Сіндбад вяртаецца
Шрифт:
У салоне весела гучалі маладыя галасы, смех. На задніх крэслах са смехам успаміналі кур'ёзны выпадак на таможні з нейкім Ляснеўскім, з імі перагукваўся, пакепліваў з таварыша Радзім Савілін, не здагадваючыся, што ў хуткім часе здарыцца з ім самім. У цэнтры салона трэнькала гітара, спяваў малады ўпэўнены голас мастацкага кіраўніка аматарскага ансамбля народнай песні і танца з Гродна. Ансамбль гэты, паспеў паведаміць Юрыю Сяргеевічу Радзім, складаецца ў асноўным з навучэнцаў прафтэхвучылішчаў. І падобны ж ансамбль везлі новасібірцы. Цікава, дадаў Радзім, чые выступленні
Юрый Сяргеевіч не стаў бы расказваць яму аднаму пра сваё першае, студэнцкае падарожжа ў Алжыр, але Радзім паспеў ужо нашаптаць спадарожнікам пра свайго незвычайнага, «бывалага» земляка, і вось цэлая група хлопцаў і дзяўчат абсела яго крэсла, усе наперабой сыплюць пытанні. Асабліва пра Алжыр, куды Юрый Сяргеевіч трапіў якраз у першы год пасля таго, як там скончылася вайна супроць французскіх каланізатараў, але яшчэ дзейнічалі падпольныя банды імперыялістычных недабіткаў. Яны называлі сябе аасаўцамі, ці скарочана лацінскімі літарамі OAS, — хацелі, каб Алжыр заставаўся «французскім», быў каланіяльным прыдаткам Францыі, яе капіталістаў. І якога толькі зброду не было ў тых фашысцкіх бандах! Але найбольш былых салдат французскага так званага Замежнага легіёна — легіянераў, з людзей самых розных нацыянальнасцей.
— Юрый Сяргеевіч, — звяртаецца да расказчыка Радзім, — а ваш стары Аіт-Хаммуш падобны на Сіндбада-Марахода!
Юрый Сяргеевіч на хвіліну задумаўся.
— Мне і самому гэтак калісьці здавалася, а цяпер бачу — не. Успомніце, каго ратаваў Сіндбад-Мараход, рызыкуючы сабой? Пра сябе ў першую чаргу думаў. Вось быў у мяне яшчэ адзін знаёмы, дык на Сіндбада-Марахода…
— А памятаеце, як Сіндбад-Мараход пашкадаваў старога і пасадзіў сабе на карак, каб дапамагчы перабрацца цераз рэчку, а той…
Узнікла спрэчка. Нават не заўважылі, калі авіялайнер перамахнуў Апенінскі паўвостраў. Юрый Сяргеевіч адчуваў сябе стомленым, некалькі разоў прыкрываў далонню вочы, даючы зразумець, што хацеў бы хоць крыху падрамаць. Але дзіва што адпачнеш! Пытанні не пераставалі сыпацца.
— Астатняе, родненькія, дагаворым на пляжы ў Алжыры, — сказаў ён, радуючыся, што працягу, канечне, не будзе. У турыстаў свой маршрут, у яго свой. Ён і так быў вельмі незадаволены сабою, што расказаў, паддаўшыся настрою, больш, чым гэта звычайна рабіў.
«Антс Кійк паможа, калі што раптам з вокам, — думае ён. — Тэлефон, адрас ёсць. Сорамна, даўнавата яму не пісаў… Усё неяк адкладвалася — то камандзіроўка, то яшчэ што… Хлопцы слухалі пра Кійка з захапленнем… А калі ён за гэты час вярнуўся дадому, у сваю Эстонію? Збіраўся ж яшчэ тады… Эх, як бяжыць час!..»
Хлоп! Хлоп! Самалёт уздрыгвае, раптам загараецца табло «Зашпіліць рамяні!». Няўжо падлятаем? Вушы закладвае, усе прыціхлі… Хлоп, хлоп! Ва ўсплёсках рубінавых бартавых агнёў бачна, як у цёмную бездань вялікімі боханамі павольна вывальваюцца шасі… Значыць, сапраўды хутка Алжыр…
Хутка Юрый Сяргеевіч пазнаў
І адразу ж, як толькі ступілі на трап, на пасажыраў дыхнула быццам з напаленай духоўкі. Пачуліся здзіўленыя галасы: «Тры гадзіны ночы ды гэткае пекла? А што ж тут будзе ўдзень?»
Толькі адны яны шоргалі ватнымі нагамі па мармуры транзітнай залы. Не спяшаючыся, сонна паморгваючы на турыстаў, займалі свае канторкі алжырскія пагранічнікі і таможнікі. Яны працавалі спакойна, Юрый Сяргеевіч перакінуўся з гэтымі дружалюбнымі хлопцамі некалькімі прывітальнымі фразамі па-французску, з дзіўным для сябе хваляваннем услухоўваючыся ў словы адказаў. Ён зноўку пазнаваў у вымаўленні калісьці прывычны для яго алжырскі акцэнт. Але тут узняў гвалт Савілін, землячок.
Каля яго чамусьці было ажно тры таможнікі, твары ва ўсіх напружаныя, нават варожыя. Перакладчыца нешта хутка гаворыць і, відаць, не зусім дасканала, бо яе перапытвае старшы таможнік, настаўляючы прыгожыя вочы, з якіх яшчэ не сышла санлівасць.
Юрый Сяргеевіч таропка падышоў. Спытаў па-французску: якія праблемы? Таможнікі павярнулі да яго галовы, ажывіліся. Урэшце ўсё вырашылася лёгка і проста. Савіліна паляпалі па плячы і, крыху ачмурэлага ад нядаўніх хваляванняў, прапусцілі да астатніх турыстаў, якія пазіралі на яго як на дзіва.
— Ну, дзякуй, Юрый Сяргеевіч, — гаварыў Савілін залішне гучна, бы глухому, на хаду пхаючы ў сумку няхітры скарб, які толькі што паказваў таможнікам. — А то прычапіліся… Кепска, калі ў чужой краіне і не ведаеш мовы. Чорт ведае што можа адбыцца!
— Не мог завучыць хоць бы тры фразы па-французску? Я ўжо не кажу пра арабскую мову.
— Ды ў тым жа і справа, што вучыў! — тонам закаранелага двоечніка адказаў Савілін. — Вось паслухайце, як я ім па-фрацузску… — І ён прамовіў некалькі фраз на невядомай мове: — Я з Савецкага Саюза. Мая нацыянальнасць — беларус. Вось мой пашпарт. Каштоўнасцей, валюты, зброі не вязу… Ну як?
— Ты гэтак і таможніку казаў? — Юрый Сяргеевіч нават прыпыніўся.
— Ну! Я ж кажу, што тое-сёе завучыў. Юрый Сяргеевіч засмяяўся і махнуў рукой.
— Яны абавязкова павінны былі цябе спыніць.
— Чорт ведае чаму, але да мяне заўсёды чапляецца і міліцыя. — Савілін з вялікай цікаўнасцю паглядаў ва ўсе бакі і нават прынюхваўся. — Ледзь што якое, нехта некага таўхануў, а ўжо чую: грамадзянін, вашы дакументы. Але ж дома пагаварылі і разабраліся. А тут таможнікі раптам… Разумееце, першы раз выправіўся за мяжу — і такое. У Будапешце ж таксама… Не заўважылі?