Сэрца на далоні
Шрифт:
Галіна Адамаўна, якая ішла за імі на пэўнай адлегласці, не чула, пра што яны гавораць, але чула іх смех, і ён кроіў яе сэрца: ім весела, можа, здзекуюцца з жонак.
Калі яны пайшлі ў дом, яна засталася на вуліцы, бязлюднай, ускраіннай, над самай ракой. І раптам ёй зрабілася страшна, сорамна, брыдка. Ніколі яна не адчувала сябе такой прыніжанай, растоптанай. Навошта яна прыйшла сюды? Хіба яна можа прымусіць любіць сябе, калі няма ў яго сэрцы гэтага пачуцця? Ды і ці было яно калі?
«Не кахае, сумна яму са мной, сказаў бы шчыра». Слёзы застылі на шчоках,
Але, будзе позна…
Ён кажа, што ў яе няма элементарнай інтэлігентнасці. Можа быць. Але ў яе ёсць жаночая гордасць! Больш нічым не ўнізіць яна сябе — ні падглядваннем, ні істэрыкай, ні дакорамі, ні просьбамі. Мужна вытрымае ўсё!
«Але дзяцей не аддам! Не!»
Скалелая, разбітая, яна раптам кінулася ад дома. Хутчэй прэч адгэтуль, каб ніхто не ўбачыў яе тут.
Але бегчы ёй стала цяжка. Яна задыхалася. Як прыступ астмы; нічога такога ніколі не было.
Галіна Адамаўна прытулілася да нейкага паркана, аграбла з карнізіка снег, набіла ім, пякуча-халодным, рот.
«Цяпер ужо ўсё адно…»
Тарас і Віця сядзелі на кухні, адзін супраць аднаго і націралі пастай лыжы з такой стараннасцю і сур'ёзнасцю, быццам чысцілі зброю перад атакай.
Наташка стаяла, прытуліўшыся плячамі да вушака дзвярэй, і з такой жа сур'ёзнасцю сачыла за іх работай. Доўга сачыла.
— Ты чаму маўчыш, Натка? — спытаў Тарас.
— У яе голас ламаецца, — адгукнуўся Віця.
— А ў цябе мазгі…
— Ну, ну, ну, зноў пасварыцеся.
Не, сварыцца ім не хацелася. Апошні час яны жылі надзіва дружна. І цяпер Віцю хацелася папрасіць у Наташы прабачэння, калі гэты жарт, нявінны, як яму здавалася, пакрыўдзіў яе. Хлопец сам здзіўляўся: ніколі раней ён не адчуваў да сястры такой пяшчоты і ўвагі.
Наташа раптам асцярожна, без стуку, шчыльна зачыніла дзверы.
— Тарас! Ты разумны. Паміры іх.
— Каго?
— Маму і тату.
— На-а-тка! — з дакорам працягнуў Віця, нібы яна адкрывала вялікую тайну некаму чужому.
— А я не магу так больш. Не магу!.. — Голас дзяўчынкі задрыжаў.
Заняты сваімі справамі і пачуццямі, ён асабліва не задумваўся над тым, як перажываюць малыя разлад бацькоў. Нечаканая Наташына просьба кранула яго. Ён падняўся з табурэта, паставіў лыжы ў куток, паміж дзвярамі на балкон і халадзільнікам «ЗІЛ». Наблізіўся да сястры. Яна глядзела яму ў твар з надзеяй, маліла вачамі, поўнымі слёз.
— Так нельга жыць!..
— На-а-тка! — зноў перапыніў яе брат. Яна не агрызнулася, яна сказала яму мякка, як старэйшая:
— Ты бесхарактарны, Віця. У каго ты такі ўдаўся? А я не магу…
— Я іх паміру, — упэўнена сказаў Тарас і сам паверыў, што здолее зрабіць гэта, хоць добра помніў, чым скончылася першая спроба пагаварыць з маці.
Галіна Адамаўна была дома. У спальні.
— Галіна Адамаўна, я ўсё-такі хачу пагаварыць з вамі. Сур'ёзна… Паслухайце.
Яна павярнулася, вочы яе былі чырвоныя.
— Тарас! З таго часу, калі я адчула, што ты не дзіця ўжо, я не ўмешвалася ў твае справы. — Яна сказала тое ж, што і першы раз, але зусім інакш, без злосці, раздражнення, спакутаваным голасам і нават усміхнулася так, нібы прасіла прабачыць ёй. Ён зразумеў, што цяпер ёй хочацца, каб нехта ўмяшаўся.
— Я люблю вас, мама. — Слова гэтае вырвалася неяк само, ад жалю да яе. Галіна Адамаўна ўзняла на яго вочы, і яны вільготна заблішчалі. — І бацьку люблю. Вы для мяне самыя дарагія людзі.
— Не трэба, Тарас, — цяжка ўздыхнула яна. — Твае адносіны да нас — адно, нашы адно да аднаго — другое.
— Вашы — нейкая дзікая недарэчнасць. Вы паверылі паклёпу. Бацька расказваў… Паверце мне, мама. Я ж вам не вораг. Штодзень я бываю там… Я люблю Машу. Пасля Новага года мы пажэнімся.
— Сур'ёзна? — У вачах яе бліснула іскрынка цікаўнасці.
— Хіба Соф'я Сцяпанаўна такая жанчына! Падумайце, колькі яна перажыла!
Галіна Адамаўна закрыла твар рукамі, заматала галавой:
— Не яна… Ты шмат чаго не ведаеш, Тарас. Ты галоўнага не ведаеш. Але, яна многа перажыла… Але хіба гэта дае ёй права?.. Хоць не яна… ён… Чаму ён хаваецца, падманвае? Навошта? Што я, такая дурная, подлая? Скажы, была я калі-небудзь прагная, скупая? У іх была дружба ў падполлі. Яму хацелася памагчы ёй. Калі ласка. Няўжо я не зразумела б, каб усё па-чалавечы? Цяпер ён папракае, што я не разумела яго, што ўвесь час думала пра яго бог ведае як… А што ён думаў пра мяне, калі пачаў хавацца? З грашамі… — Яна ўся перасмыкнулася. — За каго ён мяне лічыў? Гэта не абраза? — выкрыкнула яна. — Ён адчувае, калі абражаюць яго. А калі ён!.. Я перажыла ўсё, я перажыла б і гэта, каб па-чалавечы. Я ўжо была змірылася. А ён не пераставаў хлусіць, хавацца. Ты не ведаеш галоўнага. Ён здраджваў увесь час! Усё наша жыццё. Падманваў, хлусіў!..
— Няпраўда! — не стрымаўся і рашуча запярэчыў Тарас.
Яна адняла рукі ад твару, сухімі гарачымі вачамі паглядзела на яго, сумна паківала галавой:
— Але хто мне паверыць? Мне не верыць нават Валя Шыковіч, жанчына. Ён мудры, вялікі, добры. Ён усіх заваражыў. Цябе, Наташу… знаёмых. О-о, доктар Яраш! Свяціла! А што яго жонка? Бяздарны зубны лекар, мяшчанка. Каму цяпер клопат да таго, што сваю маладосць, сваё здароўе я аддала яму, табе, дзецям?..
Галіна Адамаўна сказала гэта злосна, і Тарас сумеўся: яна кідала горкі папрок і яму. Можа, сама яна таксама зразумела гэта, бо раптам зноў змяніла тон: