Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
— Не аддам зайчыка!
Я хацеў падняць гэтага малога з зямлі, а ён як завішчыць:
— Мамцы скажу!
«З гэтым давядзецца паваяваць, — падумалася. — Проста так ён не здасца. Як падступіцца да яго?»
— Як цябе зваць? — пачынаю здалёку.
— Тадзік, — шморгае носам малы.
— Тадзік, а чаму я цябе не ведаю?
— Я з горада да бабулі прыехаў.
— Тадзік, аддай труса.
— Не аддам. Гэта зайчык. Я яго злавіў. Я буду плакаць.
— Тадзік, гэта не зайчык.
— А я злавіў.
— Тадзік, зайчыкі ў лесе жывуць. Хіба яны бегаюць па балоце?
Хвілінку падумаў Тадзік, а потым:
— Гэтыя зайчыкі дарогу пераблыталі.
«Трэба больш рашуча дзейнічаць, — думаю. — Яго не пераканаеш».
— Тадзік, аддай труса. Я цябе за гэта на возе пакатаю. Разам у вёску паедзем. Калі мне не аддасі труса, то наш настаўнік яго ў цябе забярэ, і тады на возе ты не паедзеш.
— Пусціш на воз? Не хлусіш?
— Пушчу. Я табе і лейцы дам. Будзеш сам кіраваць.
— Бяры, — уздыхнуў Тадзік і працягнуў мне труса. Пакуль я вось гэтак гутарыў з Тадзікам, мае сябры ўсіх трусоў у малых забралі. Тыя малыя былі не такімі ўпартымі, як гэты Тадзік.
Пасадзілі мы трусоў каля воза. Прыціснулі яны вушы, у купку збіліся. Дасталося ім ад малых.
— Давайце трусоў на воз пасадзім, — кажа Ігар. — На возе ў школу завязем.
— Пападаюць з воза, — кажу Ігару. — Лепей перад сабою пагонім. А Дзяніс мне:
— Паразбягаюцца. Гэта не гусі, якіх можна з дубцом гнаць.
— Трэба малых папрасіць. Малыя занясуць, — сказаў Косця.
— Не, — кажу. — Гэтых малых зноў прыйдзецца лавіць.
Пакуль мы вось так разважалі, на балота прыехаў Мікалай Аляксандравіч.
Мікалай Аляксандравіч прыехаў на матацыкле, на такім, што з каляскаю, і не адзін, а з міліцыянерам. Вясёлы трапіўся міліцыянер. Калі мы расказвалі, як лавілі на балоце трусоў, ён смяяўся:
— Дэтэктыў! Сапраўдны дэтэктыў! Знарок не прыдумаеш!
А Мікалай Аляксандравіч нечага хмурыўся. Потым кажа:
— Каня на ферму завядзіце. Нам далі, каб канюшыну прывезлі, а вы на ім трусоў ездзіце лавіць.
— А трусоў куды? — спытаўся я.
— Да мяне ў каляску пасадзіце, — прапанаваў вясёлы міліцыянер.
Мы пасадзілі трусоў у каляску. Усіх, дзесяць.
— Цеснавата ім будзе, — заўважыў Косця.
— Даедуць, — усміхнуўся вясёлы міліцыянер.
Ен зашпіліў скураны верх у калясцы, сеў з Мікалаем Аляксандравічам на матацыкл і паехаў у вёску.
— Усё-такі пашанцавала нам, — сказаў я. — Пазнаходзілі трусоў.
— Пашанцавала, — уздыхнуў Дзяніс. — Трапіцца і сляпой курыцы зярнятка знайсці.
Дзе нянек многа, там дзіця без носа
Мінуў
Я з нецярпеннем чакаў суботы, бо адчуваў, што ў суботу павінна штосьці здарыцца. Вы ўжо, напэўна, заўважылі, што менавіта ў суботу ў нас здараецца штосьці незвычайнае.
І я не памыліўся. Пасля ўрокаў мяне, Дзяніса, Ігара і Раю паклікаў Косця:
— Хадзем на двор. Нешта раскажу.
«Вось і завязка новай прыгоды», — падумаў я.
Яшчэ на ўроках я заўважыў, што Косця не такі, як заўсёды: сядзіць за партай як на іголках, галавою круціць, то на мяне, то на Ігара, то на Дзяніса, то на Раю пазірае.
«Нешта Косця ведае», — здагадаўся я.
На перапынках я ад яго не адыходзіўся, спадзяваўся, што ён сваё нешта раскажа. Але дарэмна. Косця быццам язык праглынуў. Нарэшце я не вытрываў, запытаў: «Косця, што здарылася?» Косця чамусьці спалохана зірнуў на мяне: «Потым скажу. Пацярпі».
Давялося цярпець. Апошнім урокам у нас была родная літаратура. Сяджу, за Косцем цікую, а ён зноўку: то на мяне, то на Ігара, то на Дзяніса, то на Раю пазірае. Валянціна Іванаўна хацела яму ў дзённік заўвагу напісаць, ужо ўзяла дзённік, але Косця выкруціўся: «Валянціна Іванаўна, я сёння дзве пяцёркі атрымаў. Нядобра будзе, калі пяцёркі і заўвага побач».
Засмяялася Валянціна Іванаўна: «Забірай дзённік. Але другі раз не дарую».
Мы выйшлі на двор. Прывёў нас Косця да «Казачнага дамка» і кажа:
— Зноў у нас бяда. Аднаго труса няма. Дзевяць засталося. Уночы, відаць, укралі.
— Можа, ты памыліўся? — засумнявалася Рая. — Давайце яшчэ раз палічым.
Косця аж пачырванеў.
— Не верыце мне? Не верыце? Тады чытайце.
Косця выхапіў з кішэні лісток, працягнуў Раі. Рая ўзяла лісток, разгарнула.
На лістку нязграбнымі друкаванымі літарамі было напісана: «Труса ўзяў я. Калі вырвеце школьныя буракі, вярну яго жывым і здаровым. Не паслухаецеся мяне — застануцца рожкі ды ножкі. Я не жартую».
Мы моўчкі пераглянуліся. Гэта ж ультыматум! Шантаж! Бач, да чаго гэты пісака дадумаўся! На буракі нас пасылае. На гэтым тыдні старшакласнікі ўжо рвалі буракі на школьным полі. Але пяць радкоў нявырванымі засталіся. Здагадаўся, куды нас паслаць.
Я ў роспачы махнуў рукою.
— Вельмі ён разумны. Няхай сам ірве буракі.
— Не крычы, Максім, — прагаварыў Дзяніс. — Нам трэба спакойна разважаць. Давайце падумаем: чаму ён нас на школьнае поле выпраўляе?
Задумаліся мы. І праўда, чаму? Чаго ён гэтым дамагаецца?