якімі я сябе закалыхваў, дазвання развеяліся, адкрыўшы голую праўду: хтосьці з невядомым намерам пранікае ў маю кватэру.
Без вялікай ахвоты развітаўшыся з суседам, я зварыў сабе кавы. Зайсці госць мог праз дзверы, але якім чынам яму ўдалося сёння непрыкметна выслізнуць, калі вокны былі зачыненыя з сярэдзіны? Заставаліся сцены, падлога і столь.
Я ўзяўся метадычна прастукваць сцены і дзейнічаў так старанна, што, калі дайшоў да мапы Эўропы, костачкі пальцаў наліліся болем. Мапа здалася мне найбольш небяспечным месцам. Не, гэтая сцяна не адгукалася замаскаванаю пустатой, а выглядала падазронаю сама сабой - і нязвычнасцю ў якасці часткі інтэр'еру, і сваёй прасторавай перспектывай. Прастукаўшы кухню і калідор, я заняўся падлогаю, а пасля, перастаўляючы табурэтку, уважліва агледзеў столь. Калі не лічыць павучка, што хаваўся за гадзіннікам, нічога адметнага я не знайшоў і, як ні дзіўна, прыняў гэты сумнеўны вынік з пэўным задавальненнем. Гадзіннік паказваў палову на першую, і ад мяне патрабавалася дапіць каньяк і заваліцца спаць.
Ноч прайшла спакойна. Мне сніліся не таемныя наведнікі, а мінулае лета і Наташа, з якой мы займаліся любоўю на азёрным плыткаводдзі.
Я прачнуўся спустошана-лёгкі і пад свярдзёлкамі халоднага душу вырашыў не прадпрымаць абсалютна нічога, а чакаць працягу падзеяў. Ці трэба казаць, што якраз гэтага працягу мне хацелася найменей? Я быў бы шчаслівы, каб усе падзеі майго жыцця як мага даўжэй абмяжоўваліся дзённымі сустрэчамі са сваімі рукапісамі і вечаровымі - з жанчынай, якая ўмела любіць не толькі ў снах. Дзякуючы бабулі я з дзяцінства памятаў колькі малітваў і ў тую раніцу памаліўся за modus vivendi, якога прагнула мая душа.