Сэрца на далоні
Шрифт:
— Катка сёлета, відаць, не дачакаешся. Бр-р, — скурчыўся Славік і наставіў каўнер свайго лёгкага кароткага паліто.
Снег, што выпаў тыдзень назад, раставаў. Было сыра, слізка і холадна. Тарас у скураной куртцы на футры, у галёшах крочыў размашыста, упэўнена. Славік з галёшаў смяяўся — старамодна! — і ў даўганосых чаравіках коўзаў па талым снезе, пераскакваў лужыны, лаяў недарэчную зіму. Гаварыў ён прыкладна гэтак жа, як ішоў: скакаў з прадмета на прадмет, з пагоды на кінаафішу, адтуль на валёнкі і бахілы сустрэчнага селяніна… У сувязі з чым усплыла раптам гэтая думка, ён і сам
— У цябе моцна ўтрэскалася адна дурніца.
Баючыся злоснага жарту, Тарас змаўчаў, толькі глянуў на Славіка як бы з недаверам.
— Не верыш? Не цікавішся хто? Мая сястра. Іра.
— Яна ўпаўнаважыла цябе сказаць пра гэта?
— Ну што ты! — засмяяўся Славік. — Яна авечка. Я прачытаў у яе дзённіку.
— Прыгожа, няма чаго сказаць!
— А ты не прачытаў бы дзённіка сястры, каб ён трапіў табе на вочы? Не люблю прытвораў! А я чытаў з цікавасцю. Як яна цябе там узносіць! Культ Ганчарова.
Тарас паверыў, што на гэты раз Славік кажа праўду. Ён сам неаднойчы прыкмячаў, як Іра глядзіць на яго, як стараецца застацца разам. І, можа, каб не з'явілася Маша, нейкія пачуцці варухнуліся б і ў яго душы. Але з якой мэтай Славік сказаў яму пра каханне сястры цяпер? Ён успомніў: Маша гаварыла яму, што Славік званіў ёй двойчы ці тройчы, зноў дамагаўся спаткання. Яна не пайшла, безумоўна. А ці праўда, што не хадзіла? А можа, зноў пачала гарэзлівую гульню? Не, не. Не хацелася думаць пра Машу дрэнна.
Не адказваючы па сутнасці, Тарас спытаў:
— Ты скажы мне, што ў цябе з Нінкай?
Славік паслізнуўся, вылаяў гарадскія ўлады і дворнікаў, што не чысцяць тратуараў. Гэта памагло яму схаваць сваю збянтэжанасць.
— Што ў цябе з Машай, то ў мяне з ёй. Ходзім у кіно. Сёння пойдзем. Чаму гэта цябе зацікавіла?
— Хлопцы не вераць, што ў цябе гэта сур'ёзна. Глядзі. Пакрыўдзіш дзяўчыну…
— О, вялікія маралісты! Вам хацелася, каб я тут жа жаніўся, схадзіўшы два разы ў кіно. Аднак самі вы не вельмі спяшаецеся з гэтым актам… Філосаф гэты акулярысты тры гады Зою мацае, а сам брэша. — Славік нечакана моцна ўзлаваўся, мацюкнуўся гучна, не зважаючы, што ішлі яны па даволі люднай вуліцы. — Абрыдлі вы мне як горкая рэдзька! Усе! Адзін Косця чалавек…
Тарас даўно ўжо не звяртаў увагі на любую яго балбатню, але гэтыя словы пакрыўдзілі. Столькі яны важдаліся з ім, столькі даравалі ўсяго, а ён вунь якой думкі пра брыгаду.
«Пэўна, сакратар парткома меў рацыю, не будзе з яго толку, прыйдзецца развітацца». — Тарас уздыхнуў, аднак, з жалем, яму амаль па-бацькоўску зрабілася шкада гэтага шалапута.
31
Маша здзівілася, калі выявіла, што білетаў у Тараса толькі два.
— Як? Ты не ўзяў на Зосю?
Тарас моцна збянтэжыўся. І Зося таксама.
— Ну што ты! Я зусім не хачу перашкаджаць вам.
— Чым ты, скажы, калі ласка, можаш перашкодзіць нам?
Маша гаварыла з калідора, куды выскачыла пераадзець плацце. Але пры ўсёй шчырасці адносін да Зосі яна не абуралася. У голасе яе гучала адно вясёлае здзіўленне: эх ты, кавалер!
Зося сядзела на канапе ў звыклай позе, падкурчыўшы ногі, пакрыўшы іх цёплай хусткай. У кватэры было нават душна, але ў яе ўсё яшчэ жыло нервовае адчуванне, што ногі стынуць; так у калекі жыве боль ампутаванай нагі.
Да прыходу Тараса яны нешта кроілі, і на канапе былі раскіданы зялёныя і чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкі. Як кветкі. Яна збірала іх і звязвала ў пучкі.
Маша ўскочыла ў пакой з распушчанымі валасамі. Пачала прычэсвацца перад люстрам. Яны залюбаваліся яе залатымі валасамі. Зося глянула на Тараса з усмешкай сястры, старэйшай. Словамі ён, напэўна, нічога не растлумачыў бы, але вачамі, позіркам здолеў папрасіць у Зосі прабачэння, сказаць: не думайце пра мяне дрэнна, проста мне хочацца… трэба пабыць з ёй удваіх.
Зося зразумела. Але тут жа адчула, што недзе ў самым далёкім тайнічку яе загоенага сэрца варухнулася зайздрасць, ціхая і добрая. І гэтае пачуццё яна забыла, бо не ведала яго шмат год. А таму спалохана прагнала яе прэч, няхай сабе і добрую зайздрасць. Хіба мае яна права ім зайздросціць? Яны маладыя, шчаслівыя, у іх зусім іншае жыццё…
Зося любіла Машыных сяброў. Усіх. Любіла, каб яны часцей заходзілі. Яны як бы звязвалі яе з вялікім светам, з новым жыццём, у якое яна ўваходзіла асцярожна і нават з некаторым недаверам. Яны былі розныя, але ўсе шчырыя і добрыя. А лепш за ўсё гаіла яе душэўныя раны дабрата людская. Яна руйнавала рэшткі недаверу яе да людзей і жыцця.
Тарас заняў у яе сэрцы, у думках асобае месца. Яшчэ ў ссылцы яна часам думала, што, магчыма, каб ёй тады ўдалося знайсці і прытуліць таго хлопчыка, лёс яе быў бы зусім інакшы. Яна зноў падумала пра гэта перад аперацыяй, ёй вельмі хацелася пабачыць Тараса, але яна не адважылася прасіць Антона Кузьміча, толькі расказала, як шукала яго сына.
Калі Маша паабяцала запрасіць яго, яна моцна хвалявалася, чакаючы іх. Калі ён прыйшоў, была трохі расчаравана: чамусьці ён уяўляўся ёй зусім іншым, магчыма, больш падобным на Яраша. Але пазней Зосі здалося, што ў яе і ў Тараса падобныя характары. Ці не таму, што і лёс іх шмат у чым падобны? Яна палюбіла яго, як брата. Але, каб яна тады знайшла яго, яны б сталі братам і сястрой на ўсё жыццё. Аднак, нягледзячы на гэтую любоў, у апошні час з'явілася нейкая іншая трывога, незразумелая, неасэнсаваная. Яна выяўлялася асабліва выразна заўсёды, калі яны, ён і Маша, вось гэтак збіраліся ісці гуляць, у кіно, у тэатр. Не, гэта не было рэўнасцю ні да яго, ні да яе. Зайздрасць да іх маладосці? Можа.
Падфарбоўваючы губы (яна, як і ўсё іншае, рабіла гэта ўмела і з пачуццём меры), Маша сыпала ў люстра іскры смеху.
— Тугадум ты, Тарас. І ўвогуле — мядзведзь. Я здзіўляюся… Рос ты ў горадзе, у такой інтэлігентнай сям'і. Каб ты пабачыў, дзе расла я! — Але сказала яна гэта не са скаргай, а з гонарам і радасцю: расла ў бядзе, а вырасла вось якая, любуйцеся!
Зося пажартавала:
— Але. Цяжка паверыць, што ты не панскага роду. Каб я не бачыла твае маці…
І тут жа зразумела, што сказала недарэчы. Машын твар у люстры адразу змяніўся, дзяўчына цяжка ўздыхнула: