Сэрца на далоні
Шрифт:
Кірыла пачаў расказваць пра свае пошукі, пра размовы ў КДБ і гаркоме.
Яраш здзівіўся:
— Ёсць справа на Савіча? На мёртвага?
— Ты ж сам казаў, што ў твае абавязкі падпольшчыка ўваходзіла вывучаць тых, хто супрацоўнічаў з акупантамі. Я думаю, не дзеля спартыўнай ці мемуарнай цікавасці гэта рабілася.
— Але, — згадзіўся Яраш задумліва.
Галіна Адамаўна падала яму місачку з юшкай.
— Дзякую, — сказаў, як чужой, паспытаў варыва з лыжкі, паставіў місачку на край лавачкі. — Горача. — І да Шыковіча: — Слухай, Кірыла, а ці варта варушыць такія
— Хто? Ты? Я? Я не буду чыхаць ад такога пылу! — Шыковіч ажно падхапіўся. Яго абурыла, што Яраш, які быў загарэўся таксама, як і ён, раптам зноў дае адбой. Чаму? Сам жа падпольшчык! На самога ж былі забыліся і колькі год ніхто не ўспамінаў!
— Чакай. Я лічу, што гэта трэба было рабіць або раней, адразу ж па гарачых слядах… Мы не здолелі тады разабрацца ва ўсім, наадварот, шмат што заблыталі… Няхай даруюць мне, але я не веру ў аб'ектыўнасць спраў, якія заводзіліся ў той час… Або гэта трэба рабіць пазней, калі загояцца ўсе раны… Найдаражэйшая якасць памяці — забыўлівасць… Каб нічога не забывалася, чалавецтва загінула б. Забыўлівасць лечыць і раны душы, і раны цела.
— Дзіўная ў цябе філасофія! Ведаеш, з якога арсенала?
— Давай, Кірыла, без арсеналаў. Я думаю пра жывых людзей, пра іх сэрцы, а не пра адносіны паміж дзяржавамі. Хоць у палітыцы таксама забываюць і варта забываць… Інакш ніколі б не канчалася варожасць.
— Ты думаеш пра Зосю.
Галіна ўстрапянулася, балюча ёкнула сэрца: «Але, ён думае пра яе. Чаму ён так хвалюецца за яе?» І ў гэты міг у душу яе ўпала зерне раўнівай падазронасці — упершыню да пацыенткі мужа.
Яраш узяў сваю місачку, пачаў сёрбаць юшку. Кірыла кінуў у касцёр ламачча. Дым пацягнула на жанчын. Яны закашляліся, але з лавачкі не сышлі. Агонь прытух, і ў цемры ніхто нікога не бачыў.
— Дык вось што я табе скажу! — гучаў быццам здалёк голас Шыковіча. — Можа, ты забыўся ці хочаш забыцца. У цябе праца не менш гераічная, чым у падполлі. Навука, ад якой ты шкадуеш адарваць адну хвіліну на што іншае. Але май на ўвазе, што яна, Зося, нічога не забыла і ніколі не забудзе. І мільёны не забудуць. І ты не асцерагай яе ад мінулага. Яна не баіцца яго.
Галлё з боку Яраша разгарэлася, і агонь асвятліў яго постаць. Чырвоны ад водбліску полымя, вялікі і нерухомы, з місачкай у руках, ён нагадваў правадыра невядомага племя надзвычай дужых і прыгожых людзей. Галіна, убачыўшы мужа ў такой паставе, адчула новы прыступ страху ад думкі, што можа страціць яго. Валянціна Андрэеўна глядзела на Яраша з захапленнем і патаемнай жаночай зайздрасцю.
Ён варухнуўся і няўлоўным рухам чараўніка кінуў пустую місачку ў цемру.
— Дык і я табе скажу. Слухай. Ты ж не даследуеш падполле ў поўным аб'ёме. Ты — як дэтэктыў. Цябе захапіла гісторыя аднаго чалавека, яго загадкавая смерць, і ты ўзрадаваўся выпадку знайсці востры сюжэт.
— Яго ўвесь час хіліла да дэтэктыва, — сказала Валянціна Андрэеўна з іскрынкамі смеху ў голасе. Ёй было хораша, весела і хацелася, каб мужчыны паспрачаліся больш горача.
— Але ты нічога такога не знойдзеш. Цяпер я больш, чым раней, упэўнены, што Савіч не быў ні ворагам, ні героем.
Касцёр разгарэўся. Святло яго выхапіла з цемры ладны круг, колькі дубоў, сосен і дзіўна пафарбавала іх: кара сосен пачырванела, а мох на старых дубах стаў што снежны іней— сівы-сівы. Над галавой зашамацела лісце — ад гарачага паветра. Страляў залатымі кулькамі-вугальчыкамі касцёр. Яраш, яшчэ больш пачырванелы, прыўзняўся на руках і адсунуўся далей ад агню. Шыковіч стаяў з другога боку вогнішча, шырока расставіўшы ногі, заклаўшы рукі за спіну.
— Тое, што ты расказаў, доктар, ёсць найлепшы сюжэт. Але я сюжэтаў не шукаю, май на ўвазе. Савіч абвешчаны здраднікам. А ты сам сцвярджаеш, што ён сумленны чалавек, няхай сабе і не герой. Дык што ж, па-твойму, пакінуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя, як рэабілітаваны імёны тысяч ні ў чым не вінаватых людзей?
Шыковіч пачакаў пярэчанняў. Але Яраш маўчаў. Ён згаджаўся. Больш таго, ён не разумеў самога сябе — чаму раптам уздумалася адгаворваць сябра ад такой пачэснай і высакароднай справы? Не, ён бадай што разумеў — чаму, бо думаў пра гэта яшчэ ў бальніцы. Цяпер, калі Зосі зроблена, ён упэўнены, удалая аперацыя і яна, па сутнасці, пачне новае жыццё — новае ва ўсім (аб гэтым ён паклапоціцца), яму чамусьці не хочацца, каб хто-небудзь ці што-небудзь вяртала яе да мінулага. Добра, калі Шыковічу ўдасца даказаць тое, што хочацца даказаць. Ён, Яраш, упэўнены, што Савіч — сумленны чалавек, сумленны лекар. Але калі не будуць знойдзены дакументы, якія пацвердзілі б яго сувязь з падпольшчыкамі, з партызанамі, гэта застанецца толькі яго прыватным перакананнем ці гэткай жа прыватнай думкай Кірылы. Зосі наўрад ці будзе лягчэй ад гэтага.
— Маўчыш? — пераможна спытаў Шыковіч. — Май на ўвазе, што абыякавасць да лёсу людзей, якіх мы ведалі, з якімі працавалі, якія вучылі нас, прынесла вялікую шкоду ў пэўны час. Так, я паставіў у цэнтры справу Савіча, бо нельга ахапіць усяго адразу. Але, знаёмячыся з дакументамі, я выяўляю ўсё новых і новых герояў. Хіба для гэтага не варта пачыхаць ад архіўнага пылу? Хіба пыл гэты такі шкодны? — наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь — наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Адступіў, нахіліўся, каб пагладзіць калена, але як толькі прытуліў нагрэтую штаніну да цела — заенчыў:
— Гару, ратуйце!
Жанчыны засмяяліся. Антон ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Такая раптоўная задумлівасць яго сур'ёзна ўстрывожыла Галіну.
«Залішне ён думае пра гэтую Зосю», — падумала яна.
14
У папцы было нямнога дакументаў. Фота ў памер паштоўкі. Спакойны і просты, з шырокім ілбом і глыбокімі залысінамі хударлявы твар чалавека год шасцідзесяці. Вось ён які, Савіч! Шыковіч доўга ўглядаўся ў рысы гэтага твару.