Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
— Тата, з чаго воз складаецца?
— З чаго… Хм, з чаго, — прагаварыў тата. — Ну, аглоблі ёсць, да аглобляў атосы мацуюцца.
— Якія атосы?
— На восі яны надзяюцца. З такога тоўстага дроту зроблены, — растлумачыў тата. — А яшчэ ў возе ёсць вузвалак, падушка…
— Тата, ты не смейся. Хто падушку на воз кладзе? Зараз скажаш, што на возе і пярына ёсць.
Тата паківаў галавою, паглядзеў на мяне ўважліва.
— Я ў твае гады ўжо за плугам хадзіў, поле араў. А ты не ведаеш,
Не разгубіўся я, кажу тату:
— Тата, ты таксама вінаваты. Трэба было раней пра гэта расказаць.
Уздыхнуў тата:
— Я не дзеля смеху казаў. Есць у возе падушка. Спераду. На ёй вузвалак ляжыць. Адгэтуль такая назва пайшла — падушка.
Тата тлумачыць, а я анічога не разумею. Падушка… На ёй вузвалак ляжыць… Якая падушка? Дзе ляжыць? Які вузвалак? Вось каб воз быў, каб на свае вочы ўсё гэта ўбачыць — тады адразу зразумеў бы. Але воз у кватэру не зацягнеш.
— Тата, цяпер раскажы, як каня ў воз запрагаць?
— Надзенеце аброць, хамут. Хамут засупоніце. Ага, пра дугу і сядзёлак не забудзьцеся…
«Не, — думаю, — вельмі доўга будзе тата расказваць. Як-небудзь запражэм каня, скумекаем. Усё-ткі пяцёра нас».
— Добра. Я ўжо ведаю, — кажу тату. — Мне яшчэ трусоў трэба пакарміць. Я пайду.
— Ідзі,— сказаў тата.
«Казачны дамок» мы ніколі не замыкалі. Вунь колькі разоў на дзень трэба трусоў карміць! Кожны раз не наадмыкаешся. Але дзверы заўсёды былі зачыненымі. На адной сцяне мы нават таблічку павесілі: «Пакарміў трусоў — зачыні дзверы».
А цяпер… Цяпер я ўбачыў, што дзверы адчынены насцеж. Здзіўлены, я зайшоў у «Казачны дамок». А дзе ж трусы? Ніводнага труса не відаць. Дзе яны падзеліся?
Я праверыў кожны куточак. Няма. Зазірнуў у клеткі. І ў клетках няма. Укралі…
Я хацеў паклікаць Вольгу Пятроўну, Мікалая Аляксандравіча. Няхай у міліцыю пазвоняць, няхай шукаюць, пакуль не позна. Ды ўспомнілася, як усе гэтыя дні не шанцавала мне, як шыварат навыварат выходзіла.
«Сем разоў адмерай, а адзін раз адрэж», — нагадаў, як вучыла мяне мама.
Я сеў на парозе і пачаў разважаць: «Хіба можна пятнаццаць трусоў сярод белага дня ўкрасці? Вядома, не. Напэўна, кудысьці павёз іх Мікалай Аляксандравіч. Магчыма, да ветэрынарнага фельчара, на праверку. Нават сабак і катоў на праверку возяць. Фельчар раскажа Мікалаю Аляксандравічу, ці правільна развіваюцца нашы трусы. А я крыку нараблю, што ўкралі. Будзе смеху… Не, пакуль памаўчу. Ад пустога звону карысці нікому».
Ад парога падлогу не мятуць
Гэтак разважыўшы, я пайшоў на ферму. А каля фермы мае сябры лавілі, як казаў Пеця, спакойнага Гноміка. Уперадзе, размахваючы аброццю, бег Косця,
— Стой! — крычаў Косця.
— Кося, кося, — клікала Рая.
— Тп-р-ру, тп-р-ру, — выводзіў губамі Ігар.
А ў Дзяніса, відаць, ужо і сілы для крыку не было. Ен бег, цяжка сапучы.
Я зарагатаў на ўсю моц. Спыніліся мае сябрукі, глядзяць на мяне.
— Чаго смяешся? — насупіўся Косця.
— У вас, як у казцы пра рэпку, — смяюся. — Бабка за дзедку, унучка за бабкай, Жучка за ўнучкай, кошка за Жучкай.
Дзяніс, падышоўшы да мяне, кінуў хамут на зямлю.
— Вельмі ты разумны. Сам злавіў бы. Нас гэты Гномік і блізка не падпускае. Паўгадзіны бегаем. Хітры, ведае, што хочам запрэгчы ў воз.
— Кумекаць трэба, — кажу. — Травы нарвалі б.
— Правільна. Чаго стаіце? — усклікнула Рая і нагнулася, каб паказаць, як гэта робіцца.
Праз хвіліну мы нарвалі травы. Самай зялёнай, самай сакаўной. Я ўзяў траву ў руку і накіраваўся да Гноміка. Гномік, касавурачы вочы, пазіраў на мяне. Я падыходзіў асцярожна, няспешна, за мною ішлі Косця, Дзяніс і Ігар. Рая засталася ззаду.
— Кося, кося, — ласкава шаптаў я. — Трава зялёная, трава смачная. Кося, кося, не ўцякай.
Гномік падняў галаву.
— Кося, вось трава, гэта трава… Яшчэ крок, другі…
— Кося, трава салодкая, вельмі салодкая… Гномік зразумеў мяне, выцягнуў шыю. Я ўжо побач з ім. Гномік дзьмухнуў ноздрамі, панюхаў траву і скубянуў яе з маёй рукі.
— Максім, асцярожна! — крыкнула Рая. — Руку адкусіць. Вунь якія зубы ў яго.
А я, не зважаючы на Раіны крыкі, камандую сябрам:
— За грыву яго бярыце. Хутчэй. Зараз усю траву з'есць.
— Сам бяры, — шэпча Дзяніс.
— Трава ў мяне.
— А ты другою рукою бяры. Не бойся.
Вучаць. А самі за маёю спіною стаяць. Хітрыя.
Гномік апошні раз скубянуў траву, глянуў на мяне, як бы яшчэ просячы.
Я ўзяў Гноміка за грыву.
— Хопіць, Гномік. Ты яшчэ не заслужыў травы.
Я думаў, што Гномік стане вырывацца, калі зразумее, што не дам травы. Я нават ямчэй нагамі ўпёрся, каб яго ўтрымаць, але Гномік, падняўшы галаву, стаяў спакойна і глядзеў на нас, часта-часта моргаючы сваімі вялікімі вачамі.
— Аброць давайце. Заснулі?
— Бяры, — сказаў Косця, працягваючы мне аброць.
— Надзявай, — кажу Косцю.
Косця, спяшаючыся, пачаў надзяваць аброць.
— Максім, руку адымі. Твая рука мне перашкаджае.
— Гномік уцячэ, калі адыму.
— А ты на адну секунду адымі.