Сіндбад вяртаецца
Шрифт:
— Відаць, ты і венграм на іх мове сказаў, што зброі і каштоўнасцей не вязеш.
— Ну, вы скажаце! Уф, і но-оч! Чуеце, як пахнуць ружы? Афрыка адчуваецца, праўда? А венгерскага я наогул ні слова. Проста ішоў, накінуўшы куртку на плечы. А мне раптам…
— Таможнікі, выходзіць, умеюць чытаць нават думкі,— пасмяяўся Юрый Сяргеевіч і запхнуў свой чамадан у багажнік вялікага аўтобуса, які прыслала арганізацыя маладзёжнага турызму ў Алжыры «Неджма». Яе прадстаўнік, цемнавокі прыгожы хлопец, стаяў у салоне ля кабіны шафёра і гаварыў у мікрафон. Ён прамовіў спачатку па-руску, а потым тое ж самае па-арабску: «Мы гаворым вам, дарагія савецкія сябры, ас-салам алейкум! Мархабан! Добрага здароўя! Калі ласка!» — І заўважыўшы, што ўсе селі на свае месцы, звярнуўся да шафёра на французскай мове, але з такім наборам гартанных гукаў, якія прыдавалі словам
Але аўтобус толькі з месца скрануўся спакойна, а потым яго рухавік быццам ператварыўся ў рэактыўны. Яны памчалі ў густую ноч між цёмных сілуэтаў веерных пальмаў, вялізных прывідных кактусаў. Юрый Сяргеевіч не менш напружана, чым Савілін, углядаўся ў наваколле, спадзяваўся што-небудзь пазнаць з бачанага ім калісьці, у юнацтве. Але ўсё выглядала незнаёмым. Вось фары выхапілі з паўзмроку белую сцяну, абвітую вінаграднікам, мільганулі ў апельсінавых садах па-ўсходняму ўпрыгожаныя, бы каменныя цацкі, загарадныя дамкі, вілы, у якіх некалі жылі французскія чыноўнікі і мясцовыя багацеі. Раптам наперадзе ўзніклі высокія шэрыя будынкі, пэўна, яшчэ старадаўнія. Куды ж іх вязуць? У студэнцкі гарадок, у Бумердэс? Ага, нарэшце крыху пачаў арыентавацца Юрый Сяргеевіч, вось гэтыя будынкі, падобныя на горныя скалы, ён калісьці бачыў. Выходзіць, аўтобус набліжаецца да Верхняга горада, да самай старажытнай часткі Аль-Джазаіра, да Казбы.
— Куды мы едзем, не ў студэнцкі гарадок? — спытаўся ён нарэшце ў маладога алжырца, які суправаджаў аўтобус.
Той паведаміў: — У Сідзі-Феруш, за горад. Побач мора, — дадаў ён і паказаў далонню, як уздымаецца і апускаецца хваля.
Сідзі-Феруш? Юрый Сяргеевіч задаволена кіўнуў — так, ён тыя мясціны памятае. Адтуль усё тады і пачалося для яго, калі ён з групай студэнтаў Мінскага політэхнічнага інстытута прыехаў у Алжыр на час летніх канікулаў, каб разам з моладдзю іншых краін адбудоўваць разбураныя французскімі карнікамі паселішчы ў гарах Кабіліі. Значыць, да горада будзе каля шасцідзесяці кіламетраў. Нічога страшнага: за якіх паўтары гадзіны можна дабрацца да Аль-Джазаіра рэйсавым аўтобусам. Гэта — калі не ўдасца дазваніцца да арганізацыі, якая яго запрасіла да сябе на працу. Аднаму ён дзівіўся: пятнаццаць гадоў назад тут былі толькі сады, бахчы ды адзінокія вілы ля мора, абнесеныя каменнымі сценамі з наблытаным па верху калючым дротам. А зараз паселішчы, паселішчы… Цэлыя гарадкі, залітыя шчодрым электрычным асвятленнем. Быццам уся краіна перасялілася на гэты невялікі пляскаты паўвостраў, названы калісьці імем старажытнага пірацкага атамана, раіса, які меў тут патаемную стаянку сваіх разбойных фелюг. Потым алжырскія піраты падначаліліся турэцкаму султану, і той узаконіў гэты жудасны промысел на Міжземным моры. Некалькі стагоддзяў не спыняліся войны, забойствы і рабаванне мірных жыхароў, пакуль яны нарэшце не аб'ядналіся, не далі адпор захопнікам і не стварылі сваю ўласную дзяржаву — Алжырскую народна-дэмакратычную рэспубліку. А гэтыя новыя пасёлкі ўзніклі таму, што насельніцтва ў свабоднай краіне за апошнія два дзесяткі гадоў павялічылася амаль удвая. Калі Юрый Сяргеевіч апошні раз быў у Алжыры, тут жыло амаль столькі ж людзей, як у Беларусі. А зараз газеты паведамляюць, што алжырцаў ужо больш за васемнаццаць мільёнаў!
Гатэль «Эль-Мінзаг» быў невялікі, але затое ля самага мора. Не цярпелася паставіць чамадан ля варот і бегчы да гаючай вады. Але ж не, парадак ёсць парадак. Трэба было паказаць пашпарты, атрымаць у дзяжурнага гатэля картачкі рэгістрацыі, запісаць у іх тое, што патрабавалася — прозвішча, імя, з якой краіны прыбыў.
— Ой, ды тут жа на арабскай мове! — залямантавала светлавалосая Іра, мантажніца з Баранавіч. І адразу пачуліся яшчэ панічныя галасы — як прачытаць арабскія словы? Хітрыя завітушкі і кропкі ў дужках і над дужкамі. Ды і чытаць, аказваецца, трэба з другога канца. Спрасонку не заўважылі, што пытанні прадубліраваны, паўтараюцца і на французскай мове. А яе ж таксама не ведалі! І чаму б не дамовіцца людзям, каб увесці паўсюдна хаця б аднолькавы алфавіт! Ды размовы-пажаданні адно, а запаўняць трэба тое, што прапануюць гаспадары і на той мове, якая ўказана. Юрыю Сяргеевічу, ледзьве скончыў запаўняць сабе рэгістрацыйную картачку, падсунула лісток Іра: «Вы ўжо і мне, калі ласка». Тут яшчэ пацягнуліся рукі
— Ну, таварышы родныя, нельга так эксплуатаваць чалавека, — умяшаўся кіраўнік групы.
Юрый Сяргеевіч разумеў гэтых хлопцаў і дзяўчат: разгубіліся, трэба іх падтрымаць першы раз.
— Даліся вам у знакі мае няўмекі, Юрый Сяргеевіч? — спачуваў кіраўнік турысцкай групы. — Дзякуй, што памаглі. Але і наро-од! Усе ж пісьменныя, замежную мову з чацвёртага класа вывучалі, а за мяжой убачылі лацінскія літары і адразу спалохаліся… Вока ў вас пачырванела: мошка якая трапіла ці ад напружання? Ну, адпачывайце… Вось ключ ад пяцьдзесят дзевятага нумара. Другі паверх. Прабачайце, што не на аднаго, не атрымліваецца. Не супраць, калі я вам Савіліна ў суседзі? Ну — зямляк ваш…
Юрый Сяргеевіч не адразу зразумеў, што Савілін — гэта Радзім. Турыстаў, як ён чуў, раніцаю павязуць у горад Аран, за паўтысячы кіламетраў адсюль, у бок граніцы з Марока. Гэта на паўднёвы захад. Прыгожыя мясціны. Ад знакамітага старажытнага горада Тлемсена ўсяго паўтары сотні кіламетраў. Ну, а яму як пабачыць старых знаёмых у Аль-Джазаіры? Відаць, спачатку ён паедзе ў Кабільскія горы. Магчыма, Уадыяс наведаць давядзецца, бо і там зараз працуюць нашы мінскія трактары. Горныя ўмовы, паблізу Сахара. З пустыні не-не ды і нясе драбнюткі пясок, ад якога канструктарам так цяжка аберагаць маторы. Юрый Сяргеевіч думаў пра мінскія трактары, як пра жывыя істоты. Вось ужо амаль два дзесяткі гадоў ён вывучае іх на розных рэжымах работы, кіруе рамонтам, удасканальвае.
Вочы ў Юрыя Сяргеевіча проста зліпаліся, але ён прымусіў сябе ўсё ж прыняць душ. Потым дастаў маленькі электронны будзільнік, паставіў на шэсць гадзін па алжырскаму часу і паклаў ля сябе на тумбачку. Радзім Савілін таксама памыўся, сеў на ложак і, нягледзячы на стомленасць, як сапраўдны журналіст, імкнуўся распытваць Юрыя Сяргеевіча пра падарожжы. Але хутка і раптам заснуў сам. Юрый Сяргеевіч усміхнуўся і выключыў святло. Некаторы час ляжаў, прыслухоўваючыся да блізкага шапацення марскіх хваляў. Перш-наперш, вырашыў ён, трэба пазваніць заўтра доктару Антсу Кійку. Прыемна было ўяўляць, як яны пачнуць сяброўскую гаворку, па звычцы пакепліваючы адзін з аднаго.
Але раніцаю Юрый Сяргеевіч падняў тэлефонную трубку і зразумеў: за тыя паўтара дзесятка гадоў, пакуль яго тут не было, нават тэлефонныя нумары неаднаразова памяняліся — у яго былі запісаны чатырохзначныя, і дзяжурны атэля толькі прысвіснуў, зірнуўшы на іх. Юрый Сяргеевіч гартануў тэлефонны даведнік, які яму прапанавалі,— лічбы ўсюды былі шасцізначныя. Але яго чакала яшчэ адно расчараванне: не адказваў і тэлефон, які яму далі перад ад'ездам у камандзіроўку. Дзяжурны гатэля зноў прыйшоў яму на дапамогу: сёння ж дзень адпачынку, так што няхай месье не здзіўляецца, што тэлефон не адказвае. «Як дзень адпачынку? — разгубіўся Юрый Сяргеевіч. — Толькі ж пятніца». І тут жа пасмяяўся з сябе — гэта ж трэба, не ўлічыў такой драбязы, вось і сядзі тут зараз цэлыя суткі… Нават і ехаць зараз у горад няма ніякага сэнсу. Бо ўсе ж, вядома, дзе-небудзь ля мора, ратуюцца ад спёкі. Ад сонца нават у гэтыя ранішнія гадзіны пачынае звінець у галаве.
Вось так і здарылася, што Радзіму Савіліну пашанцавала. Ён слухаў расказы Юрыя Сяргеевіча з раніцы да позняга вечара. І, можа, таму, што тыя, з кім ён столькі гадоў марыў нарэшце сустрэцца, былі зусім блізка, але, як і раней, недасягальныя, Юрый Сяргеевіч расказваў пра іх з асаблівым пачуццём. Быццам, перш чым сустрэцца, хацеў для сябе ўзнавіць у памяці ўсё, што адбывалася з імі і ім самім раней. Ёсць у чалавека такая патрэба — успамінаць сваё мінулае.
Познім вечарам, калі яны вярнуліся з пляжа, Савілін зноў хацеў прадоўжыць роспыты. Але Юрый Сяргеевіч зірнуў на гадзіннік, потым на блакнот свайго маладога сябра і рашуча сказаў:
— Усё, Радзім. Астатняе пры наступнай сустрэчы.
— Дык калі тое яшчэ будзе! — запярэчыў Савілін. — Нават калі вернемся зноў у Саюз, то вы ў Мінск, а я ў Магілёў.
— Я запрашу цябе ў госці,— усміхнуўся Юрый Сяргеевіч. — А мо да таго часу гэтая гісторыя цябе перастане цікавіць.
— Не перастане, — рашуча заявіў Савілін. — Калі вы дазволіце, я нават напішу сёе-тое.
— Справа твая, — кіўнуў Юрый Сяргеевіч, пакуючы чамадан, каб не займацца гэтым раніцай. — А сустрэцца мы, магчыма, зможам дзён праз дзесяць. Ваша група, я чуў, у гэты час ужо будзе зноў тут. Я пазваню…