Сэрца на далоні
Шрифт:
Раісу Сяргееўну гестапа схапіла ў тую ноч, калі забілі Савіча. Тады шмат каго з нашых арыштавалі. Аптэкарку Надзю (прозвішча не помню ўжо), Васю Адзінца, шафёра санітарнай машыны; Сцяпан Андрэевіч, калі пайшоў ва ўправу, машыну гэтую раздабыў для бальніцы. Грузавічок з будкай. Здымалі будку, вазілі дровы з лесу, бо са склада немцы не давалі. Добра ведаю, што і ў лес машына пустая не хадзіла: часам ехала па дровы пяць чалавек, а назад вярталася двое. Хто ўцякаў з лагера — прытулак у нашай бальніцы меў. Ачуняе, падкорміцца чалавек — і ў лес. Я такім вопратку знаходзіла, купляла, выменьвала. Мяне аднойчы сама Раіса Сяргееўна папрасіла купіць дзесяць ватовак,
„Трэба, кажа, Клаўдзя Сідараўна, гэтага хлопчыка памясціць у бокс у дзіцячае аддзяленне“.
А той смяецца:
„Вы мяне коклюшам не заразіце, а то буду кашлем птушак у лесе палохаць“.
„Дайце, — кажа мне Сцяпан Андрэевіч, — на сённяшні вечар якое-небудзь заданне вартаўніку. А на прахадную пастаўце Лёшу. Няхай падзяжурыць. Гэтак жа зрабіце з сястрой. Выдумайце якую-небудзь прычыну. А самі падзяжурце за яе“.
Я ўсё зрабіла як трэба. У той вечар яны доўга раіліся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевіч, Раіса Сяргееўна, Вася Адзінец і яшчэ тры ці чатыры незнаёмыя мужчыны, якіх прапусціў Лёша.
Я хачу перапыніць расказ Клаўдзі Сідараўны, каб паведаміць чытачам, што Пракоп Варава, камандзір, пасля камісар атрада імя Чапаева, запіскі якога я знайшоў у архіве, быў лысы і вясёлы чалавек, як расказваюць тыя, хто яго ведаў асабіста. Гэта дае мне падставы меркаваць, што на нараду з падпольшчыкамі прыходзіў не хто іншы, як Варава.
Памер газетнага артыкула не дае магчымасці прывесці расказ К. С. Сухадол цалкам дэталёва. Яна расказала, што недзе ў пачатку сорак другога года загінулі Лёша і Ваня. Прозвішча аднаго з іх было Калуноў, але каторага — жанчына, на жаль, не помніць, ды наўрад ці было гэта сапраўднае прозвішча. Іх схапілі на могілках, яны вялі перадачу з капліцы. Напэўна, гэта пра іх пісаў у сваёй запісцы Варава.
Клаўдзю Сідараўну ў той жа дзень папярэдзіў Савіч, каб у выпадку арышту і допытаў яна нічога не гаварыла. Папрасіліся хлопцы на работу — узялі іх, больш нічога не ведаем, што яны рабілі, чым займаліся. Яе не арыштавалі. Але праз два дні ў бальніцы быў вобыск. Гестапаўцы перавярнулі ўсё дагары дном. Нічога не знайшлі. Але ў часе ператрусу лекар Макейчык, той самы, якога лічылі за фашысцкага агента, замест спірту (да спірту ён часта прыкладваўся) выпіў шклянку кіслаты. Знарок ці выпадкова — невядома. Пасля гэтага, як расказвае Сухадол, ёй доўга не давалі ніякіх даручэнняў. Увогуле ёй здавалася, што і Савіч і Вакулава прыціхлі, нават палонных больш не перапраўлялі за горад. Толькі Вася колькі разоў браў у яе прасціны і марлю. Пасля яна зноў пачала выконваць розныя, як сціпла кажа гэтая жанчына, дробныя даручэнні: узяць да сябе дзяўчыну і выдаць за пляменніцу, да некага схадзіць, нешта схаваць, нешта перадаць і г.д.
Пасля забойства доктара яе не арыштавалі разам з другімі, але тры разы выклікалі ў СД і хітра распытвалі пра ўсіх, больш пра Вакулаву і Васю, менш пра Савіча.
Дзіўны лёс гэтай жанчыны пасля вайны. У наш час, пасля дваццатага з'езда, пра гэта
Прыглядзіцеся, таварышы, хто жыве з вамі побач, узнайце чалавека, яго справы, яго біяграфію. Колькі на зямлі нашай безыменных герояў, сціплых і простых! Мы і дзеці нашы павінны ведаць іх імёны!
Не ўсё яшчэ нам ясна і зразумела ў гісторыі доктара Савіча. Невядома, хто яго забіў. Невядома, навошта акупантам і нацыяналістам спатрэбілася камедыя з пахаваннем доктара. Але тыя факты, дакументы і расказы, якія маюцца, даюць мне права сцвярджаць: у інфекцыйнай бальніцы актыўна дзейнічала падпольная група, пра якую пакуль што нідзе не ўпамінаецца ў нашых афіцыйных дакументах. Кіраваў гэтай групай доктар Савіч, які меў сувязь з камандзірам партызанскага атрада імя Чапаева Пракопам Ігнатавічам Варавам.
Я спадзяюся, што на артыкул гэты адгукнуцца людзі, якія здолеюць дапоўніць факты і выясніць тое, што няясна ў дзейнасці Савіча і другіх савецкіх патрыётаў, жывых і мёртвых, гераічныя справы якіх будуць натхняць многія пакаленні.
К.Шыковіч».
Артыкул спачатку выклікаў буру. Спачатку — у рэдакцыі. Першы ўзвіўся Рагойша.
— Гэта ж прыём жоўтай прэсы! — крычаў ён. — Шыковічу захацелася набыць танную папулярнасць. Паласкатаць нервы абывацеля. Як сябра рэдкалегіі, я катэгарычна супраць надрукавання.
Чуткім нюхам сваім Рагойша адразу адчуў, у кім шукаць надзейнага і аўтарытэтнага саюзніка. Гукан, напэўна, выкажацца супраць, а ён — першы аўтарытэт у горадзе па партызанскай гісторыі. Экземпляр артыкула тут жа апынуўся на стале ў старшыні гарвыканкома.
Сямён Парфёнавіч чытаў, зачыніўшы дзверы, каб ніхто не перашкодзіў.
Назву ён злосна падкрэсліў тоўстым карычневым алоўкам і паставіў напроціў на полі тоўсты клічнік, як бы сцвярджаючы гэтым, што для яго няма пытання ў тым, хто такі доктар Савіч.
На цытаце са сваёй кнігі ён зламаў аловак і шыбануў яго ў кошык. Другі не ўзяў. Чытаў так, раптам сцішаны, засяроджаны, уважлівы. На твары яго не адбіваліся больш ні гнеў, ні раздражненне. Толькі неяк дзіўна ўсё больш і больш аплывалі худыя шчокі і адвісала ніжняя губа, нібы імкнулася дацягнуцца да паперы.
Скончыўшы чытаць, ён згарнуў лісты, паклаў у рэдакцыйны канверт, пераламаў канверт, сунуў у глыбокую кішэню галіфэ і, шырока сігаючы, выйшаў з будынка гарсавета.
Гэтак жа шырока крочыў ён па кабінеце сакратара гаркома, пакуль Тарасаў канчаў размову з загадчыкам аддзела. Тарасаў употай назіраў за ім і здзіўляўся: даўно ўжо ён не бачыў спакойнага Гукана такім устрывожаным.
Не зачыніліся яшчэ дзверы за работнікам — і Сямён Парфёнавіч нецярпліва і непаважліва кінуў канверт на стол:
— Чытаў?
— Што гэта? — Тарасаў выцягнуў з канверта артыкул, глянуў, падумаў: «Ах, вось што цябе…» І чамусьці зманіў: — Не, не чытаў.
А на самай справе чытаў. Рэдактар яшчэ ўчора прыслаў артыкул у гарком.
— Пачытай. Хоць няма чаго чытаць. Дурная фантазія безадказнага пісакі. Знайшоў, ведаеш, нейкую бабу, знахарку, і на яе блытаным расказе хоча перагледзець гісторыю ўсяго падполля…