Салавей
Шрифт:
— Можа, цяпер пан Вашамірскі свісне салаўём? А можа, ваўком завые? — А калі пан не хоча, дык…
Салавей пачаў дубасіць пана Вашамірскага па чым папала канчуком, прыгаварваючы:
— Вось гэта табе, яснавяльможны пане, за тэатр! Вось гэта за лупцоўку цяперашніх канюхоў — ранейшых актораў! Вось гэта табе за Зоську! Вось гэта — за здзекі з прыгонных!
Вось гэта…
Салавей пералічыў усе панскія грахі. Многа разоў паўтараў «вось гэта»…
— Глядзі, яснавяльможны пане, калі не спыніш здзекаў, дык Салавей яшчэ раз свісне!
Пры гэтых словах Салавей
11. Мніх-бернардынец
Пані Вашамірская хворая яшчэ з часоў балю. З кожным днём ёй усё горш ды горш. Дзіўная хвароба ў пані старой. Яна ні з кім не гаворыць, не скардзіцца ні на якія болі. Нейкая панская хвароба.
Яе апанаваў сум.
Не спіць па начах, а ўсё думае-думае. Свае думкі тоіць пры сабе, нават духоўніку, ксяндзу Марцэвічу, нічога не кажа.
Пані ўвесь час думае пра Салаўя. Рассылала людзей па ўсёй ваколіцы шукаць яго. Катоў сваіх яна выпусціла на волю, выганяла з пакояў, калі яны лезлі туды назад. Яны прымушаны былі ладзіць свае вясеннія канцэрты на стрэхах.
Не выпісвае пані да сябе ніякіх дактароў, бо ведае, што адно толькі лякарства ёй можа дапамагчы — Салавей. Толькі мець яго ў сваіх пакоях. Салаўіных песняў яна цяпер у сне не чуе, бо яна наогул не спіць, але душа пані наяве сніць — сніць Салаўя.
— Няйначай памрэ пані, — шэпчацца чэлядзь у пакоях.
Пані Вашамірская ляжыць на ложку, чакае смерці. Ад роспачы ёй нічога іншага чакаць не засталося.
Ксёндз Марцэвіч даўным-даўно падрыхтаваў яе да смерці красамоўным маляваннем чарцей і анёлаў, пекла і раю.
Пасля таго як пан Вашамірскі распусціў свой тэатр, выправіў на свой кошт у Парыж французскіх педагогаў — рэжысёра і балетмайстра, ксяндзу Марцэвічу ад сваёй драматургіі застаўся адзін прыемны ўспамін: хвальба доктара багасловіі і філасофіі — Курачковіча аб тым, што пекла ксяндза Марцэвіча падобна да пекла Дантэ.
Гэта моцна засела ў галаве ксяндза Марцэвіча. «Давай, — думаў ён, — буду развіваць далей сваё маляванне пекла. Магу давясці яго перад старой паняй Вашамірскай да вялікага мастацтва».
Старая пані аказалася добрай глебай для імправізацыйнай пякельнай творчасці ксяндза Марцзвіча.
Дзень у дзень ксёндз, які цяпер не адыходзіў ад пані ні на крок, убіваў ёй у мазгі жывыя малюнкі страшнага пекла. Рай перад паняй ён мала прадстаўляў. Спецыялізаваўся, галоўным чынам, на малюнках пекла.
Часта ён распісваў перад паняй у жудасных фарбах «апошні шлях грэшнай душы». Першым чынам ён тлумачыў старой, што з'яўляецца грэхам, а пасля гаварыў аб карах за грэх:
— Калі чалавек грэшны, калі не шануе духоўнікаў, калі не дае на касцёл грошы, калі Богу не моліцца, дык да такога яшчэ пры кананні прыходзяць чэрці — рагатыя, з казлінымі бародамі, з капытамі, з хвастамі. Вочы ў іх гараць-гараць зялёнымі аганькамі, гараць-гараць…
Ксёндз Марцэвіч гаворыць шэптам, манатонна. У яго самога шэрыя вочы так блішчаць, ажно пані Вашамірская баіцца зірнуць на
— Абцугамі пачынаюць чэрці рваць душу з чалавека. Не хоча грэшная душа выходзіць з грэшнага цела, вельмі не хоча. Баіцца, лямантуе, трапечацца, крычыць… Чалавек корчыцца, пакутуе, дыханне стрымліваецца. Нарэшце вырвалі душу. Панеслі чэрці душу грэшную праз горы, праз лясы, праз моры-акіяны, панеслі-павалаклі ў апраметную. А там, унізе, пякельны агонь гарыць-палае, смала ў вялізных катлах пеніцца…
— Ой… — стогне пані Вашамірская, — а далей што?
— А там маршалак чарцей, Люцыпар, пытаецца ў грэшнай душы: «Ты духоўнікаў шанавала? Карміла іх? Песціла іх? Спавядалася перад імі? На божы касцёл давала грошы? Богу малілася?» Дрыжыць грэшная душа ад страху. І кідаюць грэшную душу ў гарачую смалу. «Ой, горача-горача!» — крычыць грэшная душа. Тады вымаюць яе з гарачай смалы і топяць у халодную, як лёд, ваду. «Ой, халодна-халодна!» — зноў крычыць грэшная душа.
Пані Вашамірская хапаецца за сэрца:
— Я ж, ойча святы, не грэшная, — кажа яна ў вялікім сполаху, — я і вам памагаю, і на касцёл даю, і Богу малюся, і спавядаюся…
— Я кажу наогул аб грэшніках, — гаворыць салодкім голасам ксёндз Марцэвіч, — пані Вашамірская святая. Пані напэўна ў рай пападзе.
Ксёндз гаворыць далей:
— Смяецца Люцыпар, рагоча. Чым больш грэшная душа пакутуе, тым прыямней маршалку пякельніцы. Ён кліча чарцей рознага росту: вялікіх, маленькіх, маленечкіх і самых дробненькіх, як шпілечкі. Яны рвуць у грэшнай душы язык за тое, што богу не малілася, што духоўнікаў не шанавала, што на святы касцёл не давала. І адрэзваюць ногі ў грэшнай душы за тое, што ў касцёл не хадзіла. І адрываюць вушы за тое, што не слухала святых званоў. І гарачым жалезам пратыкаюць сэрца грэшнай душы за тое, што не была набожнай. І раздзіраюць цела на драбнюткія кавалачкі і кідаюць зноў у смалу гаручую…
— Ой, — стогне пані Вашамірская, — ойчанька, злітуйся…
Ксёндз Марцэвіч як бы не чуе і гаворыць далей аўтарытэтным голасам:
— З гарачай смалы душа грэшная зноў выплывае цэлая, цэленькая нібы толькі што на свет нарадзілася. На яе нападае вялікі голад, такі голад, быццам яна пасцілася сорак дзён і сорак начэй. Тады чэрці падносяць ёй золата, брыльянты, шаўкі, аксаміты; падносяць усё тое, што грэшная душа мела пры жыцці. «Ты гэта не хацела даваць на касцёл — на еж! грызі!» Чэрці кормяць грэшную душу ўсім гэтым, так кормяць, ажно ўсё назад з горла лезе…
Пані Вашамірская дрыжыць ад страху і шапоча:
— Усё, усё сваё багацце аддаю на касцёл…
Шчодрай рукою пані Вашамірская сыпала золата. Вось хутка ксёндз Марцэвіч пачне будаваць гэты касцёл. Яшчэ вось трохі часу пачакае, бо на званіцу не хапае грошай…
У той час з'явіўся сюды адзін мніх-бернардынец, які таксама збіраў грошы на касцёл.
Не рад быў свайму канкурэнту ксёндз Марцэвіч. Ён хмурыўся на мніха. Але мніх быў такі набожны, што ксёндз да яго доступу не меў. Мніх вечна малітвы шаптаў і набожнымі вачыма шукаў на сценах пакояў пані Вашамірскай святых абразоў.